КАБЗАРЭ́ЎСКІ (Павел Сямёнавіч) (сапр. Гардон Фавій Залманавіч; 14.8.1909, г. Магілёў — 8.10.1970),
рускі пісьменнік-перакладчык. З 1925 жыў у Ленінградзе. У 1929 пазнаёміўся тут з бел. пісьменнікамі Я.Купалам, Я.Коласам, Ц.Гартным, А.Гурло, М.Зарэцкім, Я.Нёманскім, В.Сташэўскім. Пераклаў на рус. мову раманы П.Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах» (кн. 1—2, 1956), П.Галавача «Праз гады» (1960), А.Чарнышэвіча «Світанне» (1961), А.Асіпенкі «Вогненны азімут» (1967), вершы Я.Купалы і яго драму «Раскіданае гняздо» (з У.Раждзественскім), паасобныя творы Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, К.Крапівы, М.Лынькова, І.Мележа, П.Панчанкі, М.Танка, І.Шамякіна, А.Звонака, М.Калачынскага, А.Пысіна, Я.Скрыгана, М.Ткачова і інш. Аўтар успамінаў «Я.Купала ў Пецярбургу» (1957).
Тв.:
Говорят мои друзья. Мн., 1971.
І.У.Саламевіч.
т. 7, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЖУ́Н (Браніслаў Адольфавіч) (н. 8.9.1914, С.-Пецярбург),
рускі паэт і перакладчык. Аўтар зб-каў паэзіі «Радзіма» (1935), «Дарогі ў свет» (1939), «Балтыйскія зоркі» (1959), «Запаветныя агні» (1962), «Шляхі-дарогі дальнія» (1970), «Дыханне зямлі» (1977) і інш. Падарожнічаў па Беларусі, напісаў арт. пра Я.Купалу «Ад сэрца» (1972), успаміны пра П.Глебку «На Няве і на Волзе» (у кн. «Пясняр мужнасці», 1976), вершы «Беларускай зямлі», «Брэст», «Беларускім паэтам» і інш. Адзін з перакладчыкаў на рус. мову «Анталогіі беларускай паэзіі» (1948), зб. вершаў бел. паэтаў «Беларусь мая» (1983), асобных твораў Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, К.Буйло, М.Калачынскага, М.Танка, У.Корбана, К.Крапівы, А.Куляшова, М.Хведаровіча. На бел. мову яго вершы пераклалі В.Вітка, Х.Жычка, Калачынскі, М.Лужанін, Р.Няхай, М.Танк, Ю.Свірка, М.Аўрамчык і інш.
т. 8, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́СЛІК (Навум Зіноўевіч) (26.9.1925, Масква — 27.12.1998),
бел. паэт, перакладчык. Скончыў БДУ (1950). Настаўнічаў. Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва» (1952—58), час. «Полымя» (1958—59). Друкаваўся з 1944. Пісаў на рус. мове. У кнігах паэзіі «Размова з сябрамі» (1956), «Пошук» (1959), «Пазыўныя зямлі» (1961), «Свята снегападу» (1972), «Успаміны пра вакзалы» (1976), «Першаснежжа» (1980), «Зімовы свет» (1985) і інш. лірычнае асэнсаванне лёсу, духоўных набыткаў ваен. пакалення. У перакладзе К. на рус. мове выдадзены кнігі Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, А.Карпюка, А.Куляшова, Я.Купалы, І.Мележа, П.Панчанкі, асобныя творы Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, Я.Брыля, А.Бялевіча, А.Вялюгіна, С.Гаўрусёва, С.Грахоўскага, С.Дзяргая, У.Караткевіча, А.Пысіна, А.Русецкага, М.Стральцова, М.Танка, Ю.Таўбіна і інш. Аўтар кнігі перакладаў «Спелы бор» (1982).
Л.М.Гарэлік.
т. 8, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСА́ЛЬСКІ (Канстанцін Пятровіч) (25.9.1802, г. Яраслаўль, Расія — 21.9.1861),
рускі пісьменнік. У 1842—52 рэдагаваў час. «Сын отечества». Друкаваўся з 1821. Выступаў супраць натуральнай школы і В.Бялінскага. Раман «Стральцы» (1832), аповесці «Цярпі казак — атаман будзеш» (1829, новая назва «Мадэст Праўдзін, ці Цярпі казак — атаманам будзеш»), «Чорная скрынка» (1833), «Рэгенцтва Бірона» (1834), «Асада Угліча» (1841), «Лейтэнант і паручнік» (1853) і інш. на гіст. тэматыку. Напісаў пародыю на «Мёртвыя душы» М.Гогаля — «Аповесць пра тое, як панове Петушкоў, Цыплёнкін і Цяцеркін пісалі аповесць» (1843). Аўтар камедыі ў вершах «Класік і рамантык, ці Не ў тым сіла» (1830), кн. «Байкі» (1851), вершаў, літ.-крытычных артыкулаў і інш. Першы перакладчык на рус. мову «Дон Кіхота» М.Сервантэса (1838-49).
Тв.:
Соч. Т. 1—5. СПб., 1843—45;
Стрельцы. М., 1994.
т. 10, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СІН (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (6.9.1906, г. Смаленск, Расія — 22.12.1982),
рускі пісьменнік, перакладчык. Друкаваўся з 1925. Першы зборнік вершаў — «Спаборніцтва» (1933). Аўтар аповесці ў вершах «Чорныя гады» (1938), паэмы «Каця-Кацярына» (1941) і інш. Смаленшчыне прысвечаны паэт. зб-кі «У той год суровы» (1943), «У мяне на Радзіме» (1946). Апавяданні і аповесці 1950—60-х г. пра цаліну, людзей смаленскіх калгасаў, заводскае жыццё. На рус. мову пераклаў кнігі вершаў П.Броўкі «Вершы» (1947) і «Дарога жыцця» (1950), раманы А.Стаховіча «Пад мірным небам» (1949, з Я.Мазальковым), У.Карпава «Вясеннія ліўні» (1963), П.Пестрака «Серадзібор» (1964). На бел. мову яго верш «Масква, Крэмль» пераклаў К.Кірэенка.
Тв.:
Баллада о красной звезде // Вянок дружбы. Мн., 1961;
Самая счастливая: Рассказы и повести. Мн., 1966;
Бел. пер. — У кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.
т. 11, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́ЕЎ (Грыс) (Рыгор Дзамбалатавіч; 15.10.1913, с. Рук, Паўднёвая Асеція — 17.11.1999),
асецінскі паэт, драматург, перакладчык. Нар. паэт Паўн. Асеціі (1973). Скончыў Маск. тэатр. ін-т (1935), вучыўся на Вышэйшых літ. курсах пры Літ. ін-це імя М.Горкага (1955—57). З 1935 акцёр Паўн.-Асецінскага драм. т-ра, у 1946—48 яго дырэктар. Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў вершаў «У крылатыя гады» (1933), «Салдат» (1948), «Жыццё і смерць» (1963), «Сем чэркесак» (1967) і інш., драм. твораў у вершах (трагедыя «Чэрмен», 1949). Паэзія П. адметная музыкальнасцю, кампазіцыйнай стройнасцю, дакладнай апрацоўкай формы. Пераклаў на асецінскую мову асобныя вершы Я.Купалы, М.Багдановіча, некат. творы У.Шэкспіра, А.Пушкіна, М.Лермантава.
Тв.:
Рус. пер. — Стихи. М., 1959;
Пятый кинжал: Стихи. Баллады. Поэмы. Орджоникидзе, 1972.
А.С.Пухаеў.
т. 12, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́НДАЎ ((Randow) Норберт) (н. 27.11.1929, г. Нойштрэліц, Германія),
нямецкі перакладчык; адзін з прапагандыстаў бел. л-ры ў Германіі. Скончыў Берлінскі ун-т (1953), у 1955—62 выкладаў у ім балг. л-ру. Перакладае з бел., рус., балг. і інш. слав. моў. Пераклаў на ням. мову вершы Я.Купалы, апавяданні М.Багдановіча, М.Гарэцкага, К.Каганца, М.Чарота, аповесці «Абеліск» (1976), «Здрада» (1978), «Аблава» (1995) В.Быкава (разам з Г. і У.Чапегамі), «Раданіца» А.Кудраўца (1983). Укладальнік і выдавец анталогій бел. апавяданняў «Буслы над балотамі» (1971), «Малады дубок» (1987), зб-каў апавяд. «Казкі жыцця» Я.Коласа (1988), вершаў «Знакі вертыкальнага часу» А.Разанава (1995). Выступае ў ням. друку і энцыкл. выданнях з артыкуламі па праблемах бел. л-ры, творчасці бел. пісьменнікаў.
У.Л.Сакалоўскі.
т. 13, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДРЫЧЫК ((Andričik) Юрай) (н. 22.4.1937, в. Бежаўцы Міхалаўскага р-на, Чэхія),
славацкі паэт і перакладчык. Скончыў Ін-т рус. мовы і л-ры ў Празе (1960). Аўтар зб-каў паэзіі «Узыходжанне на зямлю» (1970), «Глухія зычныя» (1973), кн. апавяданняў для дзяцей «Павой» (1976). Асн. тэматыка творчасці — хараство і багацце роднай зямлі, духоўнае жыццё сучасніка. Перакладае з рус., бел., укр., польск., чэшскай моў на славацкую. У яго перакладзе з бел. мовы выйшлі кн. паэзіі «Глыток вады» М.Танка (1975), «Так лёгка крочыш» П.Макаля (1982), аповесць «Лонва» І.Пташнікава (1980), зб-кі бел. паэзіі «Моваю сэрца» (1977, разам з Г.Крыжанавай-Брынзавай) і бел. нар. казак «Чароўная дудка» (1982). Асобныя вершы бел. паэтаў у перакладзе Андрычыка ўвайшлі ў анталогію «Жыццё супраць смерці» (1980), «Анталогію савецкай паэзіі XX стагоддзя» (Т. 1—2, 1981).
А.К.Гардзіцкі.
т. 1, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́БНАЎ (Генадзь Фёдаравіч) (н. 9.5.1945, в. Цяляткава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
рускі паэт, перакладчык, крытык, публіцыст. Скончыў Магілёўскі Маскоўскі ун-т (1972). Працаваў на Бел. радыё. З 1975 у час. «Неман» (з 1984 нам. гал. рэдактара). Друкуецца з 1965. Побыт вёскі, унутр. свет вяскоўца, яго думкі і імкненні, роздум над жыццём, узаемадачыненнямі чалавека і прыроды, грамадства, гісторыі — гал. тэмы паэт. зб-каў «Сувязная нітка» (1975), «Жытнёвы поўдзень» (1978), «Вяшчун-камень» (1987). Лірыка-філас. паэма-фантазія «Вяшчун-камень» перадае пачуцці любові аўтара да роднай зямлі, яднання з мінулым і сучаснасцю. Аўтар эсэ, крытычных і публіцыстычных артыкулаў. Пераклаў на рус. мову раманы «Янка Купала» (1982) і «Францыск Скарына» (1989) А.Лойкі, «Першую кнігу» (1984) І.Мележа, паасобныя творы Я.Купалы, Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, В.Зуёнка, К.Камейшы, Ю.Свіркі, І.Шамякіна і інш.
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛАВУ́С (Дзмітро) (Дзмітрый Рыгоравіч; н. 24.4.1920, с. Курманы Недрыгайлаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна),
украінскі паэт, перакладчык. Скончыў Кіеўскі ун-т (1945). Творчасць Білавуса, пераважна вострасатырычнага і гумарыстычнага кірунку, выкрывае негатыўныя з’явы жыцця (зб-кі вершаў «Вясёлыя твары», 1953; «Зігзаг», 1956; «Альфы — не амегі», 1967; «Асцярожна: слова!», 1984; ліра-эпічныя паэмы «Жыццё Адаркі Палягечы», 1956; «Грыц Гачык», 1986). Піша для дзяцей. На ўкр. мову перакладаў творы рус., літ., балг., а таксама бел. пісьменнікаў (Ф.Багушэвіча, П.Броўкі, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча, М.Калачынскага, Я.Коласа, У.Корбана, К.Крапівы, Я.Купалы, М.Макаля, М.Танка і інш.). На бел. мову творы Білавуса пераклалі А.Бялевіч, Вялюгін, Гілевіч, С.Дзяргай. Літ. прэмія Украіны імя М.Рыльскага 1976.
Тв.:
Вибране. Киів, 1980;
Бел. пер. — Птушыныя галасы. Мн., 1960.
Літ.:
Томенко М. Дмитро Білоус. Киів, 1988.
В.А.Чабаненка.
т. 3, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)