МІЖНАРО́ДНЫ САВЕ́Т НАВУКО́ВЫХ САЮ́ЗАЎ (МСНС; International Council of Scientific Unions),
навуковая арг-цыя, якая аб’ядноўвае міжнар. саюзы, нац.навук. ўстановы і асацыяцыі па прыродазнаўчых і дакладных навуках. Бярэ пачатак ад Міжнар. асацыяцыі акадэмій (засн. ў 1899), у 1918—19 рэарганізавана ў Міжнар. даследчы савет, з 1931 сучасная назва. Аб’ядноўвае больш за 20 міжнар.навук. і нац.навук. устаноў розных краін. Садзейнічае правядзенню міжнар.навук. праграм, навук. кангрэсаў і інш. У сістэме савета дзейнічаюць навук. і спецыялізаваныя к-ты па антарктычных і водных даследаваннях, праблемах навакольнага асяроддзя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФА́ЗА (ад грэч. pro раней, перад + phasis з’яўленне),
першая фаза дзялення клеткі і яе ядра шляхам меёзу ці мітозу. Найб. складаная і працяглая фаза. Важныя адзнакі П. — кандэнсацыя храмасом, спыненне сінтэзу РНК, растварэнне ядзерка і пачатак фарміравання верацяна дзялення. У клетках жывёл і некат. ніжэйшых раслін верацяно дзялення ўтварае мітатычны апарат разам з цэнтрыёлямі, у клетках вышэйшых раслін і некат. прасцейшых — без іх. У П. меёзу I, якая мае 5 стадый, акрамя таго адбываецца кан’югацыя гамалагічных храмасом. П. меёзу II адбываецца аналагічна П. мітозу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭВЕНТЫ́ЎНАЯ ВАЙНА́ (франц. préventif ад лац. praevenio апярэджваю, папярэджваю),
вайна, пачатая для апярэджвання праціўніка з прычыны пагрозы нападу з яго боку. Часта пачынаецца і па фальшывай прычыне. Прыкладам такіх войн з’яўляюцца пачатак савецка-фінляндскай вайны 1939—40, 2-й сусв. вайны 1939—45. З 1980-х г. тэрмін П.в. трансфармуецца ў паняцце «прэвентыўны ўдар» і выкарыстоўваецца для дэкларацыі магчымасці нанясення прэвентыўных ракетна-ядз. і інш. удараў па патэнцыяльным агрэсары. У 2-й пал. 20 ст. большасць войн пачыналася з нанясення прэвентыўных удараў. Гл. таксама Маланкавая вайна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎШУ́К (Сцяпан Сцяпанавіч) (н. 28.7.1944, г. Васілевічы Гомельскай вобл.),
бел.літ.-знавец і крытык. Д-рфілал.н., праф. (1998). Скончыў БДУ (1967). Настаўнічаў. З 1973 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі (з 1998 нам. дырэктара). Даследуе заканамернасці развіцця бел. драматургіі 19—20 ст., яе вытокі, перыядызацыю, своеасаблівасць творчых пошукаў, жанравыя асаблівасці, навукова-эстэт. панараму развіцця, прыроду драм. канфлікту і яго эстэт. асаблівасці ў драме, камедыі і трагедыі: кнігі «Сучасная беларуская драматургія», «З думай пра сучасніка» (абедзве 1977), «Першы народны артыст БССР» (1982), «Высокія арбіты грамадзянскасці», «Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х г.)» (абедзве 1984), «На драматургічных скрыжаваннях» (1989). Адзін з аўтараў кн. «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове), «Беларуская літаратура і праблемы сучаснасці» (1978), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1—2, 1981—82), «На парозе 90-х» (1993), «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 2—4, 1994—95), «Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.» (2-е выд. 1998), «Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.» у 4 т. (т. 1, 1999) і інш. Складальнік выданняў «Беларуская дакастрычніцкая драматургія» (1978), збораў твораў У.Галубка (1983), А.Макаёнка (т. 1—5, 1987—90), К.Крапівы (у 6 т., т. 1—2, 1997), фотаальбома «Кандрат Крапіва» (1989), зб. «Цудоўная дудка» (1997) і інш.
Тв.:
Кандрат Крапіва і беларуская драматургія. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГУШ (Францішак Ксаверый Міхал) (1.1.1746, Вількамірскі пав. Віленскага ваяв. — 4.4.1820),
філосаф, гісторык, тэолаг, пісьменнік ВКЛ. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. У якасці хатняга настаўніка быў з графам А.Тызенгаўзам у Германіі, Францыі, Італіі. Пасля адстаўкі Тызенгаўза (1780) жыў у Вільні, займаўся навук. дзейнасцю. Удзельнік Барскай канфедэрацыі, паўстання Т.Касцюшкі 1794, за што быў інтэрніраваны ў Смаленск. Апошнія гады жыў і працаваў у Варшаве. Удзельнічаў у рабоце Т-ва аматараў навукі, быў цэнзарам. Ганаровы чл. шматлікіх еўрап.навук. т-ваў. Аўтар твораў «Філосаф без рэлігіі» (1785), «Пра пачатак народа і мовы літоўскай» (1808), «Успаміны пра Антонія Тызенгаўза» (1820) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАСНЁЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1870у Францыі,
буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Францыі, якая знішчыла Другую імперыю і абвясціла рэспубліку. Падрыхтавана працяглым крызісам банапартысцкага рэжыму, паскорана паражэннямі франц. войск у франка-прускай вайне 1870—71. Непасрэдны штуршок — паражэнне пад Седанам і здача ў палон Напалеона III з арміяй (2 вер. 1870). 4 вер. паўстанцы Парыжа ўварваліся ў Бурбонскі палац і дамагліся ад Заканад. корпуса звяржэння дынастыі Бурбонаў. У той жа дзень у ратушы абвешчана рэспубліка. Перамога працоўных была выкарыстана буржуазіяй, якая узурпіравала ўладу; прадстаўнікі рэв. дэмакратыі ва ўрад не трапілі. Вераснёўская рэвалюцыя дала пачатакТрэцяй рэспубліцы ў Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА РАСІ́ЙСКАЙ А́РМІІімя А.В.Аляксандрава,
вялікі армейскі мастацкі калектыў; даў пачатак развіццю новага віду масавага мастацтва — ансамбля песні і танца. Створаны ў 1928 пры Цэнтр. Доме Чырв. Арміі, з 1978 акадэмічны. Арганізатар і першы маст. кіраўнік А.В.Аляксандраў, у 1946—86 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Б.А.Аляксандраў.
У рэпертуары творы рас. кампазітараў пераважна ваен.-патрыят. тэматыкі, нар. песні і танцы, творы рус. і замежнай класікі. Найб. папулярнасць у выкананні ансамбля набылі песні «Свяшчэнная вайна» А.В.Аляксандрава і «Калінка» ў яго апрацоўцы. У складзе ансамбля мужчынскі хор, аркестр і танц. група.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫТАКСІ́НЫ (ад анты... + таксіны),
спецыфічныя бялкі (антыцелы), якія ў адрозненне ад антыдотаў утвараюцца самім арганізмам чалавека і жывёл пад уплывам таксінаў і здольныя нейтралізаваць іх адмоўнае ўздзеянне. Па хім. прыродзе пераважна імунаглабуліны класа G. Нейтралізуюць таксіны, якія яшчэ не звязаны з клеткамі арганізма. З’яўляюцца адным з фактараў імунітэту і выконваюць гал. ахоўную ролю ў выпадках інтаксікацый арганізма. Антытаксіны — дзеючы пачатак антытаксічных сываратак, якія атрымліваюць праз імунізацыю жывёл абясшкоджанымі таксінамі або малымі дозамі натыўных таксінаў. Прэпараты антытаксінаў выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння дыфтэрыі, слупняку, батулізму, газавай гангрэны, стрэптакокавых і стафілакокавых захворванняў, укусаў ядавітых жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛО́ВА (Антаніна Аляксееўна) (24.12.1924, г. Талдам Маскоўскай вобл. — 24.7.1993),
бел. мастак кіно, жывапісец. Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыла Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1951). Працавала ў Маскоўскім вышэйшым маст.-прамысл. вучылішчы, Белдзяржкіно, на камбінаце Бел.тэатр.т-ва. Мастак фільмаў: «Чэмпіён свету», «Палеская легенда» і «Пасеялі дзяўчаты лён» (эскізы касцюмаў). У 1960—70-я г. распрацоўвала нац. сцэнічныя касцюмы для ансамбляў «Песняры», «Харошкі», «Равеснік», «Раніца», «Нёман», «Палескія зоры», «Лявоніха», «Маладосць», для хору Цітовіча. Жывапісныя работы: «На рэпетыцыі» (1958), «Сябры» (1960), «Пачатак вясны» (1961), «Флёксы» (1962).
А.М.Замай.
А.Бялова. Сцэнічныя касцюмы для фальклорных калектываў. 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСПО́ЛАЕ РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
размнажэнне жывёл і раслін без апладнення. Ажыццяўляецца без удзелу палавых клетак, часта з дапамогай вегетатыўных органаў. Уласціва бактэрыям (дзяленне), аднаклетачным (дзяленне, фрагментацыя, пачкаванне і спораўтварэнне) і шматклетачным арганізмам (вегетатыўнае размнажэнне, спораўтварэнне, поліэмбрыянія). Ёсць у вышэйшых раслін, адсутнічае ў малюскаў, членістаногіх, пазваночных.
Адрозніваюць уласна бясполае размнажэнне — утварэнне спец. клетак — спораў, якія пры прарастанні даюць пачатак новаму арганізму, і вегетатыўнае размнажэнне. Патомства, якое атрымліваецца ў выніку бясполага размнажэння, генетычна аднароднае, што часта выкарыстоўваецца ў раслінаводстве для замацавання карысных якасцей гібрыдаў. Шэрагу арганізмаў уласціва чаргаванне бясполага размнажэння з палавым размнажэннем.