ВО́ДНЫ ФОНД,

сукупнасць усіх вод (воды паверхневыя, падземныя і інш. водныя аб’екты), што знаходзяцца ў межах дзярж. граніц краіны. Паводле воднага заканадаўства Рэспублікі Беларусь усе воды ў краіне складаюць адзіны дзярж. водны фонд, іх выкарыстанне знаходзіцца пад прававым рэгуляваннем. У воднай гаспадарцы выкарыстоўваецца тая частка воднага фонду, якая складае водныя рэсурсы. Кантроль за водакарыстаннем і аховай водаў на тэр. Беларусі ўскладзены на Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго органы на месцах.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЁБЫ (Labosea),

клас прасцейшых. Трапляюцца ў прэсных, саленаватых, марскіх водах, часта ў прыбярэжным пяску, глебе; асобныя паразітуюць у кішэчніку жывёл і чалавека (напр., амёба дызентэрыйная Entamoeda histolytica), выклікаюць амёбіяз.

Цела 15 мкм — З мм, пастаяннай формы не маюць. Перамяшчаюцца з дапамогай часовых вырастаў (псеўдаподыяў). Хуткасць руху 0,5—3 мкм/мін. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальную вакуолі. Жывяцца бактэрыямі, водарасцямі, прасцейшымі. Размнажаюцца бясполым спосабам (дзяленнем). У неспрыяльных умовах акругляюцца, укрываюцца 2-слаёвай шчыльнай абалонкай (інцыстуюцца).

Амёба.

т. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗА́Л ((Özal) Тургут) (13.10.1927, г. Малацья, Турцыя — 17.4.1993),

дзярж. і паліт. дзеяч Турцыі. Скончыў Стамбульскі тэхн. ун-т (1950). Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, працаваў у розных мін-вах і прыватных кампаніях, у 1967—71 узначальваў дзярж. планавую арг-цыю. У 1980—82 нам. прэм’ер-міністра па эканам. пытаннях. У 1983 пасля зняцця ў Турцыі забароны на паліт. дзейнасць — ген. старшыня Партыі айчыны. У 1983—89 прэм’ер-міністр, у 1989—93 прэзідэнт Турэцкай рэспублікі.

Т.Азал.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АЎТАРАМПРАМПРАЕ́КТ», Дзяржаўнае прадпрыемства «Аўтарампрампраект» Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1974 у Мінску на базе праектнай канторы трэста «Аўтарамбудмантаж» (да 1991 праектны ін-т Мін-ва аўтамаб. прам-сці СССР).

Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка комплекснай праектна-каштарыснай дакументацыі на рэканструкцыю, буд-ва, тэхн. пераўзбраенне і капітальны рамонт прамысл. прадпрыемстваў з правядзеннем тапографа-геадэзічных і інж.-геал. пошукаў, абследаваннем стану канструкцый будынкаў і збудаванняў, інж. абсталявання, камунікацый; распрацоўка ген. планаў прадпрыемстваў, сістэм газазабеспячэння, мерапрыемстваў і сістэм па экалогіі.

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ФОНД КУЛЬТУ́РЫ (БФК),

добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана ў крас. 1987 у Мінску з мэтай адраджэння і развіцця нац. традыцый, мовы, краязнаўчага руху. Фінансуе стварэнне помнікаў, выданне беларускамоўных кніг. Арганізуе і фінансуе выстаўкі, дабрачынныя вечарыны, фалькл. святы, навук.-практычныя канферэнцыі па праблемах культуры і гісторыі Беларусі. Аказвае дапамогу суполкам беларусаў за мяжой. Пры фондзе працуюць камісія «Вяртанне», культ.-асв. аб’яднанні, маст. і бібліятэчны саветы. Сумесна з Мін-вам культуры Беларусі выдае час. «Спадчына».

т. 2, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РДАН ((Gordon) Рычард) (н. 5.10.1929, г. Сіэтл, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Вашынгтонскі ун-т (1951). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 12—15.9.1966 з Ч.​Конрадам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-11» (двойчы выходзіў у адкрыты космас; агульны час 2 гадз 44 мін); 14—24.11.1969 з Конрадам і А.Бінам здзейсніў палёт да Месяца як пілот асн. блока касм. карабля «Апалон-12», на якім зрабіў 44 абароты вакол Месяца. Агульная працягласць палётаў 13,16 сут.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУЧКО́Ў (Ціхан Свірыдавіч) (4.7.1922, в. Бахацец Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 9.3.1987),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Магілёўскі аэраклуб (1941), Ейскае ваенна-марское авіяц. вучылішча (1942). У Вял. Айч. вайну лётчык-знішчальнік ВПС Балтыйскага флоту ст. лейт. Ж. вызначыўся ў час прарыву блакады Ленінграда, вызвалення Ленінградскай вобл. і Прыбалтыйскіх рэспублік. Зрабіў 257 баявых вылетаў, з іх 85 на фотаразведку, асабіста збіў 11 самалётаў праціўніка. Да 1960 у Сав. Арміі, пасля ў Мін-ве грамадз. авіяцыі.

т. 6, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕФІ́РАЎ (Аляксей Пятровіч) (25.3.1907, г. Гомель — 8.9.1979),

савецкі хімік-неарганік і металург. Чл.-кар. АН СССР (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т каляровых металаў і золата (1932). У 1932—56 у Мін-ве каляровай металургіі СССР (акрамя 1943—46), адначасова (з 1949) у Маскоўскім хіміка-тэхнал. ін-це. З 1967 дырэктар Усесаюзнага н.-д. ін-та хім. тэхналогіі. Навук. працы па хіміі і металургіі рэдкіх і высакародных металаў. Ленінская прэмія 1965, Дзярж. прэмія СССР 1978.

А.П.Зефіраў.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКІЁР (Аляксандр Барысавіч) (28.5. 1824, г. Таганрог, Расія —9.2.1870),

расійскі гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1845). Служыў у Мін-ве юстыцыі, супрацоўнічаў у часопісах «Современник», «Отечественные записки», «Русский вестник» і інш. Працы па гісторыі рас. знешняй палітыкі і землеўладання, геральдыцы і інш. Асн. твор — «Руская геральдыка» (1855, Дзямідаўская прэмія 1856) — першае падобнае навук. даследаванне ў рас. гістарыяграфіі, у якім таксама даецца першы нарыс рас. сфрагістыкі (навукі аб пячатках).

Тв.:

Русская геральдика. М., 1990.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНЮ́К (Сяргей Мікалаевіч) (н. 3.4.1960, Мінск),

бел. спартсмен (тэніс). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1980). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1982). У 1991—95 на трэнерскай рабоце ў ЗША. З 1995 саветнік Мін-ва спорту і турызму Расіі. Чэмпіён Еўропы 1980 у камандным першынстве і парным разрадзе, 1983 — у парным разрадзе, у 1980 бронз. прызёр у змешаным разрадзе. Чэмпіён СССР 1979, 1982—83 у парным, 1982 у змешаным, 1983 у адзіночным разрадах.

т. 9, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)