ДЭНЁЎ (Deneuve; сапр. Дарлеак; Dorléac) Катрын
(н. 22.10.1943, Парыж),
французская кінаактрыса. Ў кіно з 1956. Наіўныя, прастадушныя гераіні фільмаў «Шэрбурскія парасоны» (1964), «Дзяўчаты з Рашфора» (1967), «Асліная шкура» (1970) і інш. саступілі месца складаным, драм. вобразам, поўным разбуральных страсцей у фільмах «Дзённая прыгажуня» (1966), «Трыстана» (1970), «Агіда» (1965), «Сука» (1972). У 1980—90-я г. найб. вылучылася выкананнем гал. роляў у фільмах «Апошняе метро» (1980), «Індакітай» (1991), «Мая любімая пара года» (1992).
т. 6, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́ШКІН (Барыс Лаўрэнцьевіч) (12.8.1919, г. Шахты, Расія — 15.6.1944),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Віцебскай і Мінскай абл. у Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Усесаюзны ін-т фізкультуры (1941). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, у 1942 выконваў спец. заданне ў тыле ворага, з мая 1943 камандзір спец. атрада НКДБ «Дапамога» (пазней уваходзіў у партыз. атрад «Артур»). Загінуў у час прарыву варожай блакады ў раёне воз. Палік.
т. 4, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНЫ КАНВЕ́ЕР,
сістэма вытворчасці і выкарыстання зялёных кармоў, пры якой жывёлы забяспечваюцца імі бесперабойна і раўнамерна з ранняй вясны да позняй восені. У склад З.к. ўключаюць прыродную і штучную пашу, адна- і шматгадовыя травы (зялёная маса), кармавыя формы бахчавых, караняплодаў, капусты, азімы рапс. Адрозніваюць прыродны, штучны і мяшаны тыпы З.к. У ім выкарыстоўваюць прыродную і сеяную пашу, атаву прыродных сенажацей, культуры палявой кормавытворчасці. На Беларусі культуры З.к. пачынаюць скормліваць жывёле з сярэдзіны мая.
т. 7, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮЧЭ́НКА (Надзея Лявонаўна) (8.11.1922, в. Лугава Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 8.6.1943),
удзельніца партыз. руху ў Віцебскай вобл. З вер. 1941 сувязная партыз. групы, з мая 1942 у партыз. атрадзе Дубава (Ф.Ф.Дуброўскага), з жн. 1942 кулямётчыца партыз. брыгады Чашніцкай («Дубава»). 8.6.1943 у баі каля в. Пышна Лепельскага р-на, калі танк і больш за 50 фашыстаў прарваліся ў партыз. абарону, К. са звязкай гранат кінулася пад машыну, падарвала яе і загінула сама.
т. 8, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТУ́Й,
рака ў Краснаярскім краі Расіі, правая складаючая р. Хатанга. Даўж. 1409 км, пл. бас. 176 тыс. км². Бярэ пачатак на плато Путарана, цячэ на ПдУ па Сярэднесібірскім пласкагор’і, праходзіць цераз азёры Харпіча і Дзюпкун. Пасля ўпадзення справа р. Ваяволіхан паварочвае на ПнУ; нізоўі на Паўн.-Сібірскай нізіне. Парожыстая. Гал. прытокі: Маера, Катуйкан, Эрыечка (справа), Чангада, Тукалан (злева). Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з канца вер. — 1-й пал. кастр. да канца мая—чэрвеня.
т. 8, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НДА,
рака ў Зах. Сібіры, левы прыток р. Іртыш. Даўж. 1097 км, пл. бас. 72,8 тыс. км². У басейне шмат азёр. Цячэ па зах. ускраіне Зах.-Сібірскай раўніны. Вельмі звілістая. Асн. прытокі: Мулым’я, Вял. Тап (злева), Еўра, Кума (справа). Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з канца кастр. — пач. ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая. Сярэдні расход вады каля с. Алтай 327 м³/с. Суднаходная на 744 км ад вусця. Сплаўная. На К. — г. Урай.
т. 8, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЎТГАЎЗЕН (Mauthausen),
нямецка-фашысцкі канцэнтрацыйны лагер каля г. Маўтгаўзен (Аўстрыя) у жн. 1938—45. Засн. як філіял канцлагера Дахау, з сак. 1939 самаст. лагер. Да мая 1945 тут зняволена каля 335 тыс. чал., забіта 120 тыс. чал. У лагеры дзейнічала падп. інтэрнац. арг-цыя супраціўлення, якая 5—7.5.1945 узняла антыфаш. паўстанне. Пасля 2-й сусв. вайны на месцы М. створаны мемарыяльны музей, у 1948 устаноўлены помнік закатаванаму тут у лют. 1945 Дз.М.Карбышаву.
т. 10, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МО́ЛОТ»,
газета, орган Магілёўскага Савета сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выдавалася з канца мая 1917 да пач. студз. 1918 у Магілёве на рус. мове. Мела эсэра-меншавіцкі кірунак, таму што большасць дэпутацкіх месцаў у Савеце належала прадстаўнікам гэтых партый. Публікавала матэрыялы з пасяджэнняў Савета, афіц. дакументы, хроніку мясц. жыцця. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 трапіла пад уплыў бальшавікоў і левых эсэраў. З 10.1.1918 выдавалася пад назвай «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов».
А.В.Вараб’ёў.
т. 10, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАДЕ́ЖДА»,
літаратурна-мастацкі і інфармацыйна-публіцыстычны веснік. Выходзіць з 10.7.1989 у Мінску на бел. і рус. мовах 4 разы на год. Друкуе вершы і прозу чытачоў-інвалідаў, інтэрв’ю з цікавымі людзьмі, мед. і юрыд. кансультацыі, парады садаводам-агароднікам і інш. Мае рубрыкі: «Паэзія нашых сэрцаў», «Мая думка», «І боль, і слёзы, і надзеі...», «Спроба пяра», «Шукаю сябра», «Літаратурная вучоба» і інш. Пры рэдакцыі створаны дзіцячы клуб «Надзейка», літстудыя для пачынаючых літаратараў.
В.Г.Янчанка.
т. 11, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАГО́НЯ»,
грамадска-паліт. газета. Выдаецца з 1992 у Гродне на бел. мове. Выходзіла раз у 2 тыдні, з мая 1993 — раз у тыдзень, з ліп. 1997 два разы ў тыдзень. Друкуе матэрыялы на паліт., грамадска-сац., эканам. тэмы, асвятляе мясц. культ., канфесійнае, спарт. жыццё. Аддае ўвагу гіст. праблематыцы, змяшчае краязнаўчыя допісы, мемуары, успаміны дзеячаў бел. руху. Пастаянныя рубрыкі: «Грамадства», «Палітычная сцэна», «Сумежжа», «Вайна і людзі», «Лёсы», «Наш каляндар» і інш.
У.І.Хільмановіч.
т. 11, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)