ЮЗЕ́ЕВА-ШАБЛО́ЎСКАЯ Ганна Аляксандраўна (20.10.1941, в. Чапаева Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 14.8.1993),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). Працавала ў тэхніках габелену, батыку, ручнога ткацтва. Сярод твораў: габелены для Палаца культуры прафтэхадукацыі ў Мінску «Жанчыны Палесся». «Белая Русь ты мая» (з А.​Салохінай), «Песня жаўрука» (усе 1970-я г.), «Белая Русь ты мая» для гасцініцы «Турыст» у Гомелі, «Родны напеў», «Нарачанская цішыня», цыкл «Пра родную прыроду» (усе 1980-я г.); парцьерная тканіна і ген. заслона для Палаца культуры калгаса імя А.​Варанянскага (Гродзенскі р-н, 1977), ген. заслоны для актавай залы Рэсп. шпіталя інвалідаў Вял. Айч. вайны ў Бараўлянах (Мінскі р-н) і Палаца культуры ў г. Светлагорск (Гомельская вобл., абодва 1988; у сааўт.). Выканала размалёўку «Эвалюцыя ўзнікнення жывёльнага і расліннага свету» (1977) на Станцыі юных натуралістаў у Мінску, аформіла (разам з С.​Цярэнцьевай) гал. ўваход на ВДНГ СССР і тэатр. павільён да Дэкады Бел. культуры ў Маскве (1967). Аўтар акварэлей «Чырвонае лета», «Раніца на Нарачы», «Беларускія пагоркі» (усе 1970-я г.). Творы вылучаюцца дакладнасцю кампазіцыйных пабудоў, гарманічным каларытам, паэт. узнёсласцю вобразаў.

Л.​Ф.​Салавей.

Г.Юзеева-Шаблоўская. Габелен «Жанчыны Палесся». 1971.

т. 18, кн. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)