КА́НЫ (Canne; лац. Cannae),

старажытнае паселішча ў Паўд.-Усх. Італіі (вобл. Апулія) на р. Офанта, каля якога 2.8.216 да н. э. ў 2-ю Пунічную вайну адбылася бітва паміж рым. арміяй пад камандаваннем консула Тэрэнцыя Варона (80 тыс. пяхоты і 6 тыс. конніцы) і карфагенскай арміяй на чале з Ганібалам (40 тыс. пяхоты і 10 тыс. конніцы). У ходзе бітвы рым. армія пацясніла цэнтр карфагенскага войска, аднак конніца Ганібала разбіла на флангах рым. конніцу і ўдарыла з тылу, а карфагенская адборная пяхота акружыла рым. войскі з флангаў. Рымляне пацярпелі паражэнне (загінула 48 тыс. рым. воінаў, 6 тыс. карфагенян). Пасля бітвы многія італійскія і сіцылійскія гарады перайшлі на бок Ганібала. Бітва пры К. увайшла ў гісторыю як выдатны прыклад ваен. майстэрства, яе апісаў стараж.-рым. гісторык Ціт Лівій.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯПУНО́Ў (Сяргей Міхайлавіч) (30.11. 1859, г. Яраслаўль, Расія — 8.11.1924),

расійскі кампазітар, піяніст, дырыжор.

Брат А.М.Ляпунова і Б.М.Ляпунова. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1883). З 1885 у Пецярбургу: у Прыдворнай пеўчай капэле, дырэктар Бясплатнай муз. школы, у 1910—23 праф. кансерваторыі, з 1919 Ін-та гісторыі мастацтваў. У творчасці прадаўжаў традыцыі «Магутнай кучкі». Сярод твораў: 2 сімфоніі (1887, 1917), Канцэртная уверцюра (1883), Урачыстая уверцюра на рус. тэмы (1896), сімф. паэмы і інш. для арк.; 2 канцэрты, Рапсодыя на ўкр. тэмы для фп. з арк.; камерна-інстр. ансамблі; саната, 12 эцюдаў вышэйшага выканальніцкага майстэрства, прэлюдыі, вальсы, мазуркі для фп.; хары, рамансы, песні; аркестроўкі. Запісваў і вывучаў нар. песні (зб. «Песні рускага народа», 1899). Разам з М.​Балакіравым удзельнічаў у выданні найб. поўнага збору твораў М.​Глінкі. Завяршыў і інструментаваў шэраг твораў Балакірава.

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ЛЬСКІ (Павел Уладзіміравіч) (4.9. 1904, Масква — 15.12.1979),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1963). У 1922—24 у Студыі пад кіраўніцгвам Ю.​Завадскага. З 1925 у МХАТ. З 1947 выкладаў у Школе-студыі імя У.​І.​Неміровіча-Данчанкі (з 1961 праф.). Выканальніцкае майстэрства было адметнае пластычнасцю, завершанасцю, выверанасцю сцэн. малюнка, у камед. ролях — непасрэднасць, лёгкасць. Сярод роляў: князь Дзмітрый Шуйскі («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​Талстога), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога), Малчалін («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Джынгль («Піквікскі клуб» паводле Ч.​Дзікенса), Чарльз Сэрфес («Школа зласлоўя» Р.​Шэрыдана), лорд Горынг («Ідэальны муж» О.​Уайльда) і інш. З 1927 здымаўся ў кіно: «Цырк» (1936), «Іван Грозны» (2-я серыя, 1958) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Літ.:

Павел Массальский: Документы. Статьи. Воспоминания. М., 1985.

П.Масальскі ў ролі Чарльза Сэрфеса.

т. 10, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКЕ́ЕВА (Нона Сяргееўна) (н. 19.4.1925, г. Смаленск, Расія),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Вільнюскую кансерваторыю (1950). З 1950 артыстка Літ. філармоніі. З 1953 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1971 педагог Рэсп. вучэбнага комплексу гімназія-каледж пры Бел. акадэміі музыкі. Яе майстэрства вызначалі добрая вак. школа, голас прыгожага тэмбру, высокая муз. культура. Сярод партый: у нац. операх — Марфачка («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Марынка («Марынка» Р.​Пукста), Святлана («Калючая ружа» Ю.​Семянякі); з інш. партый — Марфа, Валхава ( «Царская нявеста», «Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Неда («Паяцы» Р.​Леанкавала), Чыо-Чыо-сан, Мімі («Чыо-Чыо-сан», «Багема» Дж.​Пучыні), Манон («Манон» Ж.​Маснэ), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ).

Б.​С.​Смольскі.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Дзмітрый Аляксеевіч) (26.9.1903, Масква — 18.6.1969),

акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1940). Праф. (1961). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1925). У 1936—51 акцёр і рэжысёр Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі. У 1948—69 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, дасканалага прафес. майстэрства: Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), цар Фёдар Іаанавіч (аднайм. п’еса А.​К.​Талстога), Мальволіо («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Чайка («Што пасееш, тое і пажнеш» В.​Палескага). Пастаноўкі Арлова вызначаліся тэатр. культурай, раскрыццём аўтарскай задумы твора: «Дзядзя Ваня» А.​Чэхава (1949), «Шалёныя грошы» А.​Астроўскага (1961) і інш. Здымаўся ў кіно («Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Веснавыя навальніцы» і інш.).

Літ.:

Вішкароў Б. Акцёр, рэжысёр, педагог (Дз.​А.​Арлоў) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Бурьян Б., Лисневский И. На театральных перекрёстках. Мн., 1967.

Дз.А.Арлоў.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭЙМС ((James) Генры) (15.4.1843, Нью-Йорк — 28.2.1916),

амерыканскі пісьменнік. Брат філосафа і псіхолага У.Джэмса. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це. З 1875 жыў у Англіі. Сябраваў з І.​Тургеневым, творчасць якога (а таксама Н.​Хотарна) паўплывала на фарміраванне эстэт. поглядаў Дж. Аўтар больш як 20 раманаў, у т. л. «Амерыканец» (1877), «Вашынгтонская плошча» (1880), «Жаночы партрэт» (1881), «Бостанцы» (1886), «Нязручны ўзрост» (1899), «Залатая чаша» (1904), аповесцей, у т. л. «Дэйзі Мілер» (1879), «Урок майстра» (1892), літ.-крытычнага даследавання «Майстэрства рамана» (1834), больш за 100 апавяданняў, а таксама п’ес, навел і эсэ. Дж. разважаў над узаемаадносінамі Новага і Старога свету (амер. і еўрап. культ. традыцыямі), вытокамі нац. амер. менталітэту. Яго прозе ўласцівы прытчавасць, сімвалічная абагульненасць вобразаў, рэфлексіўнасць.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. Л., 1979;

Повести и рассказы. М., 1983.

Е.​А.​Лявонава.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́БЫШ (Станіслаў Іосіфавіч) (н. 17.3.1939, в. Заграддзе Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. харавы дырыжор, педагог. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972). З 1977 выкладае ў Бел. унце культуры (з 1981 заг. кафедры, з 1994 праф.). Адначасова ў 1964—93 кіраўнік Мінскага нар. хору Палаца культуры вытв. буд.-мантажнага аб’яднання «Мінскпрамбуд», арганізатар (1979) і кіраўнік фалькл. вак.-харэаграфічнага ансамбля «Валачобнікі» ун-та культуры, з 1993 — Мінскага нар. хору Палаца культуры прафсаюзаў, якія пад яго кіраўніцтвам дасягнулі значнага выканальніцкага майстэрства. За час працы з калектывамі падрыхтаваў больш за 40 канцэртных праграм, у т. л. некалькі тэматычных, якія ўключаюць бел. нар. песні (у т. л. а капэла), песні бел. і інш. кампазітараў. Яму ўласцівы беражлівыя адносіны да нар. песні, пошук сродкаў яе захавання ў варыянце, блізкім да аўтэнтычнага.

А.​Ш.​Раецкі.

т. 6, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКЦІЁНАЎ (Аляксандр Іванавіч) (29.5.1910, г. Растоў-на-Доне, Расія — 14.3.1972),

расійскі жывапісец і графік, педагог. Нар. маст. Расіі (1969). Правадз. чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1932—38) у І.Бродскага. Выкладаў у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1936—44) і Маскоўскім завочным пед. ін-це (1967—70, з 1968 праф.). Працаваў пераважна ў жанравай карціне і партрэце. Творам уласцівы высокае майстэрства і дакладнасць малюнка, ілюзорна-дакладная перадача прадметнага аблічча, часам натуралістычнасць. Сярод твораў: аўтапартрэт (1945), «Ліст з фронту» (1947), «Забяспечаная старасць» (1958—60), «Подзвіг навукоўца» («Пасля аперацыі», 1962—65); графічныя партрэты В.​Качалава, В.​Кніпер-Чэхавай (абодва 1940), І.​В.​Курчатава (1955) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1948 Дзярж. прэмія Расіі імя І.​Рэпіна 1971.

Тв.:

Техника советской портретной живописи. М., 1961 (разам з А.​У.​Вінерам).

А.Лакціёнаў. Ліст з фронту. 1947.

т. 9, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБШЫ́Н (Станіслаў Андрэевіч) (н. 6.4.1933, Масква),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1981). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1959). Працаваў у маскоўскіх т-рах «Сучаснік», на Таганцы, на Малой Броннай, імя М.​Ярмолавай, з 1980 у МХАТ імя М.​Горкага, з 1989 у МХАТ імя А.​Чэхава. Выканальніцкае майстэрства адметнае псіхалагізмам і вострым драматызмам, імпульсіўнасцю, канцэнтраваным выражэннем сутнасці вобраза: Шаманаў («Мінулым летам у Чулімску» А.​Вампілава, 1974), Тарцюф («Тарцюф» Мальера, 1981), Князь Тэймураз Хевіставі («Абвал» паводле М.​Джавахішвілі, 1984), Вяршынін («Тры сястры» Чэхава», 1985), Міша («Мішаў юбілей» А.​Гельмана і Р.​Нельсана, 1993) і інш. З 1959 здымаецца ў кіно: «Мне дваццаць гадоў» (1965), «Альпійская балада» (1966), «Печкі-лавачкі» (1972), «Ксенія, любімая жонка Фёдара» (1974), «Не страляйце ў белых лебедзяў» (1980), «Кін-дза-дза» (1986), «Дзіцячыя гульні» (1987), «Чорны манах» (1988), «Вечны муж», «Князь Сярэбраны» (абодва 1991) і інш.

т. 9, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕВА (Тарасевіч) Таццяна Пятроўна

(4,5.1924, г. Бранск, Расія — 13.11.1993),

расійская піяністка, кампазітар, педагог. Засл. арт. Расіі (1955). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю па класах фп. (1947, клас А.Гальдэнвейзера) і кампазіцыі (1950), з 1959 выкладала ў ёй (з 1965 праф.). З 1945 салістка Маскоўскай філармоніі. Яе выкананню былі ўласцівы высокая культура і майстэрства, тэхн. свабода. У рэпертуары фп. творы І.​С.​Баха, Л.​Бетховена, Ф.​Шапэна, Р.​Шумана, І.​Стравінскага, П.​Чайкоўскага, А.​Скрабіна, С.​Рахманінава, Дз.​Шастаковіча і інш. Аўтар 2 канцэртаў для фп. з арк. (1950, 1963), сімф. твораў, транскрыпцый і пералажэнняў для фп. і інш. 1-я прэмія Міжнар. конкурсу на лепшае выкананне твораў Баха (Лейпцыг, 1950). Дзярж. прэмія СССР 1951. Міжнар. прэмія імя Шумана 1971 (ГДР).

Літ.:

Григорьев Л., Платек Я. Современные пианисты. 2 изд. М., 1990. С. 244—246.

Т.П.Нікалаева.

т. 11, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)