гістарычная назва ў 15—17 ст. у Расіі, узбярэжжа Белага м. ад г. Кем да г. Анега (Паморскі бераг), а таксама вял.тэр. ад Абанежжа да Паўн. Урала, у якую ўваходзілі Карэлія, Дзвінская, Важская, Сысальская, Вяцкая, Пермская землі, Пасухонне, Белазерскі і Пячорскі краі. Першапачаткова насялялі карэлы, комі, лапары. Да 17 ст. карэннае насельніцтва часткова асімілявана рус. пасяленцамі, якія з 12 ст. асвойвалі тэр. П. У 12—15 ст. уладанне Наўгародскай феадальнай рэспублікі. У пач. 16 ст. далучана да Масквы. У 17 ст. ў 22 паветах П. асн. маса насельніцтва — вольныя сяляне. Частка зямель належала манастырам і купцам Строганавым. На Пн насельніцтва займалася рыбалавецкім, слюдзяным, саляным промысламі; у Карэліі развівалася металургія, у паўд. паветах — земляробства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́КВІЦА (Betonica),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 30 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. На Беларусі трапляецца буквіца лекавая (B. officinalis). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, у хмызняках і на сухіх закуставаных лугах; у кветкаводстве выкарыстоўваюцца 2 інтрадукаваныя віды: буквіца буйнакветная (B. macrantha) і аблісцелая (B. foliosa).
Шматгадовыя травяністыя расліны з апушаным прамастойным простым або слаба разгалінаваным сцяблом выш. 20—100 см і кароткім карэнішчам. Ніжняе лісце доўгачаранковае, звычайна ў прыкаранёвай разетцы, верхняе амаль сядзячае супраціўнае, падоўжана-яйцападобнае, па краі пілавата-гародчатае. Кветкі ліловыя або ружовыя і жоўтыя, у канцавых коласападобных суквеццях. Плод — чатырохарэшак. Лек. (вяжучы, жаўцягонны, адхарквальны, кроваспыняльны, ранагаючы сродак), дэкар. і меданосныя расліны, маюць розныя алкалоіды, эфірны алей, горкія і дубільныя рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯНЁК,
рака на Пн Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), вярхоўе — у Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 2292 км, пл.бас. каля 220 тыс.км². Пачынаецца і цячэ па Сярэдне-сібірскім пласкагор’і, у нізоўях — па Паўд.-Сібірскай нізіне. Упадае ў Алянёцкі заліў мора Лапцевых, утвараючы дэльту. У верхнім цячэнні парожыстая, даліна месцамі мае выгляд цясніны. У сярэднім цячэнні даліна пралягае сярод хвалістай мясцовасці. Асн. прытокі: Арга-Сала, Бур (злева), Сілігір (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Паводка з чэрв. да верасня. Ледастаў з канца вер.—кастр. да канца мая — 1-й пал. чэрвеня. У верхнім цячэнні перамярзае са студз. да красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 1210 м³/с. Суднаходная ў нізоўях. Багатая рыбай (рапушка, омуль, муксун, нельма і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕСЕНТУКІ́,
горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, у даліне р. Падкумак. Засн. ў 1798 як ваенна-памежны рэдут. 87,1 тыс.ж. (1992). Чыг. ст. Прадпрыемствы харчасмакавай і лёгкай прам-сці. Драўляная Нікольская царква (сярэдзіна 1820-х г.). Курортны (Галоўны) парк (1849) з крыніцамі мінер. вод і шматлікімі пабудовамі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Бальнеалагічны і гразевы курорт. Уваходзіць у групу курортаў Каўказскія Мінеральныя Воды. Аснову курортных рэсурсаў складаюць мінер. воды, якія ў лек. мэтах выкарыстоўваюцца з сярэдзіны 19 ст. (эксплуатуецца каля 20 крыніц), найб. вядомыя «Есентукі» № 4 і № 17. Асн. профіль курорта — лячэнне хвароб органаў стрававання, у т. л. печані, падстраўнікавай залозы, жоўцевых шляхоў. Каля 30 санаторыяў і пансіянатаў (большасць з іх паблізу Гал. курортнага парку), працуе НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎТУ́ШКІ (Colias),
род дзённых матылёў сям. бялянак. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. Жывуць пераважна ў высакагор’ях і ў арктычнай зоне. Некат. трапляюцца на раўнінах: у стэпах, на балотах, лугах, у лясах і інш. На Беларусі 4 віды Ж.: малая, ці лугавая (C. hyale), шафранавая (C. croceus), зяноўцавая (C. myrmidone), тарфянікавая (C. palaeno; занесена ў Чырв. кнігу).
Крылы (размах да 6 см) чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя, зеленаватыя, часта з чорным абадком на вонкавым краі. Ніз задніх крылаў жоўты. Выразны палавы дымарфізм або полімарфізм: крылы ў самак святлейшыя, чым у самцоў (звычайна зеленаватыя або белыя). Вусікі кароткія, з прытупленай булавой. Вусені развіваюцца пераважна на бабовых раслінах.
Жаўтушкі: 1 — шафранавая; 2 — лугавая; 3 — тарфянікавая (а — самец; б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЙН (Барыс Самуілавіч) (н. 1.11.1928, г. Віцебск),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1989), праф. (1990). Скончыў Ленінградскі ун-т (1951). З 1955 працаваў у Гродзенскім аддзяленні т-ва «Веды», з 1964 у Гродзенскім мед. ін-це, з 1979 на кафедры гісторыі СССР і БССР Гродзенскага ун-та. З 1992 у ЗША, навук. супрацоўнік ун-та ў Мінесоце. Даследуе рэв. барацьбу і нац.-вызв. рух Беларусі, Літвы і Расіі. Аўтар працы «Рэвалюцыйны рух у Вільнюскім краі ў 1920—1939 гг.» (1961), складальнік і аўтар каментарыяў да зб. «Вільнюскае падполле» (1966).
Тв.:
Найдено в архиве. Мн., 1968;
В годину испытаний. Мн., 1986;
За дело правое: Борьба КПЗБ с буржуазным террором (1920—1938 гг.). Мн., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЙ (ад агульнаслав. краяци — рэзаць),
1) першапачаткова мясцовасць на ўскраіне дзяржавы (адсюль назва), пазней — краіна, вобласць, мясцовасць, вял.геагр. вобласць. Тэрмін ужываецца таксама ў сэнсе радзіма, родны кут (вывучае краязнаўства); як сінонім назвы ўсёй тэр. (Беларусь — Беларускі К.) або асобных яе частак (Палескі К., азёрны К., партызанскі К.).
2) У Расіі 18 — пач. 20 ст. назва ўскраінных тэр. імперыі, якія складаліся з некалькіх губерняў або абласцей пад агульным кіраўніцтвам. Афіцыйна адносілася да Каўказа (Каўказскі К. у 1882—1905) і Туркестана (Туркестанскі К. у 1886—1917). У 19 — пач. 20 ст. тэрыторыя, куды ўваходзілі бел. і літ. губерні, называлася Паўн.-Зах. К.
3) У Расіі з 1924 буйная адм.-тэр. адзінка (Алтайскі, Краснадарскі, Краснаярскі, Прыморскі, Стаўрапольскі, Хабараўскі краі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ШСКІ ЗА́МАК Існаваў у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. каля в. Старая Мыш
(Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) на высокім правым беразе р. Мышанка. Квадратны ў плане (50 × 50 м) замак быў абнесены з У, Пд і З земляным валам (шыр. каля 15, выш. 3,5—4 м) і абарончым ровам (шыр. 30, глыб. да 15 м, адхоны берагоў 45°),
з Пн ахаваны дрыгвяністым берагам ракі. На земляным вале і паўн.краі замка былі драўляныя сцены з 4 вежамі па вуглах. У 1654 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пасля працяглай аблогі замак узяты рус. войскамі і спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮ́ДКА (Corispermum),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе і Азіі, некат. віды — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі зрэдку трапляюцца 4 віды (некат. з іх занесеныя): вярблюдка Маршала (Corispermum marschallii); адхіленая, або звіслая (Corispermum decliatum); ісопалістая (Corispermum hyssopifolium); танкакрылая (Corispermum leptopterum). Растуць пераважна на прырэчных пясках, каля дарог, па кар’ерах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 10—60 см з моцна разгалінаваным сцяблом (ёсць шарападобныя формы тыпу «перакаці-поле»). Лісце суцэльнае, чаргаванае, вузкалінейнае. Кветкі двухполыя, вельмі дробныя, сядзяць у пазухах лісця па адной і сабраны на канцах галінак у шчыльныя коласападобныя суквецці. Плод — пляскаты, лінзападобны, па краі часта крылаты, арэшак. Кармавыя (некат. віды добра паядаюцца вярблюдамі, авечкамі і козамі) расліны, прыдатныя для замацавання пяскоў; некат. віды — пустазелле.