старажытная вобласць у Сярэдняй Грэцыі. Першыя дзярж. ўтварэнні на яе тэр. адносяцца да 3—2-га тыс. да н.э. З 6 ст. да н.э. тут існавала федэратыўная дзяржава (у яе аснове саюз беатыйскіх гарадоў) на чале з Фівамі. У 4 ст. пры Пелапідзе і Эпамінондзе (лідэры фіванскай дэмакратыі) беатыйскі саюз — найб.паліт. сіла ў Грэцыі. Войны са Спартай (378—362 да н.э.) прывялі да аслаблення саюза і страты яго значэння. У 338 да н.э. саюз гарадоў Беотыі распаўся, у 3—2 ст. да н.э.зноў адноўлены. Пасля рымскага заваявання Грэцыі (2 ст. да н.э. — 4 ст.н.э.) гарады Беотыі прыйшлі ў заняпад і іх саюз распаўся канчаткова. У сучаснай Грэцыі тэр. Беотыі — ном (адм. адзінка) з той жа назвай (цэнтр Левадыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭ́ЙКА (канец 13 — 1-я пал. 14 ст.),
легендарны сярэдневяковы рыцар, бел. шляхціц правасл. веры. Паводле сцвярджэнняў гісторыка М.Стрыйкоўскага, пачынальнік роду Хадкевічаў. Першы подзвіг здзейсніў у 1306, калі адолеў воіна-волата з Залатой Арды, якога выставіў ханскі пасол з патрабаваннем выплаціць даніну з зямель ВКЛ пры ўмове, калі ён пераможа. Вял. князь Гедзімін у знак падзякі падараваў Барэйку ў дзяржанне Стакілавічы, Слонім, Збляны, Казылкішкі і Саханава, а яго нашчадкам — Мсцібава. Другі двубой Барэйка выйграў у 1344 у час паходу вял.кн. Альгерда ў Прусію. Пасля 1-й цяжкай бітвы на р. Юрыя ням. рыцар прапанаваў паядынак на ўмове: хто прайграе двубой, таго войска адступае без бітвы і лічыцца пераможаным. Барэйка зноў узяў верх і праславіў рыцарства ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭН (Baden),
гістарычная вобласць на ПдЗ Германіі. З 11 ст.ням. маркграфства. У 1535 падзялілася на маркграфствы Бадэн-Бадэн (каталіцкае) і Бадэн-Дурлах (пратэстанцкае). У 1771 яны зноў аб’яднаны. У 1806—1918 вял. герцагства са сталіцай у Карлсруэ. Закон аб выбарах, канстытуцыя Бадэна 1818 былі ўзорам ранняга герм. канстытуцыяналізму. У час Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў Бадэне адбыліся паўстанні, у т. л.Бадэнска-Пфальцкае паўстанне 1849. У аўстра-прускай вайне 1866 Бадэн удзельнічаў на баку Аўстрыі, у 1870 уступіў у Паўн.-Германскі саюз, з 1871 у складзе Германскай імперыі. З 1919 рэспубліка ў складзе Веймарскай рэспублікі, пасля 1933 зямля фаш. Германіі. У 1945 Бадэн акупіравалі амер. (Пн) і франц. (Пд) саюзныя войскі. Пасля рэферэндуму 6.12.1951 Бадэн увайшоў у зямлю ФРГБадэн-Вюртэмберг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КШЫЦКІ БОЙ 1943.
Адбыўся ў лют. 1943 паміж партыз. брыгадай «Жалязняк» і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у г. Докшыцы.
Перад пачаткам аперацыі партызаны перакрылі засадамі ўсе дарогі на Докшыцы. 1-ы атрад наступаў з ПдЗ, 2-і — з ПдУ, 3-і — з ПнУ, 4-ы прыкрываў наступаўшых. 6 падрыўных груп павінны былі дыверсіямі на чыгунцы адцягнуць шматлікія фаш. гарнізоны. якія размяшчаліся ўздоўж чыг. лініі Маладзечна—Полацк. Наступленне пачалося ў ноч на 3 лютага. Партыз. батарэі нанеслі ўдар па цэнтры горада, дзе размяшчаліся ўстановы акупантаў, і раніцай пакінулі Докшыцы, захапіўшы вял. колькасць маёмасці са складаў праціўніка. 19 і 20 лютага партызаны зноў нанеслі раптоўны ўдар па Докшыцкім гарнізоне. Ворагу прычынены вял. страты ў жывой сіле і тэхніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РВІЧ (Ісак Аронавіч) (Адольфавіч; 1860, Мінск — 1924),
удзельнік народніцкага і с.-д. руху на Беларусі і сацыяліст. руху ў ЗША, вучоны-эканаміст. Д-рэканам.н. (1891), прафесар. Скончыў Мінскую гімназію (1877). У час вучобы ў Пецярбургскім ун-це ў 1879 арыштаваны, пасля гадавога зняволення высланы ў Мінск. Удзельнічаў у стварэнні мінскай Друкарні «Чорнага перадзелу». У 1880 зноў арыштаваны і сасланы на 4 гады ў Сібір. З 1885 у Мінску. З 1889 у ЗША. Чл. Амерыканскай сацыяліст. партыі. Выдаваў у Нью-Йорку на рус. мове газ. «Прогресс», удзельнічаў у стварэнні і рэдагаванні час. «The Class Struggle» («Класавая барацьба») і «The Revolutionary Age» («Рэвалюцыйная эпоха»). Аўтар прац па перасяленчым руху сялян у Сібір, развіцці капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЫ́СКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1812,
першая нац. канстытуцыя Іспаніі, прынятая Устаноўчымі картэсамі 18.3.1812 у г.Кадыс. Абвешчана 19 сак. ў ходзе Ісп. рэвалюцыі 1808—14 (гл.Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя). Паводле канстытуцыі Іспанія абвяшчалася спадчыннай манархіяй, у якой заканад. ўлада належала картэсам і каралю, выканаўчая — каралю, абвяшчаліся таксама свабода асобы і недатыкальнасць жылля, роўнасць правоў іспанцаў у метраполіі і ісп. калоніях; каталіцтва абвяшчалася афіц. рэлігіяй, забаранялася вызнанне інш. рэлігій, уводзілася нац. міліцыя ў правінцыях Іспаніі. Кароль Фердынанд VII, які вярнуўся ў Іспанію, у маі 1814 адмяніў канстытуцыю. Адноўлена ў пач.Ісп. рэвалюцыі 1820—23, але зноў адменена Фердынандам VII у кастр. 1823. Трэці раз уступіла ў сілу ў жн. 1836 і дзейнічала да прыняцця ў чэрв. 1837 новай канстытуцыі.
польскі рэв. дзеяч. У час вучобы ў Варшаўскім ун-це (1819—20) удзельнічаў у патрыят. гуртках. У час паўстання 1830—31 лідэр левага крыла Патрыятычнага таварыства; выступаў супраць дыктатуры Ю.Хлапіцкага; патрабаваў вызвалення сялян ад прыгону і далучэння іх да рэв. руху. У эміграцыі адзін з заснавальнікаў (1832) Польскага дэмакратычнага таварыства (ПДТ). У 1833—35 кіраваў т-вам польскіх карбанарыяў; абвінавачваў шляхту ў паражэнні паўстання і эксплуатацыі сялян, выступаў за спалучэнне нац. вызвалення з агр. рэвалюцыяй. У 1833 выключаны з ПДТ у выніку канфлікту з яго кіраўніцтвам. Адзін з арганізатараў (1835) і гал. ідэолаг рэв.-дэмакр. арг-цыі «Люд польскі», чл. Аб’яднання польскай эміграцыі. З 1846 зноў у ПДТ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСІ́НСКІ (Мікалай Фаміч) (1891, г. Вілейка Мінскай вобл. — 23.11.1938),
бел.тэатр. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т. У 1922—24 настаўнік Бел. гімназіі ў Вільні. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай драматычнай майстроўні, дзе ў 1922 паставіў спектаклі «У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі і «Лес шуміць» паводле У.Караленкі.
Працаваў у Наркамасветы БССР. З 1925 нам. старшыні секцыі мастацтва і старшыня тэатр. падсекцыі Інбелкульта. У 1926—28 дырэктар БДТ-2, з 1928 — Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ. Для зб. «Беларускае мастацтва» падрыхтаваў артыкул па праблемах мастацтва Зах. Беларусі. У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў г. Шадрынск (Расія). У 1938 зноў арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕРАЎША́Н,
рака ў Сярэдняй Азіі, у Таджыкістане і Узбекістане. Даўж. 877 км, пл.бас. 17,7 тыс.км. У вярхоўі наз. Матча. Пачынаецца з Зераўшанскага ледавіка ў горным вузле Каксу на выш. каля 2800 м. Цячэ ў вузкай глыбокай даліне (300 км), ніжэй г. Самарканд распадаецца на 2 рукавы — Акдар’я (паўн.) і Карадар’я (паўд.), якія зноў зліваюцца каля кішлака Хатырчы. Ніжэй г. Пенджыкент З. цячэ па раўніне, яго воды разбіраюцца на арашэнне і рака не даходзіць да р. Амудар’я. Нізоўі жывяцца водамі р. Амудар’я па Аму-Бухарскім канале. Асн. прытокі ў вярхоўях — Фандар’я, Кштут, Магіян (злева). Жыўленне снегава-ледавіковае. Сярэдні гадавы расход вады 162 м³/с. Катакурганскае і Куюмазарскае вадасховішчы. У бас. З. — Зераўшанскі запаведнік. У даліне З. — гарады Самарканд, Бухара, Наваі, Катакурган.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ПУСТЫ́НСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў каля г. Мсціслава Магілёўскай вобл. на беразе р. Аслянка (правы прыток Сажа). Паводле царк. падання, засн. каля 1380 мсціслаўскім кн.Лугвенам. Паводле царк. гісторыка М.І.Пятрова манастыр вядомы з 1500. У пач. 17 ст. стаў уніяцкім, у 2-й пал. 17 ст. пэўны час быў не заселены. Да 19 ст. будынкі былі драўляныя, у 1801—08 мітрапаліт Іраклій Лісоўскі пабудаваў мураваны храм Успення Багародзіцы базілікальнага тыпу (у 1869 перабудаваны ў крыжападобны ў плане). З 1839 манастыр зноў праваслаўны. У 1864 пабудавана царква Раства Багародзіцы, у 1865 — Пакроўская царква, у канцы 19 ст. — шмат’ярусная званіца. У 1918 манастыр закрыты. Частка будынкаў захавалася ў руінах.