горад, цэнтр Разанскай вобл. ў Расіі, прыстань на р. Ака, пры ўпадзенні р. Трубеж. Размешчаны на Сярэднярускім узвышшы. 530 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (буйнейшыя прадпрыемствы: «Цяжпрэсмаш», «Камбайн», «Цеплапрыбор»; з-ды: станкабуд., аўтамаб. агрэгатаў, аўтамаб. апаратуры, радыёзавод, электронных прыбораў, выліч.-аналітычных машын і інш.); нафтаперапр., хім. (ВА «Хімвалакно», з-д «Разаньколермет»), харч., лёгкая і інш.Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. 4 ВНУ, 3 тэатры. Цырк. Музеі: маст., гіст.-арх. музей-запаведнік, паветрана-дэсантных войск, дом-музей І.П.Паўлава, непадалёку ад Р., у с. Канстанцінава, літ.-мемарыяльны музей-запаведнік С.Ясеніна.
Першапачатковы горад Р., цэнтр Разанскага княства, размяшчаўся за 50 км ад сучаснай Р. У 1237 ён разбураны ханам Батыем і заняпаў. У сярэдзіне 14 ст. цэнтр княства перанесены ў Пераяслаўль-Разанскі (згадваецца ў летапісе пад 1095). У 1365 і 1379 ён таксама спалены татарамі, але адбудаваны Пры князю Алегу Іванавічу [1350—1402] горад умацаваны, развіваўся як гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1521 далучаны да Маскоўскай дзяржавы. З 1708 уваходзіў у Маскоўскую губ., з 1719 гал. горад Пераяслаўль-Разанскай правінцыі. У 1778 названы Р. З 1796 цэнтр Разанскай губ. У 2-й пал. 19 ст. Р. — буйны трансп. вузел. У 1929 цэнтр акругі (аб’ядноўвала 27 раёнаў) у складзе Маскоўскай вобл., з 1930 раённы цэнтр. З 1937 цэнтр Разанскай вобл.
Стараж. ядро Р. — крэмль (закладзены ў 1095) — знаходзіцца на паўн. мяжы горада на высокім мысе пры зліцці рэк Трубеж і Лебедзь. На тэр. крамля — саборы Раства Хрыстова (15 ст., перабудаваны ў 1826 у формах класіцызму), Архангельскі (16 ст., надбудаваны ў 1647), Успенскі (1693—99, арх. Я.Бухвостаў, нарышкінскае барока, выш. 60 м) з асобна пастаўленай званіцай (1789—1840, арх. І.Руско, Н.Вараніхін і інш., класіцызм, выш. 83,2 м), царква Святога Духа (1642, арх. В.Зубаў), архірэйскія палаты (т.зв. Палац Алега; 1653—92, арх. Ю.Яршоў, Г.Мазухін). Паводле генплана 1780—82 Р. набыла рэгулярную планіроўку з трызубцам вуліц, што сыходзіліся да цэнтр. плошчы (б. Саборнай). Горад забудоўваўся ў стылі класіцызму: будынак б.дзярж. ўстановы (1796), дамы Марозава (канец 18 ст.), дваранскага сходу (канец 18 — пач. 19 ст.), гандл. рады (1-я пал. 19 ст.), гімназія (1808—15), семінарыя (1812—16), бальніца (1816) і інш., а таксама драўлянымі жылымі дамамі, багата аздобленымі дэкар. разьбой і каменнымі будынкамі ў псеўдарус. стылі.
Літ.:
Рязань: Памятники архитектуры и искусства: Альбом. М., 1985;
Вагнер Г.К., Чугунов С.В. Рязанские достопамятности. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАНО́МІЯ (ад агра... + грэч. nomos закон),
комплекс навук. і практычных прыёмаў па вырошчванні с.-г. культур. Асн. раздзелы сучаснай аграноміі: земляробства, раслінаводства, насенняводства, аграхімія, селекцыя, фітапаталогія і інш.
Ад зараджэння земляробства развівалася як галіна практычнай дзейнасці і вопыту чалавека. Навук. асновы ў Еўропе закладзены ў 17—18 ст., на Беларусі — у 1840-я г. ў Горы-Горацкай земляробчай школе. У сярэдзіне 19 ст. аграномія становіцца комплекснай навукай, з яе вылучаюцца аграхімія і с.-г. мікрабіялогія, пазней — глебазнаўства. Развіццё аграноміі ў многім абавязана франц. вучонаму Ж.Бусенго — заснавальніку першай у Зах. Еўропе доследнай станцыі ў Эльзасе (1857). Значная роля ў станаўленні і развіцці аграноміі належыць А.Ц.Болатаву, І.М.Комаву, А.Тэеру, Ю.Лібіху, В.В.Дакучаеву, В.Р.Вільямсу, К.А.Ціміразеву, Дз.М.Пранішнікаву, І.У.Мічурыну, М.І.Вавілаву, бел. вучоным А.В.Саветаву (упершыню ў сусв. практыцы звязаў развіццё сістэм земляробства з сац.-эканам. ўмовамі, даў класіфікацыю сістэм земляробства і іх гісторыю), І.А.Сцебуту, М.В.Рытаву, В.С.Ластоўскаму. Істотны ўклад у развіццё агранамічных ведаў зрабілі працы амер. селекцыянера Л.Бёрбанка па стварэнні новых формаў пладовых, дэкар. і інш.с.-г. раслін. У Зах. Еўропе і ЗША паспяхова развівалася ў 20 ст. хімізацыя земляробства, селекцыя і насенняводства с.-г. культур.
Шырокія агранамічныя даследаванні на Беларусі пачаліся, калі былі створаны с.-г.н.-д. ін-ты і доследныя станцыі (1920-я г.). Праблемы аграноміі распрацоўваюцца ў НДІ (земляробства і кармоў, глебазнаўства і аграхіміі, аховы раслін, бульбаводства, пладаводства, агародніцтва, меліярацыі і лугаводства), Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі, Акадэміі агр. навук, Бел. аграрным тэхнічным ун-це, а таксама ў с.-г.ВНУ, на абл. і галіновых с.-г. доследных станцыях. Дастасавальна да ўмоў рэспублікі бел. вучонымі (Я.К.Аляксееў, А.К.Кедраў-Зіхман, І.С.Лупіновіч, Ц.М.Годнеў, В.І.Шэмпель, В.Ф.Купрэвіч, П.П.Рагавой, М.А.Дарожкін, С.Г.Скарапанаў, П.І.Альсмік, М.Дз.Мухін, Т.Н.Кулакоўская і інш.) рэкамендаваны мерапрыемствы па павышэнні ўраджайнасці с.-г. культур, навукова абгрунтаваныя севазвароты, спосабы рацыянальнага выкарыстання ўгнаенняў і апрацоўкі глебы. Складзены глебавыя карты гаспадарак, картаграмы кіслотнасці і забяспечанасці глебаў фосфарам і каліем. Прызнанне за межамі рэспублікі атрымалі многія высокаўраджайныя, устойлівыя да хвароб сарты с.-г. раслін бел. селекцыі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы актуальнасць набыло вывучэнне наяўнасці і міграцыі радыенуклідаў у глебах, тэхналогій і спосабаў вядзення с.-г. вытворчасці на забруджаных радыенуклідамі глебах.
Літ.:
Повышение плодородия почв и производительной способности земель в интенсивных системах земледелия. Мн., 1981. С. 3—11;
Антонов Е.А. Становление и современное состояние научно-аграномического знания. Харьков, 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ТЭА́ТР ТЫЗЕНГА́ЎЗА,
оперна-балетная трупа падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза ў Гродне ў 1769—80. Да 1774 невял. ансамбль інструменталістаў і вакалістаў, пазней сталы калектыў (у 1780 больш за 70 чал., уключаючы капэлістаў) са значным оперным і балетным рэпертуарам з твораў ням., франц. і італьян. аўтараў. У 1774 пераважалі італьян. артысты, запрошаныя ў Гродна прыдворным скрыпачом і капельмайстрам Л.Сітанскім (гл. ў арт.Сітанскія). У 1776 т-р канчаткова сфарміраваўся. У ім працавалі 7 спевакоў і 8 спявачак, у т. л. вядомыя італьян. вакалісты Дж.Кампанучы, Г. дэ Бернуцы Давія і К.Банафіні (усе пазней артысты італьян. оперы С.-Пецярбурга), Я.Д.Гіблер, А.Бароні, а таксама М.Сітанская, Д.Малевіч, Г.Змітровіч і інш. З 1778 у пастаноўках удзельнічалі вучні Гродзенскай музычна-тэатральнай школы Тызенгаўза, прыгонныя танцоўшчыкі, спевакі і інструменталісты. Балетная трупа ў 1779—80 уключала больш за 30 чал. Балетмайстры Г.Петынеці (1774—79; ставіў балеты на ўласныя лібрэта, танцаваў гал. партыі), з 1779 К.А.Марэлі і яго жонка, педагог і першая танцоўшчыца Г.Марэлі (Саламоні). Сярод артыстаў Л.Петынеці (пасля 1775), прыгонныя М.Адольская, А.Бжазінскі, Е.Валінскі, А.Дарэўская, Р.Лаўцэвіч, М.Малінская, Д.Пякарская-Сітанская, М.Рымінскі, М.Чаклінская, якія пазней атрымалі вядомасць на варшаўскай сцэне. У 1778 у т-ры пастаўлены опера «Магніфік» («Велікапышны») А.Грэтры, балеты «Сялянскі балет» і «Квартэт дудароў», «Другі балет пекараў» (харэаграфія ўсіх Г.Петынеці), камедыя «Севільскі цырульнік» П.Бамаршэ. Паказы суправаджала Гродзенская капэла Тызенгаўза. Пасля закрыцця т-ра балетная трупа працавала ў Паставах (да 1785).
Будынак т-разакладзены ў 1772 па ініцыятыве Тызенгаўза, узведзены ў 1770-я г. з цэглы (арх. І.Г.Мёзер, Дж.Сака). Задуманы як працяг Гродзенскага палаца Тызенгаўза (злучаўся з яго левым флангам крытым пераходам). Тэатр. зала, сфарміраваная па «італьян. крывой», уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры; мела 22 ложы ў 2 ярусах, партэр і сцэну з 5 планамі кулісных машын для перамяшчэння дэкарацый. Пасля рэканструкцый у 1859, 1940 і 1975 надбудаваны 3-і паверх, расшырана сцэн. каробка і глядзельная зала. Трохпавярховы будынак складанай канфігурацыі ў плане пастаўлены на высокі руставаны цокаль, накрыты 4-схільным дахам. Гал. фасад асіметрычны, падзелены карнізам на 2 часткі. Над уваходам у левым крыле — вял. балкон, які падтрымліваюць 4 калоны, апрацаваныя рустам. Правая частка будынка — прамавугольны ў плане аб’ём сцэн. каробкі. Глядзельная зала знаходзіцца на ўзроўні 1-га і 2-га паверхаў. На 1-м паверсе размешчаны невял. фае і службовыя памяшканні, на 2-м — рэпетыцыйны пакой, грымёрныя. З 1984 у будынку працуе Гродзенскі абл.т-р лялек.
Літ.:
Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990. С. 187—191, 224—227.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛІ,
горад, сталіца Індыі і адм. ц. саюзнай тэр. Дэлі. Знаходзіцца на Пн краіны на р. Джамна (прыток р. Ганг), каля паўн.-ўсх. падножжа ўзгорыстай грады Аравалі. 7,2 млн.ж., з прыгарадамі 8,4 млн.ж. (1991). Складаецца са Старога Д. (Шахджаханабада, гіст. ядро горада), тэр.ваен. пасялення і Новага Д. (Нью-Дэлі з нас. 301,3 тыс.ж., 1993), які лічыцца афіц. сталіцай. Вузел 5 чыгунак і 11 аўтадарог. Міжнар. аэрапорт (Палам). Буйны прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Развіты галіны прам-сці, што абслугоўваюць патрэбы сталіцы: тэкст. (баваўняныя і шарсцяныя тканіны), швейная, трыкат., хім., фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, шклокерамічная, металаапр., паліграф., буд., некат. галіны машынабудавання (станкабудаванне, радыёэлектронная прам-сць). Маст. рамёствы (філігранныя сярэбраныя і залатыя ювелірныя вырабы, кераміка, разьбярства па слановай косці і камені, вырабы з пап’е-машэ), саматужнае ткацтва. Цэнтр турызму. 4 ун-ты. Акадэмія музыкі, танца і драмы.
Паводле «Махабхараты» ў 1-м тыс. да н.э. горад быў рэзідэнцыяй царскай дынастыі Пандаваў і меў назву Індрапрастха. Сучасная назва з 736 пасля буд-ва на месцы стараж. гарадзішча г. Дхіліка (Дэлі). У 1206—1526 сталіца мусульман Дэлійскага султаната, з 1658 — імперыі Вялікіх Маголаў. У 1803 захоплены англічанамі, якія ў 1858 перанеслі сталіцу ў Калькуту. Адзін з цэнтраў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. З 1911 сталіца Брыт. Індыі, з 1947 — дамініёна, з 1950 — Рэспублікі Індыя.
У Старым горадзе захаваліся гар. муры з брамамі (часткова), Саборная мячэць (1644—58), крэпасць Лал-Кіла (Чырвоны форт, 1639—48, з палацамі Ранг-Махал, Дывані-Ам, Дывані-Кхас, усе 1639—48, і Жамчужнай мячэццю, каля 1660). На Пд ад Старога горада — руіны г. Фіразабад (1351—88), палацава-крапасны ансамбль Пурана-Кіла (закладзены ў 1540; мячэці Кулан, 1380, і Кілаі-Кухна, 1545), маўзалей Хумаюна (2-я пал. 16 ст.). Прыкладна за 20 км на Пд ад Старога горада — 4 гарады-крэпасці: Сіры (будаваўся з 1303), Джаханпанах (14 ст.), Туглакабад (1325; маўзалей Гіяс-ад-дзіна) і Лал-Кот (канец 12 ст.; жал. калона, 415; руіны мячэці Куват-уль-Іслам, пачата ў 1193; мінарэт Кутб-Мінар, каля 1200—20; маўзалей Ільтутмыша, пасля 1235). Новы Д. — буйны раён з шэрагам плошчаў, паркаў і вуліц, якія радыяльна ад іх разыходзяцца. Уключае ансамбль урадавых будынкаў 1912—30-х г., «Браму Індыі» (помнік салдатам, якія загінулі ў сусв. войнах), нац. стадыён, абсерваторыю Джантар Мантар (1725), храм багіні Лакшмі Нараян (1938—39), мемар. музей М.Гандзі (канец 1960-х г., арх. А.Канвіндэ). Музеі: Нац. музей Індыі, нац. галерэя сучаснага мастацтва, Міжнар. музей лялек, мемар. музеі М.Гандзі, Дж.Нэру і інш.
Літ.:
Короцкая А.А., Сапожников Б.Н. Дели. Л., 1983.
Да арт.Дэлі. Брама ў Чырвоным форце.Да арт.Дэлі. Храм багіні Лакшмі. Нараян. 1938—39.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры 16—18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл.Закладзены ў 1583 кн. М.К.Радзівілам Сіроткам на ПдЗ ад горада на месцы драўлянага замка 1533. У пачатку буд-ва (да 1599) удзельнічаў італьян.арх. Дж.Бернардоні. У першапач. выглядзе адлюстраваны на гравюры Т.Макоўскага пач. 17 ст. Замак меў у плане форму чатырохвугольніка памерамі 170 × 120 м, быў абкружаны высокім земляным валам з бастыёнамі па вуглах, вадзяным ровам (унутр. кальцо), шырокай дарогай з невысокім земляным насыпам (гласісам) з вонкавага боку і штучнымі вадаёмамі на р. Уша (вонкавае кальцо). Вал (выш. да 20 м) абмураваны каменем, уверсе пераходзіў у мураваны бруствер з дадатковымі ўмацаваннямі, унутры вала былі мураваныя стайні і 4 патаемныя ўваходы. У 17 ст. па вуглах бастыёнаў пабудаваны 4 абарончыя вежы (вядомыя па інвентарах). Падыход да замка з З быў умацаваны трохвугольным шанцам, да якога вялі 2 пад’язныя дарогі. Уздоўж гал. восі знаходзіліся мураваная брама з рассоўным мостам і 3-павярховы палац з 8-граннымі вуглавымі вежачкамі. Злева ад брамы стаяў 2-павярховы гасп. корпус, справа — 3-павярховая казарма з вял. дазорнай вежай. У 1706 замак разбураны шведамі. Адноўлены і перабудаваны ў стылі барока пасля 1726 арх. К.Ждановічам (у 1740 пабудаваў таксама палацавую капліцу). У 18 ст. ў буд-ве палаца ўдзельнічалі арх. М.Педэці (у 1748—52), М.Фларыяновіч (1775—78), К.Спампані (1778—79), А.Лоцы (1783, праект галерэі). Мураваныя бастыёны заменены землянымі ўмацаваннямі. Паводле інвентара 1767, замак складаўся з палаца і дапаможных карпусоў абапал уязной брамы. Палац — 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты дахоўкай і завершаны круглай у плане купальнай ратондай, у якой знаходзіўся гадзіннікавы звон. На гал. фасадзе меў галерэю, аздобленую балюстрадай з меднымі пазалочанымі парэнчамі. У ніжнім паверсе палаца размяшчаліся службовыя памяшканні, 2 лазні і інш. Верхнія паверхі займалі княжацкія апартаменты з вял. колькасцю парадных і жылых памяшканняў. У інтэр’ерах былі кафляныя і фаянсавыя печы, упрыгожаныя лепкай са стука, каміны з метал. геральдычнымі выявамі. Сцены аздаблялі дубовыя разныя панэлі, палатняныя і скураныя шпалеры ў ляпных пазалочаных рамах. Ляпная столь была пакрыта пазалотай і размалёўкай. Мэбля інкруставаная і размаляваная, упрыгожаная маст. тканінамі. Падлога з дубовага наборнага паркету. Вял. значэнне ў ансамблі інтэр’ера мелі творы жывапісу (партрэты, абразы, карціны на гіст. сюжэты), дэкар.-прыкладнога мастацтва (калекцыя саксонскага фарфору, размаляваны золатам шкляны посуд, крышталь, вырабы радзівілаўскіх мануфактур і інш.). Асабліва багатай аздобай вызначаліся парадныя залы і галерэі (збройная, партрэтная, мармуровая, залатая, гетманская, бібліятэчная). У браме (наверсе быў гадзіннік) размяшчаліся кардэгарда (у ніжнім ярусе), памяшканні архіва (у верхнім ярусе). Дапаможныя карпусы абапал брамы ўключалі шэраг жылых і гасп. памяшканняў, майстэрні, кухні, скляпы, скарбніцы і інш., а таксама замкавую капліцу з асн. памяшканнем, сакрысціяй, званіцай і кругавой галерэяй для літургічных працэсій. У капліцы былі фаянсавыя і разныя драўляныя алтары, амбон са штучнага мармуру. Скляпенні былі аздоблены размалёўкай на біблейскія сюжэты. Злева і справа ад замкавай брамы па-за межамі ўмацаванняў каля ставоў існавалі 2 комплексы жылых, гасп. і вытв. пабудоў (жыллё прыслугі, свірны, стайні, вазоўні, парахавая і карэтная майстэрні, кузня і інш.). Каля аднаго з іх стаяў Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. У замкавых бастыёнах былі арсеналы, алькежы і каморы.
Пры перабудове гал. палацавага корпуса надбудаваны 4-ы паверх, завершаны трохвугольным франтонам з рэльефным стукавым дэкорам. Перабудаваныя бакавыя карпусы злучаны з гал. корпусам 3-павярховымі жылымі будынкамі, а з уязной брамай (у 2-й пал. 18 ст. завершана вежай) — галерэямі. У выніку палац набыў замкнёную па перыметры поліганальную форму, блізкую да пяцівугольніка. Фасады, арыентаваныя на ўнутр. двор, аздоблены пілястрамі вял. ордэра і вырашаны ў 2 колеры. 8-гранныя вежы (дазорная і над брамай) накрыты шлемападобнымі купалкамі з галоўкамі. У 1809 комплекс рэстаўрыраваны арх. М.Цэйзікам. Часткова захаваліся багатыя калекцыі твораў мастацтва, зброі, сямейныя партрэты, б-ка, архіў, а таксама аздоба інтэр’ераў. З 1945 у замку размешчаны санаторый «Нясвіж». Паркі пейзажнага тыпу закладзены ў 1879 у пойме р. Уша. Пл. з вадаёмамі каля 100 га. Складаюцца з 5 аўтаномных ландшафтных зон, кожная з якіх мае завершаную кампазіцыю. Ставамі Замкавым і Дзікім паркі падзяляюцца на права- і левабярэжную часткі. На правабярэжнай знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары («англійскі») парк з «японскім» садам. У замкава-палацавы фрагмент уключаны рэшткі бастыёнаў, напоўненыя вадой равы, валы, азялененыя дворыкі, на бастыёнах — альтанкі. З дэкар. упрыгожанняў — стары ’калодзеж у стылі барока з дэталямі маст. коўкі і скульптура «Амур з чашай». Да Замкавага парку прылягае Стары парк з маляўнічымі палянамі, дэкар. групамі дрэў, памятнымі камянямі і архітэктурай малых форм. У пач. 20 ст. за Старым паркам створаны «японскі» сад з паплавамі. У левабярэжнай ч. — Новы (Марысін) парк з т.зв. іпадромам. Афармляў паркі садавод-дэкаратар А.Пастарэмчак. У 1913—14 праведзены работы па паляпшэнні паркавых ландшафтаў. У парках растуць елкі звычайная і Энгельмана, лістоўніцы даурская і сібірская, хвоі веймутава і чорная і інш. У 1985—91 паводле праекта, распрацаванага ін-там «Мінскпраект» (гал.арх. І.Жлоба), праведзены чысткі вадаёмаў, адваднога канала, асушэнне вільготных тэрыторый, адноўлены асобныя планіровачныя вузлы і ўчасткі, малыя арх. формы, асн. ландшафтныя кампазіцыі. У 1990-я г. ў парку ўстаноўлены бюсты кн. Ю.Нясвіжскага, У.Сыракомлі, Дж.М.Бернардоні (усе скульпт. С.Гумілеўскі), кн. М.К.Радзівіла Сіроткі, Т.Макоўскага, Я.Коласа (усе скульпт. М.Канцавы), скульптуры «Дама ў чорным» (скульпт. Л.Давідзенка) і інш., 3 вазы з сімваламі: «1794. За нашу і вашу волю. 1863», «1410. Грунвальд», «Gloria victoria».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ РАЁН,
на ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,4 тыс.км². Нас. 37,6 тыс.чал. (1995), гарадскога 44%. Сярэдняя шчыльн. 28 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Вілейка, 409 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Альковіцкі, Асіпавіцкі, Вязынскі, Даўгінаўскі, Жарскі, Іжскі, Ільянскі, Касцяневіцкі, Куранецкі, Любанскі, Нарачанскі, Рабунскі, Хаценчыцкі.
Раён размешчаны ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны, на крайнім ПдУ — частка Мінскага ўзвышша. Паверхня плоская або слабахвалістая, пераважаюць выш. 150—180 м, найвыш. пункт 257,4 м (каля в. Хаценчыцы). Карысныя выкапні: гліны, торф, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -6,5 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 611 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сут. Рака Вілія з прытокамі Нарач, Спорня, Сэрвач, Ілія. Вілейскае вадасховішча, з якога пачынаецца Вілейска-Мінская водная сістэма. На ПнЗ — воз. Вішнеўскае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфянабалотныя глебы. Пад лясамі 42% тэр. раёна; лясы пераважна хваёвыя і яловыя.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 100,4 тыс.га, з іх асушана 33 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 18 калгасаў і 6 саўгасаў. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Зверагадоўля. Рыбаводства. Пчалярства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, агародніну, з тэхнічных — лён і цукр. буракі. Прадпрыемствы дрэваапр. (леса- і піламатэрыялы, тара і інш.), камбікормавай, шкляной (бутэлькі) і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Полацк—Мінск і аўтадарогі Маладзечна—Вілейка—Мядзел—Нарач, Смаргонь—Вілейка, Маладзечна—Вілейка—Докшыцы. У раёне 18 сярэдніх, 13 базавых і 11 пач. школ, с.-г. тэхнікум (в. Ілья), 25 дашкольных устаноў, 48 клубаў, 59 б-к, 9 бальніц, 37 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: званіца канца 18 — пач. 19 ст. і касцёл пач. 20 ст. ў в. Альковічы; парк, закладзены ў 1793, у в. Асцюковічы; сядзіба 2-й пал. 19 ст. і царква пач. 20 ст. ў в. Вязынь; Станіславаўскі касцёл сярэдзіны 19 ст. і Троіцкая царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Даўгінава; вадзяны млын пач. 20 ст. ў в. Іжа; гасцініца канца 19 — пач. 20 ст., Ільінская царква пач. 20 ст. і касцёл канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Ілья; царква 19 ст. ў в. Кастыкі; капліца канца 18 ст. і Петрапаўлаўская царква (1868) у в. Касута; касцёл Маці Божай сярэдзіны 18 ст. ў в. Касцяневічы; царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Куранец; Мікалаеўская царква 2-й пал. 18 ст. ў в. Латыгаль; царква канца 19 ст. ў в. Мільча; царква 2-й пал. 19 ст. ў в.Нарач; царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Рабунь; капліцы сярэдзіны 18 ст. і 19 ст. і Успенская царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Ручыца; Успенская царква канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Спягла. Выдаецца газ. «Шлях перамогі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ЖНАЯ ГРА́ФІКА,
раздзел графікі, скіраваны на гарманічнае маст. і функцыян. дапасаванне формы і зместу выдання, у т. л. на вобразнае вырашэнне кніжнага блока; адна з асн.ч.мастацтва кнігі. Уключае афармленне вонкавае (супервокладка, пераплёт або вокладка, форзац, тытульны ліст, фронтыспіс) і ўнутр. (ілюстрацыя, шрыфт, шмуцтытул, буквіца, віньетка, застаўка, канцоўка), агульнае канструяванне кнігі (кампаноўка графічнага матэрыялу, тэксту, шрыфтавая рубрыкацыя, стварэнне макета выдання).
Вытокі К.г. ў афармленні рукапіснай кнігі, дзе пераважалі мініяцюра, малюнак і каліграфія. Пасля вынаходніцтва І.Гутэнбергам кнігадрукавання (1455) пашырылася аздабленне кніг у тэхніцы гравюры, што да 19 ст. было асн. кірункам у К.г. У 19 ст. рамесныя паліграф. працэсы заменены машыннымі, пашырыўся фотамеханічны спосаб ілюстравання. У канцы 19 ст.англ. мастак У.Морыс вярнуўся да традыц. рамесных паліграф. працэсаў і абгрунтаваў тэорыю стварэння кнігі як цэласнага комплексу высокага паліграф. майстэрства і К.г. Прынцыпы, распрацаваныя Морысам, у спалучэнні з дасягненнямі паліграф. тэхнікі паўплывалі на далейшае развіццё К.г. (творчасць А.Матыса, Г.Апалінэра, П.Пікасо, У.Фаворскага, Н.Ганчаровай, І.Білібіна, Ю.Аненкава і інш.).
На Беларусі К.г. вядома з 11 ст. (мініяцюры Тураўскага евангелля 11 ст., Аршанскага евангелля 12—13 ст., Мсціжскага евангелля 13—14 ст.; контурныя малюнкі Лаўрышаўскага евангелля 14 ст.; акварэлі Радзівілаўскага летапісу 13 ст. і інш.). Узнікненне ў 16 ст. кніжнага дрэварыту звязана з дзейнасцю Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў С.Буднага, В.Цяпінскага і інш. З 2-й пал. 16 ст. пашырыўся медзярыт (творы Т.Макоўскага, Л.Тарасевіча, М. і В.Вашчанкаў і інш.), у 19 ст. — літаграфія. Вял. ўклад у развіццё К.г. зрабіў М.Э.Андрыёлі. На пач. 20 ст. ў К.г. працавалі М.Філіповіч, Ф.Рушчыц. Я.Драздовіч, Л.Лісіцкі, А.Ахола-Вало, В.Дваракоўскі, П.Гуткоўскі і інш. У 1960-я г.закладзены асновы сучаснай бел. школы К.г. (творчасць А.Кашкурэвіча, А.Лось, Б.Заборава, Г. і Н.Паплаўскіх, В.Шаранговіча і інш.). У 1980 — пач. 1990-х г.бел. К.г. набыла найб. вядомасць дзякуючы творам М.Селешчука, В.Славука, У.Савіча, М.Казлова, А. і В.Александровічаў, В.Кліменкі, Т.Беразенскай і інш.Іл.гл. таксама да арт.Графіка, Ілюстрацыя.
Літ.:
Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;
Яго ж. Искусство книги Франциска Скорины М., 1990;
Герчук Ю.Я. Художественные миры книги М., 1989.
М.Р.Баразна.
Да арт.Кніжная графіка. М.Андрыёлі. Ілюстрацыя да паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1881.Да арт.Кніжная графіка. У.Фаворскі. Ілюстрацыя да «маленькай трагедыі» А.Пушкіна «Каменны госць». Выданне 1961.Да арт.Кніжная графіка. А.Кашкурэвіч. Спакушэнне Хрыста ў пустыні. Ілюстрацыя да «Евангелля паводле Лукі». 1990.Да арт.Кніжная графіка. П.Пікасо. Ілюстрацыя да камедыі Арыстафана «Лісістрата» 1934.Да арт.Кніжная графіка. Ю.Аненкаў. Ілюстрацыя да паэмы А.Блока «Дванаццаць». 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНСКАЕ ШКЛОмастацкае,
вырабы са шкла (посуд, вазы, скульптура, творы манум.-дэкар. мастацтва) шклозавода «Нёман». Традыцыі Н.ш. закладзены ў 2-й пал. 19 ст. майстрамі гутаў хутара Устрынь-Боркі (1875), урочышча Малодзіна (цяпер г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.). Посуд і прадметы раскошы (маст. шкло) выраблялі метадамі прасавання, выдзімання ў нерухомыя і рухомыя формы (ціхае выдзіманне), свабоднага фармавання з бясколернага, каляровага празрыстага і глушанага шкла. Пры дэкарыраванні вырабаў выкарыстоўваліся алмазная і шырокая грань, гравіроўка, люстр, размалёўка эмалямі і золатам, светлае і глыбокае траўленне, налепы, скульптурная пластыка, каляровыя ніці. У 1880—1914 прасаваныя і ціхавыдзіманыя вырабы пакрывалі нізкарэльефным дэкорам з матывамі неаготыкі і неаракако. Віцці аканта, ракайлевыя грабеньчыкі і краты, выявы анёлаў, дробныя раслінныя элементы мудрагеліста кампанаваліся на паверхні пасудзін і рэчаў. Прасаваныя і свабодна фармаваныя вырабы часта дадаткова дэкарыравалі гутнымі пластычнымі аздобамі (фігуркамі людзей, жывёл, птушак, каляровымі ніткамі). Выдзіманыя масавыя вырабы ў 1890—1920-я г. ствараліся ў стылі мадэрн, пазней — пад уплывам чэш. шкла і школы «Баўгауз» — функцыяналізму, канструктывізму і кубізму. Сярод размалёвак пераважалі пейзажныя і кветкавыя кампазіцыі, якія стылістычна набліжаюцца да размалёвак на бел. дыванах пач. 20 ст. У 1940 — сярэдзіне 1950-х г. пераважаў выраб посуду з каляровага накладнога (2—3-слойнага) жоўтага, зялёнага, сіняга, фіялетавага і чырвонага шкла па бясколерным і малочным, аздоблены шліфаваным геам. і зрэдку расл. арнаментам. З 1956 на з-дзе працуюць прафес. мастакі, работы якіх сталі значным укладам у распрацоўку маст. шкла. Н.ш. гэтага часу характарызуецца класіцыстычнай прастатой высакародных форм гладкасценнага недэкарыраванага посуду са слабаафарбаванага шкла пастэльных, пераважна дымчатых колераў. Для серыйных і дэкар. вырабаў характэрна скульптурна-вобразнае вырашэнне. У 1969 майстар А.Федаркоў распрацаваў новы метад дэкарыравання вырабаў сульфідна-цынкавым шклом пад назвай «нёманская ніць». У 1970-я г. распрацаваны новыя віды ўзбагачэння малюнкаў фактуры спосабам ціхага выдзімання, што дало магчымасць выкарыстоўваць разнастайныя выяўл. і асацыятыўныя сродкі пры стварэнні маст. вобразаў. У 1980-я г. створана брыгада па вырабе масавых рэчаў у тэхніцы пракатнага маліравання. Сучаснае Н.ш. характарызуецца разнастайнасцю маст. стылістыкі і тэхнік формаўтварэння (гута, прэс, рухомае і ціхае выдзіманне, рыфленне, пракатнае маліраванне), шырокім выкарыстаннем розных тэхнік дэкарыравання — халоднага (алмазная грань, шліфоўка, пескаструменная тэхніка, фотадрук, размалёўка) і гутнага (прылепы, пячаткі, аплікацыі, дробная пластыка, каляровая крошка, ніці сульфідныя, крыялітавыя, каляровыя, бясколерныя). Сярод вядучых мастакоў Н.ш. — А.Анішчык, К.Вакс, В.Дзівінская, У.Жохаў, Г.Ісаевіч, Т.Малышава, У.Мурахвер, Л.Мягкова, С.Раўдвеэ, В.Сазыкіна, Г.Сідарэвіч, Федаркоў і інш.
Літ.:
Беларускае мастацкае шкло: [Альбом]. Мн., 1978;
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX ст.Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР IАляксеевіч
(9.6.1672, Масква — 8.2.1725),
расійскі цар з 1682, імператар з 1721. З дынастыі Раманавых. Сын цара Аляксея Міхайлавіча ад шлюбу з Н.К.Нарышкінай, бацька царэвіча Аляксея Пятровіча і імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Абвешчаны царом пасля смерці брата Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682), але ў выніку інспірыраванага інспіраванага сваякамі першай жонкі Аляксея Міхайлавіча М.І.Міласлаўскай паўстання стральцоў (май 1682) разам з ім абвешчаны царом брат Іван (Іван V, а рэгенткай пры іх — старэйшая сястра царэўна Соф’я Аляксееўна. Пасля няўдалай спробы Соф’і ўчыніць пераварот (1689) і смерці Івана V (1696) П. I стаў правіць аднаасобна. Вызначаўся розумам, энергіяй, жорсткасцю і дэспатызмам. У 1697—98 у складзе Вялікага пасольства быў у Рызе, Кёнігсбергу, Лондане, Вене, Галандыі, вывучаў караблебудаўніцтва, артыл. справу і інш. Жорстка пакараў удзельнікаў стралецкага паўстання 1698, расфарміраваў стралецкія палкі. Абапіраючыся на прыхільнікаў новаўвядзенняў (А.Д.Меншыкаў, Б.П.Шарамецеў, Ф.М.Апраксін і інш.), вёў актыўную ўнутр. і знешнюю палітыку. Правёў сац.-эканам., паліт., ваен. рэформы ў інтарэсах дваран, купецтва, буржуазіі. У 1699 створана Бурмістарская палата — цэнтр.фін. ўстанова і адначасова выбарны орган самакіравання гар. насельніцтва; у 1708 краіна падзелена на губерні, у 1719 — на правінцыі; у 1711 ліквідавана Баярская дума, створаны правячы Сенат; у 1717—21 прыказы заменены калегіямі, у 1722 Табель аб рангах упарадкаваў праходжанне службы ў арміі і ўрадавым апараце; пачалося стварэнне пракуратуры; у 1721 Расія абвешчана імперыяй. Паводле закону 1722 імператар сам прызначаў сабе пераемніка. Узмацніўся прыгон, памесці з сялянамі абвешчаны спадчыннай уласнасцю (1714), уведзены падушны падатак (1724). П. I жорстка распраўляўся з удзельнікамі нар. паўстанняў (Астраханскае паўстанне 1705—06, Булавінскае паўстанне 1707—09 і інш.) і праціўнікамі рэформ з ліку знаці, у т. л. свайго сына Аляксея за ўдзел у змове аддаў вярх. суду, які асудзіў царэвіча на смяротнае пакаранне. Пры П. I развіваліся прам-сць і гандаль. Пабудаваныя на казённыя грошы металургічныя, зброевыя, суконныя і інш. мануфактуры перадаваліся прамыслоўцам. У 1696 закладзены асновы рас. флоту, пазней створаны Балтыйскі ваен. флот. З 1699 на аснове рэкруцкай сістэмы стваралася рэгулярная армія. Для падрыхтоўкі афіцэраў засн.спец. школы, у 1715 — Марская акадэмія. Уведзены новы каляндар (1700), засн. першая рас. газета «Ведомости» (1702), уведзены грамадз. шрыфт (1710), адкрыты арыфм. школы для дзяцей дваран (1714), засн. Пецярбургская АН (1724). У час праўлення П. I Расія заваявала выхад да Балт. мора, далучыла зах. і паўд. ўзбярэжжы Каспійскага м. П. I. узначальваў рас. войскі ў Азоўскіх паходах 1695—96 і Пруцкім паходзе 1711 супраць туркаў, у многіх бітвах Паўночнай вайны 1700—21 са шведамі, у час якой быў на тэр. Беларусі ў Полацку, Гродне (1705), Оршы, Мінску (1706), каля в.Лясная на Магілёўшчыне (1708). Ён удзельнічаў у найважнейшых дыпламат. перагаворах, у падрыхтоўцы Ніштацкага мірнага дагавора 1721.
Літ.:
Павленко Н.И. Петр Великий. М., 1990;
Тарасаў К. Пятроўскія мясціны // ЛіМ. 1990. 14 верас.;
Масси Р.К. Петр Великий: Пер. с англ.Т. 1—3. Смоленск, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,
мастацкая школа ў графіцы пач. 16—17 ст. Склалася ў Вільні ў 1520-я г., развівалася ў ВКЛ ва ўзаемасувязі з рускім, украінскім, зах.-еўрап. мастацтвам і пад уплывам традыцый аздаблення славянскіх рукапісаў. Тэрмін «Віленская школа гравюры» ў мастацтвазнаўства ўвёў У.В.Стасаў. Школа дала пачатак развіццю гравюры на ўсх.-слав. землях, у т. л.Куцеінскай школы гравюры, Магілёўскай школы гравюры. Гал. ролю ў развіцці Віленскай школы гравюры адыгралі выданні Ф.Скарыны, друкарняў Мамонічаў, Віленскай акадэміі (1576—1773), Еўінскай друкарні і інш.Асн. віды гравюры Віленскай школы дрэварыт (у кірылаўскіх) і медзярыт (у лацінска-польскіх выданнях); развівалася пераважна кніжная гравюра (партрэт, ілюстрацыя, франтыспіс, застаўкі, канцоўкі, геральдычныя выявы, ініцыялы). На гравюры кірылаўскіх выданняў моцна паўплывалі традыцыі бел. жывапісу і драўлянай пластыкі. Вобразна-стылістычныя асновы школы закладзены выданнямі Скарыны (застаўкі і канцоўкі «Малой падарожнай кніжыцы», 1522, і «Апостала», 1525) і асабліва П.Мсціслаўца («Евангелле напрастольнае», 1575, «Псалтыр», 1576), пад уплывам якога асноўным у афармленні віленска-еўінскіх выданняў сталі фігурны франтыспіс, тытульны ліст («Новы запавет», Еўе, 1611; «Новы запавет з псалтыром», Вільня, 1623). У дрэварытах «Малой падарожнай кніжыцы» спалучаюцца рысы позняй готыкі і рэнесансу; у больш позніх творах («Грамматіка словенска» Л.Зізанія, 1596, дзе змешчана алегарычная выява граматыкі) пераважаюць рысы рэнесансу. Амаль усе дрэварыты 16 ст. ананімныя, медзярыты 17 ст. падпісаныя. Творы Віленскай школы гравюры вызначаюцца жыццёвасцю вобразаў, якая выразна прабіваецца праз канфесійную тэматыку, простанароднасцю і каларытнасцю тыпажу, дэкаратыўнасцю, дасканаласцю разнастайных прыёмаў тэхнікі гравіравання. Найб. яскрава асаблівасці Віленскай школы гравюры выявіліся ў дрэварытах «Акафістаў» і «Канонаў» (Вільня, 1628), тытульным лісце «Ветраграда душэўнага» (Вільня, 1620) і інш. Аздобы віленскіх выданняў Скарыны выкарыстоўвалі друкары Віленскага Святадухаўскага брацтва да сярэдзіны 17 ст. Разам з арыгіналамі дошак Скарыны яны выкарыстоўвалі і копіі з іх («Новы запавет з псалтыром», Еўе, 1611, «Евангелле вучыцельнае», Еўе, 1616, і інш.). Значнымі маст. якасцямі вылучаюцца тытульныя лісты да выданняў «Трыбунал» (1586), «Статут Вялікага княства Літоўскага» (1588), «Евангелле вучыцельнае» (1616), «Устаў» (1617), «Граматыка» (1621), «Евангелле» (1644). Першыя пастаронкавыя ілюстрацыі з’явіліся ў «Часаслоўцы» (1617), выдадзеным Мамонічамі. Гравюра на медзі атрымала шырокае развіццё ў друкарні Віленскай акадэміі, дзе працавала шмат выхадцаў з Беларусі. Творы акадэмічнай друкарні вылучаліся свецкім характарам і дасканалай тэхнікай выканання, якая давала магчымасць перадаць аб’ёмнасць у выяве рэчаў і перспектыву. Сярод ранніх медзярытаў творы нясвіжскага гравёра Т.Макоўскага (тытул «Панегірыка Казіміру», 1610). Значным майстрам медзярыта быў А.Тарасевіч, творы якога (ілюстрацыі да «Разарыума...», 1672) паўплывалі на творчасць інш. майстроў. Сярод гравёраў школы Л.Тарасевіч, І.Шчырскі, Л.Кршчановіч, замежныя майстры К.Гётке, Д.Пельцэльда, Т.Шнопс, Л.Вілатц і інш. У Віленскай акадэміі вучыўся вядучы майстар Магілёўскай школы гравюры М.Вашчанка.
Літ.:
Стасов В.В. Разбор рукописного сочинения Д.А. Ровинского «Обозрение русского гравирования на металле и на дереве до 1725 года» // Собр. соч. СПб., 1894. Т. 2, отд. 3;
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970;