НЫ́СА-ЛУЖЫ́ЦКА, Нейсе (польск. Nysa Lużycka, ням. Neiße),

рака ў Еўропе, левы прыток р. Одра. На значным участку служыць мяжой паміж Польшчай і Германіяй, вытокі ў Чэхіі. Даўж. 252 км, пл. басейна 4,3 тыс. км². Пачынаецца на паўд. схілах Йізерскіх гор, цячэ па зах. ускраіне Судэтаў, ніжэй г. Гёрліц — па раўніне. Сярэдні расход вады 32 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На Н.-Л. — гарады Ліберац (Чэхія), Гёрліц (Германія), Губін (Польшча).

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОЛТ (Olt),

рака ў Румыніі, левы прыток р. Дунай. Даўж. 709 км, пл. басейна каля 25 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Карпатах, цячэ па Трансільванскім плато, праз Паўд. Карпаты (у цясніне), па Ніжнедунайскай раўніне. Упадае ў р. Дунай 2 рукавамі каля г. Турну-Мэгурэле. Веснавое разводдзе, летнія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады каля 160 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На О. гарады Фэгэраш, Рымніку-Вылча, Слаціна.

т. 11, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́БІНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

На р. Волга, у Яраслаўскай, Валагодскай і Цвярской абл. Расіі. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запоўнена ў 1941—47. Пл. 4580 км², аб’ём 25,4 км³, даўж. па рэчышчы р. Волга 112 км, р. Малога 198 км, р. Шаксна 204 км, найб. шыр. 60 км. Няпоўнае шматгадовае рэгуляванне сцёку, ваганні ўзроўню да 5 м. Выкарыстоўваецца для суднаходства (пачатак Волга-Балтыйскага воднага шляху). Рыбалоўства. На берагах гарады Чарапавец, Рыбінск.

т. 13, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1507—08,

вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. У лют. 1507 віленскі сейм прыняў рашэнне аб вяртанні зямель, страчаных у папярэдніх войнах. У крас. 1507 конныя маскоўскія палкі ўчынілі набегі на Полацк і Смаленск; у ліст. 1507 яны асадзілі Крычаў і Мсціслаў. Калі на дапамогу асаджаным стала падыходзіць паспалітае рушэнне ВКЛ, рус. войскі вярнуліся ў свае землі. Другі этап вайны звязаны з Глінскіх мяцяжом 1508. Сабраўшы каля 2 тыс. чал., М.Л.Глінскі заняў Тураў і Мазыр, спрабаваў захапіць Слуцк і інш. гарады. Вял. князь маскоўскі Васіль III накіраваў пад Слуцк на дапамогу Глінскаму войска на чале з В.​І.​Шамячычам, а палкі Д.​Шчэні і Я.​Захар’іна — на Смаленск, трэцюю групу войска — на Полацк. Шамячыч і Глінскі аблажылі Мінск, рабілі рэйды аж да Слоніма. Паспалітае рушэнне ВКЛ, аб’яднаўшыся з польск. войскам (усяго 15—16 тыс. чал.), пад камандаваннем К.І.Астрожскага прымусіла Шамячыча і Глінскага адступіць, а маскоўскае войска — зняць аблогу Оршы. Асобныя атрады ВКЛ напалі на Северскую зямлю, занялі Дарагабуж і Таропец. Маскоўскія ваяводы неўзабаве зноў вярнулі гэтыя гарады. Вайна скончылася безвынікова. Пагадненне аб чарговым «вечным міры» замацавала паміж дзяржавамі ранейшыя межы.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНЫ ПАХО́Д 1926—28,

састаўная частка рэвалюцыі 1925—28 у Кітаі. Праводзіўся сіламі Нац.-рэв. арміі (НРА), створанай Нац. (Гуанчжоўскім) урадам пры ваен. дапамозе СССР (галоўнакамандуючы ген. Чан Кайшы, гал. ваен. саветнік В.К.Блюхер). П.п. быў накіраваны супраць мясц. ваен. правіцеляў, якія перашкаджалі аб’яднанню краіны. Пачаўся 7.9.1926. Наступленне вялі некалькі карпусоў (каля 100 тыс. чал.), якія былі падзелены на 2 групоўкі (калоны), іх падтрымліваў авіяц. атрад сав. лётчыкаў-добраахвотнікаў. У ліп.—жн. 1926 войскі НРА разбілі армію ген. У Пэйфу, занялі правінцыю Хунань, у кастр. — г. Ухань, у ліст.—снеж. — правінцыі Цзянсі і Фуцзянь, у сак. 1927 — гарады Шанхай і Нанкін. Пасля ваен. перавароту, здзейсненага Чан Кайшы ў Шанхаі (крас. 1927), і стварэння паралельных нац. урадаў (у Шанхаі і Ухані) войскі НРА дзейнічалі паасобку. У маі 1927 войскі уханьскага ўрада злучыліся з нац. арміямі Фэн Юйсяна, якія дзейнічалі ва Унутр. Манголіі. Пасля аб’яднання Гаміньдана і стварэння адзінага нац. ўрада да 1928 П.п. адноўлены. У крас.—маі 1928 НРА заняла правінцыю Шаньдун, у чэрв. — гарады Пекін і Цяньцзінь. Поспехі НРА прымусілі ваен. правіцеля Маньчжурыі маршала Чжан Сюэляна прызнаць у снеж. 1928 уладу нац. ўрада, што і стала завяршэннем П.п.

В.​У.​Адзярыха.

т. 12, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ПАСЦЬ,

умацаваны пункт з пастаянным гарнізонам, узбраеннем і прыпасамі, прызначаны для кругавой доўгатэрміновай абароны ва ўмовах аблогі. Асн. абарончыя элементы К.: земляныя валы, равы, драўляныя ці мураваныя сцены і вежы з байніцамі, брамы, барбаканы, бастыёны, равеліны і інш. Падзяляліся на сухапутныя і марскія (прыморскія).

Правобразамі К. былі ўмацаваныя паселішчы першабытнай эпохі. У рабаўладальніцкіх дзяржавах многія гарады былі адначасова і К. (Карфаген, Рым, Канстанцінопаль). Для прыкрыцця граніц К. будавалі ў Стараж. Егіпце, Рыме, Асірыі, Вавілоне, Персіі і інш.

У сярэдневякоўі ў Зах. Еўропе выгляд К. набылі ўмацаваныя замкі феадалаў, гарады і манастыры. На Русі буд-ва К. пачалося ў 10—11 ст. з мэтай абароны насельніцтва гарадоў і навакольных раёнаў.

На Беларусі тэрмін «К.» у сучасным яго разуменні вядомы з 18 ст. Раней К. называлі водныя перашкоды, балоты, высокія схілы, якія ахоўвалі паселішчы. У 11—13 ст. функцыі К. адыгрывалі некат. парубежныя гарады (Мінск, Гродна, Камянец, Кукенойс, Герцыке). Асновай іх абароны былі дзядзінцы. Другую лінію абароны складалі ўмацаванні вакольнага горада. Вузлавымі пунктамі абароны гарадоў з’яўляліся замкі, умацаваныя манастыры і кляштары. У 15—17 ст. некат. бел. гарады (Магілёў, Мсціслаў, Віцебск, Полацк) адыгрывалі ролю парубежных К. Іх абарончыя ўмацаванні звычайна складаліся з некалькіх паясоў магутных фартыфікацыйных збудаванняў вакол горада. У функцыян. адносінах значна бліжэй да К. былі ўмацаваныя гарадкі-астрогі Туроўля, Сітна, Суша, Сокал, Казьян і інш., пабудаваныя ў 16 ст. на Полаччыне. Пад уплывам італьян. і галандскай фартыфікацыі з 2-й пал. 16 ст. на Беларусі пашырылася буд-ва бастыённай сістэмы ўмацаванняў. Сярод К. новага тыпу вылучаліся Магілёў, Быхаў, Ляхавічы, Нясвіж, асабліва Слуцк, які да канца 18 ст. называлі «бастыёнам Вялікага княства Літоўскага». На Беларусі крапаснымі збудаваннямі былі таксама многія цэрквы, у т. л. Мураванкаўская царква-крэпасць, Супрасльская царква-крэпасць, Сынковіцкая царква-крэпасць, жылыя дамы — Гайцюнішскі дом-крэпасць, Гродзенскі новы замак. Традыц. драўляна-земляныя збудаванні паступова трацілі сваё стратэг. значэнне. Павелічэнне далёкасці і магутнасці агню артылерыі прывяло да ўзнікнення ў 19 ст. фортавай К., якая складалася з т. зв. ядра (звычайна старой К.) і вынесеных уперад на 2—3 км асобных фортаў на адлегласці 1,5—2 км адзін ад аднаго. Такія ўмацаванні мелі Бабруйская крэпасць і Брэсцкая крэпасць. У 1914 на тэр. Еўропы было больш за 150 разнастайных К. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі, з развіццём узбраення і ваен. тэхнікі, усе краіны адмовіліся ад фортавых К. і пачалі ствараць умацаваныя раёны і палосы. Гл. таксама Абарончыя збудаванні.

Літ.:

Rogalski M., Zaborowski M. Fortyfikacja wczoraj i dziś. Warszawa, 1975;

гл. таксама пры арт. Абарончыя збудаванні.

М.​А.​Ткачоў.

Схема Брэсцкай крэпасці. 1941.
Крэпасць Туроўля. 1566—67.

т. 8, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПУ́РЭ (Apure),

рака ў Венесуэле, левы прыток р. Арынока. Даўж. 1580 км, пл. бас. 147 тыс. км². Пачынаецца з Кардыльеры-дэ-Мерыда, цячэ з З на У па раўнінах Льянас-Арынока, упадае ў Арынока некалькімі рукавамі. Паўнаводная ў перыяд дажджоў (з мая да лістапада). Бурныя паводкі. Сярэдні расход вады каля 2 тыс. м³/с. Суднаходная на 600 км, у перыяд дажджоў — на ўсім працягу. На Апурэ гарады Брусуаль, Сан-Фернанда-да-Апурэ.

т. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—27. Утворана 17.7.1924. Цэнтр г. Барысаў. Пл. 11,8 тыс. км², нас. 370,3 тыс. чал. (1925). Уключала 9 раёнаў (Барысаўскі, Бягомльскі, Бярэзінскі, Зембінскі, Крупскі, Лепельскі, Плешчаніцкі, Халопеніцкі, Чарэйскі), 2 гарады, 7 мястэчак, 107 сельсаветаў. Акруговая газ. «Вясковая праўда». Скасавана 12.4.1927 у сувязі з узбуйненнем акруг у рэспубліцы: большасць раёнаў перададзены ў Мінскую, астатнія ў Полацкую (Лепельскі р-н) і Аршанскую (Чарэйскі р-н) акругі.

т. 2, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХЧЫСАРА́ЙСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1681,

заключана паміж Расіяй, Турцыяй і Крымскім ханствам 23 студз. ў г. Бахчысарай тэрмінам на 20 гадоў. Спыніла малавыніковую для варагуючых бакоў рус.-тур. вайну 1676—81. Паводле перамір’я дзярж. граніца паміж Расіяй і Турцыяй вызначана па р. Дняпро; за Расіяй пакідаліся гарады Кіеў, Васількоў, Трыполле (цяпер Абухаў), мястэчкі Дзедаўшчына і Радамышль; частка Кіеўшчыны, Брацлаўшчыны і Падолле пераходзілі пад пратэктарат Турцыі. Парушана і зноў адноўлена ў 1683. Анулявана Расіяй у 1686.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАБАПТЫ́СТЫ (ад грэч. anabaptizō перахрышчваю),

перахрышчэнцы, удзельнікі радыкальнага народнасектанцкага руху эпохі Рэфармацыі пераважна ў Германіі, Швейцарыі, Нідэрландах. Патрабавалі паўторнага хрышчэння (у свядомым узросце), адмаўлялі царк. іерархію, асуджалі багацце, заклікалі да ўвядзення агульнай маёмасці. Удзельнічалі ў Сялянскай вайне 1524—26 у Германіі, утварылі Мюнстэрскую камуну (1534—35); разгромлены. Анабаптысты праніклі і ў некаторыя бел. гарады, дзе знайшлі паслядоўнікаў сярод мясц. рамеснікаў. Асобныя элементы вучэння анабаптыстаў перайшлі ў дагматыку некаторых пратэстанцкіх сектаў (баптыстаў і квакераў).

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)