ПЕДАЛО́ГІЯ [ад грэч. pais (paidos) дзіця + ...логія],
кірунак у псіхалогіі і педагогіцы канца 19 — пач. 20 ст., мэта якога — аб’яднанне біял., сац., псіхал. і інш. падыходаў да развіцця дзіцяці. З’яўленне П. абумоўлена пранікненнем эвалюцыйных ідэй у педагогіку і псіхалогію і развіццём прыкладных галін псіхалогіі і эксперым. педагогікі. Заснавальнік амер. псіхолаг Г.С.Хол (у 1889 стварыў педалагічную лабараторыю); тэрмін прапанаваў О.Хрызман (Крысмент, вучань Хола). Асновы П. распрацоўвалі Хол, Дж.Болдуін (ЗША), Э.Мёйман (Германія), У.М.Бехцераў, А.П.Нячаеў, Р.І.Расаліма (Расія) і інш. Педолагі імкнуліся стварыць навуку пра развіццё і выхаванне дзіцяці, якая б сінтэзавала вынікі даследаванняў у галіне псіхалогіі, педагогікі, фізіялогіі і сацыялогіі, садзейнічала правядзенню навуч.-выхаваўчай работы на падставе комплекснага вывучэння дзіцяці ва ўсіх яго праяўленнях з улікам узроставых і псіхал. асаблівасцей, умоў жыцця. У СССР П. з 1936 была забаронена.
Літ.:
Выготский Л.С. Педология подростка // Собр. соч.М., 1984. Т. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. socialis грамадскі),
працэс развіцця асобы — набыцця і засваення працоўных навыкаў, ведаў, норм, каштоўнасцей, традыцый, якія дазваляюць ёй функцыянаваць у якасці паўнапраўнага члена грамадства. Набыццё вопыту, авалоданне рознымі формамі і спосабамі дзейнасці ажыццяўляецца выхаваннем, адукацыяй і ўплывамі навакольнага асяроддзя. Сродкамі перадачы вопыту з’яўляюцца мова і апрадмечаныя вынікі чалавечай дзейнасці, у т. л. прылады працы. Асн. сферай, у якой адбываецца С. асобы, з’яўляюцца сям’я, выхаваўчыя і навуч. ўстановы, прац. калектывы, грамадскія арг-цыі і інш. Змест С. вызначаецца сац.-эканам. структурай грамадства, яе стадыі і канкрэтныя механізмы прымаюць пэўныя формы на кожным этапе гіст. развіцця соцыуму. Працэс С. адбываецца больш паспяхова пры актыўным удзеле асобы ў творча-пераўтваральнай грамадскай дзейнасці. Найб. агульныя тэарэт. праблемы С. даследуе філасофія, розныя яе аспекты вывучаюць псіхалогія (механізмы дзейнасці і засваення вопыту), сац. псіхалогія (функцыі непасрэднага акружэння і міжасабовых адносін), сацыялогія (суадносіны працэсаў і ін-таў С. ў макрасістэме), гісторыя і этнаграфія (С. ў розных грамадствах і культурах), педагогіка (выхаванне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТЫКЕ́Т (ад франц. étiquette),
сукупнасць правіл і форм паводзін, вызначаны парадак зносін у пэўным сац. асяроддзі; частка знешняй культуры грамадства. Э. уключае паводзіны ў грамадскіх месцах, формы звароту і прывітання, адзенне, манеры, уменне паводзіць сябе за сталом, сустракаць і праводзіць гасцей і г.д. Адрозніваюць Э. агульнаграмадз., дыпламат., вайсковы, прыдворны, вышэйшага свету і да т.п. Ужо ў творах Платона, Арыстоцеля, Р.Дэкарта падкрэслівалася роля выхавання і пачцівасці. Эразм Ратэрдамскі ў кнізе «Аб правілах добрага тону» пісаў пра ролю ветлівасці і паважальнага тону, каб зрабіць зносіны як мага больш прыемнымі. Першы ў Расіі збор прыстойных манер выдадзены ў 1717 пад назвай «Юнацтва сумленнае люстэрка, або Наказ для жыццёвага абыходжання». Выхаванне пачцівасці і тактоўных паводзін адбываецца найперш у сям’і. Гл. таксама Манера, Такт.
Літ.:
Васильев-Гангнус Л. Правила этикета. М., 1992;
Вольф И. Современный этикет. М., 1997;
Панкеев И. Обычаи и традиции русского народа. М., 1999;
Кондиченко Л.К., Симонова С.М. Культура этикета. Мн., 2002;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮЛІЯ́Н АДСТУ́ПНІК, Флавій Клаўдзій (Flavius Claudius Julianus Apostata; 332, г. Канстанцінопаль, цяпер Стамбул — 26.6.363),
рымскі імператар [361—363]. Сын Юлія Канстанцыя, пляменнік Канстанціна Вялікага. Атрымаў хрысціянскае выхаванне, але з юнацтва займаўся язычніцкай л-рай і філасофіяй. У 335 імператар Канстанцый II зрабіў Ю.А. цэзарам і намеснікам Галіі. У 357 ён паспяхова ваяваў супраць франкаў і алеманаў. У 360 паўстаўшыя гальскія легіёны абвясцілі Ю.А. імператарам-аўгустам. Пасля смерці Канстанцыя (361) Ю.А. стаў адзінаўладным правіцелем Рым. імперыі. Ён рэфармаваў фін. і падатковую сістэмы, удасканаліў армію і пошту, пашырыў правы муніцыпальных курый, адмовіўся ад вял. выдаткаў на ўтрыманне двара. Абвясціў сябе прыхільнікам дахрысц. вераванняў. Выдаў 2 эдыкты супраць хрысціян, дазволіў адчыніць храмы і аднаўляць культы багоў. Хрысціян не праследаваў, а дазволіў свабоду веравызнання. Аўтар шэрагу твораў, скіраваных супраць хрысц. царквы. Яго дзейнасць асуджала хрысціянскае духавенства (адсюль яго мянушка «Адступнік»). Ю.А. загінуў у час паходу супраць персаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБАКО́НЬ Мікалай Васілевіч (н. 24.4.1942, в. Шалашы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. філосаф. Д-рфілас.н. (1999). Праф. (2003). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1964). З 1966 у Бел.пед. ун-це імя М.Танка. У 1970—82 і 1988—96 у Бел.эканам. ун-це (у 1978—82 заг. кафедры). У 1982—88 нач. упраўлення Мін-ва вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі Беларусі. З 1996 у Акадэміі парламентарызму і прадпрымальніцтва (заг. кафедры, прарэктар). З 1998 у Мінскім ін-це кіравання. Навук. працы па праблемах сац. дэтэрмінацыі і матывацыі чалавечай дзейнасці. Гал. рэдактар і адзін з аўтараў «Курса лекцый па філасофіі» (ч. 1—2, 1994—96), манаграфіі «Камуністычнае выхаванне студэнтаў у працэсе выкладання грамадскіх навук» (1979). Аўтар дапаможнікаў для ВНУ, сааўтар «Кароткага філасофскага слоўніка» (1994).
Тв.:
Детерминация социального действия: Филос.-методол. анализ. Мн., 1992;
Саморегуляция поведения личности (мотивационносинергетический и экзистенциальный аспекты). Мн., 1998;
Социальная причина: сущность. механизм, формы проявления. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГІЕ́НА ДЗЯЦЕ́Й І ПАДЛЕ́ТКАЎ,
галіна гігіены, якая распрацоўвае і ажыццяўляе прафілакт. мерапрыемствы па ахове і ўмацаванні здароўя падрастаючага пакалення. Вывучае ўплыў прыродных і сац. фактараў на растучы арганізм, яго ўзаемадзеянне з навакольным асяроддзем і распрацоўвае на гэтай аснове гігіенічныя нарматывы.
Асн. праблемы гігіены дзяцей і падлеткаў: заканамернасці росту і развіцця дзіцячага арганізма, стан здароўя дзяцей і падлеткаў і фактары, якія яго фарміруюць, гігіенічныя асновы рэжыму дня і навуч.-выхаваўчага працэсу, гігіена фіз. і працоўнага выхавання, навучання і прафес. адукацыі вучняў; гігіена харчавання ў дзіцячых калектывах, гігіенічныя асновы праектавання і будовы ўстаноў для дзяцей і падлеткаў, патрабаванні да іх добраўпарадкавання і абсталявання, гігіенічнае выхаванне і навучанне здароваму ладу жыцця.
На Беларусі гігіена дзяцей і падлеткаў — частка сан.-эпідэміялагічнай службы і пададдзел яе асн. устаноў — цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі. Распрацоўваюцца крытэрыі здароўя і метадалагічныя асновы комплекснай ацэнкі стану здароўя дзяцей, падлеткаў і моладзі; гігіенічныя аспекты аздараўлення ва ўмовах радыеэкалагічнага забруджання, гігіенічныя рэкамендацыі па аптымізацыі навуч.-выхаваўчага працэсу ў дзіцячых установах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧЫЯ Я́СЛІ,
дашкольная ўстанова, якая забяспечвае неабходныя ўмовы развіцця і выхавання дзяцей ва ўзросце ад 2 месяцаў да 3 гадоў. У Дз.я. вылучаюць 4 узроставыя групы: грудных дзяцей (да 9 мес), «паўзунковая» (9—14 мес), сярэдняя (14—24 мес), старэйшая (2—3 гады). Дзяцей, якім споўнілася 3 гады, прымаюць дзіцячыя сады. З 1959 існуе дашкольная ўстанова, якая аб’яднала Дз.я. і дзіцячыя сады ў адзін тып дашкольнай установы — дзіцячыя яслі-сад.
У яслях дзеці знаходзяцца па 10—11 гадз у суткі; існуюць групы падоўжанага і кругласутачнага выхавання. З дзецьмі працуюць сёстры-выхавальніцы, метадычную і выхаваўчую работу ажыццяўляе педагог-метадыст, лячэбна-прафілактычную — урач. Будуюць Дз.я. паводле тыпавых праектаў на 30—40 месцаў; у групе ад 1 да 2 гадоў — 10, ад 2 да 3 гадоў — 15 месцаў. У апошнія гады колькасць дзяцей у Дз.я. паменшала ў выніку змены заканадаўства аб працягласці дэкрэтнага адпачынку жанчынам (да 3 гадоў). У 1980 на Беларусі было 229 Дз.я. на 20,6 тыс. дзяцей, у 1996—17 Дз.я. на 0,8 тыс. дзяцей. Гл. таксама Дашкольныя ўстановы, Дашкольнае выхаванне і навучанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́РДАНС (Jordaens) Якаб (19.5.1593, г. Антверпен, Бельгія — 18.10.1678),
фламандскі жывапісец. Прадстаўнік барока. З 1607 вучыўся ў Антверпене ў А. ван Норта. У творчасці захоўваў сувязі з традыцыямі нідэрл. мастацтва 16 ст., выкарыстоўваў дасягненні М.Караваджа і П.П.Рубенса, з якім супрацоўнічаў у 1620—40. Раннім работам уласцівы выразна простанародны характар вобразаў, шчыльна згрупаваных на пярэднім плане, буйныя выпуклыя формы, асвятленне, якое падкрэслівае яркія колеры («Святая сям’я», каля 1615; «Пакланенне пастухоў», каля 1617; «Алегорыя Плоднасці» («Услаўленне Памоны»), каля 1622]. У 1620—30-х г. адлюстроўваў сялянскія і бюргерскія тыпажы, якія вылучаліся цяжкаважкасцю фігур, сакавітасцю дэталей, рысамі грубаватага жыццярадаснага гумару: «Сатыр у гасцях у селяніна», пач. 1620-х г.; «Псяр і яго зграя», 1635; «Выхаванне Юпітэра», 1635—40; «Бабовы кароль», 1638—40). Познія творы на рэліг. сюжэты — у рамках рэліг. эстэтыкі барока з рысамі бурлівай патэтыкі і маст. перагрувашчанасці («Шэсце на Галгофу» і інш.). Рабіў малюнкі і кардоны для шпалераў («Гісторыя Аляксандра», «Серыя фламандскіх прымавак»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗАРУ́К Міхаіл Арсенавіч (н. 5.7. 1926, в. Ушаловічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел.літ.-знавец, педагог. Акад.АПНСССР (1982, чл.-кар. 1979), акад.Нац.АН Беларусі (1995), чл.Рас. акадэміі адукацыі (1995), д-рфілал.н. (1970), праф. (1971). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1951). З 1954 выкладаў у ім (з 1971 прарэктар). З 1978 у НДІ педагогікі (да 1990 дырэктар). Друкуецца з 1949. Пісаў байкі. Даследуе бел. паэму («Станаўленне беларускай паэмы», 1968; «Беларуская паэма ў другой палавіне XIX — пачатку XX ст.», 1970), пытанні гісторыі, тэорыі і методыкі выкладання л-ры («Тэорыя літаратуры ў школе», 1967; «Уводзіны ў літаратуразнаўства», 1970, 2-е выд. 1982, з А.Я.Ленсу; «Тэорыя літаратуры», 1971; «Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў», 1983, 2-е выд. 1996, з Ленсу). Адзін з аўтараў падручнікаў для сярэдняй школы і ВНУ.
Тв.:
Пімен Панчанка. Мн., 1959;
Часу непадуладнае. Мн., 1981;
Изучение русской литературы во взаимосвязи с белорусской. Мн., 1988 (разам з В.У.Івашыным, А.Я.Ленсу);
Навучанне і выхаванне творчасцю: Пед. роздумы і пошукі. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ІНСТЫТУ́Т НАРО́ДНАЙ АДУКА́ЦЫІ,
вышэйшая навуч. ўстанова ў 1920—21. Створаны ў 1920 на базе Мінскага беларускага педагагічнага інстытута. Сярод выкладчыкаў Я.Ф.Карскі, У.А.Пічэта, праф. Дз.Ц.Кулагін, Ф.Ф.Турук, праф. Маскоўскага ун-та Р.Ю.Віпер, А.М.Беркенгейм. Дзейнічалі 3 аддзяленні: 1-е рыхтавала педагогаў для дашкольных устаноў (тэрмін навучання 2 гады); 2-е — настаўнікаў пач. школ (3 гады); 3-е — настаўнікаў сярэдніх школ (4 гады), якое складалася з 6 ф-таў: літ.-маст., сац.-гіст., прыродазнаўчы, геагр., фізіка-хім., фізіка-матэм. Меў фіз., прыродазнаўчы, гіст., этнагр. і пед. кабінеты, хім. лабараторыю, б-ку (9,5 тыс. тамоў). Пры ін-це дзейнічалі Мінскае навук.пед.т-ва (1919—23), Мінскае т-ва гісторыі і старажытнасці (1919—25). Паводле загаду Наркамасветы БССР ад 1.9.1921 1-е і 2-е аддз. ўвайшлі ў склад створанага Мінскага пед. тэхнікума, 3-е аддз. ў 1921—22 — у складзе ф-та грамадскіх навук БДУ.
Літ.:
Новик Е.К. Формирование кадров народного образования Белоруссии (1917—1941 гг.). Мн., 1981;
Ляхоўскі У. Узгадаем з удзячнасцю // Адукацыя і выхаванне. 1995. № 11.