шматтомнае універсальнае энцыклапедычнае выданне для дзяцей. Выдадзена ў 1958—77 у Маскве выд-вам «Вялікая Савецкая Энцыклапедыя». Выйшлі 3 выданні: 1-е ў 10 т. (1958—62), 2-е і 3-е ў 12 т. (1964—69 і 1971—77). Прынцып пабудовы ўсіх выданняў «Дз.э.» — тэматычна-алфавітны. Кожны том мае ўласную назву і складаецца з некалькіх раздзелаў (т. 1 — «Зямля», т. 2 — «Свет нябесных цел. Лікі і фігуры». т. 3 — «Рэчывы і энергія», т. 4 — «Расліны і жывёлы» і г.д.), вызначаецца навуковай дакладнасцю, даступнасцю выкладу матэрыялу, багата ілюстравана.
Сярод інш. энцыклапедычных даведнікаў для дзяцей вылучаюцца энцыклапедыя «Што такое. Хто такі» (т. 1—2, 1968, 2-е выд., г 1—3, 1975—78), а таксама даведнікі для школьнікаў сярэдняга і старэйшага ўзросту: «Энцыклапедычны слоўнік юнага спартсмена» (1979), «Энцыклапедычны слоўнік юнага астранома» (1980, 2-е выд. 1986), «Энцыклапедычны слоўнік юнага хіміка» (1982, 2-е выд. 1990), «Энцыклапедычны слоўнік юнага мастака» (1983), «Энцыклапедычны слоўнік юнага літаратуразнаўца» (1987) і інш. (для юных земляробаў, фізікаў, матэматыкаў, музыкантаў, біёлагаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й БЕЛАРУ́СКАГА ПАЛЕ́ССЯ.
Засн. ў 1924, адкрыты ў 1926 у г. Пінск Брэсцкай вобл. як Палескі краязн. музей, з 1940 Пінскі абл.гіст.-краязн. музей, з 1944 Пінскі абл. (занальны) краязн.-музей, з 1954 Пінскі краязн. музей, з 1979 Бел.дзярж. музей сацыяліст. пераўтварэння Палесся, з 1990 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 1376 м²; 56,7 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Сярод экспанатаў археал. калекцыя керамічных плітак 12 ст., бронзавыя ўпрыгожанні, рукапісныя граматы 14—17 ст., друкаваныя выданні 17 ст., калекцыі манет 16—20 ст. розных краін свету, прадметы матэрыяльнай культуры і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., матэрыялы пра падзеі рэв. 1905—07, дзейнасць Пінскай арг-цыі РСДРП, падзеі грамадз. вайны, становішча працоўных Зах. Беларусі ў 1921—39, стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў гады Вял.Айч. вайны, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. У экспазіцыі творы жывапісу бел. і рус. мастакоў. Мае бібліятэку больш за 6,5 тыс. выданняў, сярод якіх час.«Дзеннік Віленьскі» (асобныя нумары за 1817, 1820, 1823, 1828).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКА ВЕ́РШАЎ,
цыкл вершаў, аб’яднаных агульнай тэмай, галоўнымі героямі, падабенствам будовы, стылёва-жанравымі адзнакамі і інш. У бел. л-ры тэрмін «нізка» ў крыху інш. форме («нанізка») упершыню ўжыты М.Багдановічам у арт. «За тры гады» (1913). Н.в. пашырана ў бел. паэзіі з пач. 20 ст. Н.в. «З песень беларускага мужыка» змясціў Я.Купала ў зб. «Жалейка» (1908), з асобных паэт. цыклаў складаюцца зб-кі Я.Коласа «Песні-жальбы» (1910), Багдановіча «Вянок» (1913), А.Гаруна «Матчын дар» (1918). Узаемасувязь паміж творамі, якія ўваходзяць у Н.в. бывае самая разнастайная. Іх можа яднаць агульны лірычны настрой («Крыху восені і жменька кляновых лістоў» У.Дубоўкі), жанр («Трохрадкоўі», «Пяцірадкоўі» А.Глобуса), тэма («Водар і шолах» Д.Бічэль-Загнетавай), погляд аўтара на пэўную гіст. падзею («Курапаты» А.Дэбіша), скразная эстэт.-філас. думка («Чатыры стыхіі» С.Дзяргая), постаць апавядальніка («Вёска» Я.Купалы), месца дзеяння («Полацк. Нафтабуд» Г.Бураўкіна). У паэзіі бываюць ўстойлівыя, т.зв. цвёрдыя віды вершаваных нізак; трыпціх («Трыпціх Ушаччыны» Р.Барадуліна), вянок санетаў («Нарач» Н.Гілевіча) і інш. Пашырана ў сучаснай паэзіі, асабліва ў творчасці маладых аўтараў (Дэбіш, І.Пракаповіч, І.Снарская, І.Хадарэнка, А.Чобат і інш.). Н.в. называюць таксама цыкл вершаў новай кнігі паэта, змешчаны ў перыядычным выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ»
(БелСЭ),
12-томны даведнік па ўсіх галінах ведаў; першая ў гісторыі бел. народа універсальная энцыклапедыя. Выдадзена ў Мінску ў 1969—75 выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». У 1976 выпушчаны дадатковы спец. том паказальнікаў (прадметны, імянны, геагр. назваў). У 1—11-м тамах у алфавітным парадку змешчана 34 409 артыкулаў, у канцы 11-га тома надрукаваны дадатак — матэрыялы пра падзеі, што адбыліся за час выдання БелСЭ. 12-ы том цалкам прысвечаны Беларусі, а матэрыялы ў ім размешчаны па тэматычным прынцыпе. Стваральнікі БелСЭ творча выкарысталі вопыт лепшых энцыклапедычных выданняў, метадычныя прынцыпы адбору, апрацоўкі і сістэматызацыі матэрыялаў. Звесткі па ўсіх пытаннях падаюцца ў цеснай сувязі з Беларуссю — з яе прыродай, эканомікай, навукай, гісторыяй, культурай, мастацтвам. Бел.нац. тэматыка ў БелСЭ складае каля 40%. У выданні змешчана каля 12 тыс. ілюстрацый і 672 карты. У напісанні артыкулаў для БелСЭ прынялі ўдзел больш за 5 тыс. аўтараў, з іх больш як 90% навукоўцы Беларусі. Групе стваральнікаў БелСЭ прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1976. У 1978 дапрацаваныя матэрыялы 12-га тома выдадзены на рус. мове асобнай кнігай «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка».
Літ.:
Грыцкевіч А., Мальдзіс А. Свята беларускай культуры // Полымя. 1975. № 12.
І.П.Хаўратовіч.
Выданне «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». 1969—76.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ДРУКА́РНЯ, Гродзенская каралеўская друкарня,
адно з найбуйнейшых выдавецтваў на Беларусі ў канцы 18 ст. Існавала ў Гродне ў 1775—96(?). Створана на аснове друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі, перавезенай у 1775 у Гродна падскарбіем літоўскім А.Тызенгаўзам пасля скасавання ордэна езуітаў. У Гродзенскай друкарні працавала каля 30 чалавек, была ўласная майстэрня для адліўкі літар. Выдала каля 100 кніг навуковай, рэліг., маст. л-ры на польск., лац., царкоўнаслав., франц., ням., яўр. мовах. Друкавала матэрыялы сесій сейма Рэчы Паспалітай і Трыбунала ВКЛ. Выданні вызначаліся высокай якасцю друку, маст. афармлення, паперы (завозілася пераважна з Прусіі). Спыніла дзейнасць у сярэдзіне 1790-х г., абсталяванне перададзена Віленскай каталіцкай епархіі.
У Гродзенскай друкарні выдадзены «Кароткі збор карфагенскай і егіпецкай гісторыі» Г.Барэцкага (1776), «Флора Літвы» Ж.Э.Жылібера (1781), творы Вальтэра, Мальера, Ф.Карпінскага, І.Красіцкага, М.Карповіча і інш. У 1776—83(?) тут друкаваўся штотыднёвік «Gazeta Grodzieńska » («Гродзенская газета»), у 1796 — «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»).
Літ.:
Голенченко Г.Я. Библиографический список белорусских старопечатных изданий XVI—XVIII вв. Мн., 1961;
Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат.Мн., 1986;
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМ (Grimm),
нямецкія філолагі, браты. Ураджэнцы г. Ганаў (Германія). Якаб (4.1.1785 — 20.9.1863) і Вільгельм (24.2.1786 — 16.12.1859). Прафесары Гётынгенскага і Берлінскага ун-таў. Члены Прускай АН (1841). Юрыд. адукацыю атрымалі ў Марбургу. Блізкія да ням. рамантыкаў, апублікавалі сярэдневяковыя тэксты «Пра старанямецкі майстаргезанг» (1811), «Бедны Генрых» (1815), «Рэйнеке-Ліс» (1834) і інш. Правялі вял. работу па збіранні і выданніням. казак і паданняў («Дзіцячыя і сямейныя казкі», т. 1—2, 1812—15; «Нямецкія паданні», т. 1—2, 1816—18), што ўвайшлі ў скарбніцу сусв. л-ры і спрыялі фарміраванню жанру літ. казкі. Заснавальнікі міфалагічнай школы ў фалькларыстыцы, у даследаваннях карысталіся параўнальна-гіст. метадам («Германскія гераічныя казанні», 1829; кн. Якаба Грыма «Нямецкая міфалогія», 1835). Для распрацоўкі пытанняў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства і вывучэння гісторыі ням. мовы вял. значэнне мелі лінгвістычныя працы Якаба Грыма «Нямецкая граматыка» (т. 1—4, 1819—37), «Гісторыя нямецкай мовы» (т. 1—2, 1848). Разам з братам выдаў (з 1852) першыя 4 т. фундаментальнага слоўніка ням. мовы, які стаў асновай ням. філалогіі (выд. скончана ў 1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЛУ́ДАЎСКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Існавала ў 1568—70 у мяст. Заблудава Гродзенскага пав. (цяпер тэр. Польшчы). Засн. ў маёнтку гетмана ВКЛ Р.Хадкевіча першадрукарамі І.Фёдаравым і Т.І.Мсціслаўцам, якія ў канцы 1560-х г. перасяліліся з Масквы на Беларусь. У друкарні, верагодна, працавалі вучань Фёдарава Грынь Івановіч (вядомы пазней як майстар па вырабе шрыфтоў) і друкар В.Гарабурда. Разам з маскоўскімі друкарскімі матэрыяламі тут шырока выкарыстоўвалася новая арнаментыка (застаўкі, канцоўкі, ініцыялы) і буйныя фігурныя дрэварыты. Выдадзены «Евангелле вучыцельнае» (1569, якое ўключала творы візант., балг. і старажытнарускай пісьменнасці, у т. л. «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага) і «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570). З.д. спыніла сваю дзейнасць у сувязі з ускладненнем грамадска-паліт. умоў пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай, а таксама з-за хваробы гетмана Хадкевіча. Заблудаўскія выданні неаднаразова перавыдаваліся Гарабурдам, Мамонічамі, друкарамі Святадухаўскага брацтва ў Вільні.
Літ.:
Зернова А.С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Книга: Исслед. и материалы. М., 1964. Сб. 9;
Ісаевич Я.Д. Першодрукар Іван Федоров і виникнення друкарства на Україні. Львів, 1975. С. 42—47;
Немировский Е.Л. Иван Федоров в Белоруссии. М., 1979;
Голенченко Г.Я. Идейные и культурные связи восточнославянских народов в XVI — середине XVII в. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПРУ́ДНІК (Янка) (сапр.Вільчыцкі Сяргей Мікалаевіч; н. 9.8.1926, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык, палітолаг, паэт, літ.-знавец, публіцыст. Д-ргіст.н. (1969). З 1944 у эміграцыі. Вучыўся ў бел. гімназіі імя Я.Купалы ў Міхельсдорфе (Германія). Скончыў Лувенскі ун-т (Бельгія, 1954). У 1947 дэбютаваў вершамі (пад псеўд. Сяргей Ясень). З 1948 працаваў шахцёрам у Англіі, браў удзел у выданнічас. «Наперад» (1948—53), дзе друкаваліся і яго творы. У 1954—91 супрацоўнік бел. рэдакцыі радыё «Свабода» (у 1970—75 адначасова выкладаў гісторыю ў Куінсі-каледжы гарадскога ун-та Нью-Йорка). Публікаваўся і ўваходзіў у склад рэдкалегіі час. «Беларуская моладзь» (1959—64), рэдагаваў бюлетэнь «Навіны з Беларусі» (1964—69), быў гал. рэдактарам газ. «Беларус» (1970—80, з 1980 папераменна з З.Кілель). У 1969 абараніў доктарскую дысертацыю «Палітычная барацьба за Беларусь у царскай Дзяржаўнай Думе. 1906—1917». Аўтар кн. «Спадчына бацькоў: «Агледзіны»: (Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа)» (Нью-Йорк, 1982). Яго манаграфія «Беларусь на гістарычных скрыжаваннях» (1993, на англ. мове) знаёміць заходняга чытача з шматвяковай гісторыяй і сучасным станам Беларусі.
Тв.:
Бел.пер. — Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́ТЫ БЕДНАТЫ́, камбеды,
органы вясковай беднаты, надзвычайныя органы сав. улады на вёсцы ў 1918—19. Ствараліся паводле дэкрэта ВЦВК і СНК РСФСР ад 11.6.1918 «Аб арганізацыі і забеспячэнні сялянскай беднаты». На Беларусі К.б. пачалі стварацца ў канцы чэрв. 1918 на неакупіраванай герм. войскамі тэр. Віцебскай (6 паветаў), Магілёўскай (11) і Мінскай (6) губ. Да ліст. 1918 тут створана больш за 7 тыс. К.б. Асн. іх задачы: размеркаванне хлеба, прадметаў першай неабходнасці, с.-г. інвентару; садзеянне харчовым атрадам у канфіскацыі лішкаў збожжа ў заможных сялян. Пазней К.б. сталі займацца мабілізацыяй сялян, аказаннем дапамогі Чырв. Арміі, барацьбой з дэзерцірамі. Яны арганізоўвалі таксама школы, хаты-чытальні, б-кі, распаўсюджвалі сав. перыядычныя выданні. 6—9.11.1918 6-ы Усерас. з’езд Саветаў прыняў Пастанову «Аб ліквідацыі камітэтаў беднаты і перавыбарах валасных і сельскіх Саветаў». У неакупіраваных паветах Магілёўскай і Віцебскай губ. пачаліся перавыбары; на вызваленай да гэтага часу тэр. Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губ. ствараліся рэўкомы, адначасова на працягу 1919 тут арганізоўваліся і камбеды. Вынікам дзейнасці К.б. было ўмацаванне на вёсцы бяднейшых і серадняцкіх гаспадарак, аслабленне пазіцый заможных сялян, змена парт. складу Саветаў на карысць РКП(б).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЦЕ́ІНСКАЯ ДРУКА́РНЯ,
цэнтр бел. кірылічнага кнігадрукавання ў 17 ст. Дзейнічала ў 1630—54 пры Аршанскім Куцеінскім Богаяўленскім манастыры. Засн. С.Собалем, які да 1632 яе ўзначальваў. Пасля ад’езду Собаля 4 гады не працавала. Потым друкарню ўзначаліў ігумен І.Труцэвіч. Карысталася падтрымкай магілёўскага і аршанскага мяшчанства. Выдавала навуч.-асветніцкую, царк.-палемічную і свецкую л-ру на царк.-слав. і старабел. мовах. У ёй выдадзены «Брашна духоўнае» (1630), «Малітваслоў», «Буквар» (абодва 1631), «Часаслоў», «Новы запавет і Псалтыр», часткова дадрукаваны кіеўскі «Апостал» (усе 1632). З 1636 выдала яшчэ 14 кніг: «На ойча наш выклад» Іаана Златавуста» (1636), «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і «Дзідаскалія...» С.Косава (абедзве 1637), «Псалтыр» (1642), «Актоіх Іаана Дамаскіна» (1646), «Трэфалагіён» (1647), «Дыоптра» (1651), «Лексікон...» П.Бярынды (1653) і інш. Усяго ў ёй выдадзена 20 кніг. Выданні вылучаліся своеасаблівым графічным афармленнем (гл.Куцеінская школа гравюры). Яны распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, у Літве, Расіі. У 1655 друкарскае абсталяванне перавезена ў Іверскі Валдайскі манастыр пад Ноўгарадам, у 1655 — у Васкрасенскі манастыр пад Масквой, у 1676 — на Друкарскі двор (Масква).
Літ.:
Зернова А.С., Горбунов Т.С. Книгопечатание в Белоруссии XVI—XVII вв. // 400 лет русского книгопечатания, 1564—1964. М., 1964. Т. 1.