БЛЕНАРЭ́Я (ад грэч. blennos слізь + rheō цяку),

вострае гнойнае запаленне слізістай абалонкі (кан’юнктывы) вока інфекц. паходжання. Адрозніваюць бленарэю нованароджаных, дзіцячую і дарослых.

Заражэнне бленарэяй нованароджаных адбываецца пры родах, калі галоўка плода праходзіць праз родавыя шляхі хворай на ганарэю маці. Хвароба праяўляецца на 2—3-і дзень ацёкам і зацвярдзеннем павекаў абодвух вокаў, гіперэміяй кан’юнктывы, серозна-крывяністымі выдзяленнямі. Праз 3—4 дні з’яўляюцца густыя гнойныя выдзяленні (найб. небяспечны перыяд, цягнецца 2—3 дні). У цяжкіх выпадках пашкоджваецца рагавіца. Пры заражэнні дзяцей бленарэяй ад маці (дзіцячая бленарэя) хвароба прымае больш цяжкую форму, чым у нованароджаных. Працэс звычайна аднабаковы. Бленарэя ў дарослых пачынаецца звычайна з аднаго павека пры занясенні ў яго інфекцыі самім хворым на ганарэю мочапалавых шляхоў. Клінічна падобная на бленарэю нованароджаных, але з больш цяжкім цячэннем і частым пашкоджаннем урэтры. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАФІЗІЯЛО́ГІЯ (ад гіста... + фізіялогія),

раздзел гісталогіі, які вывучае ўзаемасувязі структуры клетак, тканак і органаў з іх функцыянаваннем і зменамі ў розных фізіял. станах. Даследаванні па гістафізіялогіі праводзяць на жывых клетках арганізма з дапамогай спец. мікраскопаў-ілюмінатараў, ужыўлення празрыстых камер у арганізм жывёлы або выкарыстання пярэдняй камеры вока для вывучэння цыркуляцыі крыві ў мікрасасудах, працэсаў міграцыі лейкацытаў, ранніх стадый развіцця зародка і інш. Шырока выкарыстоўваюць культуру клетак і тканак пры вывучэнні жывых структур (гл. Культура тканкі), метад трансплантацыі клетак крыві і касцявога мозгу ад здаровых жывёл-донараў апрамененым жывёлам-рэцыпіентам. Выкарыстоўваюць вітальнае (прыжыццёвае) і суправітальнае (клетак, вылучаных з арганізма) афарбаванне клетак і тканак спец. фарбавальнікамі з наступным вывучэннем метадамі гістахіміі, мікраскапіі, радыёаўтаграфіі і інш., што дазваляе высвятляць заканамернасці функцыянавання жывых сістэм і механізмы іх змен пры паталогіі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЯНЁВАЕ ПАРАЖЭ́ННЕ,

вынік уздзеяння электрамагнітнага выпрамянення (квантаў), элементарных часціц на клеткі, тканкі, органы, сістэмы арганізма, што выклікае парушэнні іх нармальнай жыццядзейнасці. Крыніцы выпрамяненняў: іанізавальнае выпрамяненне, інфрачырвонае выпрамяненне, лазернае выпрамяненне, ультрафіялетавае выпрамяненне, сонечнае выпрамяненне бачнай ч. спектра (святло), а таксама касмічныя прамяні і інш. Біял. эфект П.п. залежыць ад прасторавага размеркавання выпрамянення, працягласці і рытму яго ўздзеяння, магутнасці дозы выпрамянення і фізіял. стану арганізма.

Найчасцей пад П.п. разумеюць парушэнні, абумоўленыя біялагічным дзеяннем іанізавальных выпрамяненняў (радыяцыйнае паражэнне), якія пры пэўных умовах могуць выклікаць развіццё прамянёвай хваробы. Інфрачырв выпрамяненне праяўляецца праз цеплавыя апёкі і пераграванне ч. цела або арганізма ў цэлым (сонечны ўдар, цеплавы ўдар і інш.). Ультрафіялетавае выпрамяненне аказвае пераважна хім. дзеянне. Магутныя светлавыя пучкі лазераў выклікаюць у асн. апёкі сятчаткі вока, скуры. Гл. таксама Апрамяненне арганізма, Прамянёвыя пашкоджанні.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНСО́РНЫЯ СІСТЭ́МЫ, аналізатары,

сукупнасць перыферычных і цэнтральных нерв. утварэнняў, якія ўспрымаюць і аналізуюць інфармацыю аб уздзеянні на арганізм раздражняльнікаў. Перыферычныя аддзелы С.с. — рэцэптары — размешчаны на паверхні цела (у скуры, слізістых абалонках), у глыбіні (напр., механарэцэптары сардэчна-сасудзістай сістэмы), уваходзяць у склад сенсорных органаў (напр., вока, вуха). Сігналы ад рэцэптараў па сенсорных (аферэнтных) нервах паступаюць у ц. н. с., дзе інфармацыя перапрацоўваецца. Участкі кары вял. паўшар’яў, куды пераважна паступаюць аферэнтныя імпульсы, з’яўляюцца праекцыяй рэцэптарных палёў у кары і ўяўляюць коркавыя аддзелы С.с. (напр., зрокавая зона знаходзіцца пераважна ў патылічнай вобласці кары, слыхавыя — у скроневай). У выніку ўзгодненай работы розных С.с. у вял. паўшар’ях фарміруецца праграма паводзін і ацэнка выкананага дзеяння.

Літ.:

Судаков К.В. Общая теория функциональных систем. М., 1984;

Крылова АЛ. Физиология сенсорных систем. М., 1986.

С.​С.​Ермакова.

т. 14, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІНО́КЛЬ (франц. binocle ад лац. bini два + oculus вока),

аптычная прылада, прызначаная для візуальнага назірання аддаленых прадметаў абодвума вокамі, а таксама для вымярэння вуглоў і адлегласцяў. Складаецца з 2 зрокавых трубаў з паралельнымі аптычнымі восямі.

Аптычная схема бінокля ўключае аб’ектыў і акуляр. У біноклі са зрокавымі трубамі тыпу Кеплера прамы відарыс аддаленага прадмета атрымліваецца пры наяўнасці паміж аб’ектывам і акулярам абарачальнай сістэмы, якая дазваляе значна зменшыць даўжыню прылады. Прамежкавы відарыс, што дае аб’ектыў, сапраўдны, у яго плоскасці размешчана сетка для вымярэння вуглоў і адлегласцяў. Такія біноклі даюць павелічэнне да 22 разоў. У біноклі з трубамі тыпу Галілея ролю акуляра выконвае рассейвальная лінза перад плоскасцю прамежкавага відарыса, у выніку чаго відарыс атрымліваецца ўяўным і прамым. З-за абмежаванага вугла зроку такія біноклі выкарыстоўваюцца толькі з малым павелічэннем (да 4 разоў), напр. тэатральныя.

Бінокль: а — Галілея (тэатральны); б — прызматычны.

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕФАРЫ́Т (ад грэч. blepharon павека + ...іт),

запаленне краёў павекаў. Адна з пашыраных і працяглых хвароб вачэй. Прычыны ўзнікнення: хранічныя інфекц. і інфекцыйна-алергічныя хваробы, гіпавітамінозы, анеміі, хваробы страўнікава-кішачнага тракту, эндакрынныя парушэнні, глісныя інвазіі, хранічны танзіліт і інш. Развіццю блефарыту спрыяюць хранічныя кан’юнктывіты, запаленні слёзных шляхоў, гіперметрапія і астыгматызм вока, уздзеянні ветру, пылу, дыму.

Адрозніваюць блефарыт просты (лускаваты), язвавы і ангулярны. Для ўсіх відаў блефарыту характэрны сверб, адчуванне цяжару павекаў, хуткая стамляльнасць вачэй і павышаная адчувальнасць іх да святла. Назіраецца пачырваненне і патаўшчэнне краёў павекаў каля асновы вейкаў — дробныя сухія паслойныя шаравата-белыя лускавінкі ці жаўтаватыя скарыначкі, пры гнойных — кроватачывыя язвачкі. Пры іх рубцаванні парушаецца рост вейкаў. Прычынай блефарыту бывае себарэя. Стафілакокавы блефарыт можа выклікаць абсцэс тлушчавай залозы валасянога фалікула — вонкавы ячмень. Пры ангулярным блефарыце запаляюцца краі вонкавай і ўнутр. спаек павекаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РЫЦ (Юна Пятроўна) (н. 2.6.1937, Кіеў),

расійская паэтэса. Скончыла Літ. ін-т імя М.​Горкага (1961). Друкуецца з 1954. У паэт. зб-ках «Размова пра шчасце» (1957), «Мыс Жадання» (1961), «Лаза» (1970), «Пры святле жыцця» (1977), «Трэцяе вока» (1980) «Сіні агонь» (1985), «На гэтым беразе высокім» (1987), «Учора я спявала ў пераходзе» (1997), «Дзіўны які я звер» (1998) і інш. роздум пра чалавечыя адносіны, любоў, мацярынства. Паэма «Зорка Сербасці» (нап. 1999) прысвечана Сербіі. Аўтар «Апавяданняў пра дзівоснае» (1998), літ.-крытычных эсэ, вершаў для дзяцей. Творчасці М. уласцівы глыбіня пачуццяў, багацце фарбаў, гумар, літ., музычныя і жывапісныя рэмінісцэнцыі. Многія яе вершы пакладзены на музыку («Добра — быць маладым!», «Калі мы былі маладыя...», «Вялікі сакрэт для маленькай кампаніі» і інш.). Займаецца графікай і жывапісам. На бел. мову асобныя яе вершы пераклаў Я.​Сіпакоў.

Тв.:

Избранное. М., 1982;

В логове голоса. М., 1990.

т. 10, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРФАЭ́ПІЯ (ад грэч. orthos правільны + epos маўленне),

сукупнасць вымаўленчых нормаў, уласцівых літаратурнай мове, якія забяспечваюць аднастайнасць гукавога афармлення вуснай мовы.

2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае нормы вымаўлення. Непарыўна звязана з фанетычнай сістэмай мовы, бо ўключае і характарыстыку вымаўлення асобных гукаў (арфафанію, напр. дзеканне, цеканне, неаглушэнне «й» і г.д.) і іх вымаўленне ў залежнасці ад пазіцыі ў слове. Такія, напр., выразныя асаблівасці бел. фанетыкі, як недысімілятыўнае аканне («вада», «маладзік», «чалавек»), прыстаўныя галосныя («ільняны», «аўторак», «імгла») і зычныя («вока», «завочнік»), мяккія свісцячыя «з» і «с» перад наступнымі мяккімі («бязлесіца», «з зімы», «песня»), мяккія афрыкаты «дз» і «ц» («Дзвіна», «дзверы», «цвёрды»), губна-губны «в(ў)» («траўка», «жоўты»), падоўжаныя зычныя («збожжа», «галлё», «насенне») замацаваліся як арфаэпічныя нормы. Да арфаграфіі часта адносяць таксама правілы пастаноўкі націску і інтанацыйныя правілы.

Літ.:

Янкоўскі Ф.М. Беларускае літаратурнае вымаўленне. 4 выд. Мн., 1976;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

т. 1, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАІ́МСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў (кыпчакска-агузская група). Пашырана пераважна на Украіне (Крым і зах. вобласці), у Літве і Польшчы. Мае 3 дыялекты: крымскі, тракайскі, галіцка-луцкі. Крымскі дыялект у значнай ступені асіміляваны з крымска-тат. мовай. Склад галосных гукаў адрозніваецца па дыялектах; у тракайскім і крымскім дыялектах 8 галосных: «а», «ы», «о», «у», «э», «и», «ӧ», «ӱ» ; у галіцкім дыялекце 6 галосных («ӧ», «ӱ» замяняюць «э», «и», напр., кӧз//кэз — вока); шыпячыя «ш», «ч» замяняюцца на свісцячыя «с», «ц». У сінтаксісе моцны ўплыў слав. моў; у лексіцы шмат славянскіх, у т. л. ў тракайскім дыялекце — бел. запазычанняў. Першыя рукапісныя пераклады Бібліі (14 ст.). Адзіная літ. мова не сфарміравалася, паколькі большасць караімаў выкарыстоўвала стараж.-яўр. пісьмо, а пазней лац. і кірылічны алфавіты. Друкаваныя выданні з 19 ст.

Літ.:

Мусаев К.М. Краткий грамматический очерк караимского языка. М., 1977.

А.​Я.​Супрун.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА вымяральная,

прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на выкарыстанні эл.-магн. хваляў аптычнага дыяпазону. З дапамогай аптычнай прылады вымяраюць лінейныя і вуглавыя памеры, некаторыя фіз. велічыні, параўноўваюць форму вырабу ці стан апрацаваных паверхняў з эталонам. Адрозніваюць рабочыя (для практычных вымярэнняў) і ўзорныя, па якіх вывяраюць рабочыя аптычныя прылады.

Асноўная частка аптычнай прылады — аптычная сістэма з лінзаў, люстэркаў, прызмаў і інш., прызначаных для ўтварэння відарысаў прадметаў на сятчатцы вока, экране і інш. або перадачы светлавой энергіі. Для іх разліку карыстаюцца формуламі геам. оптыкі. Канструкцыя прылады абумоўлена метадам вымярэнняў. Паводле прынцыпу дзеяння аптычнай прылады бываюць з аптычным візіраваннем і мех. (электронным або інш. неаптычным) адлікам перамяшчэння пунктаў кантакту з аб’ектам вымярэння (праектары, інстр. мікраскопы, праекцыйныя насадкі), аптычным візіраваннем і аптычным адлікам перамяшчэння (вымяральныя мікраскопы, інтэрферэнцыйныя кампаратары), з мех. кантактам з аб’ектам вымярэння і аптычным адлікам перамяшчэння (аптыметры, кантактныя інтэрферометры, аптычныя даўжынямеры). Выкарыстоўваюцца ў машына- і прыладабудаванні, геадэзіі і інш.

т. 1, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)