КІРЫ́ЛА КАЖАМЯ́КА, Курыла Кажамяка, Мікіта Кажамяка,
вобраз чарадзейных усх.-слав. казак і паданняў; асілак, пераможца змея. У казках пра К.К. зліліся матывы міжнар. казачнага сюжэта і мясц. падання Кіеўскай Русі, якое сустракаецца ў «Аповесці мінулых гадоў», «Ніканаўскім летапісе» і інш. Паводле гэтага падання, юны Кажамяка, які можа разарваць сырамятную шкуру, вырваць у быка на бягу кавалак шкуры, перамагае волата-печанега і вырашае перамогу на карысць Русі. У заключным эпізодзе некаторых казак пра К.К. асілак запрог змея ў вялікі плуг і ўзараў глыбокую баразну (аж да самага мора). Сюжэт пра К.К. мае шмат агульнага з польск. паданнем пра змеяборца Крака і з сербскай эпічнай песняй пра змеяборца Дойчына.
Л.Р.Бараг.
т. 8, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІТЭМНЕ́СТРА, Клітэместра,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка цара Спарты Ціндарэя, жонка Агамемнана. За грахі яе бацькі К. асуджана Афрадытай тройчы быць замужам. Яе першы муж лідзійскі цар Тантал і іх малы сын былі забіты Агамемнанам, у вымушаным шлюбе з якім К. нарадзіла трох дачок і сына Арэста. У адсутнасць мужа, які кіраваў аблогай Троі, К. пакахала яго саперніка Эгісфа. Апошні забіў Агамемнана пры яго вяртанні з-пад Троі. Паводле літ. паслягамераўскай традыцыі, К., прыкрываючы ўласную здраду помстай за прынесеную мужам у ахвяру Артэмідзе дачку Іфігенію, сама забіла Агамемнана і прывезеную ім Касандру. Пасля царавала з Эгісфам у Мікенах. Забіта сынам Арэстам, які помсціў за бацьку. Вобраз К. адлюстраваны ў трагедыях Эсхіла і Эўрыпіда.
т. 8, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́СА ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ,
лінейнае функцыянальнае пераўтварэнне, якое пераводзіць функцыю f(t) сапраўднай пераменнай t (арыгінал) у функцыю F(s) камплекснай пераменнай (вобраз). Цесна звязана з Фур’ё пераўтварэннем. Выкарыстоўваецца для інтэгравання дыферэнцыяльных ураўненняў у задачах электратэхнікі, гідрадынамікі, механікі, тэорыі цеплаправоднасці.
Дазваляе зводзіць рашэнне, напр., звычайнага лінейнага дыферэнцыяльнага ўраўнення з пастаяннымі каэфіцыентамі да рашэння алг. ўраўнення 1-й ступені. Аднабаковае Л.п. матэматычна выражаецца праз інтэграл Лапласа
(інтэгралы такога віду разглядаліся П.С.Лапласам у працах па тэорыі імавернасцей у 1812, адсюль назва) Пры пэўных абмежаваннях на функцыю F(s) функцыя f(t) узнаўляецца адназначна па формулах абарачэння. Л.п. разам з яго абарачэннем складае аснову аперацыйнага злічэння.
А.А.Гусак.
т. 9, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛТУ́К (Алег Уладзіміравіч) (н. 25.8.1946, в. Рыжэнькі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1967). Настаўнічаў, працаваў ва ўшацкай раённай газеце. З 1999 у газ. «Віцебскі рабочы». У 1980—99 сакратар Віцебскага абл. аддзялення Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1964. Асн. тэмы твораў — мінулае і сучаснае роднай зямлі і народа, яго гераічная памяць, даследаванне нашага складанага і супярэчлівага часу. Вершы С. вылучаюцца пафасам неспакою, любові да свайго краю; цэнтральны вобраз у іх — зямля-карміцелька (зб-кі «Пачатак дня», 1974; «Працяг», 1977; «Святло зямлі», 1982; «На далонях жыцця», 1988; «Трывога лёсу», 1996). Літ. прэмія імя У.Караткевіча 2000.
Тв.:
Святло зямлі. Мн., 1992.
І.У.Саламевіч.
т. 14, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́РЫКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 19.11.1957, г. Гомель),
бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча (1978), Бел. кансерваторыю (1983, кл. С.Асколкава). З 1985 саліст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.Цітовіча, з 1988 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. Валодае моцным прыгожым голасам, тэмбр якога пашыраецца ад мяккага лірычнага барытона да аксамітнага драм. баса. Яго выкананню характэрны тэмперамент, драм. майстэрства, глыбокае пранікненне ў муз. вобраз. У канцэртным рэпертуары значнае месца займаюць песні бел. кампазітараў, у т. л. І.Лучанка, Э.Зарыцкага, Л.Захлеўнага, У.Будніка. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага радыёконкурсу «Новыя імёны» (1987), Гран-пры Міжнар. конкурсу «Музыка свету» (1998, Італія).
В.З.Анісовіч.
т. 14, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЫ́ЛА (Attila; ? — 453),
правадыр гунаў у 434—453. Да 445 кіраваў разам з братам Бледам, якога забіў. Узначальваў спусташальныя паходы на Усх. Рым. імперыю (443, 447—448), Галію (451) і Паўн. Італію (452); у 451 пацярпеў паражэнне на Каталаунскіх палях. Пры Атылу (яго рэзідэнцыя знаходзілася на тэр. сучаснай Венгрыі) саюз гунскіх плямёнаў дасягнуў найб. магутнасці і пашырыў сваю ўладу ад Волгі да Рэйна, ад дацкіх астравоў да Дуная. Памёр у Паноніі ў ноч пасля вяселля з германкай Ільдыкай. Створаная ім імперыя распалася адразу пасля яго смерці. Вобраз Атылы адлюстраваны ў сярэдневяковым гераічным эпасе (ісландскія песні «Старэйшая Эда», герм. «Песня пра Нібелунгаў»), гіст. аповесці венгра М.Олаха (перакладзена на старабел. мову ў канцы 16 ст. пад назвай «Гісторыя пра Атылу») і інш.
т. 2, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРСАЛА́ДЗЕ (Сімон Багратавіч) (н. 13.1.1909, Тбілісі),
тэатральны мастак. Нар. мастак Грузіі (1958) і СССР (1976). Акад. АМ СССР (1975). Вучыўся ў Тбіліскай (1926) і Ленінградскай (1928—31) АМ, Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це ў Маскве (1927—28). Гал. мастак Т-ра оперы і балета імя З.Паліяшвілі ў Тбілісі (1932—36) і Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава (1940—41, 1945—62). Яго работы ў афармленні оперных і балетных спектакляў адметныя ўменнем ствараць абагульнены вобраз, які адпавядае эмацыянальнай палітры музыкі: оперы «Даісі» Паліяшвілі, «Сям’я Тараса» Дз.Кабалеўскага, балеты «Спартак» А.Хачатурана, «Ангара» А.Эшпая, «Раймонда» А.Глазунова і інш. Аўтар касцюмаў для фільмаў «Гамлет», «Кароль Лір». Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1977, Ленінская прэмія 1970.
т. 4, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ТЭН ((Hutten) Ульрых фон) (21.4.1488, замак Бург-Штэкельберг, каля г. Шлюхтэрн, Германія — 29.8.1523),
нямецкі пісьменнік-гуманіст, публіцыст, ідэолаг рыцарства. З франконскага рыцарскага роду. У 1505—11 і пазней вучыўся ў шэрагу ням. і італьян. ун-таў. З 1519 прыхільнік рэлігійнай Рэфармацыі і М.Лютэра. Пісаў пераважна на лац. мове. Адзін з аўтараў антысхаластычнай і антыцарк. ананімнай сатыры «Пісьмы цёмных людзей» (1515—17). Аўтар памфлетаў, дыялогаў, пісем, у якіх стварыў ідэальны маст. вобраз Армінія, прапагандаваў ант. спадчыну, выступаў за рэформу імперыі (моцная вярх. ўлада імператара), адзінства Германіі, стварэнне незалежнай ад Рыма царквы, развіццё культуры на гуманіст. аснове і інш. Ідэйны правадыр рыцарскага паўстання 1522—23. Пасля яго паражэння ўцёк у Швейцарыю, дзе і памёр.
Тв.:
Рус. пер. — Диалоги. Публицистика. Письма. М., 1959.
т. 5, с. 551
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГУ́Н (Уладзімір Андрэевіч) (н. 10.4. 1922, в. Азломль Любанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Творы «Магіла невядомага салдата» (1957), «Вярнуўся» (1966), «Маці» (1969), «Да сына» (1973), «Парад Перамогі ў Маскве» (1984), «Маці ў блакаду» (1987) і інш. прысвечаны Вял. Айч. вайне. Вобраз чалавека-працаўніка ўвасоблены ў партрэтах «Даярка» (1951), «Стары з Лепельшчыны» (1963), «Настаўніца» (1973), карцінах «Будаўнікі» (1960), «Раніца ў калгасе» (1965), «Нафтаправод «Дружба» (1980), «Дарога да храма» (1999). Лірызмам і цеплынёй прасякнуты пейзажы «Беларускі пейзаж» (1949), «Далеч» (1955), «Стагі» (1965), «Вілія» (1969), «Мой горад» (1972), «Вясна на Палессі» (1979), «Месяцовая ноч» (1985), «Бярэзіна. Вёска Галынька» (1997), «Прыпяць» (1998).
Л.Ф.Салавей.
т. 9, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШКО́Ў (Васіль Васілевіч) (7.4.1893, Масква — 6.8.1963),
расійскі жывапісец, тэатр. мастак. Сын В.М.Мяшкова. Засл. дз. маст. Расіі (1944). Нар. мастак Расіі (1963). Правадз. член АМ СССР (1958). Вучыўся ў бацькі і ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1909—17). Член Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). Выкладаў у Дзярж. вольных маст. майстэрнях у Разані (1919—21). Афармляў спектаклі Разанскага драм. т-ра (1919—21), Новасібірскага опернага т-ра (1926—29). Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «На заводзе «Серп і молат» (1923), «Шэры дзень» (1927), «Роздум» (1939) і інш. У манум. эпічных палотнах «Сказанне пра Урал» (1949), «Кама», «Прасторы Камы» (абодва 1950), «Восень у Карэліі» (1951) і інш. перадаў велічны вобраз прыроды рас. Поўначы і Урала. Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 11, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)