МЕЙ (Леў Аляксандравіч) (25.2.1822, Масква — 28.5.1862),
рускі паэт. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1841). Служыў чыноўнікам, з 1852 у адстаўцы. Друкаваўся з 1840. Ранняя яго творчасць дэкларавала ідэал мастацтва, свабоднага ад грамадскай надзённасці. Паступова паэт наблізіўся да грамадз. лірыкі (верш «Вечавы звон», апубл. ананімна 1858, распаўсюджваўся ў спісах). Вершам у стылі нар. песень, на ант. і біблейскія тэмы, інтымнай лірыцы ўласцівы шчырасць пачуцця, уменне перадаць складаныя рухі душы. Значную ролю ў развіцці рус. драматургіі адыгралі яго гіст. драмы ў вершах «Царская нявеста» (1849), «Пскавіцянка» (1860), на сюжэты якіх М.Рымскі-Корсакаў стварыў аднайм. оперы. Аўтар паэмы «Юдзіф» (1855), паэт. пералажэнняў «Песні песняў» (цыкл «Яўрэйскія песні», 1849—60), «Слова аб палку Ігаравым» (1841—50), нарысаў, апавяданняў. Перакладаў на рус. мову творы Г.Гейнэ, У.Шэкспіра, І.В.Гётэ, П.Беранжэ, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Анакрэонта, Т.Шаўчэнкі і інш. Многія вершы М. пакладзены на музыку М.Глінкай, П.Чайкоўскім, А.Барадзіным, М.Мусаргскім, С.Рахманінавым і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РШТЫН ((Morsztyn) Збігнеў) (каля 1628, Польшча — 13.12.1689),
польскі паэт і перакладчык. З 1646 служыў у Радзівілаў на Беларусі і Літве. За ўдзел у ваен. паходах атрымаў пасаду мазырскага мечніка (1657). Сябраваў з жыхарамі Слуцка — мемуарыстам С.Незабітоўскім і выдаўцом К.Клакоцкім. У паэме «Слаўная перамога над туркамі...» (1674), якая была двойчы выдадзена ў Слуцку, ушанаваў памяць удзельнікаў бітвы пры Хаціне (1674). Там жа надрукаваны яго верш на смерць Клакоцкага (1675). Аўтар вершаванага цыкла «Эмблемы» (1678—80), прысвечанага князёўне К.Радзівіл, паэт.зб. «Хатняя Муза» (увайшлі вершы 1675—83), паэмы «Песня ў прыгнёце» (1671), элегій «Жалобныя плачы Апалона з музамі» (1682). У яго паэзіі адбіліся рысы барока, у ёй гучыць заклік да рэліг. цярпімасці, асуджэнне амаральнасці магнатаў.
Тв.:
Muza domowa. Т. 1—2. Warszawa, 1954;
Wybór wierszy. Wrocław, 1975.
Літ.:
Pelc J. Zbigniew Morsztyn, arianin i poeta. Wrocław, 1966;
Яго ж Zbigniew Morsztyn na tle poezji polskiej XVII w. Warszawa, 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́ЎСКІ (Несцер Фёдаравіч) (9.11.1902, в. Вешкі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.11.1950),
бел. кампазітар, хормайстар, фалькларыст. Скончыў Мінскі муз. тэхнікум (1931, кл. М.Аладава), вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1932—35). З 1926 акцёр і хормайстар БДТ-3, з 1931 кіраўнік самадз. хораў. У 1937—41 адзін з арганізатараў і хормайстар Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі. З 1943 маст. кіраўнік Палескага абл. ансамбля песні і танца, з 1944 нач. аддзела маст. самадзейнасці Упраўлення па справах мастацтваў пры СНКБССР, з 1946 ст. рэдактар рэдакцыі муз. л-ры Белдзяржвыдавецтва. Аўтар музыкі Дзярж. гімна БССР (верш М.Клімковіча), многіх хароў, песень на вершы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, А.Русака, М.Чарота і інш., інстр. мініяцюр, вак. сюіт на тэмы бел.нар. песень. Запісаў і апрацаваў больш за 500 бел.нар. песень (у т. л. «Ой ты, белая бярозанька», «Падушачка», «Чабарок», «Чаму зязюля не кукавала») і найгрышаў.
Літ.:
Нісневіч І.Г. Кампазітар Нестар Сакалоўскі. Мн., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХА́РН ((Verhaeren) Эміль) (21.5.1855, Сент-Аман, каля г. Антверпен, Бельгія — 27.11.1916),
бельгійскі паэт, драматург і крытык. Пісаў на франц. мове. Скончыў езуіцкі калегіум і юрыд.ф-т Брусельскага ун-та. Адзін з заснавальнікаў літ. руху «Маладая Бельгія» (1881). Аўтар паэт. зб-каў «Фламандкі» (1883), «Манахі» (1886), «Вечары» (1887), «Крушэнні» (1888), «Чорныя паходні», «Постаці на маёй дарозе» (абодва 1891), «Ашалелыя вёскі» (1893), «Гарады-спруты», «Прывідныя вёскі», «Дванаццаць месяцаў» (усе 1895), «Лозы майго муру» (1899), «Мітуслівыя сілы» (1902), «Уся Фландрыя» (190411), «Паэмы і легенды Фландрыі і Брабанта» (1916), лірычных драм («Кляштар», 1900), маст. біяграфій («Рэмбрант», 1904; «Рубенс», 1910), антываен. публіцыстычнай кнігі «Скрываўленая Бельгія» (1915). У паэзіі Верхарна адчувальны ўплыў творчасці У.Уітмена і франц. сімвалістаў. Яна надзвычай цікавіла М.Багдановіча, які пераклаў на бел. мову верш Верхарна «Паўстанне». Творы Верхарна перакладаў на бел. мову Л.Баршчэўскі.
Тв.:
Бел.пер. — Няўлоўнае;
Пабожнае // Наша слова. 1994. 30 сак.;
Рус.пер. — Избранное. М., 1955;
Избр. стихотворения. М., 1984.
Літ.:
Волошин М. Верхарн: Судьба, творчество, переводы. М., 1919;
Фрид Я.В. Эмиль Верхарн: Творческий путь поэта. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІД ЛІТАРАТУ́РНЫ,
устойлівая форма развіцця літаратуры, якая склалася гістарычна як адна з праяў роду літаратурнага (эпасу, лірыкі, драмы). Вылучаюць асн. віды эпасу — эпапея, раман, аповесць, апавяданне, нарыс, казка і інш., лірыкі — верш, паэма, песня, дыфірамб, элегія і інш., драмы — трагедыя, драма, камедыя. Від літаратурны непасрэдна выяўляе ўзаемасувязь паміж тэмай, ідэяй твора і іх маст. увасабленнем, стылем твора. Таму ў развіцці віду адлюстроўваюцца жыццёвыя і літ. з’явы, якім ён абавязаны сваім узнікненнем, існаваннем. Склаўшыся як пэўная форма літ. твораў, від літаратурны валодае адносна ўстойлівымі кампазіцыйнымі адзнакамі або адзінствам праблематыкі, пафасу. Напр., раман, аповесць, апавяданне вызначаюцца як вялікая, сярэдняя і малая формы, у вызначэнні віду ў лірыцы і драматургіі ўлічваюцца найперш тэматычныя асаблівасці твораў аднаго віду або характар іх пафасу (камедыя, трагедыя, ода, элегія, дыфірамб). Від літаратурны ў сваю чаргу мае свае падвіды, або жанравыя формы (напр., адрозніваюцца раманы філас., псіхал., быт., гіст., дэтэктыўны і інш.). У сучасным літ.-знаўстве часам адбываецца атаясамліванне паняццяў від літаратурны і жанр літаратурны з-за цяжкасці іх тэарэт. размежавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУЛІ́ЦКІ ((Gomulicki) Віктар) (17.10.1848, г. Астралэнка, Польшча — 14.2.1919),
польскі пісьменнік, літ.-знавец, публіцыст, літ. крытык. Вучыўся ў Варшаўскай гал. школе (1866—69). Аўтар паэт.зб. «Паэзія» (1873, 1882, 1886), «Новыя песні» (1896), «Светачы» (1919), гіст. раманаў «Чароўная гараджанка» (1897), «Меч і локаць» (1903), а таксама апавяданняў пра даўнюю Варшаву (1900—09). Лепшыя творы пазначаны рамант. традыцыямі, вызначаюцца гуманіст. накіраванасцю, выкрыццём сац. несправядлівасці. Папулярызаваў творчасць А.Пушкіна, М.Някрасава, Л.Талстога. Збіраў рукапісы вядомых асоб, звязаных з Беларуссю: сямейны архіў Храптовічаў (за 1644—1721), лісты мінскага ваяводы А.Хмары (1754—90), аўтограф шляхецкага роду Касцюшкаў (1645—1792), Міцкевічаў (1706—1824). Зберагаюцца ў б-цы імя Асалінскіх (Польшча). Творы Гамуліцкага, напісаныя пад уражаннем яго падарожжа па Беларусі ў 1907, прасякнуты дэмакр. матывамі. На бел. мову яго верш «На Белай Русі» пераклалі Н.Душэўская, А.Стаповіч, М.Танк. Зычліва ўспрыняў выхад газ. «Наша ніва». Аднак ідэалізаваў ролю панскай арыстакратыі на Беларусі, з-за ўплыву перадавой польск. культуры не заўважаў палітыкі эканам. прыгнёту, дэнацыяналізацыі бел. мужыка з боку польскіх памешчыкаў, каталіцкага духавенства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА СТАРО́ГА ДЗЕ́ДА»,
ананімны вершаваны твор бел. л-ры 19 ст. Напісаны ў пач. 1861. Надрукаваны ў выглядзе агітацыйнай брашуры Б.Шварцэ, А.Белакозам, Грынявіцкім у беластоцкай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. Вядомыя 2 выданні: каб увесці ў зман цэнзуру, на тытуле аднаго пазначана Познань, другога — Парыж. Да аднаго з выданняў прыкладзены бел.верш У.Сыракомлі «Добрыя весці». Публікавалася ў львоўскай газ. «Dziennik literacki» («Літаратурны дзённік». 1861. № 89), распаўсюджвалася ў рукапісах і літаграфічна. Выкрывала царскія парадкі, заклікала бел. сялян падтрымліваць польскі вызв. рух. Складальнікі — шляхецкія рэвалюцыянеры — дапускалі ідэалізацыю мінулага Рэчы Паспалітай, заклікалі да класавага міру ў імя нац. адзінства. У навук. л-ры аўтарам «Гутаркі...» называлі В.Каратынскага, У.Сыракомлю, В.Дуніна-Марцінкевіча.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988;
Каратынскі В. Творы. 2 выд.Мн., 1994.
Літ.:
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963. С. 136—145;
Революционная Россия и революционная Польша. М., 1967. С. 39—63;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 19—21.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЫ́ЦКІ (Аляксей Аляксандравіч) (22.3.1911, г.п. Хоцімск Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1987),
бел.паэт. Скончыў Маскоўскі ін-т замежных моў (1936). Першы зб. вершаў «Эпічныя фрагменты» (1932). Апавядальнасць, стрыманасць пачуццяў, лірызм, уменне раскрыць філас. сэнс у звычайных з’явах — асн. рысы яго паэзіі.’Найб. уласцівыя яму жанры эпічнай паэзіі — сюжэтна-лірычны верш, блізкі да балады (зб-кі вершаў і паэм «Дняпроўскае рэха», 1946, «Размова з сэрцам», 1961, «Мая асяніна», 1973, «Каля вячэрняга кастра», 1979, і інш.). У многіх вершах і паэмах адлюстраваны падзеі Вял.Айч. вайны. Аўтар паэм «Аповесць пра залатое дно» (1954), «Марыля» (1965), «На волю» (1969) і інш. У паэме «Вяртанне на Зямлю» (1964) паказаў імкненне чалавека да ведаў, да пазнання таямніц сусвету. Гумарыстычныя і сатыр. творы ў зб-ках «Пасылка ў рай» (1960), «Талоны на бяссмерце» (1974). Пераклаў на бел. мову паэму К.Данелайціса «Чатыры пары года» (1961), аповесці Г.Зэгерс «Чалавек і яго імя» (1958), Ю.Брэзана «Крыста» (1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАЖЫНІ́ЗМ,
плынь у рускай паэзіі 1920-х г., якую прадстаўляла аб’яднанне «Імажыністы» (тэарэтыкі В.Шаршаневіч і А.Марыенгоф, паэты С.Ясенін, І.Грузінаў, Р.Іўнеў, А.Кусікаў, мастакі Б.Эрдман, Г.Якулаў). Імажыністы апублікавалі дэкларацыю (1919), мелі сваё выд-ва «Імажыністы» (выпусціла больш за 20 кніг) і час. «Гостиница для путешествующих в прекрасном» (1922—24, № 1—4).
Яны развівалі эстэт. прынцыпы англ. паэтаў-імажыністаў (адмаўленне акадэмізму і рытарычнасці, арыентацыя на творчую інтуіцыю і парадаксальную вобразнасць), спалучалі іх з традыцыямі айч.маст. культуры (рытмічная і вобразная разнастайнасць фальклору, вольны верш, элементы сімвалізму, пераўтварэнне адных і адмаўленне другіх рыс паэтыкі футурызму), сцвярджалі аўтаномнасць паэт. мовы, самакаштоўнасць вобразнасці, метафарыстыкі і рытмікі, схіляючыся часам да «чыстага мастацтва».
І. паўплываў на маладую бел. паэзію і часткова крытыку 1920-х г. (мадэрнісцкія тэндэнцыі ў «Маладняку», «кантрастная вобразнасць» у дэкларацыі «Узвышша», «жывапісанне словам» у паэзіі і прозе, акцэнт на «асацыятыўную рытміку вобразаў»), Асобныя рысы паэтыкі І. прыкметныя ў ранняй творчасці Я.Пушчы, Т.Кляшторнага, прозе А.Бабарэкі і інш. маладнякоўцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́НІН (Міхаіл Кузьміч) (29.10.1918, г. Астрахань, Расія —6.8.1976),
расійскі паэт. Скончыў Сталінградскі настаўніцкі ін-т (1937), вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1937—41). У Вял.Айч. вайну ўдзельнік вызвалення Брэста. Друкаваўся з 1935. У паэт. зб-ках «Сэрцабіццё» (1947), «Лірыка» (1950), «Клятва» (1962), «Пяць кніг» (1974), паэме «Працоўны дзень» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), аповесці ў вершах «Прызнанне ў каханні» (1959), зб. вершаў і паэм «Неабходнасць» (1969, Дзярж. прэмія СССР 1973) і інш. — тэмы гісторыі і сучаснасці, кахання і адзіноты. У 1945 кіраваў літ. аб’яднаннем у Брэсце пры газ. «Заря». У кнізе артыкулаў «Таварыш паэзія» (1963) пісаў пра вызваленне Мінска, пра Брэст у першы пасляваенны год, пра А.Куляшова. Асобныя творы прасякнуты бел. матывамі. Брэсту прысвяціў верш «У Брэсце», Мінску — «Абеліск». На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Куляшоў, А.Вялюгін, Ю.Свірка, У.Шахавец і інш.