ВЭ́НДЖАННЕ,

спосаб апрацоўкі харч. прадуктаў (пераважна сала, мяса, рыбы, сыру) для павышэння стойкасці пры доўгім захоўванні і надання ім спецыфічных смакавых якасцей; адзін са спосабаў кансервавання. Заснаваны на бактэрыцыдным і бактэрыястатычным дзеянні дыму, цяпла, вяндлярных вадкасцей і парашкоў. Разнавіднасці вэнджання — абсмажванне і запяканне ў дыме.

Прамысл. вэнджанне робіцца ў спец. вяндлярных прыстасаваннях дымам ад няпоўнага згарання драўніны ліставых парод: халоднае пры т-ры 18—22 °C працягласцю прыблізна 3—7 сутак (мясных прадуктаў) і 20—40 °C працягласцю 0,5—3 сутак (рыбных); гарачае пры т-ры 35—50 °C на працягу 12—48 гадз і 80—160 °C на працягу 0,5—6 гадз. Пры мокрым вэнджанні вяндлярныя вадкасці наносяць на прадукты, дадаюць у фарш (пры вырабе каўбас) або ў сумесь для салення (пры вырабе вяндліны) Выкарыстоўваецца і эл. (паскораны) спосаб вэнджання, пры якім іанізаваныя токам часцінкі дыму накіравана рухаюцца ў эл. полі высокага напружання і асядаюць на паверхні прадуктаў. На Беларусі здаўна свіныя лапаткі, кумпякі, каркавіну, каўбасы вэндзілі ў дамашніх вяндлярнях, комінах, лазнях, ёўнях. На паліва ішлі трэскі, стружкі, пілавінне дубу, вольхі, клёну, ясеню, каштану, яблыні, грушы. Каб надаць вяндліне прыемны пах, палілі ядловец (з іголкамі і шышкаягадамі), ельнік з шышкамі.

К.В.Фамічэнка.

т. 4, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТВО́Р,

1) рухомая канструкцыя, якая цалкам або часткова перакрывае адтуліну і дае магчымасць рэгуляваць паступленне праз яе вадкасці, газу і інш. З. ў гідратэхнічных збудаваннях робяцца з металу, жалезабетону, дрэва; бываюць паверхневыя і глыбінныя; плоскія, сегментныя, шандорныя, вальцовыя, сектарныя, дыскавыя і інш. 2) Механізм фатаграфічнага апарата, які аўтаматычна рэгулюе працягласць экспанавання (вытрымку) фотаматэрыялу пры здымцы. Бываюць апертурныя (устанаўліваецца ўнутры аб’ектыва каля апертурнай дыяфрагмы) і факальныя (каля задняй факальнай плоскасці аб’ектыва). У залежнасці ад віду светлавых засланак падзяляюцца на дыскавыя (у т.л. абцюратар), пялёсткавыя, шторныя, ламельныя і інш. 3) Прыстасаванне ў агнястрэльнай зброі, прызначанае для дасылання патрона (артыл. выстралу) у патроннік (камору), запірання канала ствала з боку казённай часткі, выканання выстралу і выкідвання гільзы. Падзяляюцца на неаўтам., паўаўтам. і аўтам.; З. артыл. гармат — на клінавыя (вертыкальныя і гарызантальныя; выкарыстоўваюцца з пач. 17 ст.) і поршневыя (такі З. стварыў рус. вынаходнік У.С.Бараноўскі ў 1872).

Схема шторава-шчыліннага фатаграфічнага затвора: 1 — барабан; 2 — святлонепранікальныя шторкі; 3 — тасёмкі шторак; 4 — шчыліна; 5 — плёнка; 6 — гільзы шторак.
Затворы артылерыйскіх гармат: а — клінавы вертыкальны ў гармат малых калібраў (1 — казённік, 2 — клін); б — поршневы ў гармат сярэдніх і буйных калібраў (1 — рукаятка рамы, 2 — поршань; 3 — затворнае гняздо казённіка).

т. 7, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМАТУ́РА

(ад лац. armatura узбраенне, амуніцыя),

дапаможныя, звычайна стандартныя прылады, прыстасаванні і дэталі, неабходныя для забеспячэння нармальнай работы абсталявання і трываласці канструкцый. Арматура жалезабетонных канструкцый успрымае пераважна расцягвальныя намаганні і стварае папярэдняе напружанне. Падзяляецца на рабочую (разліковую), мантажную і размеркавальную (канструкцыйную). Арматура павінна быць трывалая, пластычная, вязкая, добра зварвацца.

Найб. пашырана арматура стальная стрыжнёвая (гарачакачаная, умацаваная тэрмічна і выцягваннем) і драцяная (арматурны дрот, пасмы, канаты, тканыя і зварныя сеткі). Дыям. стрыжнёвай арматуры 6—90 мм, драцяной 3—8 мм. Для паляпшэння счаплення арматуры з бетонам ёй надаюць перыядычны профіль. У якасці арматуры жалезабетонных канструкцый выкарыстоўваюць таксама шкловалакно і вырабы з яго, шклапластыкі і інш. Арматура трубаправодная рэгулюе цячэнне вадкасці, паліва, газу, пары па трубах. Падзяляецца на запорную, рэгулявальную, вадазборную і засцерагальную (вентылі, краны, засаўкі, клапаны, рэгулятары ціску, кандэнсатаадводчыкі і інш.). Арматура электратэхнічная — шчыткі, патроны, выключальнікі, штэпсельныя разеткі і вілкі, некаторыя дэталі эл. машын, дэталі і прыстасаванні для мацавання ізалятараў і правадоў і інш. Арматура святлотэхнічная — часткі асвятляльных прыстасаванняў, прызначаныя для размеркавання светлавога патоку і аховы вачэй ад яркіх прамянёў, для падводу эл. току, прымацавання і аховы лямпаў ад пашкоджанняў і інш. Арматура пячная (металургічных пячэй) — сукупнасць метал. частак, якія павялічваюць трываласць печы і ахалоджваюць яе вонкавую паверхню.

т. 1, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАДЫНА́МІКА

(ад аэра... + дынаміка),

раздзел аэрамеханікі, у якім вывучаюцца законы руху газападобнага асяроддзя і яго ўзаемадзеяння з цвёрдымі целамі; тэарэт. аснова авіяцыі, ракетнай тэхнікі, метэаралогіі, турбабудавання і інш. Разглядае рух целаў з дагукавымі скорасцямі (да 1200 км/гадз); рух целаў са скорасцю, большай за скорасць гуку, вывучае газавая дынаміка. Аэрадынаміка ўзнікла ў 20 ст. ў сувязі з развіццём авіяцыі. Тэарэтычнае рашэнне задач аэрадынамікі заснавана на ўраўненнях гідрааэрамеханікі. Пры вырашэнні найбольш простых пытанняў (размеркаванне ціску і скорасцяў вакол абцякальнага цела і інш.) выкарыстоўваецца набліжэнне ідэальнай вадкасці, несціскальнай пры малых і сціскальнай пры вял. скорасцях. Наяўнасць вязкасці ў рэальных вадкасцях прыводзіць да ўзнікнення супраціўлення і ўлічваецца пры вывучэнні цеплаабмену целаў з патокам газу.

Спец. прыкладныя часткі аэрадынамікі: аэрадынаміка самалёта (вывучае рух самалётаў цалкам), знешняя балістыка (даследуе палёт снарадаў), аэрадынаміка турбамашын і рэактыўных рухавікоў, прамысловая аэрадынаміка (разлік паветранадзімальных установак, ветравых рухавікоў, струменных апаратаў, вентыляцыйнай тэхнікі, аэрадынамічных сіл, якія ўзнікаюць пры руху аўтамабіляў, цягнікоў і інш.). Эксперыментальная аэрадынаміка з дапамогай аэрадынамічных трубаў вызначае лікавыя каэфіцыенты сіл і момантаў, што дзейнічаюць на цела з боку газавага патоку. У аэрадынаміцы шырока выкарыстоўваецца матэм. мадэляванне з дапамогай ЭВМ.

Літ.:

Струминский В.В. Аэродинамика и молекулярная газовая динамика. М., 1985;

ЭВМ в аэродинамике: Пер. с англ. М., 1985;

Киреев В.И., Войновский А.С. Численное моделирование газодинамических течений. М., 1991.

Ю.В.Хадыка.

т. 2, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту для перамяшчэння цвёрдых сыпкіх матэрыялаў патокам вады. Падзяляецца на безнапорны (самацёчны) і напорны. Выкарыстоўваецца пры гідрамеханізацыі земляных і горных работ, транспарціроўцы сыравіны на цукр. і спіртавых з-дах, драніцы і папяровай масы на папяровых ф-ках, выдаленні попелу і шлаку з кацельняў і інш.

Транспартаванне ажыццяўляецца пры скарасцях вадкасці, большых за крытычную, калі завіслыя часцінкі матэрыялу не асядаюць. У самацёчным гідраўлічным транспарце сумесь матэрыялаў з вадой (пульпа) перамяшчаецца па трубах, жалабах, каналах пад нахілам, у напорным — па трубаправодах з дапамогай помпаў, землясосаў, эрліфтаў і інш. Гідраўлічны транспарт вызначаецца высокай прадукцыйнасцю, малымі эксплуатацыйнымі выдаткамі, магчымасцю транспартавання на вял. (да соцень кіламетраў) адлегласці і спалучэння з інш. тэхнал. працэсамі (напр., гідраўлічным разбурэннем пароды, абагачэннем матэрыялаў). Недахопы — значныя расходы вады і эл. энергіі, хуткае зношванне помпаў і трубаправодаў. Набывае пашырэнне кантэйнерны трубаправодны гідраўлічны транспарт (у шэрагу краін запатэнтаваны як «безнапорны трубаправодны транспарт» — БТТ). Герметычныя кантэйнеры-цыліндры, загружаныя матэрыялам, падаюцца ў запоўнены нясучай вадкасцю трубаправод і перамяшчаюцца ім за кошт перападу ціскаў у пачатку і канцы трубаправода або з дапамогай розных рухачоў (тросавых, стужачных, эл.-магнітных). БТТ адрозніваецца таннасцю, незалежнасцю ад надвор’я, матэрыял транспартуецца з высокай канцэнтрацыяй, не забруджваецца нясучай вадкасцю, непатрэбна яго абязводжванне. Гл. таксама Трубаправодны транспарт.

Літ.:

Введение в аэрогидродинамику контейнерного трубопроводного транспорта. М., 1986.

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ДКІЯ ПАЎПРАВАДНІКІ́,

вадкасці, якія маюць уласцівасці паўправаднікоў. Адкрыты А.Ф.Іофе і А.Р.Рэгелем у пач. 1950-х г. Па фармальных прыкметах вадкія паўправаднікі — расплавы з удзельнай электраправоднасцю пры нармальных умовах у інтэрвале (10​-8 — 10​-5) Ом-1·м-1; маюць электронную электраправоднасць.

Вадкія паўправаднікі ўтвараюцца пры плаўленні шэрагу крышталічных кавалентных паўправаднікоў (селен Se, злучэнні тыпу A2IBVI, AIIBVI, AIIIBVI, A2VB3VI і інш.), пры ўмове захавання кавалентных міжатамных сувязяў. У гэтым выпадку не мяняецца (ці нязначна памяншаецца) удзельная электраправоднасць і захоўваецца яе паўправадніковы характар тэмпературнай залежнасці ў адрозненне ад некаторых крышталічных паўправаднікоў (крэмній Si, германій Ge, AIIIBV і інш.), электраправоднасць якіх пры плаўленні рэзка павялічваецца да значэнняў, характэрных для металаў. Некаторыя вадкія паўправаднікі пры далейшым павелічэнні т-ры трацяць паўправадніковыя ўласцівасці і набываюць металічныя (напр., сплавы тэлур—селен Te—Se, багатыя Te).

Вадкія паўправаднікі выкарыстоўваюцца ў тэрмаэлементах, радыяцыйнаўстойлівых высокатэмпературных тэрмістарах і пераключальніках і інш.

Літ.:

Катлер М. Жидкие полупроводники: Пер. с англ. М., 1980;

Глазов В.М., Кольцов В.Б., Курбатов В.А. Экспериментальное исследование электрофизических свойств кремния вблизи фазового перехода кристалл — расплав в твердом и жидком состоянии. // Расплавы. М., 1987. Т. 1, вып. 1.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯНДЛЯ́РНЯ,

устаноўка (печ, шафа, апарат, камера) для вэнджання мясных прадуктаў, сала, рыбы, сыру і інш. ўздзеяннем дыму, цяпла, вяндлярных вадкасцей. Прамысл. вяндлярні бываюць перыядычнага (камерныя, пралётныя) і неперарыўнага (тунэльныя, вежавыя, шахтавыя) дзеяння.

Дым атрымліваецца ў топцы печы або ў спец. дымагенератары (часцей размешчаны па-за печчу) пры няпоўным згаранні драўніны ці пілавіння пераважна лісцевых парод. Перад паступленнем у зону вэнджання дым праходзіць праз фільтры для ачысткі ад канцэрагенных рэчываў. Для цеплавой апрацоўкі выкарыстоўваюць дым у сумесі з паветрам або толькі паветра, якія награюцца ў каларыферах і перамяшчаюцца вентылятарамі. Выкарыстоўваюць і інфрачырвоныя прамяні. Вяндлярныя вадкасці (іх наносяць на прадукты, дадаюць у фарш або ў сумесь для салення) атрымліваюць у асн. дыстыляцыяй, перагонкай і адсорбцыяй з воднага канцэнтрату дыму. Эфектыўныя і эканамічныя эл. вяндлярні, напр. вертыкальнага тыпу з сістэмай шахтаў, канвеерам і эл. прыстасаваннямі. У іх падсушка і прапяканне (рыбы) робяцца інфрачырвоным выпрамяненнем, само вэнджанне — дымам ад дымагенератара (часцінкі дыму іанізуюцца ў эл. полі і асаджваюцца на паверхні прадукту).

На Беларусі здаўна былі пашыраны вежавыя пераважна двух’ярусныя вяндлярні. На іх 1-м ярусе распальвалі агонь, на 2-м на жэрдках падвешвалі прадукты. Палілі сырую яблыню, галлё ядлоўцу, граба, дуба, тырсу і інш. У апошні час будуюць цагляныя або каменныя кампактныя вяндлярні, выкарыстоўваюць міні-вяндлярні, заводскія і самаробныя, падручныя прыстасаванні (бочкі, бітоны, каністры, вёдры без дна, трубы, скрыні і г.д., апрача пакрытых лакам, палімернымі смоламі і зробленых з ДСП).

К.В.Фамічэнка.

т. 4, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЗА́МЫ

(ад грэч. balsamon араматычная смала),

натуральныя сумесі арган. рэчываў, пераважна эфірных алеяў, раствораных у іх смолаў, араматычных злучэнняў і інш. кампанентаў. Большасць — празрыстыя або афарбаваныя сіропападобныя вадкасці з прыемным пахам і вострым горкім смакам, раствараюцца ў арган. растваральніках, на паветры паступова гусцеюць і цвярдзеюць, у арганізме чалавека і жывёл часткова акісляюцца.

Бальзамы — прадукты жыццядзейнасці раслін: назапашваюцца ў міжклетніках або смаляных хадах кары, радзей драўніны і лісця, ці ўтвараюцца пры іх пашкоджванні. Мяркуюць, што яны выконваюць у раслінах ахоўную функцыю. Бальзамы ёсць у некаторых бальзамных раслінах тропікаў (мекскі, капайскі, перуанскі, талуанскі бальзам і інш.), сярэдніх і паўн. шырот (кедравы бальзам, хваёвы бальзам, або жывіца, піхтавы бальзам, канадскі бальзам і інш.). Атрымліваюць пераважна падсочкай дрэў у перыяд іх вегетацыі. На Беларусі здабываюць бальзамы хвоі і елкі (больш за 10 тыс. т за год). Выкарыстоўваюцца ў медыцыне (у залежнасці ад саставу маюць антысептычнае, мясцовараздражняльнае, процізапаленчае, адхарквальнае, мачагоннае, антыгельмінтнае і дэзінфекцыйнае дзеянне, сродак для лячэння экзем, ганарэі і інш. захворванняў, бальзаміравання трупаў), у касметыцы, хім. (выраб лакаў, палітур, эмаляў, шкіпінару, фотарэагентаў, хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў і інш.), парфумернай прам-сці, у оптыцы.

Бальзамамі называюць таксама штучныя сумесі (напр., мускатны бальзам — сумесь мускатнага алею, воску і аліўкавага алею; бальзам Шастакоўскага, або вінілін — полівінілбутылавы эфір) ці спіртавыя растворы эфірных алеяў, настояў траў і інш. («Беларускі бальзам», «Рыжскі бальзам», «Бальзам Бітнера» і інш.). Штучныя бальзамы таксама выкарыстоўваюць у медыцыне, парфумерыі і касметыцы, як харчовыя прадукты і інш.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 2, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ І ІНСТРУМЕ́НТЫ,

прыстасаванні для вымярэння даўжынь ліній, вуглоў, перавышэнняў, азімутаў пры нівеліраванні, тапагр. здымцы, маркшэйдэрскіх работах, вышуканнях, будаўніцтве, мантажы і эксплуатацыі розных інж. збудаванняў. Паводле прынцыпу работы і будовы адрозніваюць мех., оптыка-мех., электрааптычныя і радыёэлектронныя геад. прылады. Стальныя або інварныя мерныя стужкі выкарыстоўваюць для вымярэння даўжынь ліній, базісныя прылады з падвесным інварным дротам — для вызначэння базісаў і трыянгуляцыі, дальнамерамі (святлодальнамер, радыёвышынямер, радыёдальнамер) вызначаюць даўжыню ліній без непасрэдных вымярэнняў з дакладнасцю да 0,1 мм на 100 м. Вуглы вымяраюць тэадалітамі (высокадасканальныя аптычныя, фотатэадаліты, гідратэадаліты) і бусоллю. Дакладнасць вымярэння вуглоў ад 15′—10′ у бусолі да 0,5″ у аптычнага тэадаліта. Нівеліры выкарыстоўваюць пераважна для вымярэння перавышэнняў, стварэння нівелірнай сеткі, вышыннага абгрунтавання тапагр. здымак. Паводле дакладнасці яны падзяляюцца на высокадакладныя, дакладныя і тэхнічныя. Гідрастатычнымі нівелірамі карыстаюцца зрэдку, прынцып дзеяння іх заснаваны на вымярэнні ўзроўняў вадкасці ў сасудах, злучаных гнуткім шлангам. З камбінаваных геадэзічных прылад найчасцей выкарыстоўваюць тахеометр (для вымярэння гарыз. і верт. вуглоў, даўжынь ліній і перавышэнняў) і кіпрэгель (для вымярэння верт. вуглоў, адлегласцей, перавышэнняў і графічнай пабудовы напрамкаў пры выкананні спец. мензульнай здымкі). Экліметр выкарыстоўваюць у геад. здымцы для вымярэння вуглоў нахілу ліній з дакладнасцю да 0,1°; экер — для адкладання на мясцовасці фіксаванага вугла; мензула (дошка-планшэт і падстаўкі з установачнымі прыстасаваннямі) — асн. ч. камплекта для тапагр. мензульнай здымкі; ватэрпас вадкасны або электрамеханічны — для вызначэння становішча геад. прылад і іх асобных вузлоў адносна верт. ліній; рэйка геадэзічная (брусок даўж. 1,5—4 м з нанесенай шкалой) — для вымярэння адлегласцей або перавышэнняў пры тапагр. здымцы. Пры складанні планаў, картаў і пры карыстанні імі ўжываюцца каардынатографы, маштабныя лінейкі і вымяральнікі, транспарціры, планіметры і курвіметры.

Р.А.Жмойдзяк.

т. 5, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы для аховы (гідраізаляцыі) буд. канструкцый, будынкаў і збудаванняў ад шкоднага ўздзеяння вады і хімічна агрэсіўных водных раствораў. Падзяляюцца на проціфільтрацыйныя (герметызавальныя) і процікаразійныя; паводле віду асн. матэрыялу — на нафтабітумныя, дзёгцевыя, палімерныя, армацэментавыя і інш. (у іх састаў могуць уводзіцца мінер. напаўняльнікі і мадыфікаваныя дабаўкі — растваральнікі, стабілізатары, пластыфікатары, антысептыкі, структураўтваральнікі і г. д.). Бываюць абклеечныя, абмазачныя, цвёрдыя і пластычныя. Могуць арміравацца стальнымі або палімернымі валокнамі, метал. або шкласеткай, шклотканінай і інш.

Абклеечныя гідраізаляцыйныя матэрыялы — руберойд, пергамін, гідраізол, шклоруберойд, металаізол і інш. рулонныя матэрыялы, аснова якіх (з кардону, шкловалакна, метал. фольгі і інш.) прамочана або пакрыта бітумам ці дзёгцевымі рэчывамі. Укладваюць у некалькі слаёў, змацоўваюць масцікай. Абмазачныя гідраізаляцыйныя матэрыялы — гарачыя або халодныя бітумныя і дзёгцевыя масцікі, бітумныя лакі і фарбы з напаўняльнікамі, пасты і эмульсіі (гл. Лакафарбавыя матэрыялы). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі трубаправодаў, падземнай часткі жалезабетонных канструкцый, для аховы метал. канструкцый ад карозіі. Цвёрдыя гідраізаляцыйныя матэрыялы — тынк цэментавы (з воданепрымальнымі і ўшчыльняльнымі дабаўкамі), асфальтавы і інш.; пліты і маты асфальтавыя (арміраваныя і неарміраваныя, гарачапрасаваныя); прыродныя, керамічныя і бетонныя камяні, прамочаныя арган. вяжучымі рэчывамі; жалезабетонныя вырабы (бетоны высокай шчыльнасці), а таксама лісты са сталі і інш. Выкарыстоўваюць для аховы фундаментаў і сцен будынкаў, тунэляў, рэзервуараў, гідратэхн. збудаванняў. Пластычныя гідраізаляцыйныя матэрыялы падзяляюцца на масцікавыя (аналагічныя абмазачным, але наносяцца большай колькасцю слаёў), плітачныя (сумесь бітумаў з напаўняльнікамі, арміраваная кардонам, тканінамі, метал. сеткамі) і асфальтавыя (асфальтавая масціка з напаўняльнікамі, выкарыстоўваецца для ізаляцыі праезнай часткі мастоў, падлогі ў міжпаверхавых перакрыццях і г.д.). Пашыраны пакрыцці з тэрмапластаў — палімерных плёнак (наносяць на трубы для іх гідраізаляцыі і інш.). Гідраізаляцыйныя матэрыялы выбіраюць з улікам геал. і гідрагеал. умоў, рэжыму падземных вод, важнасці збудаванняў і асаблівасці іх эксплуатацыі, ступені небяспекі ад уцечкі вадкасці з ёмістасці і інш.

А.Я.Вакар.

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)