ГЕ́ЛІЯС, Гелій,

у грэчаскай міфалогіі бог Сонца, сын тытанаў Гіперыёна і Феі, брат Селены і багіні світання Эас. Геліяс усёвідушчы, бачыць справы багоў і людзей, часцей за ўсё дрэнныя; яго заклікаюць у сведкі і мсціўцы. Геліяса ўяўлялі ў асляпляльным святле і ззянні са страшэннымі вачамі, у залатым шлеме, на залатой калясніцы ці на троне з каштоўных камянёў у раскошным палацы ў акружэнні чатырох пор года. Геліяс паведаміў Дэметры, што Персефону выкраў Аід. У рым. міфалогіі Геліясу адпавядае Соль.

Галава Геліяса. Сярэдзіна 2 ст. да н.э.

т. 5, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НІЙ,

1) у рымскай міфалогіі добры дух, звышнатуральная істота, якая ахоўвае чалавека на працягу ўсяго жыцця, пазней бог мужчынскай сілы. Лічылася, што кожны мужчына мае свайго генія. Асабліва шанавалі генія галавы сям’і: у дзень яго нараджэння генію прыносілі дары-ахвяраванні. У эпоху імперыі асаблівае значэнне набыў культ генія Рыма і імператара (увёў Аўгуст). Генію Рыма быў прысвечаны шчыт на Капітоліі з надпісам «ці мужу, ці жанчыне», бо імя і пол генія ўтойваліся, каб яго не пераманьвалі ворагі.

2) Чалавек, якому ўласціва найвышэйшая ступень творчай даравітасці, таленавітасці. Гл. таксама Геніяльнасць.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАНЬДЗІ́, Гуань Юй, Гуань Юньчан,

у кітайскай міфалогіі і познім афіц. кульце бог вайны і багацця, апякун вучоных і літаратараў. Яго правобразам быў рэальны Гуань Юй, які жыў у 160—219, праславіўся адвагай і вернасцю свайму правіцелю. Пазней атрымаў тытул вернага і мудрага князя, сапраўднага ўладыкі, які прыносіць мір. Храмавыя выявы Гуаньдзі паказваюць яго седзячы з кнігай Канфуцыя «Вёсны і Восені» ў руках. Яго выявы вывешвалі ў воінскіх шатрах, салдаты насілі іх як талісманы. Вядома каля 1600 дзярж. храмаў Гуаньдзі.

Гуаньдзі ў адзенні гасудара разглядае скаргу. Старажытны народны лубок.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЦБЕРГ ((Kitzberg) Аўгуст) (29.12.1855, воласць Лаатрэ, Вільяндзіскі пав., Эстонія — 10.10.1927),

эстонскі пісьменнік; адзін з пачынальнікаў нац. драматургіі. У ранніх апавяданнях і п’есах вясковай тэматыкі выявілася яго рамантычна-рэаліст. светаўспрыманне. У драм. творах «У віхуры вятроў» (1906), «Хітры Антс і Нячысцік» (паст. 1907), «Бог каліты» (1915), «Лаўрытс» (1919, паст. пад назвай «Чырвоны певень», 1959), трагедыі «Пярэварацень» (паст. 1911), камедыі «Пракляты хутар» (1923), накіраваных супраць сац. несправядлівасці, разбуральна-згубнай улады грошай, прапаведаваў ідэю маральнага самаўдасканалення. Аўтар зб. «Вясковыя апавяданні» (кн. 1—5, 1915—21).

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М., 1962.

т. 8, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕФО́НА, Кора,

ў старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня ўрадлівасці і падземнага царства мёртвых. Лічылася дачкой Зеўса і Дэметры. Бог падземнага царства Аід выкраў яе і зрабіў сваёй жонкай. Няўцешная Дэметра наслала на зямлю засуху і неўраджай. Зеўс загадаў Аіду адпусціць П. да маці, але П., якую Аід прымусіў з’есці чароўнае гранатавае зерне, штогод імкнецца да мужа ў царства мёртвых, дзе праводзіць трэць года. Дэметра ў гэты час зноў пакутуе, прырода на зямлі замірае. У міфе пра П. адбіўся штогадовы працэс замірання і ажывання прыроды. Стараж. рымляне шанавалі П. пад імем Празерпіны.

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРКУ́НАС (літ. Perkū́nas ад Perkū́nija навальніца, лат. Pḗrkons гром),

у стараж. балтыйскай міфалогіі бог грому, маланкі і дажджу. Яго ўяўлялі ў выглядзе раззлаванага чорнабародага мужчыны сярэдніх гадоў, увянчанага полымем, сівога старога на нябеснай калясніцы або конніка на вогненным кані і інш.

П. займаў першае месца сярод балтыйскіх багоў у сферы культу і надзяляўся універсальнымі здольнасцямі, у першую чаргу спрыяў ўрадлівасці. Яго ўмольвалі аб дажджы ў час засухі. У свяцілішчах у гонар П. падтрымлівалася незгасальнае вогнішча, яго культ абслугоўвалі спец. жрацы. У слав. міфалогіі яму адпавядае Пярун.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКЛЕ́ПІЙ,

у грэчаскай міфалогіі бог лячэння, сын Апалона і німфы Караніды. Уменню лячыць навучыўся ў кентаўра Хірона. Калі Асклепій наважыўся ўваскрашаць памерлых, Зеўс забіў яго маланкай. Асклепія ўяўлялі ў вобразе барадатага мужчыны ў доўгім плашчы, які абапіраўся на абвіты змяёй кій. Асклепій быў асабліва папулярны ў г. Эпідаўр; найб. вядомыя свяцілішчы Асклепія на в-ве Кос, у г. Пергам, пры іх існавалі мед. школы. Яму прысвячалі рэльефы на свяцілішчах, яго выявы былі на гемах і манетах. У рым. міфалогіі Асклепію адпавядае Эскулап.

Асклепій. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМ’Е́НСКІ САБО́Р, сабор Нотр-Дам,

помнік гатычнай архітэктуры; адзін з буйнейшых гатычных сабораў у Еўропе. Пабудаваны ў г. Ам’ен (Францыя) у 1220—88 паводле плана Рабера з Люзарша пры ўдзеле Тома і Рэно з Кармона. 3-нефавая базіліка з 3-нефавым трансептам, з 3 галерэямі і 2 вежамі. Даўж. гал. нефа 143 м, выш. 42,5 м. Бакавыя капэлы дабудоўваліся ў 1292—1376, драўляны шпіль над сяродкрыжжам — пасля 1528. Гатычная скульптура парталаў — 13—14 ст., у т. л. знакамітыя статуі «Міласцівы Бог» і «Залатая Багародзіца». У інтэр’еры скульптура 13—17 ст., вітражы 13—14 ст.

Ам’енскі сабор. Заходні фасад.

т. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМЕ́С,

у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог жывёлагадоўлі і пастухоў, гандлю і прыбытку, вястун алімпійскіх багоў, апякун юнацтва і атлетаў, праваднік душ мёртвых у царства Аіда, пасрэднік паміж жыццём і смерцю, багамі і людзьмі, сын Зеўса і Маі. Атрыбуты Гермеса — залатыя крылатыя сандалі і жазло, яго сімвал — гермы, якія ставілі на дарогах з Афін. Гермес хітры і спрытны, заўсёды знаходзіць выхад з цяжкага становішча, учыніў мноства подзвігаў. Міф пра Гермеса — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (насценныя дэкарацыі ў доме Лівія, скульптуры Праксіцеля, Б.​Торвальдсена, карціны Карэджа, Я.​Тынтарэта, П.​П.​Рубенса). У рым. міфалогіі Гермесу адпавядае Меркурый.

т. 5, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕТАФІЗІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА»,

адна з асноўных (разам з «каралінскай школай») паэт. школ англ. барока 1-й пал. 17 ст. Яе пачатак ў лірыцы Дк.Дона. Названа метафізічнай за паглыблены філас. характар, імкненне асэнсаваць складаныя праблемы быцця (жыццё і смерць, час і вечнасць, Бог і чалавек), спасцігнуць трансцэндэнтнае. Творчасці паэтаў-метафізікаў (Дж. і Э.​Херберты, Р.​Крэша, Г.​Воген, Э.​Марвел) уласцівы напружанасць думкі і пачуцця, спалучэнне аналітызму мыслення і містычнай экзальтацыі, мудрагелістая метафарычнасць, зварот да тэм і вобразаў Свяшчэннага пісання. Найб. яскрава манера «М.ш.» выявілася ў творчасці Дж.​Херберта (зб. «Храм духоўных вершаў», 1633).

Г.​В.​Сініла.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)