МАНІПУЛЯ́ТАР 1) машына або прыстасаванне для дапаможных аперацый, звязаных са зменай становішча загатоўкі або вырабу. Найб. пашыраны М. пракатныя, ковачныя, зварачныя, бурыльных і пагрузачных горных машын.
2) Механізм, які выконвае пад кіраваннем аператара дзеянні (маніпуляцыі), аналагічныя дзеянням рукі чалавека. Выкарыстоўваецца пры работах у небяспечных, недаступных або цяжкіх умовах (работы з радыеактыўнымі або біялагічна небяспечнымі рэчывамі, пад вадой з выкарыстаннем батысферы і інш.). Аўтам. М., у т. л. з праграмным кіраваннем, з 1970-х г.наз.прамысл.робатамі.
3) Тэлеграфны ключ — эл.мех. рычажнае прыстасаванне для перадачы тэлеграфных сігналаў кодам Морзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТРО́Й,
устойлівы псіхічны стан умеранай або слабай інтэнсіўнасці (параўнальна працяглы), які выяўляецца ў станоўчым або адмоўным эмацыянальным фоне псіхічнага жыцця індывіда. У адрозненне ад сітуацыйных эмоцый і афектаў Н. з’яўляецца эмацыянальнай рэакцыяй чалавека на розныя з’явы ў кантэксце яго абагульненых жыццёвых планаў, інтарэсаў, чаканняў. У залежнасці ад ступені ўсведамлення прычын, якія выклікалі Н., ён перажываецца як непадзельны агульны эмацыянальны фон (прыўзняты, прыгнечаны і г.д.) або як стан асобы (радасць, захапленне, смутак, туга, страх і г.д.). Імкненне кантраляваць свой Н., знаходзіць і засвойваць спосабы яго карэкцыі — задача выхавання і самавыхавання (гл.Самарэгуляцыя). Беспрычынныя ваганні Н. могуць мець паталагічнае паходжанне (гл.Дэпрэсія, Эйфарыя) або абумоўлены прыроднай канстытуцыяй чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́РЦЫЯ (Swertia),
род кветкавых раслін сям. гарычкавых. Больш за 70 відаў. Пашыраны ў гарах Еўропы, Азіі, Усх. Афрыкі, Паўн. Амерыкі. Растуць на вільготных або замшэлых альпійскіх лугавінах, па берагах ручаёў. На Беларусі 1 від — С. шматгадовая (S. perennis), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў забалочаных драбналістых лясах, хмызняках, на тарфяных балотах.
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны з прамастойнымі, простымі або слабагалінастымі сцёбламі. Лісце ў прыкаранёвай разетцы суцэльнае, эліптычнае, сцябловае — супраціўнае або чаргаванае. Кветкі правільныя, сінія, брудна-фіялетавыя, часам жаўтаватыя, з цёмнымі плямамі, сабраныя ў гронкападобнае або мяцёлчатае суквецце. Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ПЫ (Gyps),
род птушак сям. ястрабіных атр. сокалападобных, або драпежных. 4 віды. Найб. пашыраны: С. белагаловы (G. fulvus), трапляецца ў Паўн. Афрыцы, Паўд. Еўропе, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі; кумай, або грыф снежны, ці гімалайскі (G. himalayensis), жыве ў высакагорных раёнах Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Афрыканскі ягнятнік (G. coprotheres) — у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела да 150 см, маса да 12 кг. Апярэнне ад цёмна-бурага да пясчана-жоўтага. Галава і шыя без пер’яў, укрытая белаватым або шэрым пухам. Дзюба доўгая, моцная. Патурбаваныя птушкі выдаюць доўгае сіпенне (адсюль назва). Кормяцца падлай. У кладцы 1 (зрэдку 2) яйцо.
Сіпы: 1 — белагаловы; 2 — кумай, або грыф снежны. ці гімалайскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГА́Т (ад лац. alligo прывязваю),
пераплеценыя ў адзін том самастойныя выданні або рукапісы. Ствараецца звычайна з-за нязручнасці захоўвання тонкіх, непераплеценых кніг, брашур, сшыткаў паводле алфавітнага або тэматычнага (гл.Канвалют) прынцыпу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАРЫ́ЙНАСЦЬ,
1) энергетычная каштоўнасць харч. прадуктаў або рацыёнаў харчавання: колькасць энергіі, акумуляваная ў пажыўных рэчывах. Выражаецца ў кіладжоўлях або кілакалорыях на 100 г ежы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́ЗА,
наўмысная знявага гонару і годнасці асобы, выказаная ў непрыстойнай форме. Можа наносіцца вусна, у пісьмовай форме або дзеяннем, публічна, у прысутнасці пацярпелага або завочна. Паводле КК Рэспублікі Беларусь з’яўляецца крымін. злачынствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЫЎНЫЯ ДАРЫ́,
адзін або некалькі прадметаў, якія пакідалі ў свяшчэнным месцы (найчасцей у пячоры, рацэ, возеры або тарфяным балоце, пазней у храме) у якасці ахвярапрынашэння з мэтай атрымаць ад бажаства задавальненне просьбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЛЕ́ДЗІЦА,
тонкі слой лёду на зямной паверхні, не пакрыты снегам. Утвараецца пасля адлігі, дажджу або імжы пры раптоўным пахаладанні або пры выпаданні ці асяданні вадкіх атм. ападкаў на пераахалоджаную паверхню (гл.Галалёд).