ПЕ́РШАСНЫЯ І ДРУ́ГАСНЫЯ Я́КАСЦІ,

гнасеалагічныя паняцці для адрознення якасцей (уласцівасцей) рэчаў паводле прынцыпу аб’ектыўнасці. Распрацоўваліся ў філасофіі Дж.​Лока і інш. прадстаўнікоў зах.-еўрап. навукі 17—18 ст. Вытокі праблемы — у антычнай філасофіі. Дэмакрыт адрозніваў суб’ектыўныя веды «па меркаванні», якія звязаны з пачуццёвым успрыманнем, і веды «па ісціне» — аб’ектыўныя, якія грунтуюцца на мысленні. Пра якасці ў двух сэнсах разважаў Арыстоцель. Больш грунтоўнае ўяўленне аб першасных якасцях у працах Г.​Галілея, Р.​Дэкарта, Т.​Гобса і Р.​Бойля. Да першасных якасцей яны аднеслі механіка-геаметрычныя ўласцівасці цел. Лок ужо падзяліў усе якасці на першасныя і другасныя. Паводле яго, першасныя якасці прадметаў не залежаць ад суб’екта, гэта аб’ектыўныя якасці (працягласць, велічыня, фігура, становішча, колькасць і інш.). Другасныя якасці, наадварот, у многім залежаць ад суб’екта (колер, гук, пах, смак, цяпло, холад і інш.). Гэту праблему закраналі Дж.​Берклі, Д.​Юм, І.​Кант і інш. філосафы. Берклі трактаваў яе ў суб’ектыўна-ідэалістычным кірунку; спрабаваў даказаць суб’ектыўнасць і другасных, і першасных якасцей. Юм і Кант таксама адкідалі аб’ектыўнасць першасных якасцей, бо не прызнавалі падабенства адчуванняў да ўласцівасцей знешніх аб’ектаў. Вытлумачаная ў суб’ектыўна-ідэалістычным духу гэта праблема стала перадумовай гнасеалогіі эмпірыякрытыцызму. З пункту гледжання дыялектыкі праблема П. і д.я. вырашальная, паколькі дыялектычны светапогляд зыходзіць з недапушчальнасці іх супрацьпастаўлення. І адны, і другія спасцігаюцца суб’ектам і з’яўляюцца суб’ектыўным вобразам аб’ектыўнай рэчаіснасці.

Літ.:

Беркли Дж. Три разговора между Гиласом и Филонусом: Пер. с англ. // Соч. М., 1978;

Локк Дж. Опыт о человеческом разумении: Пер. с англ. // Соч. М., 1985. Т. 1;

Нарский И. Джон Локк и его теоретическая система // Локк Дж. Соч. М., 1985. Т. 1.

Т.​І.​Адула.

т. 12, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТВО́РЫ,

гамагенныя сістэмы пераменнага саставу, утвораныя 2 ці большай колькасцю рэчываў (кампанентаў). Паводле агрэгатнага стану адрозніваюць газападобныя, ці газавыя сумесі (напр., паветра), вадкія і цвёрдыя (гл. Цвёрдыя растворы). Адносная колькасць кампанента ў Р. (гл. Растваральнасць) характарызуецца яго канцэнтрацыяй. Звычайна тэрмін «Р.» адносяць да вадкіх сістэм.

У вадкіх Р. адзін з кампанентаў наз. растваральнікам, астатнія — растворанымі рэчывамі. Растварэнне абумоўлена дыфузіяй і міжмалекулярным узаемадзеяннем. У Р. існуе блізкі парадак у адносным размеркаванні малекул (гл. Далёкі і блізкі парадак), але цеплавы рух малекул можа прыводзіць да флуктуацый шчыльнасці і канцэнтрацыі. Сувязь паміж малекуламі (іонамі) у Р. ажыццяўляецца за кошт Ван-дэр-Ваальса сіл і ў некаторых выпадках вадароднай сувязі. Пры хім. узаемадзеянні паміж малекуламі растворанага рэчыва і растваральніку магчыма ўтварэнне ўстойлівых комплексаў (гл. Сальватацыя). Уласцівасці рэальных Р. вызначаюцца характарам узаемадзеяння паміж малекуламі кампанентаў і адрозніваюцца ад уласцівасцей ідэальных Р., якія падпарадкоўваюцца Рауля законам.

Паводле наяўнасці або адсутнасці электралітычнай дысацыяцыі малекул раствораных рэчываў Р. падзелены на 2 асн. класы — Р. электралітаў і Р. неэлектралітаў. У асобны клас вылучаны Р. высокамалекулярных злучэнняў, якія паводле ўласцівасцей істотна адрозніваюцца ад Р. інш. рэчываў, што абумоўлена значным адрозненнем памераў малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Класіфікуюць Р. і паводле інш. прыкмет, напр., паводле прыроды растваральніку (Р. водныя і няводныя), значэння вадароднага паказчыка (кіслыя, нейтральныя, шчолачныя Р.). Водныя Р. адыгрываюць выключную ролю ў біял. працэсах. Выкарыстоўваюць Р. солей, кіслот і асноў у гідраметалургіі, няводныя Р. — у вытв-сці палімераў, фарбавальнікаў і інш.

Літ.:

Шахпаронов М.И. Введение в современную теорию растворов. М., 1976;

Герасимов Я.И., Гейдерих В.А. Термодинамика растворов. М., 1980;

Пригожин И.Р. Молекулярная теория растворов: Пер. с англ. М., 1990.

У.​С.​Камароў.

Растворапомпы: 1 — стацыянарная поршневая (плунжэрная); 2 — перасоўная поршневая.

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ЗЫ (эламскае Шушан, сучаснае Шуш),

старажытны горад, сталіца дзяржавы Элам. Руіны каля 20 км на ПдЗ ад г. Дызфуль (тэр. сучаснага Ірана). У 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. С. — значны паліт. і эканам. цэнтр, пра што сведчаць выяўленыя ў выніку раскопак грабніцы цароў, вял. колькасць прылад працы, зброя, вырабы з золата. У 2-й пал. 3-га — 1-й трэці 1-га тыс. да н.э. С. — сталіца Элама. У 645 да н.э. зруйнаваны сірыйскім царом Ашурбаніпалам. Пасля заваявання персамі (сярэдзіна 6 ст. да н.э.) стала зімовай рэзідэнцыяй Ахеменідаў, потым (з 4 ст. да н.э.) іх пераемнікаў — Аляксандра Македонскага (у гэты час горад развіваўся на ўзор грэч. поліса) і Селеўкідаў. У 640-я г. н.э. С. разбураны араб. заваёўнікамі. Як неўмацаванае паселішча горад існаваў некалькі стагоддзяў, потым заняпаў.

Руіны С. маюць выгляд 4 узгоркаў: «узгорак акропаля» на Пд (царскі горад Элама), «узгорак ападаны» на Пн [руіны ахеменідскага палаца (521 — І-я пал. 4 ст. да н.э.) з рэльефамі з паліванай цэглы, рэшткі параднай залы-ападаны і храма агню), «узгорак царскага горада» на У (рэзідэнцыя ахеменідскай і сасанідскай знаці), «узгорак горада рамеснікаў» (некропаль парфянскага і селеўкідскага часу) на У ад царскага горада. Ад протаэламскага перыяду (канец 4-га — пач. 3-га тыс. да н.э.) дайшлі багатыя пахаванні з ляпнымі размаляванымі керамічнымі пасудзінамі і помнікамі іерагліфічнай эламскай пісьменнасці; ад эламскага мастацтва (2—1-га тыс. да н.э.) — скульптура, кераміка, размаляваныя паліваныя абліцоўкі, рэльефы, помнікі, прывезеныя з паходаў у Месапатамію (стэлы Нарам-Суэна, ці Нарамсіна, Хамурапі; абедзве ў Луўры). Найб. познія знаходкі адносяцца да 9—10 ст. н.э.

Сузы. Рэльеф ахеменідскага палаца.

т. 15, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАБРЫ́ЧНА-ЗАВО́ДСКАГА ВУЧНЁЎСТВА ШКО́ЛЫ, школы ФЗВ,

ніжэйшыя прафесійныя навуч. ўстановы ў СССР для падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых для прам-сці ўнутры самой вытв-сці. Школы ФЗВ за 2—4 гады давалі практычныя навыкі для рабочага ў пэўнай галіне, пачатковыя спец. тэарэт. веды, агульную і паліт. адукацыю. У сувязі з адсутнасцю ў БССР буйных прамысл. прадпрыемстваў яны напачатку не мелі тут значнага пашырэння. Першая ў БССР школа ФЗВ адкрыта ў 1923 пры шклозаводзе «Камінтэрн» у Бабруйскім пав. У 1925/26 навуч. г. працавалі 3 (156 вучняў), у 1926/27—15 (1073 вучні), у 1931—103 (20,8 тыс. вучняў) школы ФЗВ. Камплектаваліся яны на базе 7-гадовай школы, у 1920-я г. — на базе 4—5 груп (класаў) сямігодкі. У 1929 школы ФЗВ перададзены ў веданне органаў прам-сці, а за Наркаматам асветы пакінута агульнае кіраўніцтва навуч. працэсам. У 1933 пераўтвораны ў навуч. ўстановы для падрыхтоўкі рабочых масавых спецыяльнасцей; тэрмін навучання скарочаны да 6 месяцаў — 1 года, агульнаадук. прадметы выключаны з навуч. планаў, 80% адводзілася вытв. навучанню. Прымаліся асобы 15—16 гадоў з 7-гадовай адукацыяй, выпускнікі адпрацоўвалі на вытв-сці не менш як 3 гады. У 1930-я г. частка школ ФЗВ рэарганізавана, некат. пераўтвораны ў тэхнікумы, у астатніх тэрмін навучання павялічаны да 1,5—3 гадоў. У выніку колькасць навучэнцаў значна скарацілася. Школы ФЗВ былі састаўной часткай завода ці фабрыкі і падпарадкоўваліся непасрэдна дырэктару прадпрыемства. Яны рыхтавалі кадры для мясц. патрэб, праграмы і тэрміны навучання вызначаліся кожным наркаматам асобна. У сувязі з курсам на цэнтралізацыю падрыхтоўкі рабочых і стварэннем у 1940 сістэмы прац. рэзерваў школы ФЗВ страцілі сваё значэнне.

І.​М.​Раманава.

т. 16, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІ́ЧНЫХ ВАЛО́КНАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна хімічнай прамысловасці па вырабе сінт. і штучных валокнаў. Базавая сыравіна для вытв-сці сінт. валокнаў (капронавых, лаўсанавых, нітронных) — прадукты перагонкі нафты, каменнага вугалю і прыроднага газу; штучных (віскозных, ацэтатных) — прыродная цэлюлоза, атрыманая з драўніны або бавоўны. Да хім. адносяць і валокны, атрыманыя з неарган. злучэнняў, напр., шкловалакно і інш. Хім. валокны — зыходная сыравіна для тэкстыльнай прамысловасці і шыннай прам-сці; выпускаюцца ў выглядзе неперарыўнай ніткі на бабінах і шпулях (даўж. да 100 тыс. м) і кароткіх валокнаў, што змешваюцца з бавоўнай (воўнай) і ідуць на выраб пражы. Прадпрыемства па вытв-сці штучных валокнаў з’явілася ў 1891 у Францыі, сінт. — у 1932 у Германіі. Найб. развіта ў ЗША, Японіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Расіі.

На Беларусі станаўленне Х.в.п. пачалося ў 1930-я г., калі пабудаваны Магілёўскі завод штучнага валакна (у 1940 вырабляў 40% хім. валокнаў у СССР). У 1965—68 пабудаваны Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна. На іх базе працуе Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно» (поліэфірныя валокны і ніткі, віскозныя тэкст. ніткі, лаўсан і інш.). У 1960-я г. ўведзена ў строй Светлагорскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно» (віскозная кордавая тканіна, нятканыя матэрыялы, поліпрапілен і інш.). У 1978 заснавана Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», якое выпускае капронавыя валокны. На Наваполацкім вытворчым аб’яднанні «Палімір» наладжаны выпуск акрылавага валакна. На Полацкім заводзе шкловалакна вырабляюць шкловалакно, шкланітку, шклотканіну. У 1995 выраблена 210,6 тыс. т хім. валокнаў і ніцяў, у т. л. 9,8 тыс. т штучных валокнаў і ніцяў; 200,8 тыс. т сінт. валокнаў. У 2000—218,7 тыс. т, у т. л. 11,7 тыс. т штучных валокнаў і ніцяў; 207 тыс. т сінт. валокнаў. Значная колькасць хім. валокнаў экспартуецца ў Расію, Германію, Нідэрланды, Чэхію і інш.

П.​І.​Рогач.

т. 17, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮРЫ́НГІЯ (Thüringen),

зямля (адм. адзінка) у цэнтр. ч. Германіі. Пл. 16,25 тыс. км. Нас. 2,52 млн. чал. (1994).

Адм. ц. — г. Эрфурт. Найб. гарады: Гера, Іена, Веймар, Альтэнбург, Гота, Зуль. На Пн горы Гарц, на Пд горны хрыбет Цюрынгенскі Лес (выш. да 982 м), паміж імі тэктанічная катлавіна — Цюрынгенскі басейн. Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Сярэднія т-ры студз. ад -0,2 да -2,2 °C, ліп. 15,5—17,8 °C. Ападкаў 450—600 мм за год. Гал. рака — Заале. Участкі лясоў (хвоя, дуб, бук, граб) пераважна ў гарах. Эканоміка індустр.агр. тыпу. Прам-сць: машынабудаванне (с.-г. машыны, экскаватары, рухавікі, паляўнічая зброя, абсталяванне для тэкст. прам-сці і інш.), эл.-тэхн., аптычная, хім. і хім.-фармацэўтычная, лёгкая. (шарсцяная, швейная, абутковая), паліграф., мэблевая, харчовая. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень), тэхн. (цукр. буракі) і кармавыя культуры. Бульбаводства, агародніцтва. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Транспарт чыг., аўтамабільны. Турызм.

У раннім сярэдневякоўі — тэр. рассялення герм. племя цюрынгаў. З 1130 ландграфства, з 1247 (фактычна з 1264) уладанне мейсенскіх маркграфаў Ветынаў (з 15 ст. курфюрсты саксонскія). Паўн. Ц. ў 1485 перайшла да альберцінскай лініі Ветынаў і з сярэдзіны 16 ст. стала ч. курфюрства, потым каралеўства Саксонія; у 1814—15 перададзена Прусіі. У паўд. Ц. (адышла да эрнесцінскай лініі Ветынаў) утварылася шмат княстваў, колькасць і тэр. якіх мяняліся. У выніку лістападаўскай рэвалюцыі 1918 княствы ліквідаваны, у 1920 утворана зямля Ц. (гал. горад — Веймар). Пасля 2-й сусв. вайны (1945) у сав. зоне акупацыі, з 1946 зямля з адм. цэнтрам у г. Эрфурт. З 1949 у складзе ГДР (у 1952 падзелена на акругі Эрфурт, Гера і Зуль), з 1990 зноў зямля Ц. ў адзінай Германіі.

т. 17, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАЛАГІЧНАЯ АНАТОМІЯ

Даследаванні па паталагічнай анатоміі на Беларусі вядуцца з 1923, з часу адкрыцця адпаведнай кафедры на мед. факультэце БДУ; яе заснавальнік — І.​Т.​Цітоў. Бел. вучоныя даследавалі паталагічную анатомію хвароб сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, з’явы перынатальнай і кішачнай паталогіі ў дзяцей і інш. Кафедры паталагічнай анатоміі ў 1934 створаны ў Віцебскім (загадчыкі Ю.​В.​Крылоў, А.​А.​Нікалаеў, І.​Д.​Хлопіна) і ў 1958 у Гродзенскім (В.​А.​Басінскі, Ю.​Р.​Бойка, Н.​Ф.​Сіляева) мед. універсітэтах, дзе вывучалі паталагічную анатомію і патагенез вострага панкрэатыту, змены злучальнай тканкі пры росце пухлін, тэраталогію і інш. Вял. колькасць высокакваліфікаваных спецыялістаў падрыхтаваў бел. паталагаанатам Ю.​В.​Гулькевіч і заснаваў навук. кірунак «Перынатальная паталогія». Па яго ініцыятыве ў 1967 пры кафедры паталагічнай анатоміі Мінскага мед. ін-та створана лабараторыя мед. генетыкі, якая з часам ператварылася ў Бел. НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў (дырэктар Г.​І.​Лазюк). З 1970 пачалася цэнтралізацыя паталагаанатамічнай службы Беларусі, з 1988 — арганізацыя абл. і Мінскага гар. паталагаанатамічных бюро. У 1991 створана кафедра паталогіі ў Гомельскім мед. універсітэце (Ю.​І.​Бандажэўскі, А.​А.​Голубеў). У наш час у Бел., Гродзенскім, Віцебскім мед. ун-тах вядуцца навук. даследаванні па пытаннях марфалогіі пухлін шчытападобнай залозы, павольных нейраінфекцый, захворванняў падстраўнікавай залозы. У ліку вядучых спецыялістаў у гэтай галіне І.​А.​Кірылава, Г.​І.​Краўцова, В.​П.​Кулажанка, М.​К.​Недзьведзь, Л.​А.​Пашкевіч, Л.​К.​Суркова, Я.​Д.​Чарствой, І.​А.​Швед і інш.

Літ.:

Гулькевич Ю.В., Недзьведь М.К. О развитии и достижениях патологической анатомии в Белорусской ССР // Архив патологии. 1972. №12;

Струков А.И., Серов В.В. Патологическая анатомия. М., 1993;

Патологическая анатомия и физиология. Мн., 1997.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 18, кн. 2, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРОДНЫЯ МІНЕРАЛЬНЫЯ ПІГМЕНТЫ, бентаніт, бурштын, каалін і іншыя выкапні.

На Беларусі выяўлены і выкарыстоўваюцца прыродныя мінеральныя пігменты розных колераў: мел (белы), балотныя жалезныя руды (чырвоны і карычневы), вохра і вохрыстыя гліны (жоўты), глаўканіт (зялёны), вівіяніт (сіні) і інш. Мел як танную белую фарбу выкарыстоўваюць для ўнутр. і знешніх аддзелачных работ, пры вытв-сці лакафарбавых матэрыялаў, у папяровай прам-сці і інш. Яго радовішчы ў Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.

Балотныя жалезныя руды пашыраны ў многіх месцах. Буйныя іх паклады выяўлены ў Гомельскай вобл.: Мазырскім (Шчыра, Каложынка), Нараўлянскім (Майдан, Гала, Красілаўская Слабада), Петрыкаўскім (Руда) і Хойніцкім (Рашэўскае) раёнах. Магутнасць рудных цел ад некалькіх сантыметраў да 0,75 м. Запасы сыравіны ў радовішчах невялікія — 2—10 тыс. т, зрэдку да 100 тыс. т. Колькасць фарбавальных вокіслаў жалеза ў рудзе вагаецца ў межах 17,6—78,9%. Руды прыдатныя для атрымання фарбаў тыпу муміё, сіена, умбра.

Вохра і вохрыстыя гліны трапляюцца ў выглядзе лінзаў і перарывістых праслояў магутнасцю ад 5—10 да 50—80 см сярод стракатых глін і кварцавых пяскоў алігацэн—неагенавага ўзросту, пераважна на ПдУ і Пд Беларусі (Лельчыцкі і Лоеўскі р-ны Гомельскай вобл.). На радовішчы Ляхава Гара (Лоеўскі р-н) запасы ацэньваюцца ў 9 тыс. т вохры і 141 тыс. т вохрыстых глін. Сыравіна прыдатная на выраб алейных, клеявых, у т. л. высакаякасных мастацкіх фарбаў, эмалей. Здаўна саматужна распрацоўваюцца ў агаленнях на правым беразе р. Дняпро каля Салаўёва Хутара (Лоеўскі р-н).

Глаўканіт знаходзіцца ў марскіх глаўканітава-кварцавых пародах, пераважна палеагенавага і мелавога ўзросту, якія пашыраны на Пд краіны на глыбіні 20—25 м; трапляюцца ў агаленнях (на правым беразе р. Дняпро і яго прытокаў) і мелавых кар’ерах. Колькасць мінералу ў пародзе дасягае больш за 20%. Запасы глаўканіту на радовішчы Ляхава Гара (Лоеўскі р-н) ацэньваюцца ў 15—18 млн. т. Пасля абагачэння глаўканітавы канцэнтрат прыдатны для вытв-сці высакаякасных будаўнічых, прамысловых і мастацкіх фарбаў розных адценняў зялёнага і карычневага колераў, устойлівых да ўздзеянняў атмасферы, святла, кіслот і шчолачаў.

На Беларусі глаўканіт як мінеральны пігмент выкарыстоўваўся са старажытных часоў, што засведчана даследаваннямі насценнага жывапісу (Сафійскі сабор 11 ст. і Спаса-Праабражэнскі храм 12 ст. ў Полацку, Благавешчанская царква 12 ст. ў Віцебску, Нікольская царква 17 ст. ў Магілёве і інш.). Глаўканіт — незаменны сродак пры рэстаўрацыйных работах.

Вівіяніт (патэнцыяльная крыніца фосфару, выкарыстоўваецца як танная фарба і мясцовае ўгнаенне) трапляецца ў выглядзе лінзаў і гнёздаў у неагенавых глінах і часцей у нізінных тарфяных балотах на глыбіні 0,25—1 м з магутнасцю пластоў торфавівіяніту 0,1—3 м (найбольшыя паклады ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях).

Каалін на Беларусі трапляецца ў выглядзе пластоў, лінзаў, гнёздаў у верхняй частцы кары выветрывання кіслых парод палеагену (другасны, пераадкладзены). Радовішчы Дзедаўка, Бярэзіна, Людзяневічы каля аднайменных вёсак у Жыткавіцкім, Сітніца (в. Сітніца) у Лунінецкім р-нах; праяўленні Скрыпіцкае (каля в. Браніслаў) у Жыткавіцкім, Глушкавічы і Селішча (каля в. Глушкавічы) у Лельчыцкім р-нах. Яны прымеркаваны да ўчасткаў неглыбокага (12—37,4 м) залягання фундаменту. Магутнасць пакладаў ад 1—3 да 53,9 м. Агульныя запасы кааліну-сырцу каля 55 млн. т, у т. л. прамысловыя — 3,5 млн. т. Сярэдні выхад абагачанага кааліну 28—29%. Якасць кааліну з-за ўтрымання дамешкаў нізкая, не адпавядае міжнар. стандартам, але магчыма яго распрацоўка сумесна з будаўнічым каменем і выкарыстанне ў вытв-сці будаўнічай керамікі, вогнетрывалых шамотавых і фарфора-фаянсавых вырабаў, якія не патрабуюць дасканалай белізны.

Бентаніт — тонкадысперсная высокапластычная гліна пераважна мантмарыланітавага саставу, элювіяльнага, вулканагенна-асадкавага і асадкавага паходжання. На Беларусі трапляецца ў выглядзе невялікіх праслояў у пародах венду, мелу, неагену. Яго найбольшае радовішча Астражанскае (на Пд ад в. Астражанка Лельчыцкага р-на) прымеркавана да антопальскага гарызонту міяцэну. Бентанітавыя гліны залягаюць на глыб. 21 м. Сярэдняя магутнасць пласта 8,7 м. Прамысловыя запасы 12,3 млн. т. Перспектыўны на выкарыстанне ў буравых і будаўнічых растворах, ліцейнай справе і інш.

Бурштын — выкапнёвая смала хвойных дрэў познамелавога — палеагенавага ўзросту, аморфнае высокамалекулярнае злучэнне арганічных кіслот пераменнага складу. Выкарыстоўваецца як ювелірна-вырабны камень, у фармакалогіі, лакафарбавай, парфумернай прам-сці і інш. На Беларусі трапляецца ў палеагенавых і больш маладых адкладах у выглядзе востравугольных і паўабкатаных абломкаў і зерняў, сплясканых кавалкаў памерам ад 0,1—30 мм да 10—15 см, у колькасці ад адзінкавых зерняў да 139 г/м³. Паўд. частка Беларусі тэрытарыяльна ўваходзіць у глаўканітава-кварцавую бурштынаносную фармацыю Балтыйска-Дняпроўскага рэгіёна, які пашыраны ад Прыбалтыкі да Украіны. Вылучаюць 3 перспектыўныя на бурштын зоны: заходнюю (Брэсцкая, Кобрынская і Драгічынская плошчы), цэнтральную (Лунінецкая, Жыткавіцка-Случанская, Лельчыцкая і Заазёрная плошчы) і ўсходнюю (Рэчыцка-Лоеўская плошча). Прагнозныя рэсурсы 92,3 тыс. т, 80—90% з іх прыдатныя на выкарыстанне ў ювелірнай справе. Найбольш значныя знаходкі бурштыну атрыманы з праяўлення Гатча (Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл.), дзе бурштынаносныя чацвярцічныя (антрапагенавыя) пяскі магутнасцю 0,5—4 м залягаюць на глыбіні 3—6 м. Колькасць бурштыну ў іх вагаецца ад 1—2 да 49 зерняў на 1 кг пароды.

Выяўлена шмат іншых праяўленняў карысных выкапняў. У пародах крышталічнага фундаменту: графіт (Пухаўшчынскае праяўленне ва Уздзенскім р-не Мінскай вобл.), мармур і валастаніт (Рудзьмянскае праяўленне ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл.), дыябазы (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі горст) і інш. У дыятрэмах Жлобінска-Рагачоўскай плошчы знойдзены крышталі алмазу і іх абломкі (12 зерняў памерамі 0,17—0,27 мм). У адкладах платформавага чахла: пірафіліт (бобрыкаўскі гарызонт ніжняга карбону, Лельчыцкая перспектыўная плошча), тытана-цырконіевыя россыпы (у верхнемелавых і кайназойскіх пародах у Гомельскай, Мінскай і Брэсцкай абласцях), цэалітаносныя сіліцыты (трэпел, апокі і інш., радовішчы Стальное ў Хоцімскім, Дружба ў Касцюковіцкім, Соўна, Мурашкіна, Пярлоўскае і Іванаўскае ў Клімавіцкім раёнах Магілёўскай вобл. з прагнознымі рэсурсамі 1 млрд. т), крэмень (у мелавых адкладах на Пд і З краіны), лугавы мергель (вапнавы прэснаводны мергель — каля 300 пакладаў з агульнымі запасамі да 200 млн. т; у алювіяльных, азёрных і балотных адкладах галацэну), мораны дуб (трывалая старажытная драўніна — выкарыстоўваецца ў вырабе паркету, аздабленні мэблі, мастацкіх розных вырабах і інш.; у алювіяльных адкладах па далінах рэк Дняпро, Бярэзіна, Сож, Друць, Нёман і інш.), ледавіковыя валуны і інш.

Л.​І.​Мурашка.

т. 18, кн. 2, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНААСО́БНІКІ,

сацыяльная група (або асоба), якая вядзе дробную прыватную гаспадарку або вытворчасць пераважна ўласнымі сродкамі і сіламі сваёй сям’і; паводле афіц. сав. гістарыяграфіі, сяляне ў СССР, якія вялі гаспадарку індывідуальна — аднаасобна, а не ў калгасе ці саўгасе. У 1913 на Беларусі ўдзельная вага сацыяльна падобных да аднаасобнікаў катэгорыяй сялян, дробных саматужнікаў і рамеснікаў складала 74,8% усяго насельніцтва; дробныя гар. і местачковыя саматужнікі і рамеснікі — 34,4% усіх занятых у прам-сці. На іх долю прыпадала прыкладна 26% чыстай прамысл. прадукцыі (у Расіі 31,4%) і 4% нац. прыбытку. Удзельная вага дробных гандляроў складала 43,4% (у Расіі — 29,5%). Да масавай калектывізацыі аднаасобны сялянскі двор у БССР, як і ў СССР, уяўляў сабой сямейна-прац. аб’яднанне, якое вяло гаспадарку на нацыяналізаванай зямлі. Паводле маёмаснага складу афіцыйна яго падзялялі на бядняцкі, серадняцкі і кулацкі, часам вылучалі і с.-г. рабочых (парабкаў). На аснове сав. заканадаўства 1917—20 аднаасобнікі, як і інш. сац. групы, былі пазбаўлены права прыватнай уласнасці на зямлю, інш. сродкі вытв-сці, арандаваць і наймаць рабочую сілу, абмежаваны ў самаст. гасп. дзейнасці. На пач. 1920-х г. у ходзе новай эканамічнай палітыкі дробнатаварная вытв-сць аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы была прызнана неабходнай мерай паскарэння сац.-эканам. развіцця. Аднаасобнікам дазвалялі любыя формы гасп. дзейнасці, выкарыстанне пры пэўных умовах наёмнай працы, арэнду сродкаў вытв-сці. Сярод аднаасобнікаў павялічылася доля заможных гаспадароў і прадпрымальнікаў. Паводле звестак выбарачнага перапісу (1927), сярэдняе сялянства складала 64,7% ад усіх сял. гаспадарак, бедната і парабкі — 31,2%, кулакі — 4,1%. У 1926 сярод насельніцтва БССР сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі 77,5%. У 1925—26 на долю дробнатаварнага і патрыярхальнага ўкладаў у сельскай гаспадарцы прыпадала 79,6% створанага чыстага прадукту, у прам-сці — 32%, у будаўніцтве — да 54%. Усяго аднаасобнікі стваралі 50,7% нац. прыбытку БССР (у 1913 менш за 40%). У 1926 валавая прадукцыя аднаасобных сял. гаспадарак складала 97,5% агульнарэсп. аб’ёму. З пераходам дзяржавы ад рэфармісцкіх да рэв. метадаў вырашэння задач сац.-эканам. развіцця праз фарсіраваную індустрыялізацыю і калектывізацыю доля аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы рэзка зменшылася. Гэтаму спрыяла спыненне продажу ім машын і с.-г. прылад, згортванне выдачы дзярж. крэдытаў, адмова ў праве на арэнду зямлі і прадпрыемстваў, прымяненне павышаных падаткаў і інш. меры. У выпрацаваную камуністамі сістэму буд-ва сацыялізму ў СССР аднаасобнікі не ўпісваліся і былі асуджаны на знікненне. Пачалося імклівае выцісканне аднаасобніка-прыватніка з усіх сфер дзейнасці. У тавараабароце рэспублікі прыватны сектар у 1926—27 займаў 22,3%, у 1931 — 0,44%, у 1934 яго доля ў легальным гандлі была зведзена да нуля. З саматужна-рамеснай вытв-сці вёскі аднаасобнік амаль знік у 1930. Няўхільна змяншалася колькасць аднаасобнікаў і сярод сялян. У ходзе суцэльнай калектывізацыі ў 1929—32 у БССР кулацтва як клас было ліквідавана (гл. Раскулачванне).

Наступ на аднаасобнікаў (жорсткае падаткаабкладанне, перадзелы зямлі, ліквідацыя хутарской сістэмы) працягваўся. Толькі ў 1930—35 сума с.-г. падатку з гаспадаркі аднаасобнікаў вырасла амаль у 9 разоў. Да канца 1930-х г. самастойная аднаасобная гаспадарка як сац. катэгорыя ў вёсцы і ў горадзе, па сутнасці, знікла (за выключэннем Зах. Беларусі). У 1939 сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі толькі 6,4% усяго насельніцтва БССР. Колькасць аднаасобных сял. двароў зменшылася з 804 тыс. у 1928 да 50,3 тыс. ў 1940. Гэта адмоўна адбілася на ўсёй эканоміцы і асабліва на вытв-сці с.-г. прадукцыі. У пасляваенны час за кошт урбанізацыі рэспублікі, перамяшчэння значнай часткі аднаасобнікаў у іншыя раёны СССР, паскорана праведзенай прымусовай калектывізацыі ў Зах. Беларусі аднаасобныя сял. гаспадаркі зусім зніклі. З мноства вяскоўцаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій да пач. 1950-х г. (гл. Рэпрэсіі палітычныя ў СССР), аднаасобнікі складалі абсалютную большасць. У 1959 сяляне-аднаасобнікі, і некаапераваныя саматужнікі складалі толькі 0,7% насельніцтва, у 1966 — 0,1%. Перабудова эканам. структур, пачатая ў канцы 1980-х г. на Беларусі, як і ў цэлым у СССР, стварыла ўмовы для развіцця дробнага прадпрымальніцтва ў горадзе і вёсцы.

А.​М.​Сарокін.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННЫ ВЕК,

найбольш ранні перыяд у гісторыі чалавецтва, калі прылады рабілі з каменю, дрэва, косці і рогу. Пачаўся 3—2,5 млн. г. назад у Афрыцы і закончыўся ў Еўропе 2,5—1,8 тыс. г. да н.э. Адрозніваюць старажытны К.в. — палеаліт, сярэдні — мезаліт і новы — неаліт. Палеаліт працягваўся больш за 2 млн. гадоў. Традыц. перыядызацыя палеаліту на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) у апошнія дзесяцігоддзі значна змянілася. У раннім палеаліце вылучаюць алдувайскую (2,6 млн. — 700 тыс. г. назад) і ашэльскую (гл. Ашэль, 700 тыс. — 100 тыс. г. назад) эпохі. Ашэльскую ў сваю чаргу падзяляюць на стараж., сярэднюю і познюю. У ніжнім палеаліце найстаражытнейшыя людзі — архантрапы (пітэкантрапы, сінантрапы, гейдэльбергскі чалавек і інш.) карысталіся грубааббітымі галечнымі прыладамі (чоперамі і чопінгамі), займаліся збіральніцтвам і паляваннем. Да сярэдняга палеаліту адносіцца эпоха мусцье (70—35 тыс. г. назад), якая з’яўляецца заключным этапам фарміравання чалавека — палеаантрапа (стараж. чалавек), неандэртальца. Гэтыя людзі ўжо ўмелі будаваць прымітыўнае жыллё, здабываць агонь, вырабляць да 60 тыпаў прылад працы, займаліся паляваннем, выкарыстоўвалі скуры жывёл, каб засцерагчыся ад холаду. Позні палеаліт пачаўся 40—35 тыс. г. назад. Да яго пачатку сфарміраваўся чалавек сучаснага віду — краманьёнец. У гэты час паступова ўдасканальвалася апрацоўка крэменю, значна пашырыўся асартымент прылад працы (да 100 тыпаў), пачалі шырока ўжывацца вырабы з косці, удасканалілася паляўнічая зброя, адбыліся змены ў фарміраванні радавога ладу, значна павялічылася колькасць насельніцтва, акрамя вял. калектыўных з’явіліся жытлы малых памераў для парных сем’яў. Узніклі прымітыўныя рэлігійныя ўяўленні, рытуал пахавання, развівалася першабытнае мастацтва. Заключная фаза палеаліту прыпадае на канец ледавіковай эпохі (14—11 тыс. г. назад), т.зв. фінальны палеаліт. У гэты час у Еўропе ад Ютландыі да вярхоўяў Дняпра распаўсюдзіліся супольнасці паляўнічых, асновай існавання якіх было паляванне пераважна на паўн. аленя. Пераходны перыяд ад палеаліту да неаліту — мезаліт — у залежнасці ад кліматычных зон працягваўся з 11 тыс. г. да 7 тыс. г. назад. Крамянёвая індустрыя мезаліту адметная наяўнасцю мікралітаў і прылад працы на пласцінах, з’яўляюцца і масіўныя прылады — макраліты. Людзі сталі асвойваць паўн. прасторы, што вызваляліся ад ледавіка. Значную ролю ў жыцці чалавека пачало адыгрываць рыбалоўства, павялічылася колькасць стаянак на берагах рэк. У мезаліце шырока выкарыстоўваліся лук і стрэлы, быў прыручаны сабака, склалася племянная арганізацыя. З 8-га тыс. да н.э. пачынаецца неаліт, спачатку на Блізкім Усходзе, потым у Індакітаі, а з 6-га тыс. да н.э. — у Еўропе. Людзі пачалі займацца земляробствам, вырабляць ляпны посуд, прыручаць буйную рагатую жывёлу, свіней і інш., карыстацца драўлянымі чаўнамі, удасканалілі вытворчасць каменных прылад. У гэты час узніклі прадзенне і ткацтва, больш разнастайнымі сталі вопратка чалавека і ўпрыгожанні, развіваліся шмат якія галіны першабытнага мастацтва (арнаментаванне, аздабленне, гравіроўка на косці, рогу і абпаленай гліне, аб’ёмная скульптура), з’явіліся музычныя інструменты. Пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі і аселасці. Мацярынска-радавы лад дасягнуў свайго апагею.

На Беларусі стаянкі чалавека ўпершыню з’явіліся ў познім палеаліце (Бердыж і Юравічы). Мезаліт тут пачаўся ў 9-м тыс. да н.э. У гэты час у асноўным заселена ўся тэр. сучаснай Беларусі. Фарміраваліся грэнская культура (Грэнск, Дальняе Ляда), днепра-дзяснінская культура (Берагавая Слабада, Краснаўка, Міхайлаўка), сожская культура (Журавель, Горкі Чэрыкаўскага р-на), свідэрская культура (Бабровічы, Опаль, Нобель, Заазер’е), Кунда культура (Замошша, Крумплева), яніславіцкая культура (Беліца-2, Нясілавічы-1), кудлаеўская культура (Азярное-1), помнікі нарачанскага тыпу (Стугалапы, Кусеўшчына). У неаліце (5—2-е тыс. да н.э.) тэр. Беларусі засялялі плямёны днепраданецкай культуры (Юравічы-3—6, Пхоў, Слабодка), верхнедняпроўскай культуры (Лоша-1,2, Цітаў Бугор), нарвенскай культуры (Асавец-2,4; Зацэнне, Сосенка), нёманскай культуры (Добры Бор, Лысая Гара, Русакова-2, Камень-2), тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культуры (Скема-1,2), шарападобных амфар культуры (Краснасельскі, Малыя Ёдкавічы), культуры помнікаў тыпу Бабінавічаў (Бабінавічы-2, Лаўкі, Мяжа-1).

Літ.:

Борисковский П.И. Древнейшее прошлое человечества. 2 изд. Л., 1979;

Елинек Я. Большой иллюстрированный атлас первобытного человека. Прага, 1983;

Палеолит СССР. М., 1984;

Мезолит СССР. М., 1989;

Археалогія Беларусі. Т. 1. Мн., 1997.

І.​М.​Язэпенка.

Каменны век. Востраканечнік і скрэблападобная прылада працы. Знаходкі каля в. Абідавічы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобл.

т. 7, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)