род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі зрэдку трапляецца варанец каласісты (A. spicata). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, у хмызняках па берагах рэк. Вырошчваецца ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным разгалінаваным сцяблом і карэнішчам. Лісце буйное, трайчастае, зубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, белыя або жаўтавата-белыя, у гронках. Плод — ягадападобная касцянка чорнага, белага абочырв. колеру. Дэкар., тэхн. (з пладоў атрымліваюць чорную і чырв. фарбу), лек. (карані — ірвотны і слабіцельны сродак) і ядавітыя (усе часткі) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІГАНО́ ((Vigano) Сальваторэ) (25.3.1769, г. Неапаль, Італія — 10.8.1821),
італьянскі танцоўшчык, балетмайстар. Аўтар і аранжыроўшчык музыкі шэрагу сваіх балетаў. Вучыўся ў Л.Бакерыні. У 1799—1803 балетмайстар Венскага прыдворнага т-ра, з 1812 міланскага т-ра «Ла Скала». На аснове прынцыпаў пантамімнай драмы Ж.Даберваля стварыў рамант. балетную драму. Найб. вядомыя балеты Вігано: «Тварэнні Праметэя» на муз. Л.Бетховена (1801), «Стральцы» (1809), «Міра, або Помста Венеры» (1817), «Атэла, або Венецыянскі маўр» на муз. Вігано, «Вясталка» (абодва 1818), «Тытаны» (1819), «Хімена», «Дыдона» і «Жанна д’Арк» на зборную музыку з твораў Л.Бетховена, Дж.Расіні, В.А.Моцарта, І.Гайдна, Г.Спанціні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСКАЗІ́МЕТР (ад віскоза + ...метр),
прылада для вымярэння вязкасці вадкасцей і газаў. Бываюць капілярныя (найб. пашыраныя; вызначаецца час працякання зададзенага аб’ёму вадкасці праз капіляр), ратацыйныя (вымяраецца вярчальны момант або вуглавая скорасць аднаго з сувосевых цел, паміж якімі знаходзіцца даследаваная вадкасць або газ), шарыкавыя (вымяраецца час падзення шарыка паміж 2 меткамі) і ультрагукавыя (вымяраецца скорасць затухання ваганняў у даследаванай вадкасці). Выкарыстоўваецца для вымярэння вязкасці пры розных т-рах металаў, буд. матэрыялаў, хім. і харч. прадуктаў і інш.Гл. таксама Вісказіметрыя.
Вісказіметры: 1 — капілярны; 2 — шарыкавы; 3 — ратацыйны; а і б — меткі; α — вугал закручвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАПРАВО́ДНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць магістральных і размеркавальных трубаправодаў, па якіх падаецца вада да месца спажывання; частка сістэмы водазабеспячэння.
Асноўная (знадворная, або вулічная) водаправодная сетка пракладваецца ў зямлі (на 0,2—0,5 м ніжэй глыбіні прамярзання) уздоўж вуліц і праездаў, выкарыстоўваюцца чыгунныя, стальныя, жалезабетонныя, пластмасавыя і інш. трубы. Да яе з дапамогай т.зв. дамавых адгалінаванняў далучаецца ўнутр. (унутрыдамавая) водаправодная сетка, якая падае ваду да водаразборных кранаў. Водаправодныя сеткі абсталёўваюць запорнай арматурай (вентылямі, засаўкамі, што адключаюць аварыйныя ўчасткі сеткі), водаразборнымі прыстасаваннямі (пажарнымі гідрантамі, часам водаправоднымі калонкамі). Запорную арматуру і гідранты звычайна ўстанаўліваюць у спец. калодзежах (зборных жалезабетонных або цагляных), з метал. здымнымі люкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙТАЎСКІ СУД,
мясцовы суд у гарадах ВКЛ. Войт, які ўзначальваў адміністрацыю горада, меў права і ўласнага суда. У грамаце 1390 на магдэбургскае права Брэсту ўпамінаецца толькі адна крыніца ўлады і суда — войт. У грамаце 1498 Полацку гаворыцца, што бурмістры і радцы не маглі судзіць без войта. Каралева Бона ў 1551 запатрабавала, каб у велікакняжацкіх гарадах суд. спрэчкі старосты разглядалі сумесна з гар. войтам. У многіх прыватнаўласніцкіх гарадах, дзе не было ўведзена магдэбургскае права, таксама дзейнічаў або войтаўскі суд, абовойтаўска-лаўніцкі суд. Поруч з войтаўскім судом існаваў бурмістраўска-радзецкі суд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛЕВАДАРО́ДЫ,
арганічныя злучэнні, якія складаюцца з атамаў вугляроду і вадароду. У залежнасці ад будовы адрозніваюць ацыклічныя злучэнні, або аліфатычныя вуглевадароды, у якіх атамы вугляроду звязаны паміж сабой у прамыя ці разгалінаваныя ланцугі, і карбацыклічныя злучэнні, або ізацыклічныя вуглевадароды, малекулы якіх утвараюць кольцы (цыклы). Гэтыя вуглевадароды падзяляюць на аліцыклічныя злучэнні (цыклапарафіны) і араматычныя злучэнні. Ніжэйшыя вуглевадароды (малекулы з 1—4 атамамі вугляроду) — газы, сярэднія (з 5—16 атамамі) — вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Большасць вуглевадародаў бясколерныя рэчывы, газападобныя і вадкія, звычайна маюць пах. Атрымліваюць з прыроднага газу, нафты і інш. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСАВА́ННЕ,
падача голасу за каго-н. або што-н.; адна з найб. пашыраных працэдур для высвятлення меркаванняў, настрояў, спадзяванняў людзей па важных праблемах паліт. жыцця, уладнай практыкі. Бывае адкрытае, закрытае (тайнае), пайменнае, пры якім афіцыйна рэгіструецца, як галасаваў пэўны член парламента ці інш. органа. Галасаваннем вырашаецца лёс дэмакратычна выбіраемых кіраўнікоў дзяржаў і мясц. органаў улады, членаў парламента, дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады насельніцтвам, а таксама кіраўнікоў, супрацоўнікаў тых абоінш. органаў і ўстаноў (гл.Выбарная сістэма). Для вырашэння ключавых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця можа праводзіцца нар. галасаванне — рэферэндум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІНЗО́ГА (Galinsoga),
род кветкавых раслін сям. астравых. 4 віды амер. паходжання. Пашырыліся як заносныя амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца 2 віды: галінзога драбнакветная (Galinsoga parviflora) і раснічастая, або шчаціністая (Galinsoga ciliata). Растуць каля дарог, на пустках, у садах, пасевах, на агародах.
Аднагадовыя амаль голыя або густаапушаныя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 100 см. Лісце простае, падоўжана- ці шырокаяйцападобнае, супраціўнае, чаранковае. Кветкавыя кошыкі гетэрагамныя, звычайна шматлікія, дробныя, паўшарападобныя, у верхавінкавых ці пазушных паўпарасоніках. Краявыя кветкі язычковыя, белыя, песцікавыя, сярэдзінныя — трубчастыя, жоўтыя, двухполыя. Плод — сямянка з чубком. Пустазелле. Некаторыя віды маюць лек. ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАСПАРЫ́ДЫІ (Haemosporidia),
кроваспаравікі, падатрад прасцейшых кл. спаравікоў. 10 родаў, больш як 100 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Паразітуюць у эрытрацытах або эндатэліяльных клетках сасудаў пазваночных жывёл і чалавека. Некат. выклікаюць цяжкія захворванні. Да гемаспарыдый адносяцца плазмодыі, шэраг відаў якіх — узбуджальнікі малярыі.
Цела авальнае ці круглае. Жыццёвы цыкл са зменай гаспадароў. Прамежкавы гаспадар — пазваночная жывёла або чалавек — заражаецца пры ўкусе кровасысучым насякомым (канчатковы гаспадар). Ва ўнутр. органах прамежкавага гаспадара паразіты размнажаюцца бясполым шляхам (шызаганія), потым укараняюцца ў эрытрацыты. Палавы працэс адбываецца ў арганізме насякомых, пераносчыкаў гемаспарыдый. Для чалавека найб. небяспечныя ўзбуджальнікі малярыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л (ад лац. generalis агульны, галоўны),
1) воінскае званне (чын) вышэйшага каманднага саставу ва ўзбр. сілах многіх краін свету. У Рэспубліцы Беларусь існуюць наступныя званні: генерал-маёр, генерал-лейтэнант, генерал-палкоўнік.
2) Службовая асоба земскіх судоў у ВКЛ, галоўны возны. Выбіраўся ваяводамі, старостамі і павятовай шляхтай з асоб, якія мелі нерухомую маёмасць у дадзеным ваяводстве або павеце. Зацвярджаўся на пасаду вял. князем. На першай сесіі земскага суда прымаў адпаведную прысягу. Мог выконваць абавязкі і за межамі свайго павета або ваяводства па ўсёй тэр.ВКЛ.
3) Тытул кіраўніка ордэна езуітаў, а таксама некат. інш. каталіцкіх манаскіх ордэнаў.