КО́ЛА ў тэхніцы,

прыстасаванне ў выглядзе дыска ці вобада са спіцамі, насаджанага на вось; адзін з асн. элементаў наземных трансп. сродкаў (аўтамабіляў, вагонаў, матацыклаў, веласіпедаў і інш.), многіх тэхн. механізмаў і машын. Паводле роду дзеяння ў машынах і прыладах К. падзяляюцца на перадатачныя, прызначаныя для перадачы намаганняў (зубчастыя колы), антыфрыкцыйныя — памяншаюць трэнне паміж целамі, што рухаюцца (блокі, накіравальныя ролікі), транспартныя — ператвараюць вярчальны рух, што ствараецца рухавіком, у паступальны рух машыны. К. сучаснага аўтамабіля маюць складаную будову; К. чыг. вагонаў — стальныя, звычайна суцэльныя, нерухома замацаваныя на восі, разам з якою рухаюцца ў буксах. Набываюць пашырэнне (пераважна ў вагонах метрапалітэна) пругкія метал. К.

К. разам з вінтом і рычагом — адна з найвялікшых вынаходак чалавецтва. Для трансп. мэт выкарыстоўваецца з 4-га тыс. да н.э. (Месапатамія). Папярэднік К. — каток, які падкладваўся пад груз пры яго перамяшчэнні. Каб палепшыць качэнне, сярэднюю ч. катка рабілі больш тонкаю, чым крайнія часткі. Такі каток быў заменены воссю з насаджанымі на яе К. Каб аблегчыць К., яго пачалі рабіць састаўным — з калодкі, што насаджваецца на вал, вобада і злучальных спіц. Павелічэнне трываласці вобада дасягалася метал. шынаю, якая пазней заменена гумавай і больш дасканалай пнеўматычнай. З старажытнасці К. — найважнейшы элемент большасці рабочых машын (калёсы, ганчарны круг, жорны, млыны, калаўрот). Вял. ролю яно адыграла як вадзяны (гл. Вадзяное кола) і паветраны рухавік (гл. Ветрарухавік). Спец. канструкцыі К. выкарыстоўваюцца ў сучасных турбінах (гідраўлічных, газавых, паравых) як асн. рабочая частка. К. стала асн. тыпам рухача ў трансп., с.-г. (колавых трактарах, камбайнах, прычэпах і інш.) і ваен. машынах (колавых цягачах, бронетранспарцёрах і да т.п.). Прынцып перамяшчэння з дапамогай К. выбраны для першых трансп. машын, прызначаных для выкарыстання на інш. планетах (напр., у «Месяцаходзе»).

Літ.:

Добронравов Н.И. Беседа о колесе. М.; Л., 1951.

У.​М.​Сацута.

Будова аўтамабільнага кола: 1 — унутраны слой шыны; 2 — дрот, які прыціскае борт шыны да калодкі; 3 — корпус шыны; 4 — узмацняльныя пракладкі; 5 — пратэктар; 6 — калодка.

т. 8, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНЫ АДБО́Р,

асноўны фактар, які рухае эвалюцыю арганізмаў. Вучэнне пра Н.а. створана Ч.Дарвінам. Незалежна ад яго да ідэі Н.а. прыйшоў А.Уалес. Паводле Дарвіна, Н.а. — вынік барацьбы за існаванне; выяўляецца ў пераважным выжыванні і пакіданні патомства найб. прыстасаванымі асобінамі кожнага віду арганізмаў і гібелі менш прыстасаваных. Неабходная перадумова, якая забяспечвае дзеянне Н.а. — спадчынная зменлівасць арганізмаў, яго непасрэдны вынік — фарміраванне ў арганізмаў прыстасаванняў да канкрэтных умоў знешняга асяроддзя. Больш аддаленыя вынікі Н.а. — павелічэнне разнастайнасці форм арганізмаў, паслядоўнае ўскладненне іх арганізацыі ў ходзе прагрэсіўнай эвалюцыі, выміранне менш прыстасаваных відаў. Дарвінаўская канцэпцыя Н.а. далей развіта ў працах А.М.Северцава, С.С.Чацверыкова, І.І.Шмальгаўзена, Р.​Фішэра, Дж.​Холдэйна і інш. Генет. сутнасць Н.а. грунтуецца на дыферэнцыраваным (невыпадковым) захаванні папуляцыі пэўных генатыпаў і выбіральным удзеле іх у перадачы генаў наступнаму пакаленню. Н.а. уздзейнічае на пэўны фенатып, што фарміруецца ў выніку ўзаемадзеяння генатыпу, які мае характэрную норму рэакцыі, з фактарамі навакольнага асяроддзя, а не на асобную фенатыпічную адзнаку (і не на асобны ген). Н.а. уяўляе сабой верагоднасны працэс. Непасрэдна ён не з’яўляецца прычынай зменлівасці арганізмаў, аднак можа ўздзейнічаць на частату і напрамкі тых мутацый, якія пераважаюць, робяць вызначальны ўплыў на тэмпы і напрамкі эвалюц. працэсу. Ступень уздзеяння Н.а. на папуляцыі арганізмаў наз. інтэнсіўнасцю ціску Н.а. Дзеянне Н.а. выразна выяўляецца ў вял. папуляцыях (сотні і больш асобін), таму што па меры скарачэння іх колькасці. павялічваецца роля выпадковых фактараў, якія змяншаюць яго эфектыўнасць. Адбор уздзейнічае на асобныя арганізмы (індывідуальны адбор) і на цэлыя групоўкі (т.зв. групавы адбор), пры гэтым ён можа спрыяць захаванню такіх прыкмет асобін, што з’яўляюцца карыснымі для групы ў цэлым, а не для саміх іх уладальнікаў. Н.а. дзейнічае ў розных кірунках і адпаведна прыводзіць да розных вынікаў. У якасці асобных форм Н.а. адрозніваюць разрываючы (дызруптыўны), рухаючы, стабілізуючы адбор. Прыватны выпадак Н.а. — палавы адбор. Гл. таксама Дымарфізм, Штучны адбор.

Літ.:

Дарвин Ч. Происхождение видов путем естественного отбора // Соч. М.; Л., 1939. Т. 3;

Шмальгаузен И.И. Факторы эволюции: Теория стабилизирующего отбора 2 изд. М., 1968;

Шеппард Ф.М. Естественный отбор и наследственность: Пер. с англ. М., 1970.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФЕРЭ́НДУМ (ад лац. referendum тое, што павінна быць паведамлена),

галасаванне выбаршчыкаў па якім-н. пытанні дзярж. або грамадскага жыцця; інстытут непасрэднай дэмакратыі. У адрозненне ад выбараў пры Р. аб’ектам з’яўляецца не кандыдат ці спіс кандыдатаў на пэўную пасаду, а пэўнае пытанне — закон, законапраект, канстытуцыя, папраўка да канстытуцыі, якая-н. унутрыпаліт. праблема ці праблема, што адносіцца да міжнар. статуса адпаведнай краіны. Своеасаблівай формай Р. з’яўляецца плебісцыт — апытанне насельніцтва пра паліт. лёс тэрыторыі, на якой яно пражывае. Прававую аснову Р. на Беларусі складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11.2.2000, якім рэгламентаваны парадак правядзення і падвядзення вынікаў Р. Рэферэндумы могуць быць рэспубліканскія і мясцовыя. На рэсп. Р. выносяцца найважнейшыя пытанні дзярж. і грамадскага жыцця краіны, на мясцовыя — пытанні, што маюць важнейшае значэнне для насельніцтва адпаведных адм.-тэр. адзінак і аднесены да кампетэнцыі іх кіруючых, выканаўчых і распарадчых органаў. Права ініцыятывы на правядзенне рэсп. Р. належыць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў і Савету рэспублікі, грамадзянам краіны (апошняя выносіцца ў выглядзе прапановы не менш чым 450 тыс. грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у т. л. не менш як па 30 тыс. грамадзян ад кожнай з абласцей і горада Мінска). Рашэнні, прынятыя Р., могуць быць адменены ці зменены толькі шляхам новага Р. Рашэнне, прынятае Р., падпісвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і набывае сілу праз 10 дзён пасля афіц. публікавання, калі ў ім не ўстаноўлены іншы тэрмін. Мясц. Р. назначаюцца мясц. прадстаўнічымі органамі па сваёй ініцыятыве або па прапанове не менш як 10% грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Рашэнні мясц. Р. падпісваюць кіраўнікі адпаведных мясц. прадстаўнічых органаў. Першы ў гісторыі краіны рэсп. Р. адбыўся 14.5.1995 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.​Р.​Лукашэнкі па пытаннях устанаўлення новай дзярж. сімволікі, змянення статуса рус. мовы, эканам. інтэграцыі з Расіяй, унясення змен у Канстытуцыю, якія прадугледжвалі права датэрміновага прыпынення Прэзідэнтам паўнамоцтваў Вярх. Савета. На рэсп. Р. 24.11.1996 прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі).

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЯ́НСКІ ЗА́МАК,

помнік архітэктуры 1-й чвэрці 17 ст. на паўн.-зах. ускраіне в. Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Вядомы таксама пад назвамі «Белы Ковель» ці «Малы Ковель». Займаў прамавугольную ў плане пляцоўку (100 × 200 м) на правым беразе р. Дзярноўка. Пабудаваны да 1626 кн. С.​А.​Сангушкам-Ковельскім. Змураваны з буйной цэглы (29 × 13 × 8 см) і палявога каменю. Меў выгляд замкнутага прамавугольніка з унутр. дваром, вуглавымі 3-яруснымі вежамі і 5-яруснай 5-граннай вежай на паўн.-ўсх. фасаднай сцяне. 3-павярховы корпус палаца па перыметры двара меў сцены таўшчынёй 1,2—1,7 м. Муроўка замка паводле тыпу найбольш блізкая да т.зв. галандскай. 5-ярусная вежа вылучаецца вытанчаным рэльефным дэкорам, які мякка кантраставаў з гладкай паверхняй сцен. Арнамент аконных праёмаў і плоская ордэрная раскрапоўка вежаў сведчаць пра стылістычную сувязь з зах.-еўрап. архітэктурай. У матывах складанага рэнесансавага абрамлення рамкі-картуша прасочваюцца галандскія ўплывы. Захаваліся сляды вітых усходаў, што ішлі па ўнутр. перыметры вежы, шмат ніш рознага памеру, арачны пераход з гал. корпуса ў вежу, дэталі камінаў. Ёсць звесткі, што на схіле жыцця гаспадар замка кн. Сангушка-Ковельскі загадаў размаляваць пакоі карцінамі на рэліг. сюжэты, тэмы смерці і забыцця. З інвентароў замка за 1739 і 1742, калі ён належаў маршалку ВКЛ П.​Л.​Сангушку, вынікае, што «... замак мураваны на капцы» быў наўкола «вадою абвіты». Перад ім знаходзіўся стаў з мостам. Пры ўваходзе на дзядзінец, злева, быў вял. склеп. У пакоях стаялі печы з белай кафлі з гербам «Пагоня». Дапаможныя гасп. службы размяшчаліся не ў замку, а за ставам. Замак быў разбураны ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайну 1700—21. Заняпад С.з. пачаўся з канца 18 ст. і завяршыўся ў сярэдзіне 19 ст. (новы гаспадар Смалян сенатар Сямёнаў прадаў замак на цэглу). Захаваліся 5-ярусная вежа і рэшткі сцен.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977. С. 58—59;

Баравы Р.В. Да гісторыі замка ў Смалянах // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3.

М.​А.​Ткачоў.

Смалянскі замак. Малюнак Ю.​Пешкі канца 18 ст.
Руіны вежы Смалянскага замка. Сучасны выгляд.

т. 15, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЕЧНАЯ РАДЫЯ́ЦЫЯ.

сонечнае выпрамяненне, электрамагнітнае і карпускулярнае выпрамяненне Сонца; асноўная крыніца энергіі для ўсіх працэсаў і з’яў, што адбываюцца ў біясферы. Электрамагнітная радыяцыя распаўсюджваецца ў касм. прасторы і дасягае атмасферы Зямлі ў выглядзе эл.-магн. хваль са скорасцю каля 300 тыс. км/с. С.р. адносіцца да кароткахвалевай радыяцыі. Каля 47% яе энергіі прыпадае на бачную частку спектра (0,4—0,76 мкм), 44% — на інфрачырвоную (0,76—4 мкм) і 9% — на ультрафіялетавую радыяцыі (0,01—0,39 мкм). С.р. праходзіць праз атмасферу, часткова адбіваецца ў космас, часткова паглынаецца і рассейваецца малекуламі газаў і аэразолямі, зменьвае сваю інтэнсіўнасць і спектральны састаў. Радыяцыя, што дасягае зямной паверхні ў выглядзе пучка паралельных прамянёў непасрэдна ад Сонца, наз. прамой, а радыяцыя, якая паступае з усяго небасхілу, — рассеянай. Агульны прыход прамой і рассеянай радыяцыі — сумарная радыяцыя. Частка яе, якая паглынаецца паверхняй (глебай, расл. покрывам, вадой, будынкамі і інш.), наз. паглынутай радыяцыяй, а тая, што адбіваецца воблакамі і зямной паверхняй — адбітай радыяцыяй. Суадносіны паміж паглынутай і адбітай радыяцыямі залежаць ад колеру, рэльефу і вільготнасці паверхні. Зямная паверхня і атмасфера выпраменьваюць даўгахвалевую радыяцыю (4—100 мкм). Рознасць паміж выпрамяненнем Зямлі і сустрэчным выпрамяненнем атмасферы наз. эфектыўным выпрамяненнем; рознасць паміж паглынутай радыяцыяй і эфектыўным выпрамяненнем — радыяцыйны баланс, прамянёвая энергія якога на зямной паверхні пераўтвараецца ў цяпло. Частка цяпла перадаецца на глыбіню глебы або вадаёма, частка ў атмасферу, на выпарэнне вады, невял. доля ідзе на ўтварэнне хім. сувязей пры фотасінтэзе расл. покрыва. Агульны прыход і расход энергіі на зямной паверхні наз. цеплавым балансам. Карпускулярная радыяцыя складаецца пераважна з пратонаў (рухаюцца са скорасцю 300—1500 км/с), якія поўнасцю паглынаюцца магнітасферай Зямлі. С.р. характарызуецца імгненнымі значэннямі (энергет. асветленасць, кВт/м²) і сумамі за гадзіну, суткі, месяц, год (КДж/м², МДж/м²). На Беларусі колькасць сумарнай С.р. за год зменьваецца ад 4100 МДж/м² на Пд да 3500 МДж/м² на Пн, каля 55% яе прыпадае на рассеяную радыяцыю. Гадавыя сумы радыяцыйнага балансу ад 1500 МДж/м² на ПнУ да 1800 МДж/м² на ПдЗ.

П.​А.​Каўрыга.

т. 15, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ ЗБРО́Я.

атамная зброя, агульная назва зброі, паражальнае дзеянне якой заснавана на выкарыстанні ўнутрыядзернай энергіі, што вылучаецца пры ядзерным выбуху; адзін з відаў зброі масавага знішчэння. Найб. магутны сродак вядзення баявых дзеянняў, разбуральны патэнцыял якога не мае прэцэдэнтаў у гісторыі чалавецтва і нясе пагрозу для яго існавання ў цэлым. Асн. паражальныя фактары Я.з.: ударная хваля, светлавое выпрамяненне, пранікальная радыяцыя, радыеактыўнае заражэнне і эл.-магн. імпульс. Я.з. ўключае розныя ядзерныя боепрыпасы (баявыя ч. ракет і тарпед, авіяц. і глыбінныя бомбы, артыл. снарады і міны, што забяспечаны ядз. ці тэрмаядз. ўстройствамі), сродкі дастаўкі іх да цэлі і сродкі кіравання імі. У залежнасці ад адз. зараду падзяляецца на тры пакаленні. У Я.з. 1-га пакалення ў боепрыпасах выкарыстоўваюць рэчывы, што дзеляцца (​239Pu, ​235U), напр., першая сав. ядзерная бомба, выпрабаваная ў жн. 1949. У Я.з. 2-га пакалення пры выбуху вылучаецца не толькі энергія ад дзялення ​239Pu і ​235U, але і ад тэрмаядз. рэакцыі сінтэзу лёгкіх элементаў (ізатопаў вадароду — дэйтэрыю і трытыю). Бомба такога прынцыпу дзеяння наз. вадароднай і ўпершыню выпрабавана ў СССР (жн. 1953). Мае значна большую, практычна неабмежаваную магутнасць. Да 3-га пакалення адносяць боепрыпасы, у якіх значная ч. энергіі выбуху ператвараецца ў інш. форму, чым ударная хваля і цеплавое выпрамяненне, і канцэнтруецца пераважна ў адным напрамку (напр., нейтронныя боепрыпасы, у якіх энергія пераўтвараецца ў нейтроннае і γ-выпрамяненне — нейтронныя бомбы і лазеры з ядз. напампоўваннем). Паводле выкарыстання Я.з. падзяляецца на; стратэгічную — прызначаную для знішчэння агульнага ваен.-эканам. патэнцыялу праціўніка, мае вял. ці міжкантынент. далёкасць; тактычную, ці зброю поля бою магутнасцю ад 1 кт да 1 Мт. Стратэг. ядз. сілы ўключаюць міжкантынент. і балістычныя ракеты наземнага базіравання, балістычныя ракеты з ядз. боезарадамі на падводных лодках і стратэг. бамбардзіроўшчыкі міжкантынент. далёкасці, аснашчаныя бомбамі, ракетамі, крылатымі ракетамі з ядз. зарадамі. Пасля атамных бамбардзіровак амер. авіяцыяй яп. гарадоў Хірасіма і Нагасакі (жн. 1945) Я.з. стала гал. чынам ваен.-паліт. сродкам націску і стрымлівання ў супрацьстаянні вял. дзяржаў (гл. «Халодная вайна»).

А.​П.​Малыхін.

т. 18, кн. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАРО́ТНЫХ АДНО́СІН ЗАКО́Н,

фіксуе залежнасць паміж аб’ёмам і зместам паняццяў: чым шырэйшы аб’ём паняцця, тым вузейшы яго змест, і наадварот. Калі аб’ём аднаго паняцця складае частку аб’ёму другога, то для іх зместу ўласцівыя адваротныя адносіны. Прынята лічыць, што першае вызначэнне гэтага закону належыць логікам Пор-Раяля (1660-я г.), але найб. вядомая фармулёўка дадзена І.​Кантам. Адваротных адносін закон дае магчымасць тлумачыць лагічныя аперацыі абагульнення і абмежавання паняццяў. Калі ідуць ад паняццяў меншага аб’ёму да паняццяў большага аб’ёму, то за кошт звужэння зместу адбываецца іх абагульненне, калі ж ад паняццяў большага да меншага, то з-за пашырэння зместу адбываецца абмежаванне.

У.​Ф.​Бяркоў.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (лац. velaris ад velum заслона) у мовазнаўстве, дадатковая артыкуляцыя, якая выражаецца ў пад’ёме задняй часткі спінкі языка да мяккага паднябення. У бел. мове ў заднеязычных зычных «г», «к», «х» яна супадае з асноўнай артыкуляцыяй, таму іх называюць велярнымі; у шыпячых зычных яна не супадае з асноўнай артыкуляцыяй, збліжэннем языка з цвёрдым паднябеннем, таму іх называюць двухфокуснымі. Выразная велярызацыя ў гука «л», што робіць яго непадобным да невелярызаванага, т.зв. сярэднееўрапейскага l. Ва ўсіх астатніх цвёрдых зычных велярызацыя служыць для больш выразнага іх проціпастаўлення адпаведным мяккім палаталізаваным зычным (гл. Палаталізацыя). Акустычны эфект велярызацыі нагадвае эфект ад лабіялізацыі (агублення).

А.​І.​Падлужны.

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНАКО́ПІЯ,

узнікненне знешне падобных фенатыпічных прыкмет у арганізмаў пад уплывам генаў, размешчаных у розных участках храмасомы або ў розных храмасомах. Генакопія — вынік кантролю прыкмет адразу многімі генамі (камплементацыя, эпістаз, полімерыя). Шматэтапны біясінтэз малекул у клетцы можа прыводзіць да аднолькавага выніку — адсутнасці канчатковага прадукту рэакцый, якія выклікаюцца мутацыяй, і да аднолькавай змены фенатыпу. Напр., вядомы лакалізаваныя ў пэўных храмасомах дразафілы рэцэсіўныя алелі розных генаў, кожны з якіх абумоўлівае аднолькавую ярка-чырвоную афарбоўку вачэй, таму што выклікае парушэнні аднаго з этапаў сінтэзу карычневага пігменту. Даследаванні генакопіі выкарыстоўваюцца ў мед. генетыцы для прагнозу магчымага праяўлення спадчынных захворванняў у нашчадкаў, калі бацькі маюць падобныя хваробы або анамаліі развіцця.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,

цяжкапранікальныя для вады і паветра глебы, што развіваюцца на пародах, якія маюць больш за 50% часцінак фіз. гліны (дыям. менш за 0,01 мм). Здольныя моцна набракаць пры ўвільгатненні і растрэсквацца пры высыханні. Багатыя гумусам і азотам, маюць вапну, фосфар, калій і інш. мікраэлементы. Ворныя гарызонты з трывалай дробнакамкаватай структурай, схільныя да забалочвання. На Беларусі гліністыя глебы пашыраны на азёрна-ледавіковых, радзей марэнных глінах і цяжкіх суглінках найбольш у Віцебскай (займаюць каля 76 тыс. га) і Гродзенскай (20 тыс. га) абласцях. Больш за 70% гліністых глебаў паўгідраморфныя (дзярнова-падзолістыя і дзярнова забалочаныя). Эфектыўная ўрадлівасць звязана са ступенню ўвільгатнення (бал ад 76 да 38).

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)