тып развіцця, для якога характэрны пераход ад вышэйшага да ніжэйшага, ад складанага да простага. Уключае працэсы дэградацыі, застою, паніжэнне ўзроўню арганізацыі, страту здольнасці выконваць пэўныя функцыі, вяртанне да аджылых формаў і структур. Р. і прагрэс — супрацьлеглыя паняцці, але паміж імі існуе складаная шматбаковая сувязь: з аднаго боку, асобныя рэгрэсіўныя змены могуць адбывацца ў межах агульнага прагрэс. развіцця; з другога — у межах рэгрэсіўнага развіцця сістэмы асобныя яе часткі могуць захоўваць прагрэс. кірунак развіцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФРЫЖЭРА́ТАР (франц. réfrigérateur ад лац. refrigerare ахалоджваць),
транспартны сродак з цеплаізаляванымі камерамі і халадзільнымі ўстаноўкамі для перавозкі хуткапсавальных грузаў. У якасці Р. выкарыстоўваюць спец. ізатэрмічныя аўтамабілі і прычэпы, вагоны і паязды, судны. Ізатэрмічныя аўтамабілі маюць кузаў з цеплаізаляцыяй, якая абмяжоўвае цеплаабмен паміжунутр. і вонкавымі паверхнямі. Адрозніваюць аўтамабілі-лядоўнікі, аўтамабілі-Р. (з аўтам. халадзільнымі ўстаноўкамі) і з эл. ацяпленнем (забяспечвае т-ру ад +10 да -15 °C). Рэфрыжэратарныя судны бываюць грузавыя (сухагрузы) або грузапасажырскія; пашыраны рэфрыжэратарныя рыбапрамысловыя судны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКРЫ́СТЫЯ (ад лац. sacrum святыня),
бакавое памяшканне ў касцёле ці кляштары, прызначанае для захавання культавага начыння, адзення свяшчэннаслужыцеляў і інш.; часам тут захоўвалася і кляштарная казна. У раннехрысц. храмах функцыі С. выконвала пастафорыя, у правасл. — рызніца. Размешчана С. звычайна ва ўсх.ч. касцёла, непасрэдна каля месца правядзення службы. Зрэдку знаходзіцца паміж касцёлам і кляштарам. С. бываюць 1-павярховыя, перакрытыя скляпеннямі, радзей 2-павярховыя.
Сакрыстыя царквы Санта-Марыя прэса Сан-Сатыра ў Мілане. Арх. Д.Брамантэ. 1479—83.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА ФІЗІ́ЧНЫХ ВЕЛІЧЫ́НЬ,
сукупнасць узаемазвязаных фізічных велічынь, што ўключае асн. (незалежныя) і вытворныя велічыні і выкарыстоўваецца ў пэўнай галіне прыродазнаўства. Абазначаецца сімваламі асн. велічынь (гл.Размернасць у фізіцы) і дазваляе вызначыць кожную вытворную фіз. велічыню праз асноўныя на падставе ўраўненняў сувязі, якая існуе паміж імі. Напр., LMT — у механіцы і LMTI — у электрадынаміцы, дзе L — даўжыня, М — маса, Т — час, I — сіла току (асн. велічыні сістэмы адпаведна). Выбар С.ф.в. вызначае ўвядзенне адпаведных сістэм адзінакфіз. велічынь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕКТЫ́ЎНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел геаметрыі, што вывучае ўласцівасці фігур, якія не змяняюцца пры праектыўных пераўтварэннях. Такія ўласцівасці наз. праектыўнымі, напр., датычнасць прамой і лініі, парадак лініі. Існуюць таксама непраектыўныя ўласцівасці, напр., паралельнасць ці перпендыкулярнасць прамых, роўнасць адрэзкаў і вуглоў. Асн. тэарэмы класічнай П.г.: Брыяншона тэарэма, Дэзарга тэарэма, Паскаля тэарэма.
Асновы П.г. закладзены Ж.Дэзаргам у сувязі з развіццём вучэння аб перспектыве і Б.Паскалем пры вывучэнні ўласцівасцей канічных сячэнняў. Як самастойная дысцыпліна выкладзена франц. матэматыкам Ж.Панселе, які вылучыў праектыўныя ўласцівасці фігур у асобны клас і вызначыў адпаведнасці паміж іх метрычнымі і праектыўнымі ўласцівасцямі. Пры праектаванні (гл.Праекцыя) пунктаў адной плоскасці П на другую П’ не кожны з іх мае вобраз на П’ і наадварот — не кожны пункт П мае правобраз на П. Гэта прывяло да неабходнасці дапаўнення эўклідавай плоскасці бясконца аддаленымі элементамі (няўласнымі пунктамі і няўласнай прамой; гл.Праектыўная плоскасць), што зрабіла праектаванне ўзаемна адназначным. Аналагічна эўклідава прастора пераўтвараецца ў праектыўную прастору. Паняцці «пункт» і «прамая» ў П.г. звязаны паміж сабою адным з асн. паняццяў — інцыдэнтнасцю: пункт і прамая інцыдэнтныя, калі пункт належыць прамой ці (што тое самае) прамая праходзіць праз пункт. Прынцып дваістасці сцвярджае: калі справядліва выказванне ў дачыненні пунктаў, прамых і суадносін інцыдэнтнасці паміж імі, то справядліва і дваістае выказванне, атрыманае з зыходнага, калі памяняць месцамі словы «пункт» і «прамая», напр., двум розным пунктам інцыдэнтная прамая (і прытым толькі адна); двум розным прамым інцыдэнтны пункт (і прытым толькі адзін). Гэты прынцып адлюстроўвае фундаментальную ўласцівасць праектыўнай плоскасці: прамыя і пункты на ёй — цалкам раўнапраўныя геам. аб’екты. П.г. знаходзіць дастасаванні ў намаграфіі, квантавай тэорыі поля, канструяванні пячатных схем і інш.
Літ.:
Хартсхорн Р. Основы проективной геометрии: Пер. с англ.М., 1970;
Ефимов Н.В. Высшая геометрия. 6 изд. М., 1978;
Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 2. Мн., 1987.
А.А.Гусак.
Да арт.Праектыўная геаметрыя. Цэнтральнае праектаванне акружнасці, якая ляжыць у плоскасці П, з пункта S на плоскасць П′: прамыя AQ і AP праектуюцца ў паралельныя прамыя q і p, акружнасць — у парабалу, датычная да акружнасці QN — у датычную да парабалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАНІМІ́Я (ад грэч. homōnymia аднайменнасць),
гукавое супадзенне адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў), якія адрозніваюцца паміж сабой значэннем. Усе амонімы-словы падзяляюцца на тыпы: лексічныя (маюць поўнае гукавое супадзенне ва ўсіх формах і адносяцца да адной часціны мовы, напр., «нота» — ‘дыпламатычны дакумент’ і «нота» — ‘муз. знак’), фанетычныя — амафоны, марфалагічныя — амаформы. Адрозніваюць поўную і частковую аманімію.
Поўныя лексічныя амонімы супадаюць ва ўсіх граматычных формах («заранка» — ‘зорка’ і «заранка» — ‘птушка’), пры частковай аманіміі адно са слоў цалкам (ва ўсіх формах) супадае па гучанні з часткай формаў інш. слова ці з адной яго формай («вечарам» — прыслоўе і «вечарам» — назоўнік мужч. роду адз. л. творнага склону). Да частковай адносяць прыставачную аманімію («дапісаць» — ‘поўнасцю скончыць пісаць’ і «дапісаць» — ‘запоўніць старонку’), супадзенне формаў аднаго з трыванняў розных дзеясловаў («прамакаць» ад «прамакнуць» і ад «прамокнуць») і г.д. Амонімы ўзнікаюць у мове ў выніку страты сэнсавай сувязі паміж асобнымі значэннямі (у т. л. пераноснымі) мнагазначных слоў («каса» — ‘прылада працы’, «каса» — ‘заплеценыя валасы’, «каса» — ‘вузкая пясчаная паласа’), у выніку дзеяння фанет. законаў мовы (аглушэння зычных на канцы слова: «мох» — ‘расліна’ і «мог» — ад дзеяслова «магчы»), гукавога супадзення розных слоў («міна» — ‘выраз твару’ і «міна» — ‘снарад з выбуховым рэчывам’) і інш. Ад амонімаў трэба адрозніваць амографы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЛЕ́СКА (франц. burlesque ад італьян. burlesco жартоўны),
1) у літаратуры жанр камічнай, парадыйнай паэзіі. Камічны эфект у бурлесках дасягаецца ў адным выпадку неадпаведнасцю, рэзкім кантрастам паміж узвышанай тэмай і яе падкрэслена будзённым вырашэннем (травесційная), у другім — неадпаведнасцю паміж «нізкай», трывіяльнай тэмай і ўзвышанай, «кніжнай» мовай (іроікамічная). Вядома бел. л-ры ў канцы 18 — пач. 19 ст.; была адной з вызначальных формаў на пач. яе станаўлення. Парадзіравала сюжэты з Бібліі («Уваскрэсенне Хрыстова», калядкі) або антычнай міфалогіі (паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»). Аб узвышана-гераічных падзеях расказвалася «нізкай» гутарковай мовай, шырока выкарыстоўваліся бытавыя рэаліі. Бел. бурлескныя творы былі своеасаблівай рэакцыяй на каноны класіцызму, пашыраныя ў тагачаснай рус. і польскай л-рах.
2) У музыцы, п’еса жартоўнага, часам грубавата-камічнага або капрызнага характару, звычайна хуткага тэмпу, свабоднай будовы. Блізкая да капрычыо і гумарэскі. Найб. пашырана ў 17—18 ст., пазней знікла з кампазітарскай практыкі, адрадзілася на мяжы 19—20 ст. Як самаст. п’еса або як частка цыклічнага твора сустракаецца ў музыцы для клавішных (І.С.Бах, Ф.Куперэн, Р.Шуман, Р.Штраус, Б.Бартак), радзей для струнных (Дз.Шастаковіч) інструментаў. З бел. кампазітараў бурлескі пісалі Я.Дзягцярык, Э.Тырманд, Л.Шлег і інш. Тэрмін «бурлеска» абазначае таксама разнавіднасць камічнай оперы, блізкай да вадэвіля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М РАСЛІ́Н,
працэс водаабмену паміж раслінамі і навакольным асяроддзем, неабходны для падтрымання іх жыццядзейнасці; частка агульнага абмену рэчываў. Вызначаецца і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з генетычна замацаванымі асаблівасцямі ўнутр. будовы і функцыямі раслін (анатама-марфал. структура, відавая і сартавая спецыфіка фізіял. функцый) і знешнімі экалагічнымі ўмовамі (вільготнасць і т-ра глебы і паветра, рэльеф, уласцівасці глебы і інш.). Складаецца з паслядоўных і цесна звязаных працэсаў паступлення вады ў карані раслін з глебы, падымання яе па каранях і сцёблах у лісце і інш. органы, выпарэння лішняй вады лісцем у атмасферу (транспірацыі). Паступленне, перамяшчэнне і выпарэнне вады ў раслінным арганізме складаюць яго водны баланс (суадносіны паміж колькасцю вады, якую расліна атрымлівае і якую траціць за адзін прамежак часу). У розныя гадзіны сутак, а таксама перыяды вегетацыі гэтыя суадносіны неаднолькавыя. Нястача і лішак вады адмоўна адбіваюцца на росце і развіцці раслін. Нармальны стан вышэйшых раслін характарызуецца наяўнасцю невял. воднага дэфіцыту (5—6% ад поўнай вільгаценасычанасці клетак), якому адпавядае найб. высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Паводле ўмоў увільгатнення (напр., воднага рэжыму глебы) і прыстасаванняў да яго вылучаюць экалагічныя групы раслін: гідрафіты, гіграфіты, мезафіты, ксерафіты, сукуленты. Водны рэжым раслін уплывае на біял. прадукцыйнасць, колькасць і якасць ураджаю с.-г. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗКАСЦЬ, унутранае трэнне,
уласцівасць газаў, вадкасцей і цвёрдых цел супраціўляцца іх цячэнню (для цвёрдых цел — развіццю астаткавых дэфармацый) пад уздзеяннем вонкавых сіл. Характарызуе сілавое ўзаемадзеянне (інтэнсіўнасць перадачы імпульсу) паміж слаямі вадкасці (газу) пры любых цячэннях. Звязана са структурай рэчыва і адлюстроўвае фіз.-хім. змены ў рэчывах пры тэхнал. працэсах. Гелій мае асаблівыя вязкасныя ўласцівасці — звышцякучасць.
Вязкасць газаў абумоўлена цеплавым рухам малекул (вынік пастаяннага абмену малекуламі паміж слаямі і таму для надзвычай разрэджаных газаў паняцце вязкасці страчвае сэнс), вадкасцей — міжмалекулярным узаемадзеяннем. Пры ламінарным цячэнні вязкіх вадкасцей і газаў (закон І.Ньютана; 1687) датычная сіла трэння, што выклікае зрух слаёў вадкасцей (газаў) адносна адзін аднаго, прапарцыянальная градыенту скорасці ў напрамку, перпендыкулярным слою, што разглядаецца, і плошчы слоя, пры якім адбываецца зрух; каэфіцыент прапарцыянальнасці наз. дынамічнай вязкасцю η (характарызуе інтэнсіўнасць ператварэння работы знешніх сіл у цеплыню). Кінематычная вязкасць , дзе ρ — шчыльнасць вадкасці (газу). У цвёрдых целах вязкасць характарызуе ўласцівасць неабарачальна паглынаць мех. энергію пры пластычных дэфармацыях; вызначаецца адносінамі работы дэфармацыі да папярочнага сячэння (або аб’ёму) узору. Гл. таксама Рэалогія.
Да арт.Вязкасць: F — датычная сіла, прыкладзеная да рухомай пласціны B, што рухаецца з пастаяннай скорасцю V0; V(Z) — залежнасць скорасці слоя вадкасці (газу) ад яго адлегласці Z ад нерухомай пласціны A.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВАЯ ПАЛА́ТА,
незалежная грамадская арг-цыя, якая спрыяе развіццю гандл.-эканам. і навук.-тэхн. сувязей паміж рознымі краінамі. У развітых краінах Гандлёвая палата з’яўляецца адной з формаў аб’яднання гандл.-прамысл. колаў, займаецца высвятленнем кан’юнктуры ў гандлі і прам-сці, пошукам рынкаў збыту і інш. Паводле прававога становішча гандлёвыя палаты могуць быць прыватнымі асацыяцыямі, што ўтвараюцца на аснове добраахвотнага членства (т.зв. прыватна-прававыя), або дзярж. арг-цыямі (т.зв. публічна-прававыя). Першая Міжнар. Гандлёвая палата (Парыж) засн. ў 1920 як міжнар. няўрадавая арг-цыя, што аб’ядноўвае дзелавыя колы і асобныя фірмы многіх краін. Асн. яе задача — садзейнічанне паляпшэнню ўмоў гандлю паміж рознымі краінамі і вырашэнню міжнар.эканам. праблем. Існуюць нац. і змешаныя (2 краіны) гандлёвыя палаты.
На Беларусі Гандлёвая палата створана ў 1972 на базе Аддз. Усесаюзнай Гандл.-прамысл. палаты СССР. У 1991 — Гандлёвая палата БССР, з 1994 — Бел.гандл.-прамысл. палата. Асн. кірункі дзейнасці: расшырэнне гандл.-эканам. сувязей з замежнымі дзяржавамі; арганізацыя і правядзенне выставак; пошук партнёраў для дзелавога супрацоўніцтва; аперацыі па патэнтаванні вынаходстваў; экспертыза тавараў, выдача сертыфікатаў аб іх паходжанні, распрацоўка і рэгістрацыя таварных знакаў; падрыхтоўка кадраў па знешнеэканам. зносінах і менеджменту і інш. Мае 6 абл. аддзяленняў і выставачны комплекс «Мінскэкспа». На пач. 1995 яе членамі былі больш за 800 прадпрыемстваў і арг-цый.