ПАДМАЛЁЎКА ў жывапісе

(пераважна алейным),

падрыхтоўчы этап работы над карцінай. Звычайна на стадыі П. ў адным тоне прапрацоўваюць светлаценем аб’ёмы прадметаў ці фігур, што адлюстроўваюцца (цені цёмнымі тонамі, асветленыя часткі — светлымі). Выконваецца ў 2 і больш колерах з разлікам на прасвечванне праз тонкія слаі фарбаў, якія накладваюцца на завяршальным этапе работы (гл. Лесіроўка). У алейным жывапісе эпохі Адраджэння П. часта выконвалі тэмперай. Шматслаёвы жывапіс з П. і лесіроўкамі быў пашыраны да сярэдзіны 19 ст., потым выцеснены жывапісам alla prima (выкананне карціны або фрагмента ў адзін сеанс).

т. 11, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДУА́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых ун-таў Італіі. Засн. ў 1222 у г. Падуя, Італія. Мае статус адм. аўтаноміі. У 1997/98 навуч. г. больш за 60 тыс. студэнтаў; ф-ты: права; паліталогіі; стат., дэмагр. і актуарных навук; філасофіі; псіхалогіі; падрыхтоўкі настаўнікаў; медыцыны, хірургіі і стаматалогіі; фармакалогіі; матэматыкі, фізікі і прыродазнаўчых дысцыплін; інжынерны; с.-г.; ветэрынарыі. Пры ун-це працуе ін-т ядзернай фізікі. Мае б-кі цэнтр., амер. і факультэцкія; музеі антрапалогіі і этнаграфіі; архіў антычнасці, бат. сад, астр. абсерваторыю і інш.

В.​М.​Навумчык.

т. 11, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРО́ЎСКІ (Уладзімір Аляксандравіч) (18.3.1871, Масква — 1931),

расійскі архітэктар. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1909). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1892—98), выкладаў там жа (1912—17), ін-тах Жаночым політэхн. і грамадз. інжынераў. Працы ў неарускім стылі: мемар. храм пад Лейпцыгам (Германія; 1912—13), банк у Ніжнім Ноўгарадзе (1913), будынак пазыковай касы ў Маскве (1914, з Б.​Нілусам), комплекс т.зв. Фёдараўскага гарадка ў Царскім Сяле (цяпер г. Пушкін Ленінградскай вобл.) — сабор (1912), карпусы казарм і афіцэрскага сходу (1910—12). Адзін з удзельнікаў праектавання Волхаўскай ГЭС (адкрыта ў 1926).

т. 11, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ДЭ ((Palade) Джордж Эміль) (19.11.1912, г. Ясы, Румынія),

амерыканскі вучоны-цытолаг. Чл. Нац. АН ЗША, Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Бухарэсцкі ун-т (1940). З 1946 у Ракфелераўскім ін-це мед. даследаванняў у Нью-Йорку, з 1973 праф. і заг. аддзела мед. школы Іельскага ун-та ў г. Нью-Хейвен. Навук. працы па электронна-мікраскапічным вывучэнні марфалогіі клетачных структур, біяхіміі клеткі. Адзін з распрацоўшчыкаў метаду дыферэнцыяльнага цэнтрыфугавання. У 1953 выявіў і апісаў рыбасомы, дэталёва вывучыў структуру мітахондрый. Нобелеўская прэмія 1974 (разам з А.Клодам і К.Р.Дэ Дзювам).

Дж.Э.Паладэ.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ТАР,

прыстасаванне для атрымання поўнасцю ці часткова палярызаванага аптычнага выпрамянення з выпрамянення з адвольнымі палярызацыйнымі характарыстыкамі (гл. Палярызацыя святла); адзін з асн. элементаў палярызацыйных прылад.

Лінейныя П. даюць плоскапалярызаванае святло. Іх дзеянне грунтуецца на падвойным праменепераламленні святла аптычна анізатропнымі палярызацыйнымі прызмамі (гл. Прызма аптычная), адбіцці (ці пераламленні) святла пад пэўнымі вугламі ад паверхні падзелу ізатропных асяроддзяў (пласцінкі ці стосы пласцінак), дыхраізме (гл. Паляроід). Для атрымання святла з кругавой палярызацыяй дадаткова да лінейнага П. дадаюць чвэрцьхвалевую фазавую пласцінку. Любы П. можна выкарыстоўваць таксама ў якасці аналізатара палярызаванага святла.

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЮ́ЦІЧ аўскага р-на Брэсцкай вобл.), бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1991). Скончыў БДУ (1956). З 1962 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе агр. гісторыю Беларусі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Адзін з аўтараў «Эканамічнай гісторыі БССР» (1969), «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 2, 1972), «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1, 1984).

Тв.:

Из истории формирования пролетариата Белоруссии, 1861—1914 гт. Мн., 1969;

Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990;

Наемный труд в сельском хозяйстве Беларуси, 1861—1914 гг. Мн., 1996.

т. 12, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПРА́ЎЧАЯ КАЛО́НІЯ,

адзін з відаў папраўчых устаноў, дзе адбываюць пакаранне, перавыхоўваюцца і выпраўляюцца паўналетнія асуджаныя судамі Рэспублікі Беларусь да пазбаўлення волі. П.-п.к. падзяляюцца на калоніі агульнага, узмоцненага, строгага і асаблівага рэжыму і калоніі-паселішчы. Від калоніі вызначаецца ў прыгаворы суда і замену яго ў час адбыцця пакарання можа рабіць толькі суд у прадугледжаных законам выпадках. У калоніях розных відаў для асуджаных устанаўліваюцца розныя ўмовы ўтрымання ў залежнасці ад існуючага ў іх рэжыму. Гэтыя ўмовы могуць змяняцца ў бок змякчэння і ўзмацнення жорсткасці ў адпаведнасці з паводзінамі асуджаных.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 12, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАДО́ЎСКІ (Аляксандр) (псеўд. А с трога; 1836, Люблінскае ваяв., Польшча, паводле інш. звестак Беларусь або Галіцыя —7.2.1890),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Служыў у рус. арміі, паручнік кавалерыі. У 1863 узначаліў паўстанцкі атрад у Ашмянскім пав., пасля гібелі Л.Т.Нарбута паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав. З рэшткамі атрада Нарбута перайшоў у Гродзенскую пушчу, злучыўся з атрадам А.А.Лянкевіча і потым дзейнічаў у Аўгустоўскім ваяв. Мяркуюць, што ў атрадзе П. ваяваў Ф.​Багушэвіч. У канцы 1863 распусціў атрад і эмігрыраваў.

Г.В.Кісялёў.

т. 12, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РАСТАК,

адзін з асноўных органаў вышэйшых раслін; мае вось-сцябло, лісце і пупышкі. Рэпрадуктыўны П. мае яшчэ органы размнажэння — спарангіі, стробілы, кветкі. Узнік як прыстасаванне да наземнага спосабу жыцця. Адзіны орган: лісце і сцёблы фарміруюцца з агульнага масіву мерыстэмы і маюць адзіную праводзячую сістэму. Структурны элемент (метамер) П. — вузел з адыходзячым ад яго лістом, або кальчак лісця, міжвузелле, якое знаходзіцца ніжэй, і пупышка (зародкавы П.). Разнастайныя тыпы П. ўзніклі ў працэсе эвалюцыі як прыстасаванне да розных умоў жыцця, а ў культ. раслін — і пад уздзеяннем чалавека.

т. 12, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАРНА́ЦКІ (Фёдар Ігнатавіч) (25.12. 1845, в. Пяцеўшчына Мінскага р-на — 20.8.1902),

расійскі вучоны ў галіне ўнутранай медыцыны; адзін з заснавальнікаў айч. бальнеалогіі і курарталогіі. Д-р мед. н. (1888). Скончыў Кіеўскі ун-т (1871), працаваў у ім да 1878. З 1879 у Пецярбургу, з 1891 у Ваенна-мед. акадэміі (заг. кафедры, праф.). Навук. працы па пытаннях хвароб нырак і кліматабальнеалогіі. Апісаў характэрныя сімптомы шэрагу хвароб нырак (сімптом П.).

Тв.:

О лихорадках на Кавказско-Черноморском побережье от Новороссийска до Сухуми. СПб., 1900;

Пиэлит: (Этиология, диагностика и терапия его). СПб., 1907.

т. 12, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)