АНТЫГЕ́НЫ [ад анты... + ген(ы)],

складаныя арган. рэчывы, якія пры паступленні ў арганізм чалавека і цеплакроўных жывёл выклікаюць спецыфічную імунную рэакцыю — утварэнне антыцелаў. Уласцівасцямі антыгенаў валодаюць чужародныя для дадзенага арганізма бялкі і поліцукрыды, асабліва высокамалекулярныя. Як антыгены яны могуць быць агульныя для ўсіх асобін пэўнага віду арганізмаў (відавыя антыгены) або толькі для іх часткі (групавыя антыгены). Ступень імунагеннасці антыгенаў, форма і вынік імуннага адказу, які яны выклікаюць (утварэнне антыцелаў, клетачны імунітэт, алергія, талерантнасць), залежаць ад ступені іх чужароднасці (філагенетычнай аддаленасці), хім. прыроды і малекулярнай будовы, дозы і формы ўвядзення ў арганізм і інш. фактараў. Імунная сістэма млекакормячых здольная распазнаваць да 10​6 антыгенаў. Вызначэнне відавой і групавой прыналежнасці антыгенаў выкарыстоўваецца пры ўстанаўленні ступені роднасці арганізмаў, распрацоўцы вакцын і сываратак, пераліванні крыві, перасадках тканак, дыягностыцы хвароб, у суд. медыцыне і інш.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНАСЦЬ,

1) у хіміі, актыўнасць каталізатара — здольнасць паскараць хім. рэакцыю. Вызначаецца як скорасць рэакцыі ў дадзеных умовах без уліку скорасці той жа рэакцыі пры адсутнасці каталізатара. Паверхневая актыўнасць — здольнасць рэчыва пры адсорбцыі зніжаць паверхневае нацяжэнне на мяжы падзелу дзвюх фазаў. Вызначаецца велічынёй — σ c , дзе σ — каэфіцыент паверхневага нацяжэння, c — аб’ёмная канцэнтрацыя рэчыва. Уласцівая паверхнева-актыўным рэчывам.

2) У хімічнай тэрмадынаміцы — велічыня, якая адпавядае тэрмадынамічным уласцівасцям рэчыва ў рэальным растворы. Вызначаецца праз змену пэўных фіз. велічыняў (пругкасці пары, т-ры замярзання, кіпення і інш.) пры змене канцэнтрацыі рэчываў у растворах. Адхіленне ўласцівасцяў рэальнага раствору ад уласцівасцяў ідэальнага характарызуецца каэфіцыентам актыўнасці (адносінай актыўнасці да канцэнтрацыі).

3) У ядзернай фізіцы — велічыня, роўная колькасці радыеактыўных распадаў за адзінку часу; адна з асн. характарыстык радыеактыўнасці. Адзінка актыўнасці ў СІбекерэль, пазасістэмная адзінка — кюры.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕРГЕ́НЫ,

рэчывы, здольныя выклікаць алергію. Да іх адносяцца бялковыя і небялковыя (поліцукрыды) злучэнні, неарган. рэчывы, у т. л. асобныя элементы (бром, ёд і інш.). Небялковыя рэчывы становяцца алергенамі толькі пасля злучэння з бялкамі тканак арганізма Адрозніваюць эндаалергены (утвараюцца ў арганізме) і экзаалергены інфекц. і неінфекц. паходжання. Сярод алергенаў інфекц. паходжання вылучаюць бактэрыяльныя, вірусныя і грыбковыя. Да неінфекц. адносяцца бытавыя (бытавы, бібліятэчны пыл і інш.), эпідэрмальныя (воўна, пер’е птушак, валасы, перхаць), інсектныя (яд, сліна кусачых, пыл з часцінак насякомых), лекавыя, пылковыя (раслінны пылок), прамысл.-хім. (бензол, шкіпінар, фарбавальнікі і інш.), харч. рэчывы. Алерген выклікае імуналагічна апасродкаваную адчувальнасць арганізма да яго (сенсібілізацыю). Ад першай дозы ў арганізме ўтвараюцца антыцелы, здольныя ўзаемадзейнічаць толькі з пэўным алергенам. Паўторна трапляючы ў арганізм, алерген злучаецца з раней утворанымі антыцеламі і выклікае алергічную рэакцыю.

А.​Ф.​Сарока.

т. 1, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬШТЫ́НСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Wojewodztwo Olsztynskie),

на Пн Польшчы. Пл. 12,3 тыс. км², нас. 738,6 тыс. чал., гарадскога 58% (1987). Адм. цэнтр — г. Ольштын. Найб. гарады: Ольштын, Кентшын, Ілава, Шчытна, Аструда. Большую частку Альштынскага ваяводства займаюць Мазурскае і Ілаўскае паазер’і, на Пн — Старапруская нізіна. У сярэдняй і паўд.-зах. частках марэнныя ўзвышшы (да 312 м над узр. м.). Клімат умераны, марскі. Сярэдняя т-ра студз. -3,5 °C, ліп. 17,5 °C, ападкаў 550 мм за год. Шматлікія рэкі бас. Віслы і Прэголі, найб. азёры — Язёрак, Нара, Ланскае і інш. Глебы дзярнова-падзолістыя. Вядучая галіна эканомікі — сельская гаспадарка. Вырошчваюць кармавыя культуры, жыта, ячмень, авёс, бульбу; гадуюць свіней і буйн. раг. жывёлу, пераважна малочнага кірунку. Прам-сць: маш.-буд., лёгкая, хім., дрэваапр., харчовая. Турызм (азёры, поле Грунвальдскай бітвы 1410).

т. 1, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭАЛО́ГІЯ (ад астэа... + ...логія),

1) раздзел анатоміі, які вывучае будову, развіццё і змены касцявога шкілета. Вылучаюць астэалогію агульную, прыватную (пра развіццё і будову асобных касцей), параўнальную, узроставую. Агульная астэалогія вывучае фіз.-хім. якасці косці, тканкавы, клетачны і субклетачны ўзроўні структурнай арганізацыі, уплыў розных фактараў на працэсы росту і перабудовы косці. Сучасныя даследаванні ў галіне астэалогіі звязаны з пошукамі спосабаў уплыву на працэсы рэгенерацыі, вызначэннем прычын эктапічнага росту, ацэнкай характару марфалагічных змяненняў пры трансплантацыі касцей. Прыватная астэалогія грунтуецца на вывучэнні анат. прэпаратаў і выкарыстанні метадаў даследавання шкілета жывога чалавека (рэнтгенаграфія, камп’ютэрная тамаграфія, ядзерна-магнітны рэзананс).

2) Астэалогія ў антрапалогіі вывучае варыяцыі памераў і формы чалавечага шкілета ў цэлым, а таксама асобных яго касцей. Даныя астэалогіі выкарыстоўваюць таксама ў палеанталогіі, расазнаўстве і інш.

С.​Л.​Кабак.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІХА́Р,

штат на ПнУ Індыі. Пл. 173,9 тыс. км². 86,3 млн. чал. (1994), каля ​2/3 — біхарцы. Адм. ц.г. Патна. На Пн — частка Інда-Гангскай раўніны, на Пд — пласкагор’е Чхота-Нагпур (макс. выш. больш за 1000 м). Клімат трапічны мусонны з сухой зімой і вільготным летам. Ападкаў каля 1000 мм за год. На Пд штата — гал. раён Індыі па здабычы каменнага вугалю, жал. і меднай руды, слюды (буйнейшае ў свеце радовішча; гл. Біхарскі слюданосны раён), уранавай сыравіны, баксітаў. Развіты металургічная (Бакара, Ранчы, Джамшэдпур), маш.-буд., цэментная, папяровая, хім., нафтахім., харч. прам-сць. Пад пасевамі каля 50% пл., значная ч. зямель арашаецца. Гал. культура — рыс. Вырошчваюць таксама кукурузу, пшаніцу, ячмень, зернебабовыя, бульбу, на ПнУ — джут, на левабярэжжы Ганга — цукр. трыснёг. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і буйвалаў. Транспарт чыгуначны і рачны.

т. 3, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад бія... + люмінесцэнцыя),

свячэнне жывых арганізмаў, абумоўленае біяхім. працэсамі; від хемалюмінесцэнцыі. Уласціва некаторым бактэрыям, ніжэйшым раслінам, грыбам, насякомым (жукі-светлякі і інш.), беспазваночным, рыбам. Вельмі пашырана сярод марскіх жывёл.

У большасці выпадкаў біялюмінісцэнцыя ўзнікае ў выніку ферментатыўнага акіслення асобных рэчываў — люцыферынаў. Частка малекул люцыферынаў за кошт вызваленай пры гэтым хім. энергіі пераходзіць ва ўзбуджаны стан, пры вяртанні ў асн. стан яны выпраменьваюць святло. Біялюмінісцэнцыя выкарыстоўваецца для асвятлення і прынады здабычы (напр., у глыбакаводных рыб), для перасцярогі, адпужвання або адцягвання ўвагі драпежнікаў, у якасці сігналу для сустрэчы самцоў і самак у шлюбны перыяд (розныя віды светлякоў).

Літ.:

Мак-Элрой У.Д., Зелигер Г.Г. Происхождение и развитие биолюминесценции // Горизонты биохимии: Пер. с англ. М., 1964;

Тарусов Б.Н. Сверхслабое свечение живых организмов. М., 1972.

Г.​К.​Ілыч.

т. 3, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЦЭРЫ́НА,

прапантрыёл-1,2,3, найпрасцейшы трохатамны спірт, HOCH2CH (OH) CH2OH. Змяшчаецца ў выглядзе гліцэрыдаў у прыродных тлушчах і алеях. Атрыманы К.​Шэеле (1779) амыленнем прыродных тлушчаў.

Бясколерная сіропападобная вадкасць салодкага смаку, без паху, tпл 17,9 °C, tкіп 290 °C, шчыльн. 1260 кг/м³ (20 °C). Змешваецца з вадой (растворы замярзаюць пры нізкіх т-рах), этылавым і метылавым спіртамі, ацэтонам; не раствараецца ў хлараформе, эфіры, вуглевадародах. Мае хім. ўласцівасці спіртоў (першасных і другасных). Утварае мона-, ды- і трывытворныя, з шчолачнымі металамі, аксідамі і гідраксідамі металаў — гліцэраты. У прам-сці атрымліваюць амыленнем харч. тлушчаў, сінтэтычна — з прапілену. Выкарыстоўваюць у вытв-сці выбуховых рэчываў (гл. Нітрагліцэрына), аксідных смол і лакаў, як змякчальнік скуры, паперы, тканіны, кампанент эмульгатараў, антыфрызаў, касметычных і парфумных прэпаратаў, мед. мазей, лікёраў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУ́Т АЗО́ТНАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ І ПРАДУ́КТАЎ АРГАНІ́ЧНАГА СІ́НТЭЗУ (ГІАП) Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці хімічнай і нафтахімічнай прадукцыі. Засн. ў Гродне ў 1973 як Гродзенскі філіял Дзярж. н.-д. і праектнага ін-та азотнай прам-сці і прадуктаў арган. сінтэзу (Масква). З 1992 самастойны ін-т. Асн. кірункі работы: распрацоўка новых тэхналогій і прадуктаў па сінтэзе кандэнсацыйных і полімерызацыйных смол і супалімераў на аснове карбаміду, капралактаму і прадуктаў арган. сінтэзу; распрацоўка і ўкараненне новых лакафарбавых матэрыялаў, тэхналогій атрымання комплексных вадкіх і грануляваных мінер. угнаенняў, арган. і неарган. хімікатаў з адходаў вытв-сці; распрацоўка поўнага комплексу праектна-каштарысных работ прадпрыемстваў хім., нафтахім. і азотнай прам-сці, агульнапрамысл., прыродаахоўных і інш. аб’ектаў; абследаванне буд. канструкцый і выкананне праектаў па іх аднаўленні.

М.​І.​Вінакураў.

т. 5, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЗІМЕ́ТРЫЯ (ад доза + ...метрыя),

раздзел прыкладной ядз. фізікі, які займаецца вымярэннем і вывучэннем іанізавальных выпрамяненняў і эфектаў узаемадзеяння іх з рэчывам. На аснове рэгістрацыі выпрамянення метадамі Д. атрымліваюць таксама інфармацыю аб крыніцах выпрамянення, іх ізатопным складзе і размеркаванні ў прасторы, апрамененым целе. Тэхн. сродкамі Д. з’яўляюцца дазіметрычныя прылады (дазіметры).

Пачала развівацца ў сувязі з неабходнасцю стварэння радыяцыйнай бяспекі чалавека, потым набыла важнае значэнне ў фіз., хім. і радыебіял. даследаваннях, радыяцыйнай тэхналогіі, ахове навакольнага асяроддзя. Раздзел Д., звязаны з вызначэннем эквівалентнай дозы выпрамянення, наз. эквідазіметрыяй; метады вымярэння актыўнасці радыеактыўных крыніц складаюць аснову радыеметрыі; даследаванні біял. ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў на клетачным і малекулярным узроўнях выклікалі ў 1960-я г. інтэнсіўнае развіццё мікрадазіметрыі, якая займаецца пытаннямі мікраскапічнага размеркавання энергіі пры ўзаемадзеянні выпрамянення з рэчывам. Гл. таксама Дозы выпрамянення.

А.​В.​Берастаў.

т. 6, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)