ГВАТЭМА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1944—54, «Дзесяць гадоў вясны», антыфеадальная, бурж.-дэмакр. рэвалюцыя ў Гватэмале. Асн. прычына — цяжкае становішча мясц. насельніцтва, жорсткая эксплуатацыя індзейцаў плантатарамі. Ваен. хунта, якая ў 1944 скінула дыктатара Х.​Убіка, не правяла неабходных рэформаў, што выклікала ўсенародную незадаволенасць. 20.10.1944 група афіцэраў на чале з Х.Арбенсам Гусманам пры падтрымцы насельніцтва ўзяла ўладу ў свае рукі. На свабодных выбарах 1945 перамог і стаў прэзідэнтам лідэр Нар.-вызв. фронту Х.​Х.​Арэвала. Прынятая ў сак. 1945 канстытуцыя абвясціла дэмакр. свабоды і ліквідацыю памешчыцкага землеўладання; у 1946 прыняты закон пра сац. забеспячэнне, у 1947 — першы ў краіне прац. кодэкс. Урад Арбенса Гусмана, які стаў прэзідэнтам у 1951, у чэрв. 1952 прыняў закон аб агр. рэформе, паводле якога ў латыфундыстаў і амер. «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО) экспрапрыіравана 555 тыс. га зямлі, 400 тыс. га з іх размеркавана паміж 100 тыс. сялян. Урад ЗША заявіў афіц. пратэст супраць экспрапрыяцыі зямель у ЮФКО. Пры падтрымцы ЗША ў Гандурасе былі падрыхтаваны ўзбр. атрады гватэмальскіх эмігрантаў на чале з палк. К.​Кастыльё Армасам, якія 18.6.1954 уварваліся на тэр. Гватэмалы. Кіраўніцтва гватэмальскай арміі адмовілася падтрымаць прэзідэнта Арбенса Гусмана, і ён вымушаны быў падаць у адстаўку. 28.6.1954 уладу захапіў Кастыльё Армас. Рэформы, праведзеныя ў гады рэвалюцыі, былі адменены.

Літ.:

Кубышкин А.И. Гватемальская революция 1944—1954 гг.: Критика концепций буржуазной историографии США. Саратов, 1987.

В.​У.​Адзярыха.

т. 5, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДЖАЗ-АРКЕ́СТР БССР,

першы прафесійны джазавы калектыў Беларусі. Створаны ў 1939 у Беластоку як Беластоцкі тэатралізаваны джаз Ю.Бяльзацкага, з 1.1.1940 Дзярж. джаз-аркестр пад кіраўніцтвам Э.Рознера. Адзін з лепшых джаз-аркестраў б. СССР 1940-х г. У складзе аркестра напачатку пераважалі прафес. музыканты — эмігранты з краін Зах. Еўропы, у асн. з Польшчы. Першыя канцэрты адбыліся ў Мінску ў крас. 1940, потым у Маскве, у т-ры саду «Эрмітаж» і інш. У складзе аркестра ў розны час працавалі спевакі Р.​Камінская (жонка Рознера), З.​Ларчанка, Л.​Лямпель, А.​Гольдберг, кампазітар і спявак А.​Гарыс, трубач і паэт Ю.​Цэйтлін, тэнар-саксафаніст Т.​Лявіцін, скрыпач П.​Гофман, піяніст А.​Дабрушкес, гітарыст Л.​Маркевіч. У рэпертуары пераважалі творы, напісаныя ўдзельнікамі калектыву: «Слава табе, Беларусь!» Бяльзацкага, «Каўбойская», «Мандаліна, гітара і бас», «На палянцы» Гарыса, танга «Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча» Рознера (усе на сл. Цэйтліна) і інш. Найб. папулярнасць прынёс аркестру ўдзел у фільме «Канцэрт-вальс» (1941). З пач. Айч. вайны калектыў выступаў на Урале, у Сібіры, Сярэдняй Азіі. У 1942 14 музыкантаў пайшлі на фронт. З канца 1942 аркестр выступаў у вайск. часцях, у т. л. на перадавой, перад войскамі Бел. фронту і інш. У 1944—45 праведзена вял. праца па запісе твораў у выкананні джаз-аркестра на грампласцінкі (усяго 43). У 1946 Рознер і Камінская арыштаваны, у 1947 аркестр расфарміраваны.

Я.​З.​Басін.

т. 6, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬСКІ (Аляксандр Карлавіч) (16.6.1834. в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 10.9.1916),

бел. гісторык, этнограф, краязнавец, пісьменнік, перакладчык, публіцыст. Чл. Акадэміі навук у Кракаве (1892). Брат М.К.Ельскага Скончыў Мінскую гімназію (1852). З 1860-х г. жыў у Замосці (Пухавіцкі р-н). дзе ў 1864 стварыў літ.-краязнаўчы музей. Сябра і першы біёграф В.Дуніна Марцінкевіча. Аўтар дыдактычных вершаваных і празаічных гутарак на бел. мове ў духу асветніцтва і хрысціянскай маралі. Гісторыі, этнаграфіі, фальклору, мове і л-ры Беларусі прысвечаны яго працы: «Пра беларускую гаворку» (1885), «Слоўца пра матэрыялы для вывучэння беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры» (1886), «Адам Міцкевіч на Беларусі» (1890), «Беларуская літаратура і бібліяграфія» (1892), «Нарыс гісторыі мясцовай гаспадаркі ў супастаўленні з народнымі звычаямі ад першабытных да апошніх часоў» (т. 1—2, 1893—97), «Гістарычныя звесткі пра радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку» (1893), «Гістарычныя звесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэрак у радзівілаўскім Урэччы на Літве» (1899) і інш. Напісаў каля 10 тыс. гіст.-краязнаўчых артыкулаў для «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў», «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі», у якіх апісаў мясцовасці многіх бел. паветаў. На бел. мову перакладаў творы А.​Міцкевіча, Ю.​Супінскага, А.​Мальчэўскага. Рукапісныя і кніжныя зборы Е. знаходзяцца ў Кракаве, Варшаве, часткова ў Мінску і Вільнюсе.

Літ.:

Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969;

Яго ж. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;

Пачынальнікі. Мн., 1977.

А.​В.​Мальдзіс.

А.К.Ельскі.

т. 6, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й,

навуковая і культурна-асветная ўстанова, у якой сабраны калекцыі жывёл (у фіксавальных вадкасцях, высушаныя ці дасканала прэпараваныя жывёлы, іх чучалы, шкілеты, скуры, а таксама вырабы з рогу, косці, ракавін і інш.). Калекцыі З.м. складаюцца з навук. фондаў і экспанаваных матэрыялаў. Асн. задачы З.м.: навук. даследаванні па сістэматыцы, фауністыцы, зоагеаграфіі, зменлівасці, параўн. марфалогіі і анатоміі жывёл, тэорыі эвалюцыі; культ.-асв. работа па заалогіі, папулярызацыя справы аховы прыроды; вучэбная работа са школьнікамі і студэнтамі, кансультацыі па пытаннях у галіне паляўнічай, сельскай, лясной гаспадаркі і мед. заалогіі.

Па калекцыях 1-е месца ў свеце належыць Брытанскаму музею ў Лондане, 2-е — С.-Пецярбургскаму (створаны на базе пятроўскай Кунсткамеры ў 1832). Існуюць З.м. ў Нью-Йорку, Вашынгтоне, Чыкага, Парыжы, Берліне, Вене, Празе, Капенгагене, Стакгольме, Калькуце, Пекіне, Рыме, Мюнхене, Маскве, Кіеве, Тбілісі, Ерэване, Ашгабаце, Ташкенце, Алматы і інш.

На Беларусі першы Віцебскі губ. вет.-заал. музей засн. ў 1918; у 1921 на базе энтамалагічнай калекцыі В.​А.​Плюшчэўскага-Плюшчыка пры Віцебскім с.-г. тэхнікуме створаны З.м. (з 1924 прыродазнаўча-гіст. музей Віцебскага вет. ін-та). З.м. існуюць у БДУ (1923), Гомельскім ун-це (1981). У 1992 пры музеі БДУ створаны Цэнтр заал. калекцый імя А.​У.​Фядзюшына (каля 120 тыс. экз., у т. л. каля 8 тыс. пазваночных жывёл).

Э.​Р.​Самусенка.

У заалагічным музеі БДУ.

т. 6, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНІШЧА́ЛЬНІК,

высокаманеўраны баявы самалёт для перахвату і знішчэння паветраных сродкаў нападу, паражэння малапамерных і рухомых наземных і надводных аб’ектаў. Можа выкарыстоўвацца для паветранай разведкі і мініравання з паветра. Радыус дзеяння больш за 700 км, скорасць да 3000 км/гадз, вышыня палёту да 30 км.

З. пачалі выкарыстоўваць у 1-ю сусв. вайну; першы паветраны бой і таран на З. ажыццявіў заснавальнік вышэйшага пілатажу П.​М.​Несцераў. У 2-ю сусв. вайну асн. відам З. быў аднамесны самалёт з поршневым рухавіком. Лепшымі З. былі: Як-3, Ла-7 (СССР), Me-109E (Германія), P-51 (ЗША). У 1940-я г. створаны рэактыўныя З., упершыню перавышана скорасць гуку. Лепшым З. быў МіГ-15. Сучасныя З. — рэактыўныя звышгукавыя усепагодныя, аснашчаныя ЭВМ, разнастайным прыцэльна-навігацыйным абсталяваннем, маюць высокадакладную зброю з радыёлакацыйнай, інфрачырвонай, тэлевізійнай, лазернай сістэмамі навядзення, а таксама бомбы, некіроўныя ракеты, пушкі. У краінах СНД З. падзяляюцца на франтавыя (уласна З.), З.-перахватчыкі і З.-бамбардзіроўшчыкі (у ВПС НАТО З.-перахватчыкі і З.-бамбардзіроўшчыкі аб’яднаны паняццем «тактычны З.»). Лепшыя З. 1990-х г.: МіГ-29, Су-27 (Расія), «Міраж-2000» (Францыя), F-15, F-16, F-18 (ЗША), «Тарнада» (ФРГ, Вялікабрытанія, Італія). Узбр. сілы Беларусі аснашчаны З. МіГ-29 і Су-27. Гл. таксама Авіяцыя.

Літ.:

Ильин В.Е., Левин М.А. Истребители. М., 1996.

А.​М.​Аўсянкін.

Знішчальнікі МіГ-29 і Су-27.

т. 7, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІ́НСКІ (Аляксандр Канстанцінавіч) (11.11.1903, г.п. Мір Карэліцкага р-на Мінскай вобл. — 18.3.1967),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1938), нар. арт. СССР (1953). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). З 1919 у Першым т-ве драмы і камедыі ў Мінску (або драм. секцыі Бел. вучнёўскай грамады). Працаваў у Мінскім т-ры рэв. сатыры, з 1926 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Мастацтва вызначалася камедыйным талентам, нац. самабытнасцю, віртуознай акцёрскай тэхнікай. Вострае пачуццё гумару, творчая імправізацыя, гратэскавыя прыёмы спалучаліся з тонкім аналізам і псіхал. глыбінёй. Шматгранныя маст. вобразы з сакавітай моўнай характарыстыкай стварыў у бел. рэпертуары: Дзед Талаш («У пушчах Палесся» Я.​Коласа), Кручкоў («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), дзед Нупрэй («Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага), Несцерка (аднайм. п’еса В.​Вольскага, Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш. Сярод роляў класічнага рэпертуару: Рабінзон, Аркашка Шчасліўцаў («Беспасажніца», «Лес» А.​Астроўскага), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Палоній і Першы далакоп («Гамлет» У Шэкспіра), Сганарэль («Лекар паняволі» Мальера) і інш. Паставіў спектаклі «Віцмундзір» П.​Каратыгіна, «Бяда ад пяшчотнага сэрца» У.​Салагуба (абодва 1948), «Домік на ўскраіне» А.​Арбузава (1955, з А.​Скібнеўскім).

Літ.:

Скібнеўскі А.Б. Народны артыст СССР АК.​Ільінскі. Мн., 1954;

Сабалеўскі А. Жыццё тэатра. Мн., 1980. С. 191—200.

Б.​І.​Бур’ян.

А.К.Ільінскі.
А.Ільінскі ў ролі Несцеркі.

т. 7, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́ГІУМ (ад лац. collegium таварыства, садружнасць),

закрытая сярэдняя, радзей вышэйшая навуч. ўстанова ў 16—19 ст. Адкрывалі К. пераважна езуіты. Лічыліся свецкімі, аднак сістэма навучання была падпарадкавана інтарэсам ордэна (гл. Езуіцкае выхаванне). Вывучаліся: тэалогія, лац. і грэч. мовы, л-ра, геаграфія, гісторыя, сем вальных мастацтваў і інш. Адукацыя была бясплатнай і даступнай для прадстаўнікоў інш. канфесій. Поўны К. уключаў 5—6-гадовы курс сярэдняй школы (ніжэйшае і вышэйшае аддзяленні), 3-гадовы курс філасофіі, 4-гадовы — тэалогіі. На Беларусі першы К. адкрыты ў 1570 у Вільні (з 1579 Віленская акадэмія). Да сярэдзіны 18 ст. іх было 16: у Полацку (з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія) і Пінску поўныя, у Нясвіжы, Гродне, Мсціславе, Навагрудку, Оршы, Віцебску, Брэсце з курсам філасофіі, у Мінску, Магілёве, Слоніме, Слуцку, Бабруйску і інш. мелі статус сярэдніх навуч. устаноў. У 1773 са скасаваннем ордэна езуітаў К. перададзены Адукацыйнай камісіі. На бел. землях, якія ўвайшлі ў склад Рас. імперыі, праіснавалі да 1820. Акрамя езуіцкіх на Беларусі найб. распаўсюджанне ў 18 ст. атрымалі К. ордэна піяраў. Існавалі ў Шчучыне, Зэльве, Расонах, Драгічыне, Віцебску і інш. У пач. 1830-х г. рэарганізаваны ў прыходскія, павятовыя вучылішчы і гімназіі або зачынены.

К. уяўляў сабой комплекс разнастайных рознапавярховых будынкаў (школа, інтэрнат, касцёл, капліцы, манастыр, службовыя памяшканні і інш.). Займаў значную тэрыторыю ў цэнтры населенага месца, меў унутр. двары.

В.​С.​Болбас, С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАНЕ́ЛА ((Campanella) Джавані Дамініка) (манаскае Тамаза; 5.9.1568, г. Стыла, Італія — 21.5.1639),

італьянскі філосаф, паліт. дзеяч. У сваёй першай кн. «Філасофія, даказаная адчуваннямі» (1591) адмаўляў схаластычную традыцыю, перыпатэтычную артадоксію і абараняў натурфіласофію Б.​Тэлезіо. Быў абвінавачаны ў ерасі, зняволены. У 1599 за вальнадумства і арганізацыю змовы супраць ісп. панавання засуджаны да пажыццёвага зняволення. У 1629 апраўданы, пераехаў у Францыю.

К. — аўтар мноства твораў па філасофіі, палітыцы, астраноміі, медыцыне, у т. л. камуніст. утопіі «Горад Сонца» (1602, апубл. ў 1623). Распрацаваў вучэнне пра «дзве кнігі»: прырода, якую пазнае навука і філасофія; св. пісанне (спасцігаецца свядомасцю чалавека), сугучнае з канцэпцыяй «дзвюх ісцін» Ібн Рушда. Сцвярджаў, што паміж гэтымі кнігамі не існуе супярэчнасцей і такім чынам пацвярджаў незалежнасць навукі і філасофіі ад рэлігіі. Прызнаваў рэальнае існаванне матэрыі; асновай быцця лічыў не ідэальную форму, а матэрыю. Гал. атрыбут быцця — моц, мудрасць і любоў. Адстойваў прынцып самаруху ў прыродзе, выказаў ідэю пра ўсеагульную адушаўлёнасць прыроды і пра здольнасць усякай рэчы да адчування. Адначасова прызнаваў першую Мудрасць і першы Розум, г. зн. сыходзіў на пазіцыі тэалогіі. К. — праціўнік абстрактнага тэарэтызавання, выступаў за доследнае пазнанне і за падпарадкаванне пазнання чалавечай практыцы. Пісаў канцоны, мадрыгалы, санеты.

Тв.:

Рус. пер. — Город Солнца. М., 1954.

Літ.:

Львов С.Л. Гражданин Города Солнца: Повесть о Томмазо Кампанелле. 2 изд. М., 1981.

Т.​І.​Адула.

Дж.Д.Кампанела.

т. 7, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАПНІ́ЦКАЯ ((Konopnicka) Марыя) (23.5.1842, г. Сувалкі, Польшча — 8.10.1910),

польская пісьменніца, буйнейшы майстар польск. рэаліст. л-ры. З 1890 жыла за мяжой. Літ. дзейнасць пачала ў 1875, першы цыкл вершаў «У гарах» (1876—78). Вядомасць прынёс цыкл лірыка-эпічных вершаў «Карцінкі» (1879—80). Асн. матывы яе творчасці — сялянская нядоля, жыццё гарадской беднаты, любоў да радзімы, вера ў народ, у надыход справядлівасці (зб-кі «Паэзія», т. 1—4, 1881—96: «Лініі і гукі», 1897; «Італія», 1901; «Людзям і часу», 1904). Паэзіі К. уласцівы дэмакратызм, спалучэнне лірычнасці і публіцыстычнасці, блізкасць да фальклору. У эпічнай паэме «Пан Бальцэр у Бразіліі» (1892—1906, поўнае выд. 1910) праз трагічны лёс польскіх сялян-эмігрантаў паказаны веліч народа, яго патрыятызм. Аўтар зб-каў апавяданняў «Чатыры навелы» (1888), «Мае знаёмыя» (1890), «На Нарманскім беразе» (1904), апавядання «З узломам» (1892), кн. «Міцкевіч, яго жыццё і душа» (1899). Неаднаразова наведвала Беларусь, перапісвалася з Я.​Лучынам. На бел. мову вершы К. пераклалі А.​Абуховіч, Г.​Леўчык, Я.​Купала, Т.​Гардзялкоўская, З.​Верас, Я.​Дыла, А.​Вялюгін, С.​Дзяргай і інш., прозу — Я.​Брыль, В.​Каваль.

Тв.:

Бел. пер. — Дым. Вільня, 1908;

Мэндэль Гданскі... Мн., 1930;

Пра гномаў і сіротку Марысю. Мн., 1984;

Рус. пер. — Соч. Т. 1-4 Мн., 1959.

Літ.:

Пиотровская АГ. Творческий путь М.​Конопницкой. М., 1962;

Śladami życia i twórczości Marii Konopnickiei. Warszawa, 1966.

М.Канапніцкая.

т. 7, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПО́ВІЧ (Лявонцій) (свецкае імя Лонгін, Логвін; 1580, г. Пінск Брэсцкай вобл. — вер. 1620),

бел. праваслаўны дзеяч, пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў айч. сістэматычнага багаслоўя. Вучыўся, верагодна, у Віленскай брацкай школе. Не пазней 1610 пастрыгся ў манахі, потым прыняў сан святара. Заснавальнік і першы архімандрыт Віленскага брацкага Святадухаўскага манастыра. Рэктар брацкай школы, рэфармаванай пры яго ўдзеле на ўзор класічнай 2-ступеннай. Узначальваў навуч. і выдавецкую дзейнасць віленскага праваслаўнага брацтва. Выступаў у абарону праваслаўя, супраць Брэсцкай уніі 1596. Быў духоўным настаўнікам царк. дзеячаў М.​Сматрыцкага, Іосіфа Бабрыковіча, Сільвестра Косава і інш. За выданне антыуніяцкай кн. М.​Сматрыцкага «Трэнас» у 1610 зняволены на 2 гады. Аўтар твораў «Казанне двое...» («Казанне на Праабражэнне» і «Казанне на Успенне Багародзіцы», Еўе, 1615), «Казанне на пахаванне князя В.​В.​Галіцына» (Вільня, 1619; захавалася ў аўтарскім перакладзе на польск. мову) і «Казанне ў нядзелю перад Раством Хрыстовым» (верагодна, 1619; захавалася ў рукапісным зб-ку). Аўтар шматлікіх глыбока эмацыянальных пропаведзяў, прадмовы да кн. Фікарыя Святагорца «Вертаград душэўны» (1620) і інш. Памяці К. прысвечаны «Казанне на чэснае пахаванне... Лявонція Карповіча» М.​Сматрыцкага і паэма «Лямант на смерць Лявонція Карповіча» (1620).

Літ.:

Молчанов Н. Леонтий Карпович, церковный вития православной юго-западной Руси в XVII ст. и два его слова // Православное обозрение. М., 1880. Т. 3;

Левшун Л.В. Некоторые принципы использования текстов Священного Писания в «Казанье на Преображенье» Леонтия Карповича // Начало: Сб. работ молодых ученых. М., 1990.

Л.​В.​Ляўшун.

т. 8, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)