ЯХТ-КЛУБ,

спартыўная арганізацыя, якая культывуе парусны спорт, радзей вяслярны і інш. віды воднага спорту. Мае пэўнае забеспячэнне і абсталяванне — судны (яхты) розных класаў і комплекс абслуговых збудаванняў (элінгі, прычалы і боксы для швартоўкі і стаянкі яхтаў, механізмы для падымання і спуску суднаў, майстэрні і інш.).

Першыя Я.-к. засн. ў 1720 (г. Корк, Вялікабрытанія); у Расіі — у 1720-я г. на Анежскім воз., у сярэдзіне 19 ст. — у С.-Пецярбургу і Маскве, у інш. краінах.

Першы на Беларусі Я.-к. створаны ў 1969 у Мінску (Заслаўскае вадасх.); яго ўзначальваў засл. трэнер Беларусі М.​Ф.​Кірык. Найбуйнейшыя сучасныя спарт. арг-цыі Беларусі, якія маюць Я.-к.: Рэсп. цэнтр алімп. падрыхтоўкі па парусным спорце Мін-ва спорту і турызму Беларусі, спец. дзіцяча-юнацкая школа алімп. рэзерву па парусным спорце пры Мінскім гар. упраўленні па фіз. культуры, спорце і турызме, дзіцяча-юнацкая спарт. школа прафсаюзаў у г. Гродна.

А.​Ю.​Сполан.

т. 18, кн. 1, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)