ПІКА́Р ((Picard) Жан) (21.7.1620, г. Ла-Флеш, Францыя — 12 ліп., паводле інш. звестак 12.10.1682),
французскі астраном. Чл. Парыжскай АН (1666). З 1655 праф. Калеж дэ Франс. Упершыню выканаў дакладнае градуснае вымярэнне дугі мерыдыяна паміж Парыжам і Ам’енам метадам трыянгуляцыі, выкарыстаўшы вугламерныя прылады з падзорнымі трубамі (1669—70). Даныя П. аб памерах Зямлі выкарыстаў І.Ньютан для пацвярджэння закону сусветнага прыцягнення і ўдакладнення формы Зямлі. Разам з Дж.Д.Касіні даў першае дакладнае вызначэнне паралакса Сонца. Заснаваў выданне першага астр. штогодніка (1679).
т. 12, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́СКАСЦЬ,
найпрасцейшая паверхня, адно з асноўных геам. паняццяў. У геаметрыі бярэцца як зыходнае і не вызначаецца.
Уласцівасці П. апісваюцца аксіёмамі, напр.: П. — паверхня, якая змяшчае кожную прамую, што злучае 2 яе пункты; П. — геам. месца пунктаў, роўнаадлеглых ад двух дадзеных (паводле М.І.Лабачэўскага). Становішча П. ў прасторы вызначаецца 3 пунктамі, якія не належаць адной прамой. П., суадносіны паміж пунктамі і прамымі якой задавальняюць сістэму аксіём эўклідавай геаметрыі, наз. эўклідавай. Уласцівасці фігур на эўклідавай П. вывучае планіметрыя.
т. 12, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВААДНО́СІНЫ,
урэгуляваныя нормамі права грамадскія адносіны, удзельнікі якіх з’яўляюцца носьбітамі суб’ектыўных правоў і абавязкаў. П. — індывідуалізаваныя адносіны, г.зн. адносіны паміж пэўнымі асобамі (грамадзянамі; арг-цыямі, дзярж. органамі і грамадзянамі і г.д.), якія звязаны правамі і абавязкамі, што вызначаюць забяспечаную законам меру магчымых і належных паводзін. Мера паводзін азначае ўстанаўленне яго межаў (рамак), а яго магчымасць і належнасць рэалізуецца ў пэўных дзеяннях і рэальных паводзінах. П. ўзнікаюць пры наступленні прадугледжаных законам юрыд. фактаў (дагавору, адм. акта, правапарушэння, падзеі і Г.Д.).
т. 12, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКРУ́СТ, Дамаст, Паліпемон,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі знакаміты волат-разбойнік, які падсцерагаў падарожнікаў на дарозе паміж Афінамі і Мегарай. П. зрабіў 2 ложкі; на вял. ложак клаў малых ростам падарожнікаў і біў іх молатам, каб расцягнуць да памераў ложка, на малы — высокіх ростам і адпільваў ім тыя ч. цела, якія там не змяшчаліся. П. быў забіты Тэсеем, калі той вызваляў Атыку ад пачвар і злачынцаў. У пераносным сэнсе «пракрустаў ложак» — штучная мерка, якая не адпавядае сутнасці з’явы; гвалтоўныя, недарэчныя абмежаванні.
т. 12, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛІФЕРА́ЦЫЯ (ад лац. proles атожылак, патомства + fero нясу),
павелічэнне колькасці клетак (або геномаў пры поліплаідыі) шляхам непрамога дзялення, мітозу. Вядзе да росту тканкі, у адрозненне ад інш. спосабу павелічэння яе масы (напр., з прычыны ацёку). Інтэнсіўнасць П. рэгулюецца стымулятарамі і інгібітарамі, якія выпрацоўваюцца ўнутры рэагуючых клетак і воддаль ад іх (напр., гармоны). У раннім эмбрыягенезе П. адбываецца бесперапынна. Па меры дыферэнцыроўкі перыяды паміж дзяленнямі павялічваюцца. Некат. дыферэнцыраваныя клеткі, напр., нервовыя, не здольныя да П. У раслін П. наз. праліфікацыяй.
т. 12, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЧАРНАМО́РСКАЯ НІЗІ́НА.
На Пд Усх.-Еўрап. раўніны, на Украіне; прылягае да Чорнага і Азоўскага мораў, паміж дэльтай р. Дунай на З і. р. Кальміус на У. Плоская, крыху нахіленая на Пд раўніна. Выш. да 150 м. Складзена з вапнякоў, пяскоў і глін, якія перакрыты лёсамі і лёсападобнымі суглінкамі. Перасечана шырокімі далінамі рэк Дняпро, Паўд. Буг, Днестр і інш. Водападзелы плоскія. Берагавая паласа пераважна абрывістая, часта з апоўзнямі. Шмат ліманаў (Дняпроўскі, Днястроўскі і інш.) і пясчаных кос. Стэпы пераважна ўзараныя.
т. 13, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМБО́ЭДР (ад ромб + грэч. hedra аснова, грань),
1) від паралелепіпеда (звычайна нахілены), грані якога з’яўляюцца роўнымі ромбамі. Па крайняй меры 2 вяршыні Р. такія, што ўсе прылеглыя да іх вуглы роўныя паміж сабой. Паралелепіпед з’яўляецца Р. тады і толькі тады, калі ён мае вось сіметрыі 3-га парадку; гл. Сіметрыя.
2) Р. у геалогіі — простая форма крышталёў трыганальнай сінганіі (6-граннік з гранямі ў выглядзе ромбаў). Такую форму маюць крышталі шэрагу мінералаў (кальцыт, магнезіт, радахразіт, смітсаніт і інш.).
т. 13, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКА́ТЫ,
у беларусаў чатырохколавы воз без кузава для перавозкі лесу. Пярэднія і заднія ходы з нізкімі падушкамі злучаліся рухома дышлем, на канцы восі задняга ходу насаджваліся дугі-жэрдкі (багулы, палонікі), скрыжаваныя паміж сабою канцамі. Пры пагрузцы лесу Р. разводзілі на даўжыню бярвён, паверх бярвён клалі багулы, якія служылі для трываласці ўкладкі і рэгулявання ходу на паваротах і ўхабах. У сял. гаспадарцы Р. шырока бытавалі ў канцы 19 — пач. 20 ст., пераважна на У Беларусі.
В.С.Цітоў.
т. 13, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СА МО́РА (Ross Sea),
ускраіннае мора Ціхага ак. каля берагоў Зах. Антарктыды, паміж мысамі Адэр і Колбек. Пл. 440 тыс. км². Найб. глыб. 2972 м. Паўд. ч. мора ўкрыта шэльфавым ледавіком Роса, паўн. — круглы год плывучымі льдамі; шмат айсбергаў. Сярэднегадавая т-ра вады на паверхні ніжэй за -1 °C, летам зрэдку павышаецца да 2 °C. Салёнасць 33,75—34,4‰. Прылівы паўсутачныя (да 1 м). Водзяцца цюлень Роса, цюлень Уэдэла, цюлень-крабаед, кіты. Названы імем Дж.К.Роса.
т. 13, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАКО́Ў РОЎ,
класічная эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны паміж вёскамі Садовая і Смётанка Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Даўж. 1,5 км, шыр. да 200 м, глыб. 20—30 м, пл. 0,8 км². Утварылася ў выніку размыву марэннай раўніны р. Лапта за 14 тыс. гадоў. У сценках агаляюцца азёрныя адклады (магутнасць да 2,4 м) александрыйскага міжледавікоўя, якія маюць у сабе эталонны комплекс рэшткаў рэліктавых раслін (57 відаў) таго часу.
В.Ф.Вінакураў.
т. 13, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)