кветкавая расліна сям. рутавых, пладовая культура. Культывуюць у краінах Паўд. Еўропы, Паўд. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі. На Беларусі вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.
Вечназялёнае дрэва выш.да 3 м. Лісце буйное, скурыстае. Кветкі двухполыя, белыя, пахучыя, адзіночныя або ў суквеццях. Плод — гесперыдый (ягадападобны), маса 60—80 г, аранжавы, ядомы. Плады ўжываюцца пераважна свежымі (маюць да 10,5% цукру, каля 1% к-т, да 55 мг% вітаміну С і інш.), а таксама для перапрацоўкі (сок. джэм, варэнне, кампот). Скурка (цэдра) выкарыстоўваецца ў кандытарскай, парфумернай і харч. прам-сці. У селекцыі М. выкарыстоўваюць як мацярынскую форму, што перадае патомству марозаўстойлівасць і ранняспеласць. Вядомы гібрыды: танжэла (М. х грэйпфрут), тангор (М. х апельсін), цытрандарын (М. х трыфаліята).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРУХО́МАСЦЬу праве,
зямля і інш. прыродныя ўгоддзі, якія знаходзяцца ва ўласнасці фіз. і юрыд. асоб, інш.маёмасныя правы на зямлю, а таксама ўсялякая інш. маёмасць, прымацаваная да зямлі і цесна звязаная з ёю (будынкі, збудаванні, заводы і інш.). Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь ва ўласнасці грамадзян могуць знаходзіцца жылыя дамы, дачы, садовыя домікі, зямельныя ўчасткі, сродкі вытв-сці для вядзення сял. гаспадаркі, індывідуальнай і інш.гасп. дзейнасці. Да Н. можа быць аднесена і інш. маёмасць: прадпрыемствы, маёмасныя комплексы ў сферы вытв-сці тавараў, быт. абслугоўвання, гандлю і ў інш. сферах прадпрымальніцкай дзейнасці, збудаванні, абсталяванне, трансп. сродкі і да т.п. Закон не абмяжоўвае ні колькасці, ні кошту маёмасці, набытай за кошт прац. даходаў грамадзян, акрамя маёмасці, што знаходзіцца ў выключным валоданні дзяржавы.
ірландскі паліт. дзеяч, кіраўнік руху за самакіраванне Ірландыі (гл.Гомруль). Землеўладальнік. З 1875 дэп. палаты абшчын брыт. парламента, з 1877 лідэр ірл. фракцыі ў палаце абшчын і старшыня Лігі гомруля. Адзін з заснавальнікаў (1879) і прэзідэнт Зямельнай лігі. На мітынгах у розных месцах краіны заклікаў да аб’яднання ірл. католікаў і пратэстантаў, да процідзеяння ірл. сялян высяленнем і росту арэнднай платы, да байкоту лендлордаў і іх агентаў. Быў звязаны з вярхамі ірл. эміграцыі ў ЗША, што забяспечвала абедзвюм лігам пастаянную фін. падтрымку. У 1881—82 зняволены брыт. ўладамі. Памёр ад нервовага перанапружання ў выніку цкавання яго ў друку англічанамі і адхілення ад лідэрства большасцю ірл. парламенцкай фракцыі пад націскам У.Ю.Гладстана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫДА́ТАК,
азначэнне, выражанае назоўнікам ці субстантывіраванай часцінай мовы ў той жа склонавай форме, што і азначаемае імі слова. Выражае прыкмету прадмета праз адносіны да другога прадмета («лес-гусляр», «вочы-зоркі»).
Бываюць развітыя і неразвітыя, адасобленыя і неадасобленыя («Нам ніхто на заслоніць дарогу — вольнай раці касцоў маладых». П.Трус). Далучаюцца да азначаемага слова непасрэдна або пры дапамозе злучнікаў ці злучнікавых слоў. Могуць указваць на асобу паводле роду заняткаў, пасады, прафесіі, сац. прыналежнасці, прыналежнасці да пэўнага калектыву, арганізацыі, месца жыхарства, нацыянальнасці («жанчыны-вязальшчыцы», «дзяўчына-кантралёр», «дзед-пенсіянер», «чабаны-таджыкі»), на відавую прыкмету пры яе родавай назве («грыб-баравік»), з’яўляюцца ўласнымі назвамі (часопіс «Полымя»).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986;
Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯСТРАБО́К (Hieracium),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 1000 (паводле інш. звестак, да 15 тыс.) відаў. Для Я. характэрны апаміксіс і міжвідавая гібрыдызацыя, што прыводзіць да ўтварэння разнастайных форм. Пашыраны ў халодным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я і гарах тропікаў. На Беларусі каля 50 відаў. Найб. вядомыя Я.: гаёвы (H. sylvularum), лясны (H. sylvestre), ніткападобналісты (H. filifolium), парасоністы (H. umbellatum) і інш. Трапляюцца ў лясах, на ўзлесках, палянах, лугах.
Шматгадовыя травяністыя апушаныя расліны выш. 7—170 см. Сцёблы ад густааблісцелых да амаль бязлістых (лісце ў прыкаранёвай разетцы). Кветкі дробныя, сабраныя ў кошыкі, двухполыя, язычковыя, жоўтыя, радзей аранжавыя. Плод — сямянка. Лек., дэкар. расліны, некат. пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕ́ТЫ,
індаеўрапейскі народ, які ў канцы 3-га тыс.дан.э. — 8 ст.дан.э. насяляў цэнтр. частку М.Азіі. Некат. вучоныя лічаць, што Х. перасяліліся ў М.Азію праз Каўказ ці праз Балканскі п-аў, іншыя — што яны належалі дастараж. насельніцтва М.Азіі. На мяжы 3-га — 2-га тыс.дан.э. знаходзіліся на стадыі распаду родавага ладу. Займаліся жывёлагадоўляй, садаводствам і вінаробствам. Х. адкрылі спосаб плаўкі сталі. У 18 ст.дан.э.засн.Хецкае царства. Каля 1595 дан.э. захапілі і разрабавалі Вавілон, у пач. 14 ст. падпарадкавалі дзяржаву Мітані. Перасяленне на У«народаў мора» стала штуршком, да падзення дзяржавы Х. Пазней яны растварыліся сярод фрыгійцаў і арамеяў. Гісторыю і матэрыяльную культуру Х. вывучае хеталогія.
Х. стварылі высокую культуру, якая спалучала традыцыі мясц. малаазійскія, стараж.-егіп. і шумера-вавілонскія (гл.Вавілона-асірыйская культура), паўплывала на мастацтва краін-суседзяў (Асірыя, Сірыя, Урарту). У буд-ве яны выкарыстоўвалі грубаапрацаваны камень, масіўныя каменныя блокі, шчыльна злучаныя насуха (цыклапічная муроўка). Іх буйныя паселішчы ўключалі цытадэль (на вяршыні скалы ці ўзгорка), былі абкружаны сценамі. Найб. значны помнік горадабудаўніцтва і архітэктуры — Хатусас (гл.Багазкёй). Сярод помнікаў Позняга перыяду — гарады Самаль і Кархемыш з палацавымі будынкамі тыпу «біт-хілані». Для афармлення гар. сцен выкарыстоўвалі высокія і плоскія рэльефы (паўфігуры львоў і сфінксаў на варотах крапасных сцен у Хатусасе), для абліцоўкі палацаў — артастаты — выявы божастваў, жывёл, сцэны з прыдворнага жыцця. На скалах высякалі сцэны працэсій божастваў. Рэльефы 2-га тыс.дан.э. падначалены ўмоўнаму канону: галава і ногі — у профіль, плечы і вока — у фас. Вядома і круглая скульптура (статуі божастваў) з рысамі асірыйскага і арамейскага мастацтва. Высокага ўзроўню дасягнула маст. апрацоўка металу (штандары-эмблемы, статуэткі божастваў), т.зв. кападакійская кераміка (паліхромныя і размаляваныя пасудзіны, манахромная, чорна- і чырвонаглянцаваная, збаны, чашы, пасудзіны з арнаментам, выявамі галоў жывёл), былі пашыраны чырвонаглянцаваныя пасудзіны, выкананыя на ганчарным крузе. У перыяд Новага Хецкага царства пераважала размаляваная паліхромная кераміка, пакрытая палівай, вял. парадныя пасудзіны з рэльефнымі выявамі. Характэрны таксама пячаткі ў форме круглага штэмпеля з сім. кампазіцыямі з іерагліфічных і сімвалічных выяў.
Літ.:
Гарни О.Р. Хепы: Разрушители Вавилона: Пер. с англ.М., 2002.
Даарт.Хеты. «Ільвіныя» вароты крапасной сцяны Хатусаса. Фрагмент.Даарт.Хеты. Наверша штандара ў выглядзе аленя з Аладжа-Хююк.Даарт.Хеты. Керамічная пасудзіна з Кюль-Тэпе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНЫШЭ́ЎСКІ Мікалай Гаўрылавіч (24.7.1828, г. Саратаў, Расія —29.10.1889),
рускі філосаф, пісьменнік, літаратурны крытык. Магістр (1855). Вучыўся ў Саратаўскай духоўнай семінарыі (1842—45), скончыў Пецярбургскі ун-т (1850). Працаваў выкладчыкам л-ры ў Саратаўскай гімназіі. З 1853 у Пецярбургу: супрацоўнічаў у час. «Отечественные записки», гал. рэдактар час. «Современник». У 1862 арыштаваны за дачыненне (не даказанае) да напісання пракламацыі «Панскім сялянам ад іх дабрадзеяў паклон», а ў 1864 прыгавораны сенацкім судом да катаргі і вечнага пасялення ў Сібіры. У 1883 пераехаў у Астрахань, потым у Саратаў. Светапогляд Ч. фарміраваўся пад уплывам ідэй класічнай ням. філасофіі (Г.Гегель, Л.Феербах), англ.паліт. эканоміі (Д.Рыкарда), франц. утапічнага сацыялізму (Ш.Фур’е і інш.), а таксама В.Р.Бялінскага, А.І.Герцэна, П.Леру, П.Ж.Прудона. У асн.філас. працы «Антрапалагічны прынцып у філасофіі» (1860) сцвярджаў, што чалавек мае адну рэальную натуру — матэрыяльную. У адрозненне ад Феербаха бачыў у чалавеку не толькі родавае, але і сац.-гіст. стварэнне. Лічыў, што на аснове сял. абшчыны, злучанай з навук.-тэхн. дасягненнямі Захаду, Расія ў стане перайсці да сацыялізму; шляхам да такога пераходу лічыў сац. рэвалюцыю. У рамане «Што рабіць?» (1863) даў вобразны малюнак «светлай і цудоўнай» будучыні чалавецтва — сацыялізму, які грунтуецца на грамадскай уласнасці. Эстэтыку разглядаў як «сістэму агульных прынцыпаў мастацтва ўвогуле і паэзіі ў асаблівасці». На яго думку, творы мастацтва ўзнікаюць на глебе сапраўдных патрэбнасцей чалавека (праўды, любові і паляпшэння быту), таму прадметам мастацтва можа і павінна стаць рэальная рэчаіснасць, а не штосьці абсалютнае і недасягальнае. У яго этычных поглядах узвялічваецца праца і людзі працы, асуджаецца марнае жыццё, адстойваецца разумны эгаізм асобы. Развітыя Ч. рэаліст. традыцыі ў разуменні суадносін мастацтва і рэчаіснасці паўплывалі на творчасць многіх бел. пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва пач. 20 ст. Пад ідэйным уплывам Ч. фарміраваўся светапогляд К.Каліноўскага. Сярод вучняў і паслядоўнікаў Ч. былі браты А.Д. і Б.Д. Трусавы і інш. Ідэйная спадчына Ч. стала адной з тэарэт. крыніц станаўлення бел. эстэтыкі; у 1920-я г. яе вывучалі С.Вальфсон, І.Герчыкаў і інш.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—16. М., 1939—53.
Літ.:
Демченко А.А. Н.Г.Чернышевский: Науч. биогр. Ч. 1—4. Саратов, 1978—94;
Н.Г.Чернышевский в воспоминаниях современников. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАТЫ́ЎНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,
частка нерв. сістэмы, што рэгулюе дзейнасць унутр. органаў і жыццёва важныя функцыі арганізма (абмен рэчываў, страваванне, тэрмарэгуляцыю і інш.).
Тэрмін «вегетатыўная» прапанаваў франц. анатам М.Біша (1800). Адрозніваюць сімпатычную і парасімпатычную часткі вегетатыўнай нервовай сістэмы; кожная з іх прадстаўлена цэнтр. і перыферычным аддзелам. Вегетатыўныя цэнтры сімпатычнай нерв. сістэмы складаюцца з нерв. клетак, размешчаных у бакавых рагах спіннога мозга (сегментарныя цэнтры) і звязаных перадгангліянарнымі нерв. валокнамі з пагранічным сімпатычным ствалом і вузламі перадпазваночных спляценняў. Валокны перыферычнай часткі, што пачынаюцца з пагранічнага сімпатычнага ствала і вузлоў перадпазваночных спляценняў (постгангліянарныя), ідуць даўнутр. органаў. Валокны ад бакавых рагоў спіннога мозга перарываюцца на клетках вузлоў нерв. спляценняў брушной поласці (чарэўнае, падчарэўнае і інш.) і на клетках вузлоў каля ўнутр. органаў (сардэчнае, лёгачнае, ныркавае і інш.), а потым ідуць ва ўнутр. органы. Вегетатыўныя цэнтры парасімпатычнай нерв. сістэмы размешчаны ў ствале галаўнога мозга (сярэдні і прадаўгаваты мозг) і крыжавым аддзеле спіннога мозга. Адросткі клетак гэтых цэнтраў перарываюцца на нерв. клетках вузлоў галавы і з чарапнымі нервамі ідуць да зрэнак, слінных залоз, унутр. органаў. Нерв. валокны, што ідуць ад клетак крыжавога цэнтра парасімпатычнай нерв. сістэмы, пасля перарыву ў нерв. гангліях тазавага спляцення інервуюць мачавы пузыр, прамую кішку і палавыя органы. Кожны ўнутр. орган інервуецца абодвума аддзеламі вегетатыўнай нервовай сістэмы. Маючы розныя функцыі, сімпатычны і парасімпатычны аддзелы вегетатыўнай нервовай сістэмы дзейнічаюць на органы адначасова і рэгулююць іх дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕАПА́ТЫЯ (ад гамеа... + патыя),
сістэма лячэння мізэрна малымі дозамі індывідуальна падабраных лякарстваў. Прапанавана ў канцы 18 ст.ням. урачом С.Ганеманам, які сцвярджаў, што хваробы можна лячыць маленькімі дозамі тых рэчываў, якія ў вял. дозах выклікаюць сімптомы, падобныя на прыкметы дадзенай хваробы (прынцып лячэння падобным). Гамеапатыя разглядае падыход да хваробы як даіндывід. рэакцыі хворага на пашкоджвальны фактар, што залежыць ад спадчынна-канстытуцыянальных асаблівасцей арганізма. Як метад лячэння гамеапатыя афіцыйна прызнана ў многіх краінах свету; выкарыстоўваецца таксама ў вет. практыцы. На Беларусі дзейнічаюць гомеапатычныя лячэбныя цэнтры і аптэкі, вядзецца гомеапатычны прыём у паліклініках, санаторыях.
Гамеапатыя ўзнікла і атрымала пашырэнне ў Германіі, потым і ў інш.еўрап. краінах (у Расіі — з канца 1820-х г.) у той перыяд, калі ў медыцыне канкурыравалі супярэчлівыя тэорыі, шырока выкарыстоўваліся кровапусканні, клізмы, ірвотныя і стабільныя лек. рэчывы, якія знясільвалі арганізм хворага. У параўнанні з недахопамі лячэбнай медыцыны гамеапатыя адыгрывала пазітыўную ролю. Але з самага пачатку свайго існавання яна выклікала крытыку з боку прадстаўнікоў афіц. медыцыны. Асн. аб’ектам крытыкі былі вельмі нізкія канцэнтрацыі рэчываў, калі ў растворах знаходзіцца менш адной малекулы актыўнага рэчыва. Пазней даказана, штобіял. актыўнасць рэчываў можа захоўвацца і ў канцэнтрацыях, адпаведных гомеапатычным. Гомеапатычныя лякарствы не выклікаюць пабочных эфектаў і алергічных рэакцый, не прычыняюць шкоды хвораму. Развіццём класічнай гамеапатыі стала тэорыя гоматаксікалогіі, распрацаваная ням. урачом. Г.Рэкевегам у 1950-я г., якая аб’яднала гамеапатыю і навук. медыцыну
Літ.:
Гомеопатический домашний лечебник. 2 изд. М., 1993;
Гомеопатия: Практ. руководство к гомеопат. медицине. Т. 1—2. М., 1995;
Шаретт Ж. Практическое гомеопатическое лекарствоведение: Пер. с фр. Киев, 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭАГРАФІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
слоўнік, у якім лексіка падаецца з улікам выяўленых семантычных (логіка-паняційных, прадметна-тэматычных, сінанімічных, антанімічных, асацыятыўных і інш.) сувязей паміж словамі. Бярэ пачатак ад «Тэзаўруса англійскіх слоў і выразаў» П.М.Ражэ (1852). У залежнасці ад характару семантычных сувязей паміж словамі, што кладуцца ў аснову ўпарадкавання лексікі, вылучаюць некалькі тыпаў І.с. Уласна І.с. (ідэалагічныя слоўнікі), у якіх агульнаўжывальная лексіка падаецца не па алфавіце, а па іерархічна пабудаванай класіфікацыйнай схеме логіка-паняційнага характару («Ідэаграфічны слоўнік рускай мовы» А.С.Баранава, 1990; «Англа-рускі ідэаграфічны слоўнік» Т.І.Шаталавай 2-е выд. 1994; «Тлумачальны ідэаграфічны слоўнік рускіх дзеясловаў», 1997, і інш.).
Сярод уласна І.с. вылучаюць: інфармацыйна-пошукавыя тэзаўрусы, што паскараюць пошук спец. лексікі пры яе аўтаматычнай апрацоўцы («Інфармацыйна-пошукавы тэзаўрус па інфарматыцы», 1974, 1987); паняційныя і прадметна-паняційныя слоўнікі, у якіх універсальная паняційная сістэма класіфікацыі лексікі Галіга-Вартбурга выкарыстоўваецца для паслядоўнага апісання слоў пэўнай гіст. эпохі («Прадметна-паняційны слоўнік грэчаскай мовы: Крытамікенскі перыяд», 1986); тэматычныя і прадметна-тэматычныя слоўнікі, што групуюць лексіку паводле найб. шырокіх тэм (час, прастора) ці ўзаемазвязаных у навакольнай рэчаіснасці прадметаў (віды мэблі, птушак і інш.), напр., «Руска-ўзбекскі тэматычны слоўнік», 2-е выд. 1979).
Змешаныя ці групавыя І.с. групы семантычна звязаных слоў падаюць у алфавітным парадку загаловачных слоў такіх слоўных груп. Сярод гэтых слоўнікаў вылучаюць: анамасіялагічныя даведнікі, у якіх да вызначанага кола паняццяў падаюцца ўсе блізкія да іх па значэнні словы («Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», т. 1—4, 1993—97, выд. працягваецца); аналагічныя слоўнікі; асацыятыўныя слоўнікі (т.зв. асацыятыўныя тэзаўрусы); малюнкавыя слоўнікі.