ПРЫДА́ТАК,

азначэнне, выражанае назоўнікам ці субстантывіраванай часцінай мовы ў той жа склонавай форме, што і азначаемае імі слова. Выражае прыкмету прадмета праз адносіны да другога прадмета («лес-гусляр», «вочы-зоркі»).

Бываюць развітыя і неразвітыя, адасобленыя і неадасобленыя («Нам ніхто на заслоніць дарогу — вольнай раці касцоў маладых». П.​Трус). Далучаюцца да азначаемага слова непасрэдна або пры дапамозе злучнікаў ці злучнікавых слоў. Могуць указваць на асобу паводле роду заняткаў, пасады, прафесіі, сац. прыналежнасці, прыналежнасці да пэўнага калектыву, арганізацыі, месца жыхарства, нацыянальнасці («жанчыны-вязальшчыцы», «дзяўчына-кантралёр», «дзед-пенсіянер», «чабаны-таджыкі»), на відавую прыкмету пры яе родавай назве («грыб-баравік»), з’яўляюцца ўласнымі назвамі (часопіс «Полымя»).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 13, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)