першы прафесійны джазавы калектыў Беларусі. Створаны ў 1939 у Беластоку як Беластоцкі тэатралізаваны джаз Ю.Бяльзацкага, з 1.1.1940 Дзярж. джаз-аркестр пад кіраўніцтвам Э.Рознера. Адзін з лепшых джаз-аркестраў б.СССР 1940-х г. У складзе аркестра напачатку пераважалі прафес. музыканты — эмігранты з краін Зах. Еўропы, у асн. з Польшчы. Першыя канцэрты адбыліся ў Мінску ў крас. 1940, потым у Маскве, у т-ры саду «Эрмітаж» і інш. У складзе аркестра ў розны час працавалі спевакі Р.Камінская (жонка Рознера), З.Ларчанка, Л.Лямпель, А.Гольдберг, кампазітар і спявак А.Гарыс, трубач і паэт Ю.Цэйтлін, тэнар-саксафаніст Т.Лявіцін, скрыпач П.Гофман, піяніст А.Дабрушкес, гітарыст Л.Маркевіч. У рэпертуары пераважалі творы, напісаныя ўдзельнікамі калектыву: «Слава табе, Беларусь!» Бяльзацкага, «Каўбойская», «Мандаліна, гітара і бас», «На палянцы» Гарыса, танга «Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча» Рознера (усе на сл. Цэйтліна) і інш.Найб. папулярнасць прынёс аркестру ўдзел у фільме «Канцэрт-вальс» (1941). З пач.Айч. вайны калектыў выступаў на Урале, у Сібіры, Сярэдняй Азіі. У 1942 14 музыкантаў пайшлі на фронт. З канца 1942 аркестр выступаў у вайск. часцях, у т. л. на перадавой, перад войскамі Бел. фронту і інш. У 1944—45 праведзена вял. праца па запісе твораў у выкананні джаз-аркестра на грампласцінкі (усяго 43). У 1946 Рознер і Камінская арыштаваны, у 1947 аркестр расфарміраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАВА,
горад у Гродзенскай вобл., цэнтр Дзятлаўскага р-на, на р. Дзятлаўка. За 165 км ад Гродна, 13 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Баранавічы—Ліда. Аўтадарогамі злучана са Слонімам. Лідай, Навагрудкам. 8,6 тыс.ж. (1997).
Упершыню згадваецца ў 1440—50-я г. пад назвай Здзяцел. У 1498 вял.кн.літ. Аляксандр падараваў воласць Здзяцел літ. гетману кн. К.І.Астрожскаму. У канцы 15—1-й пал. 16 ст. ў Трокскім ваяв., у 1566 мястэчка Слонімскага пав. З пач. 17 ст. належала Сапегам, Палубенскім, Радзівілам, Солтанам, з 1831 дзярж. ўласнасць. З 1795 у Рас імперыі, мястэчка Слонімскага пав У 1897—3155 ж., 479 будынкаў, 2 школы, царква, касцёл, 4 яўр. малітоўныя дамы, шпіталь. 2 дрэваапр. ф-кі. 2 медаварні, больш за 40 майстэрняў. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, да 1945 і з 1965 цэнтр Дзятлаўскага раёна. З 30.6.1941 да 9.7.1944 акупіравана ням.-фашыстамі. якія загубілі ў Дз. і раёне 4716 чал., дзейнічала Дзятлаўскае камсамольска-маладзёжнае падполле. У 1962—65 Дз. ў Слонімскім р-не. У 1971—4,5 тыс.ж. З 1990 горад.
Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці. Дзейнічае Дзятлаўскі музей народнай славы. Помнікі архітэктуры — Дзятлаўскі касцёл Успення Багародзіцы (1624—46), Дзятлаўская сядзіба (1751), капліца (1813). Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЛУ́ГАШ ((Długosz) Ян) (1415, в. Бжазніца Пётркаўскага ваяв., Польшча — 19.5.1480),
польскі гісторык, дыпламат, царк. дзеяч. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1428—31). Канонік кракаўскі (з 1436). У 1433—55 сакратар і канцлер Кардынала З.Алясніцкага. Пасля яго смерці прыбліжаны караля Казіміра IV Ягелончыка, падтрымліваў яго знешнюю палітыку, з 1467 выхавацель сыноў караля. У 1480 арцыбіскуп львоўскі. Гал. праца Д. «Гісторыя Польшчы» (інакш «Летапісы, або Хронікі слаўнага Каралеўства Польскага» ў 12 кн. на лац. мове, 1455—80) ахоплівае падзеі ад легендарных часоў да 1480, створана на падставе шматлікіх польск. і замежных крыніц: хронік, летапісаў (у т. л. беларускіх), статутаў, актаў польска-крыжацкіх, каралеўскай канцылярыі (многія з іх сёння ўжо не вядомы), а таксама асабістых назіранняў. Падрабязна апісана гісторыя ВКЛ, ёсць інфармацыя пра асобныя гарады і мястэчкі Беларусі, гаспадарку і звычаі стараж. ліцвінаў і інш. Аўтар прац «Banderia Prutenorum» (1448, апісанне з гіст. каментарыем 56 крыжацкіх харугваў, здабытых пераважна пад Грунвальдам), «Insignia seu clenodia Regni Poloniae» (пасля 1472, старэйшы польскі гербоўнік) і інш.
Тв.:
Rocznik czyli kroniki sławnego Królestwa Polskiego Ks. 1—11. Warszawa, 1961—85;
Рус.пер. — Грюнвальдская битва. М.; Л., 1962.
Літ.:
Długossiana: Studia historyczne w pięćsetlecie śmierci Jana Długosza. Cz. 1-2. Kraków, 1980—85;
Polska Jana Długosza. Warszawa, 1984;
Mitkowski J. Jan Długosz. Warszawa, 1988;
Plezia M. Jan Długosz // Pisarze staropolscy, sylwetki. Warszawa, 1991. T. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДРАНГ НАХ О́СТЭН»
(ням. Drang nach Osten — націск на Усход),
экспансіянісцкая палітыка Германіі ў дачыненні да краін Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы ў 9—20 ст., а таксама лозунг і гіст.-паліт. канцэпцыя, накіраваная на ідэалаг. абгрунтаванне і апраўданне гэтай палітыкі. Першапачаткова (9 ст.) Усх.-Франкскае (Герм.) каралеўства вяло наступ на тэр. Вялікамараўскай дзяржавы, Пасаўскай і Далмацінскай Харватыі. У 10—11 ст. «Свяшчэнная Рым. імперыя» прэтэндавала на землі палаба-прыбалт. славян, Чэхіі і Польшчы. У 2-й пал. 12 ст. — пач. 15 ст. брандэнбургскія і саксонскія князі пакарылі палаба-прыбалт. славян, Тэўтонскі ордэн — прусаў, ням. купцы, каталіцкая царква, Ордэн мечаносцаў і Лівонскі ордэн прасачыліся ва Усх. Прыбалтыку (далейшы рух на У спынены ў вышку Лядовага пабоішча 1242 і Грунвальдскай бітвы 1410), а Габсбургі захапілі славенскія землі. У 16—18 ст. утварылася шматнац. манархія Габсбургаў, якія падпарадкавалі Чэхію, Славакію, Венгрыю і Харватыю, у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) значна павялічылася тэр. Прусіі. У 1850-я г. пачалася распрацоўка канцэпцыі «Д.н.О.» (гл.Пангерманізм, Пангерманскі саюз). Герм. імперыя (1871—1918) выкарыстоўвала пераважна эканам. пранікненне. Спробы рэалізацыі «Д.н.О.» мелі месца ў 1-ю і асабліва 2-ю сусв. войны (гл. план «Ост»).
Літ.:
Германская восточная политика в новое и новейшее время: Проблемы истории и историографии. М., 1974;
«Дранг нах Остен» и народы Центральной, Восточной и Юго-Восточной Европы, 1871—1918 гг.М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ Адбылася 12—16.10.1925 у Берліне як нарада бел.паліт. дзеячаў у эміграцыі. Склікана А.Цвікевічам. З’явілася вынікам расколу ў бел. эмігранцкім асяроддзі, а таксама перамен, што адбыліся ў 1921—25 у БССР і Зах. Беларусі пасля Першай Усебеларускай канферэнцыі (Прага, 1921). На Д.У.к. прыехалі З.Жылуновіч і нам. паўнамоцнага Прадстаўніка СССР у Польшчы А.Ульянаў. Перад канферэнцыяй урад Беларускай Народнай Рэспублікі прыняў 2 пастановы. Паводле 1-й, супраць якой галасаваў В.Захарка, Рада Міністраў БНР спыняла сваю дзейнасць і прызнавала Мінск «адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі». Паводле 2-й, прынятай аднагалосна, Урад БНР абвяшчаўся зліквідаваным. Пасля гэтага Д.У.к. большасцю галасоў прызнала Мінск цэнтрам бел. адраджэння. Пастановы Рады Міністраў не мелі сілы, бо яна не магла засядаць асобна ад Прэзідыума Рады БНР. Старшыня Рады БНР П.Крачэўскі і яго нам. Захарка не прызналі рашэнні Д.У.к., а член Прэзідыума Рады БНР Я.Мамонька склаў пратэст на імя старшыні канферэнцыі К.Езавітава. Дзярж. пячатка засталася ў Крачэўскага. Потым яна перадавалася наступным старшыням Рады БНР. У л-ры за 1-й і 2-й канферэнцыямі замацаваліся назвы Усебел. паліт. канферэнцый або Нац.-паліт. нарад.
Літ.:
Цьвікевіч А. Берлінская канферэнцыя // Полымя. 1926. № 4;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы... Лёндан, 1960;
Крэчэўскі П. Мандаты БНР // Спадчына. 1993. № 1;
Сідарэвіч А. Берлінская канферэнцыя 1925 г.: паліт. варункі, рашэнні, вынікі // Культура. 1993. 3 жн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ЧАСОПІСЫ,
часопісы, якія асвятляюць пытанні гісторыі, у т. л. тэарэтычныя, і спец.гіст. дысцыплін (археалогіі, этнаграфіі і інш.). Выдаюцца навук. ўстановамі, ВНУ (пераважна універсітэтамі), гіст. т-вамі і асацыяцыямі, музеямі, архівамі, асобнымі гісторыкамі. Падзяляюцца на навук., навук.-папулярныя і папулярныя, паводле зместу — на універсальныя (прысвечаны сусв. гісторыі) і спецыялізаваныя (гісторыя асобных краін ці рэгіёнаў). З’явіліся ў 19 ст. ў Германіі, Даніі, Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Расіі і інш. краінах у сувязі са станаўленнем гісторыі як навукі. Найб. вядомыя замежныя гістарычныя часопісы: у Вялікабрытаніі «The English historical review» («Англійскі гістарычны агляд», з 1886), «History» («Гісторыя», з 1912); у Германіі «Historische Zeitschrift» («Гістарычны часопіс», з 1859), «Vierteljahrshefte für Zeitgeschichte» («Квартальнік сучаснай гісторыі», з 1953); у Францыі «Revue historique» («Гістарычны агляд», з 1876), «Annales. Ekonomies, sociétés, civilisations» («Аналы. Эканоміка, грамадства, цывілізацыі», з 1929); у ЗША «The American historical review» («Амерыканскі гістарычны агляд», з 1895); у Польшчы «Wiadomości archeologiczne» («Археалагічныя весці», з 1873), «Kwartalnik historyczny» («Гістарычны квартальнік», з 1887), «Przegląd historyczny» («Гістарычны агляд», з 1905), «Wojskowy przegląd historyczny» («Ваенна-гістарычны агляд», з 1956); у Расіі «Отечественные архивы» (з 1923), «Вопросы истории», «Вестник древней истории» (з 1937), «Военно-исторический журнал», «Новая и новейшая история» (з 1957), «Отечественная история» (з 1957); на Украіне «Український історичний журнал» (з 1957). У Беларусі выдаюцца «Беларускі гістарычны часопіс», «Беларуская мінуўшчына», «Беларускі гістарычны агляд», «Спадчына».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́КАЕ,
горад, цэнтр Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл., чыг. ст. на лініі Крулеўшчына—Варапаева, на аўтадарозе Полацк—Вільня. За 200 км ад Віцебска. У межах горада азёры Кагальнае і Вялікае. 18,5 тыс.ж. (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў Метрыцы ВКЛ у 1414. У розны час належала Зяновічам, Корсакам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. З 16 ст. мястэчка. Тут быў пабудаваны Глыбоцкі замак. У ходзе войнаў Лівонскай (1558—83) і Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) Глыбокае займалі рус. войскі. У канцы 16—18 ст. заснаваны кальвінскі збор, касцёл св. Міхаіла, царква Тройцы, Ільінская капліца, сінагога. З 1793 у Рас. імперыі, у складзе Дзісенскага пав. У 1897 у Глыбокім 5564 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. 9,7 тыс.ж. (1939). З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр Глыбоцкага р-на. У Вял.Айч. вайну з 2.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Глыбокім і раёне 10 133 чал., стварылі Беразвецкі лагер смерці. 7,3 тыс.ж. у 1959, 11,9 тыс.ж. у 1970.
Прадпрыемствы харч. (Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, мясакамбінат, Глыбоцкі кансервавы завод, камбікормавы завод і інш.), мясц. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Глыбоцкі Троіцкі касцёл, Ільінская капліца, Мемарыяльная калона (абедзве — канец 18 ст.). Магілы сав. і італьян. ваеннапалонных, брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯРЫ́НЕЦ,
калекцыя дзікіх жывёл, размешчаных у клетках або вальерах для палявання, паказу наведвальнікам і інш. мэт. Папярэднікі заалагічных паркаў.
Першыя З. вядомы ў стараж. Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Персіі; у Еўропе — пры старажытнарымскіх цырках. Адыгралі пэўную ролю ў назапашванні вопыту работы з дзікімі звярамі (распрацоўка метадаў адлову, транспарціроўкі, кармлення жывёл пры вальерным утрыманні), садзейнічалі захаванню каштоўных відаў (напр., лясныя тарпаны да 1870-х г. захаваліся ў паляўнічым З. ў Польшчы, зубры да 1920-х г. — толькі ў паляўнічым З. ў Швецыі). У канцы 18 і пач. 19 ст. у краінах Еўропы і Расіі існавалі перасоўныя прыватныя З., у якіх з камерцыйнымі мэтамі дэманстраваліся «цуды» жывёльнага свету (сланы, ільвы, малпы, кракадзілы, папугаі і інш.). У 2-й пал. 19 ст. большасць З. заняпалі або ператвораны ў заал. паркі.
На Беларусі З., прызначаныя для палявання, вядомы з 16 — пач. 17 ст. у Белавежскай пушчы (1578), Нясвіжскім парку «Альба» (1607), дзе на вял. абгароджаных участках лесу (напр., у Нясвіжскім парку плошчай каля 90 га) з палянамі, прыроднымі ці штучнымі вадаёмамі ў загонах жылі адлоўленыя дзікія звяры мясц. фауны (зубры, мядзведзі, алені, ваўкі і інш.). Паступова З. страцілі паляўнічае значэнне і ператварыліся ў функцыянальную ч. паркаў, дзе з дэкар. мэтамі ўтрымлівалі разнастайных звяроў і птушак (асабліва фазанаў). Вял. «фазаннікі» былі ў парку «Альба» і Каранёўскай лясной дачы (каля Гомеля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯМЛЯ́ І ВО́ЛЯ»,
тайная рэв.арг-цыя разначынцаў у Рас. імперыі ў 1861—64 (назва з 1862); федэрацыя рэв. гурткоў. Узнікла пад ідэйным уплывам А.А.Герцэна, М.Г.Чарнышэўскага, М.П.Агарова. Арганізатары і кіраўнікі М.А. і А.А.Серна-Салаўевічы, А.А.Сляпцоў і інш. Узначальваў «З. і в.» Цэнтр. рускі нар.к-т у Пецярбургу, мясц. арг-цыі існавалі ў Пецярбургу, Маскве, Казані, Саратаве, Тамбове і інш. У канцы 1862 да «З. і в.» далучылася ваен.-рэв.арг-цыя«Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы». Арг-цыя падтрымлівала сувязі з газ. «Колокол». Яе праграма: увядзенне рэсп. кіравання, скліканне бессаслоўнага Нар. сходу, уладкаванне выбарнага самакіравання па абласцях, пашырэнне абшчынных прынцыпаў у сял. і гар. жыцці, ураўнаванне жанчын у правах з мужчынамі. Асн. праграмны дакумент — адозва Агарова «Што патрэбна народу». Выдавала лісткі «Свобода», рэв. пракламацыі. У час паўстання 1863—64 уступіла ў саюз з партыяй «чырвоных», імкнулася ператварыць яго ва ўсерасійскае сял. паўстанне за зямлю і волю. У канцы 1863 «З. і в.» ўступіла ў паласу ідэйнага крызісу, паўстанне 1863—64 было разгромлена, частка землявольцаў арыштавана, некат. эмігрыравалі. Да вясны 1864 арг-цыя самаліквідавалася.
Літ.:
Нечкина М.В. Возникновение первой «Земли и воли» // Революционная ситуация в России в 1859—1861 гг.М., 1960;
Віткоўскі Я. «Зямля і воля» 60-х гадоў і сувязь яе з паўстаннем 1863 г. // Полымя. 1930. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЎЕ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Івенка. За 158 км ад Гродна, 10 км ад чыг. ст. Гаўя на лініі Ліда—Маладзечна, вузел аўтадарог на Мінск, Ліду, Навагрудак. 8,8 тыс.ж. (1998).
Вядома з пач. 15 ст. як велікакняжацкі двор. У 1444 аддадзена земскаму маршалку літоўскаму П.Мантыгердавічу У 16—19 ст. належала Забярэзінскім, Кішкам, Слушкам, Глябовічам, Жыжэмскім, Агінскім, Сапегам, Тызенгаўзам, Замойскім і інш. З 1561 мястэчка Ашмянскага пав.; у ім знаходзіліся арыянскія друкарня і школа, рэктарам якой быў Я.Л.Намыслоўскі.
У 1598 у І. пасяліліся татары. Каля 1600 пабудаваны Іўеўскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. У 1634—180 двароў. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1897—2828 ж., 387 двароў. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Валожынскага (з 1926 — Лідскага) пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Іўеўскага раёна. З 29.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў І. і раёне 2621 чал. У 1971—5 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, царква (1994), аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Іўеўскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Іўеўская мячэць.