НІ́КАПАЛЬСКІ МАРГАНЦАВАРУ́ДНЫ БАСЕ́ЙН,

буйнейшы басейн марганцавых руд на Пд Украіны. Пл. больш за 5 тыс. км². Адкрыты ў 1883, распрацоўваецца з 1886. Марганцаносная алігацэнавая фармацыя з прамысл. пластамі руд (з сярэдняй магутнасцю каля 2 м) гарыз. залягання, цягнецца ўздоўж паўд. схілу Украінскага шчыта, даўж. 250 км, шыр. да 25 км. Руды: аксідныя (сярэдняя колькасць марганцу 27,8%), аксідна-карбанатныя (25%) і карбанатныя (22%). Агульныя запасы каля 2,5 млрд. т. Здабыча адкрытым і падземным спосабамі. Цэнтр здабычы — г. Нікапаль.

т. 11, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О’КО́НАР ((O’Connor) Артур) (4.7.1763, г. Мітчэлстаўн, Ірландыя — 25.4.1852),

дзеяч ірл. нац.-вызв. руху. Дзядзька Ф.Э.О’Конара. У 1791—95 чл. ірл. парламента. З 1796 чл. т-ва «Аб’яднаныя ірландцы», у 1798 адзін з кіраўнікоў т-ва ў правінцыях Ольстэр і Ленстэр; выступаў за ўстанаўленне ў Ірландыі дэмакр. рэспублікі з усеагульным выбарчым правам. У 1798—1803 зняволены брыт. ўладамі. Эмігрыраваў у Францыю. У 1804—07 генерал, камандзір франц. дывізіі ў напалеонаўскай арміі. Аўтар памфлетаў пра становішча ў Ірландыі.

т. 11, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНАЯ БАРАЦЬБА́,

від спарт. барацьбы, у якім шырока выкарыстоўваюцца тэхн. і сілавыя прыёмы — захопы (у т. л. ніжэй пояса), падсечкі, падбівы, перавароты і інш. У схватцы (3перыяды па 3 мін) перамагае той, хто пакладзе саперніка на лапаткі ці набярэ больш ачкоў за тэхн. прыёмы і актыўнасць.

Узнікла ў Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст. З 1904 (за выключэннем 1912) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1951 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).

На Беларусі падобнае на вольную барацьбу адзінаборства вядомае здаўна як барацьба «да крыжа». Як від спорту вольная барацьба развіваецца з 1948. Праводзяцца чэмпіянаты ў розных узроставых катэгорыях, традыц. міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы А.Мядзведзя (аднесены ФІЛА да спаборніцтваў вышэйшай катэгорыі), матчавыя сустрэчы бел. барцоў з камандамі інш. краін. Сярод бел. майстроў вольнай барацьбы найб. поспехаў дамагліся трохразовы алімпійскі чэмпіён, неаднаразовы чэмпіён свету і Еўропы Мядзведзь, а таксама В.Сюльжын (чэмпіён свету 1973, Еўропы 1972—73, уладальнік Кубка Еўропы 1974—75), Л.Кітоў (чэмпіён Еўропы 1970), В.Яўпоеў (чэмпіён Еўропы 1984), А.Сабееў (чэмпіён Еўропы 1989—90), С.Смаль (чэмпіён свету 1991, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 1992), В.Аруджаў (чэмпіён свету 1991, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 1992).

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ФНІЙ (лац. Hafnium),

Hf, хімічны элемент IV групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 72, ат. м. 178,49. Складаецца з 6 ізатопаў з масавымі лікамі 174, 176—180. Належыць да рассеяных элементаў, у зямной кары знаходзіцца (3—4)·10​−4% па масе. Адкрыты ў 1923 венг. хімікам Дз.Хевешы і нідэрл. фізікам Дз.Костэрам, названы па месцы адкрыцця — г. Капенгаген.

Бліскучы серабрыста-шэры пластычны метал, існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях: гексаганальнай α-Hf і кубічнай β-Hf (вышэй за 1740 °C). Шчыльн 13 350 кг/м³, tпл каля 2230 °C. Кампактны гафній устойлівы ў паветры, парашкападобны пірафорны (гл. Пірафорныя рэчывы). Па хім. уласцівасцях падобны да цырконію. Пры т-ры вышэй за 700 °C з кіслародам утварае дыаксід HfO2, (белыя крышталі, tпл 2780 °C), пры 200—400 °C з галагенамі — тэтрагалагеніды (напр., тэтрахларыд HfCl4 — бясколерныя крышталі, т-ра вазгонкі 315 °C), пры высокіх т-рах з азотам, борам, крэмніем, вугляродам — металападобныя тугаплаўкія злучэнні (напр., нітрыд HfN — залаціста-жоўтыя крышталі, tпл 3310 °C). Злучэнні гафнію атрымліваюць пры вытв-сці цырконію з руднай сыравіны, метал. гафнію — аднаўленнем HfCl4 магніем ці кальцыем. Выкарыстоўваюць як матэрыял для рэгулюючых стрыжняў і аховы ядз. рэактараў, кампанент гарачатрывалых і тугаплаўкіх сплаваў у авіяцыі і ракетнай тэхніцы.

І.В.Боднар.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ВІН,

вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., каля воз. Любань. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПдУ ад горада і 36 км ад чыг. ст. Кобрын, 78 км ад Брэста. 4295 ж., 1591 двор (1997).

Вядомы з 16 ст. як мястэчка Брэсцкага ваяв. ВКЛ. У 1566—184 двары. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Кобрынскім пав. Гродзенскай губ. У 1878—2490 ж.. 2 царквы, сінагога, 2 кірмашы на год. У 1921—39 у Польшчы, мястэчка ў Палескім ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 вёска, цэнтр Дзівінскага раёна, больш за 4 тыс. жыхароў. У Вял. Айч. вайну з 24.6.1941 да 21.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. якія загубілі ў Дз. і раёне 2819 чал. З 1959 у Кобрынскім р-не. У 1971—4877 ж., 1407 двароў. «Сельгасхімія», агароднінасушыльны з, тэкст.-вытв. аб’яднанне, пякарня, лясніцтва. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Дзівінская царква Параскевы Пятніцы (1740), Прачысценская царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка мезаліту і неаліту і паселішча бронзавага веку.

т. 6, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́САЎ (Сяргей Рыгоравіч) (парт. псеўд. Пеця, Казлоўскі Мікалай; 19.10.1906, в. Тур’я Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 7.3.1987),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. У 1927—32 на камсамольскай рабоце ў БССР. З 1932 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, з 1934 1-ы сакратар ЦК КСМЗБ, з 1935 сакратар Брэсцкага акр. к-та КПЗБ. У кастр. 1935 зняволены, з 1939 у ням. лагеры ваеннапалонных. Пасля Вял. Айч. вайны працаваў у друку. Аўтар прац «З гісторыі камсамольскага падполля Заходняй Беларусі» (1958), «За волю і шчасце народа» (1959), «Палымянае юнацтва» (1969), «У змаганні гартаваліся» (1975).

т. 1, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АУ́Н САН (13.2.1915, г. Намаў, М’янма — 19.7.1947),

палітычны дзеяч, нац. герой М’янмы (б. Бірмы). Генерал. Скончыў Рангунскі ун-т. З 1938 адзін з кіраўнікоў антыкаланіяльнай паліт. арг-цыі «Наша Бірма». У 2-ю сусв. вайну гал. арганізатар Арміі незалежнасці Бірмы (1942), міністр абароны ва ўрадзе, створаным яп. акупац. ўладамі (з 1943). Нелегальна наладзіў кантакты з антыяп. Рухам Супраціўлення і ўзначаліў Антыфашысцкую лігу народнай свабоды. Кіраваў антыяп. паўстаннем у 1945, барацьбой за вызваленне краіны ад брыт. панавання (1945—47). У 1946—47 віцэ-старшыня Выканаўчага савета пры брыт. губернатару. Заключыў з брыт. урадам дагавор аб незалежнасці Бірмы (1947). Забіты тэрарыстамі.

т. 2, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІНАУРА́ЛЬНЫ ЭФЕ́КТ,

здольнасць чалавека і жывёл вызначаць напрамак на крыніцу гуку, абумоўленая наяўнасцю 2 гукапрыёмнікаў. З-за таго, што вушы размешчаны на некаторай адлегласці адно ад аднаго, гукі, якія даходзяць да іх, адрозніваюцца па фазе і інтэнсіўнасці. Напрамак на крыніцу гуку з частатой да 1500 Гц выяўляецца найб. дакладна (дакладнасць у гарызантальнай плоскасці да 3°). Бінауральны эфект павялічваецца з павелічэннем адлегласці паміж прыёмнікамі, што дасягаецца з дапамогай гукаўлоўнікаў. Пры наяўнасці некалькіх разнесеных у прасторы крыніц гуку бінауральны эфект забяспечвае незалежнае ўспрыманне гуку ад кожнай з іх (напр., ад асобнага інструмента ў аркестры) і павялічвае гэтым перашкодаўстойлівасць слыхавога ўспрымання.

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗНІ́ЦА ВЯЛІ́КАЯ,

курган 2-й пал. 4 ст. за 8 км на Пд ад г. Фанагорыя на Таманскім п-ве (Расія). Выш. 15 м, перыметр 340 м. Радавы некропаль заможнай сям’і з племя сіндаў, у якой некаторыя жанчыны былі жрыцамі. Выяўлены 3 каменныя скляпы, 2 магілы з каменных плітаў з трупапалажэннем і некалькі пахаванняў з трупаспаленнем. У адным са скляпоў кіпарысавых саркафагаў, арнаментаваных слановай косцю, пахаваны воін у залатым вянку, з каштоўнымі рэчамі і зброяй, у другім — жрыца ў адзенні, аздобленым шматлікімі залатымі ўпрыгожаннямі; трэці склеп спустошаны. Знойдзены таксама размаляваныя вазы, тэракотавыя і касцяныя фігуркі.

А.В.Іоў.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІФАКС, Халіфакс (Halifax) Эдуард Фрэдэрык Ліндлі Вуд, барон Ірвін (Irwin; 16.4.1881, замак Паўдэрэм, графства Дэван, Вялікабрытанія — 23.12.1959), англійскі дзярж. і паліт. дзеяч. Адзін з лідэраў Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі. Скончыў Оксфардскі ун-т. У 1922—24, 1932—35 міністр адукацыі, з 1924 міністр сельскай гаспадаркі, у 1926—31 віцэ-кароль Індыі. У 1935—38 старшыня палаты лордаў, выступаў за знешнепаліт. кампраміс з А.Гітлерам. З 1938 міністр замежных спраў, удзельнічаў у перагаворах, якія прывялі да заключэння Мюнхенскага пагаднення 1938. З 1941 пасол у ЗША. У 1947—53 старшыня Ген. кансультатыўнага савета радыёвяшчальнай кампаніі Бі-Бі-Сі.

т. 4, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)