МО́ЎЧАН Міхаіл Аляксеевіч, (н. 7.4.1925, в. Купіск Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.), бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1962). Выкладаў у Мінскім пед. ін-це (1962—74). Працуе ў станковай графіцы і жывапісе. Сярод твораў графічныя серыі «На варце міру» (1964), «Трактаразаводцы» (1967), лісты «Святлана» (1969), «Партрэт жонкі» (1975) і інш. Аўтар партрэтаў В.Тарасава, С.Картэса, Н.Гайды, М.Яроменкі (усе 1983), З.Бабія, Т.Шымко, Л.Крывёнак (усе 1984), С.Грахоўскага, М.Танка, Р.Янкоўскага (усе 1985), Т.Шаметавец (1986), С.Станюты, В.Быкава (абодва 1987), Н.Гілевіча (1988), І.Чыгрынава (1989) і інш. Творам уласцівы выяўл. дакладнасць, сакавітасць колераў, кампазіцыйная завершанасць. Выканаў дэкар. пано «Беларусь» для сусв. выстаўкі «ЭКСПО-67» у Манрэалі (1967).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧВялікі
(у хрышчэнні Фёдар; 1.6.1076—15.4.1132),
вялікі князь кіеўскі [1125—32]. Сын вял. кіеўскага князя Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха. У 1088—93 і 1095—1117 правіў Наўгародскай зямлёй, у 1093—95 — Растоўскай і Смаленскай. У 1117—25 князь белгарадскі і суправіцель бацькі. Удзельнічаў у ваен. паходах на полаўцаў (1093, 1107, 1111), у 1129 адцясніў іх за Дон і Волгу. У 1111, 1113, 1130 арганізаваў паходы на чудзь, у 1127 і 1129 — на Полацкае княства; у 1129 захапіў і выслаў у Візантыю разам з сем’ямі полацкіх князёў за адмову ад удзелу ў паходзе на полаўцаў. У 1131 зрабіў паход на Літву. Пасля смерці М.У. Кіеўская Русь канчаткова распалася на самастойныя княствы.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990. С. 172—189.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІ́ЦКІ (Аляксей Мікалаевіч) (н. 20.4.1914, с. Піі Міронаўскага р-на Кіеўскай вобл.),
украінскі паэт.Засл. работнік культуры Грузіі (1964). Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1939—41). Друкуецца з 1930. Аўтар лірычных зб-каў «Мы ідзём у бой» (1942), «Жыві, Украіна» (1943), «Украіна сонечная мая» (1966), «Слаўлю маю Радзіму» (1978) і інш. Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, Ф.Багушэвіча, П.Броўкі, А.Бялевіча, С.Грахоўскага, Х.Жычкі, М.Клімковіча, А.Куляшова, П.Макаля, П.Панчанкі, М.Танка, В.Таўлая. Аўтар паэт. цыклаў «Беларусь», «Братам». Літ.-крытычныя артыкулы «Паэзія Савецкай Беларусі» (1949), «З пачуццём глыбокай павагі» (1957) прысвечаны бел.-ўкр. творчым сувязям, спадчыне Я.Купалы. На бел. мову асобныя творы Н. пераклаў М.Базарэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІВА́ЙКА (Людміла Дзмітрыеўна) (н. 13.12.1940, г. Гродна),
бел. мастацтвазнавец, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1997). Скончыла маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1963). З 1976 працавала ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, з 1998 у Нац.маст. музеі Рэспублікі Беларусь. Даследуе маст. жыццё Беларусі 1920—30-х г., друкаваную графіку. Адна з аўтараў кніг «Кола дзён» (1987, 1988), «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 4, 1990; т. 6, 1994), «Інстытут беларускай культуры» (1993) і інш. Працуе таксама ў галіне станковай графікі, пераважна акварэлі («Гродна», 1968; «Чароўны куток», 1997, і інш.) і манум.-дэкар. мастацтва (керамічнае пано «Сям’я» ў загсе г. Гродна, 1966, і інш.).
Тв.:
К истории художественной жизни Витебска (1918—1922 гг.). Витебск, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ СУ́ДДЗЯЎ,
канстытуцыйны прынцып правасуддзя ў дэмакр. дзяржавах, які азначае, што суддзі і засядацелі вырашаюць суд. справы на аснове закону, ва ўмовах, што выключаюць усякае ўздзеянне на іх. Паводле арт. 110 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону. Якое-н. умяшанне ў дзейнасць суддзяў па выкананні правасуддзя недапушчальнае і цягне адказнасць паводле закону.
Н.с. забяспечваецца: устаноўленым законам парадкам выбрання, назначэння і вызвалення суддзяў, іх недатыкальнасць, юрыд. працэдурай ажыццяўлення правасуддзя, тайнай нарады суддзяў пры вынясенні рашэнняў і забаронай патрабаваць выдавання гэтай тайны, адказнасцю за непавагу да суда або ўмяшанне ў вырашэнне канкрэтных спраў, стварэннем неабходных арганізацыйна-тэхн. умоў для дзейнасці судоў, а таксама матэрыяльным і сац. забеспячэннем суддзяў, устаноўленымі гарантыямі, якія адпавядаюць іх высокаму статусу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРУХО́МАСЦЬу праве,
зямля і інш. прыродныя ўгоддзі, якія знаходзяцца ва ўласнасці фіз. і юрыд. асоб, інш.маёмасныя правы на зямлю, а таксама ўсялякая інш. маёмасць, прымацаваная да зямлі і цесна звязаная з ёю (будынкі, збудаванні, заводы і інш.). Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь ва ўласнасці грамадзян могуць знаходзіцца жылыя дамы, дачы, садовыя домікі, зямельныя ўчасткі, сродкі вытв-сці для вядзення сял. гаспадаркі, індывідуальнай і інш.гасп. дзейнасці. Да Н. можа быць аднесена і інш. маёмасць: прадпрыемствы, маёмасныя комплексы ў сферы вытв-сці тавараў, быт. абслугоўвання, гандлю і ў інш. сферах прадпрымальніцкай дзейнасці, збудаванні, абсталяванне, трансп. сродкі і да т.п. Закон не абмяжоўвае ні колькасці, ні кошту маёмасці, набытай за кошт прац. даходаў грамадзян, акрамя маёмасці, што знаходзіцца ў выключным валоданні дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЯЧЫ́ЦЕЛЬСТВА,
форма абароны асабістых і маёмасных правоў і інтарэсаў грамадзян. Устанаўліваецца над непаўналетнімі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, а таксама над асобамі, абмежаванымі судом у дзеяздольнасці ў выніку злоўжывання спіртнымі напіткамі, наркатычнымі сродкамі або псіхатропнымі рэчывамі. Рэгуляванне адносін па апецы і П. ажыццяўляецца цывільным і сямейным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. П. ўстанаўліваецца па месцы жыхарства падапечнай асобы або папячыцеля. Органамі апекі і П. з’яўляюцца мясц. выканаўчыя і распарадчыя органы і папячыцель можа прызначацца толькі з іх згоды. Папячыцелі аказваюць падапечным садзеянне ў ажыццяўленні імі сваіх правоў і выкананні абавязкаў, а таксама ахоўваюць іх ад злоўжыванняў з боку інш. асоб. Парадак устанаўлення П., кола правоў і абавязкаў папячыцеляў, рэгламентацыя іх адносін з падапечнымі вызначаюцца заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРНАГРА́ФІЯ (ад грэч. pornē распуснік + ...графія),
натуралістычнае адлюстраванне ці апісанне палавога акта (палавых органаў), якое, у адрозненне ад эротыкі, не валодае эстэт. якасцямі маст. твора. Ставіць за мэту сексуальнае ўзбуджэнне спажыўца прадукцыі праз свядомую канцэнтрацыю ўвагі на фізіял. працэсе і палавых органах. Найб. пашырана ў кіно і спец. часопісах. У медыцыне атрыманне палавога задавальнення ад порнапрадукцыі адносіцца да палавой ненармальнасці (парнаграфаманія). Асабліва шкодны ўплыў П. робіць на падлеткаў з анамаліямі характару (напр., з псіхапатыямі). Вострая цікавасць да сексу, лёгкая палавая ўзбуджальнасць, імпульсіўнасць падлеткаў могуць прывесці да крымінальных паводзін. Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за выраб або збыт П. і інш. прадметаў парнаграфічнага характару, а таксама гандаль імі або захаванне з мэтай іх продажу або распаўсюджвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМТРАНСПРАЕ́КТ», Мінскі «Прамтранспраект» Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь,
інстытут прамыслова-транспартнага праектавання. Засн. ў 1961 у Мінску як Бел. пастаянная экспедыцыя Дзярж. праектнага ін-та «Прамтранспраект» (Масква), з 1965 — Бел. аддзел комплекснага праектавання, з 1969 — Мінскае аддзяленне гэтага ін-та. З 1991 самастойны ін-т Мінскі «Прамтранспраект» (арэнднае прадпрыемства). З 1992 — базавая спецыялізаваная арг-цыя Беларусі па буд. праектаванні ўсіх відаў прамысл. транспарту. Па праектах ін-та пабудаваны транспарт аэрапорта «Мінск-2», нафтаперапр. з-даў у Мазыры і Наваполацку, Бел.аўтамаб. і Бел. металургічнага з-даў, ВА «Беларуськалій», «Гомсельмаш», гродзенскага «Азот» і інш.; пабудаваны 19 чыг. станцый, у т. л. Барбароў, Наваполацк, Сітніца; масты цераз р. Свіслач у Мінску і вадасховішча ў Салігорску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭС-ПАДБО́РШЧЫК,
прычапная с.-г. машына для падбору сена і саломы з валкоў і прасавання іх у цюкі ці рулоны. Выкарыстоўваецца таксама ў стацыянарных умовах.
Прэс-падборшчыкі: а — рулонны; б — цюкоў.
Агрэгатуецца з трактарамі тыпу «Беларусь». Рабочыя органы прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара. Асн. вузлы: падборшчык, механізм падачы (2 упакоўшчыкі), прасавальная камера (у П.-п. цюкоў з поршнем, у рулонных — пастаяннага ціску), вязальны апарат, сістэма перадач, хадавая частка. Падбіральны механізм збірае сена з валка і падае ў прасавальную камеру, дзе яно прасуецца, затым цюкі і рулоны аўтаматычна абвязваюцца шпагатам ці сеткай і выкідваюцца ў трансп. сродкі ці на зямлю.
На Беларусі рулонныя П.-п. вырабляе Бабруйскі завод па выпуску машын для агракомплексу.