узброеныя атрады рабочых і сялян-беднякоў Расіі ў 1917—21, створаныя з мэтай нарыхтоўкі харчавання (найперш хлеба) для прамысл. цэнтраў і Чырв. Арміі. Іх стварэнне выклікана харч. крызісам, які развіваўся ў Расіі з 1915, і асабліва нежаданнем сялян пастаўляць харчаванне па фіксаваных цэнах за грошы, абясцэненыя інфляцыяй. Першыя Х. створаны ў Петраградзе, Маскве і інш.прамысл. цэнтрах у канцы 1917 — пач. 1918. З увядзеннем харчовай дыктатурыіх стваралі мясц. органы Наркамата харчавання (уваходзілі ў склад харчарміі) і Усерас.цэнтр.ваен. бюро пры Усерас.цэнтр. савеце прафсаюзаў (нарыхтоўчыя, уборачна-нарыхтоўчыя, уборачна-рэквізіцыйныя атрады), буйныя прафсаюзы, фабзаўкомы, пав. і гар. Саветы. Ажыццяўлялі харчразвёрстку, змагаліся са стыхійным хлебным гандлем, дзейнічалі сумесна з камітэтамі беднаты, харч. к-тамі і мясц. Саветамі. У ліст. 1918 у Х. было 72 тыс.чал., у 1919—20 — ад 55 да 82 тыс.чал. Расфарміраваны з увядзеннем новай эканамічнай палітыкі (1921).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЫДЖЫ́ТЫ (ад араб. хаварыдж, літаральна — тыя, што выйшлі),
прыхільнікі радыкальнай секты ў ісламе, што ўтварылася ў 7 ст. ў ходзе барацьбы за ўладу ў араб.Халіфаце паміж прыхільнікамі Алі ібн Абі Таліба і Муавіі I. У бітве пры, Сіфыне (657) Алі пагадзіўся на трацейскі суд. Тады 12 тыс. яго воінаў у знак пратэсту пакінулі лагер («выйшлі») і паклалі пачатак секце Х., якая потым ваявала і з Алі (забіты ў 661) і з Муавіяй. Х. выступалі супраць сунізму і шыізму, за роўнасць усіх мусульман, выбарнасць імама-халіфа ў кожнай абшчыне, за строгае выкананне рэліг. прадпісанняў, вызначаліся асаблівым фанатызмам і нецярпімасцю да інш. поглядаў. У канцы 7 ст. склалася некалькі груповак Х., якія наз. па імёнах іх першых правадыроў — азракіты, ібадыты, суфрыты і інш. У наш час абшчыны Х. (пераважна ібадытаў) існуюць у Амане, дзе іх вучэнне з’яўляецца афіц. ідэалогіяй, Танзаніі, краінах Паўн. Афрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВА́ЛІмарскія,
вагальны рух воднай масы мораў і акіянаў, буйных азёр, выкліканы прыліваўтваральнымі сіламі Месяца і Сонца, ветрам, зменамі атм. ціску, падводнымі землетрасеннямі, вывяржэннямі вулканаў або рухам суднаў. Паводле прычын, якія іх выклікаюць, бываюць ветравыя хвалі (гл. таксама Зыб), прыліўныя і барычныя (гл.Сейшы), сейсмічныя (гл.Цунамі), карабельныя; паводле становішча ў воднай тоўшчы — паверхневыя і ўнутр.; паводле суадносін даўж. Х. і глыб. мора — кароткія і доўгія: паводле формы і памераў — правільныя (2-мерныя) і няправільныя (3-мерныя) і інш.Асн. характарыстыкі: вышыня (вымяраецца па вертыкалі паміж грэбнем і падэшвай Х.), даўжыня (прамежак паміж 2 сумежнымі вяршынямі або падэшвамі Х.), скорасць перамяшчэння формы Х. (фазавая скорасць), перыяд Х., сярэдняя і макс. стромкасць, грэбень, фронт Х., хвалевы прамень. Выклікаюць згонна-нагонныя з’явы, перамяшчаюць тоўшчы вады і ўзбагачаюць іх кіслародам, фарміруюць пляжы.
Хвалі: 1 — элементы хвалі; 2 — ветравыя хвалі; 3 — зыб; 4 — хвалі прыбою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЙБАНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА, Шэйбанідаў дзяржава,
дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 1500—98 на чале з дынастыяй Шайбанідаў. Яе сталіцай напачатку быў г. Самарканд, з 1560 — Бухара. Заснаванне Ш.дз. звязана з прыходам у Сярэднюю Азію качэўнікаў-узбекаў на чале з Шайбані-ханам і заваяваннем імі цэнтр.Маверанахра. Уключала ўсю б. дзяржаву Цімурыдаў. У 1510 распалася на 2 узб. дзяржавы: уласна Ш.дз. ў Маверанахры і Хівінскае ханства, былыя харасанскія ўладанні Цімурыдаў адышлі Ірану. Ш. дз. была падзелена на ўдзелы (замацоўваліся за членамі дынастыі), найбуйнейшыя з іх Бухара, Самарканд, Ташкент, Балх, Хісар. Шматлікія паходы і набегі на Харасан і бесперапынныя міжусобіцы разбуралі гаспадарку дзяржавы, нават стабілізацыя ў часы праўлення Абдулы-хана II не здолела ліквідаваць іх вынікі. Мела эканам. і дыпламат. адносіны з Расіяй і дзяржавай Вял. Маголаў у Індыі. У час існавання Ш.дз. за цюркамоўным насельніцтвам Маверанахра і Харасана замацаваўся этнонім узбекі. Высокага ўзроўню дасягнула культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФІ́РНЫЯ АЛЕ́І,
шматкампанентныя сумесі арганічных злучэнняў, якія выпрацоўваюцца эфіраалейнымі культурамі і абумоўліваюць іх пах. Ахоўваюць расліны ад паразітаў, прывабліваюць насякомых-апыляльнікаў, памяншаюць цеплааддачу расліны і інш.Найб. пашыраны анісавы, бергамотавы, гваздзіковы, гераніевы, каляндравы, лавандавы, леманграсавы, мятны, піхтавы, ружавы, шалфейны, эўкаліптавы алеі.
Празрыстыя лятучыя бясколерныя ці афарбаваныя (жоўтыя, зялёныя, бурыя) вадкасці. Не раствараюцца ў вадзе, добра раствараюцца ў тлушчах, малапалярных арган. растваральніках (бензоле, петралейным і серным эфірах); аптычна актыўныя. Пад уздзеяннем святла і кіслароду паветра хутка акісляюцца. змяняюць колер і пах. У складзе пераважна тэрпены і іх вытворныя (пінены, камфен, ліманен, камфара), таксама гетэрацыклічныя і араматычныя злучэнні. Для вылучэння Э.а. выкарыстоўваюць сыравіну сырую (зялёная маса герані, кветкі лаванды), падвяленую (мята), сухую (карані аеру і касача) ці ферментаваную (кветкі ружы, дубовы мох). Атрымліваюць Э.а. перагонкай з вадзяной парай, экстракцыяй арган. растваральнікамі. прасаваннем і інш. Выкарыстоўваюць у харч., парфумерна-касметычнай прам-сці, медыцыне і тэхніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАВЫ́ ДУЛЕ́БЫ,
гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Бялыніцкім і Клічаўскім р-нах Магілёўскай вобл.Засн. ў 1998 для аховы каштоўных прыродных комплексаў, што ўключаюць балотны і лясны масівы, якія выконваюць водаакумуляцыйную ролю для вытокаў каскада рэк. Пл. 26 600 га. Рэльеф — плоская, флювіягляцыяльная раўніна. Глебы дзярнова-падзолістыя (75%), тарфяністыя і тарфяна-балотныя (25%). Вярховыя і пераходныя балоты (Дулебскае і Вялікае) займаюць 11% плошчы, пусткі — 11%, лясы (хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і інш.) — 76%. У флоры 705 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, з іх 12 у Чырв. кнізе: цыбуля мядзведжая, купальнік горны, пылкагалоўнік чырвоны, пальчатакарэннік майскі, шпажнік чарапіцавы, касач сібірскі і інш. У фауне 170 відаў наземных пазваночных, у т. л. 38 — млекакормячых, 118 — птушак, 8 — амфібій, 6 — рэптылій, з іх 22 віды ў Чырв. кнізе: барсук, рысь, мядзведзь буры, змеяед, пугач, курапатка белая, журавель шэры, сыч касманогі, рапуха чаротная і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМУ́ЧВАННЕ,
раздзяленне ўзмучаных цвёрдых дробных часцінак, заснаванае на розных скарасцях іх асядання ў вадзе; спосаб гідраўл. класіфікацыі здробненых матэрыялаў. Уключае адстойванне полідысперснай суспензіі з дэкантацыяй у паслядоўна злучаных адстойніках. Выкарыстоўваюць пры абагачэнні мінер. сыравіны, атрыманні тонкіх парашкоў, ачыстцы глін (кааліну) ад мех. дамешкаў (пяску, слюды, палявога шпату).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНАЯ АНАМА́ЛІЯ,
участак зямной кары або паверхні Зямлі, які значна адрозніваецца ад сумежных канцэнтрацыяй некат. хім. элементаў або іх злучэнняў. Заканамерна звязаны з пакладамі карысных выкапняў і геал. будовай тэрыторыі. Вылучаюцца анамаліі канцэнтрацыі гелію, газападобных вуглевадародаў, медзі, нікелю, цынку і інш. Геахімічныя анамаліі служаць пошукавай прыкметай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГІЕВЫ СТА́ЙНІ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі вялікія і вельмі забруджаныя стайні цара Эліды Аўгія. Геракл ачысціў Аўгіевы стайні за адзін дзень, пусціўшы ў іх ваду рэк Алфея і Пенея, і гэтым здзейсніў адзін з 12 сваіх подзвігаў. У пераносным сэнсе Аўгіевы стайні — вельмі бруднае месца ці запушчаная работа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫКА́НСКІ ФОНД РАЗВІЦЦЯ́ (African Development Fond; АФР). Створаны ў 1972. Уваходзяць 20 краін, у т. л. Вялікабрытанія, ЗША, Італія, Канада, Францыя, ФРГ. Месца знаходжання — Абіджан (Кот-д’Івуар). Мэта дзейнасці — мабілізаваць дадатковыя сродкі і рэсурсы для эканам. і сац. развіцця краін Афрыкі і крэдытавання іх на льготных умовах.