знаходжанне пад кантролем на працягу тэрміну судзімасці асоб, якія здзейснілі цяжкае або асабліва цяжкае злачынства, а таксама асуджаных з адтэрміноўкай пакарання, з умоўным пакараннем, без прызначэння пакарання, непаўналетніх асуджаных з выкарыстаннем прымусовага выхавання. Ажыццяўляецца адпаведнымі службамі органаў унутр. спраў. Паводле крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (1999) гэтыя асобы абавязаны папярэдне паведамляць органам унутр. спраў пра змену жыхарства, выезд па асабістых справах у інш. мясцовасць, з’яўляцца па выкліку гэтых органаў, пры неабходнасці даваць тлумачэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦАЛА́НЫ (італьян. pozzolana ад назвы італьян.г. Пацуолі, каля якога здабывалі П.),
вулканагенна-асадкавыя і асадкавыя горныя пароды з уласцівасцю паглынаць аксід кальцыю CaO з вапнавых раствораў. Паводле складу сярод П. адрозніваюць вулканічныя туф, попел, шкло, таксама цэалітавыя пароды, трэпел, дыятаміт і інш. Выкарыстоўваюцца ў якасці дабавак у вытв-сці вяжучых матэрыялаў, т.зв. пуцаланавых цэментаў (гідраўлічная актыўнасць П., што вызначаецца паглынаннем CaO за 30 сут, складае 350—500 мг на 1 г дабаўкі). Буйныя радовішчы ў Італіі, Крыме, Арменіі, на Паўн. Каўказе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКУ́ШАЧНІК, ракушняк,
разнавіднасць вапняку, складзенага пераважна з ракавін марскіх жывёл і іх абломкаў. Утвараецца ў літаральнай і сублітаральнай зонах мораў і акіянаў. Паводле саставу падзяляецца на брахіяподавы, гастраподавы, нумулітавы і інш. Характарызуецца макрапорыстасцю (21—60%); аб’ёмная маса 1,1—2,24 г/см³; цеплаправоднасць 0,29—0,99 Вт/(м∙К); мяжа трываласці пры сцісканні 0,4—28 мН/м². Лёгка апрацоўваецца (распілоўваецца, абчэсваецца). Выкарыстоўваецца ў буд-ве (сценавы і дэкаратыўны матэрыял, пясок, друз, запаўняльнік для лёгкіх бетонаў), у вытв-сці вапны, цэменту, вапнавай мукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РА ТЭО́РЫЯ,
першая тэорыя атама і яго спектраў. Прапанавана Н.Борам у 1913 як аб’яднанне ідэі М.Планка аб квантаванні энергіі і планетарнай мадэлі атама Э.Рэзерфарда. Грунтуецца на двух пастулатах. Атамы могуць доўга знаходзіцца, не выпраменьваючы святла, ва ўстойлівых (стацыянарных) станах, адпаведных пэўным дыскрэтным (перарыўным) значэнням энергіі E1, E2, E3... (1-ы пастулат Бора). Выпрамяненне ці паглынанне святла адбываецца пры скачкападобных пераходах з аднаго стану ў другі паводле формулы , дзе hν — энергія святла частаты ν, што выпрамяняецца ці паглынаецца, h — Планка пастаянная (2-і пастулат Бора, ці ўмова частот).
Пастулаты Бора пацверджаны эксперыментальна і выконваюцца для ўсіх мікрасістэм (атамных ядраў, атамаў, малекул і інш.). Каб знайсці магчымыя значэнні энергіі і інш. характарыстыкі стацыянарных станаў атама, Бор разглядаў рух электронаў вакол ядра паводле законаў механікі Ньютана (класічнай механікі), пры дапаўняльных, т.зв. квантавых, умовах. Пры гэтым электрон у найпрасцейшым выпадку атама вадароду можа рухацца вакол ядра па кругавых ці эліптычных арбітах пэўных памераў, якія павялічваюцца з павелічэннем энергіі атама ў адпаведных стацыянарных станах. Канкрэтныя мадэльныя ўяўленні пра рух электрона ў атаме па строга вызначаных арбітах заменены ўяўленнямі квантавай механікі.
Літ.:
Ельяшевич М.А. Развитие Нильсом Бором квантовой теории атома и принципа соответствия // Успехи физ. наук. 1985. Т. 147, вып. 2.
частка антрапагенавага перыяду перад наступленнем нараўскага зледзянення на тэр. Беларусі. Вылучана (Н.А.Махнач; 1971) як найб.стараж.ч. антрапагену працягласцю каля 400 тыс. гадоў. Паводле апошніх даследаванняў, брэсцкае перадледавікоўе адносіцца да 2-й пал. эаплейстацэну (каля 800—1200 тыс. гадоў назад) і адпавядае брэсцкаму надгарызонту (магутнасць да 20—30 м, залягае на глыб. 10—170 м). Паверхня тэр. Беларусі была выраўнаваная, найб. узвышаная на ПнУ. Рэкі цяклі на Пд і З. Адклады з глін, алеўрытаў з праслоямі пяскоў і торфу намнажаліся ў азёрах, шматлікіх на Пд і ПнЗ, у балотах і далінах рэк. Клімату былі ўласцівы значныя і частыя ваганні з паступовым пахаладаннем. Вылучаюцца 2 працяглыя халодныя перыяды (апошні больш суровы; у раслінным покрыве пераважалі разрэджаныя хваёва-бярозавыя лясы), падзеленыя менш працяглым цёплым часам, з кліматам і расліннасцю, блізкімі да сучасных. Паводле асаблівасцяў адкладаў і выкапнёвых рэшткаў раслін ўстаноўлена, што брэсцкае перадледавікоўе адпавядае частцы ніжняга плейстацэну Польшчы і Германіі, верхняму апшэрону і яго аналагам на тэр.Усх.-Еўрап. раўніны, а таксама менапу, бавелу і ніжняй ч. кромеру Нідэрландаў.
Літ.:
Махнач Н.А. Этапы развития растительности Белоруссии в антропогене. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1632—34, Смаленская вайна,
вайна Расійскай дзяржавы за Смаленскую, Чарнігаўскую і Северскую землі, якія ў выніку Дэулінскага перамір’я 1618 засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай. Цар Міхаіл Фёдаравіч і яго бацька патрыярх Філарэт накіравалі ў вер. 1632 на Смаленск 40-тысячнае войска пад камандаваннем ваяводы М.Б.Шэіна. Яно заняло Себеж, Невель, Усвяты, Дарагабуж, Старадуб, у студз. 1633 асадзіла Смаленск. Рас. войскі праніклі ў глыб Беларусі, авалодалі Асвеяй, Друяй, Полацкам (акрамя крэпасці), Прапойскам, асадзіла Мсціслаў і Крычаў. Гетман польны ВКЛ К.Радзівіл перакінуў у Смаленск падмогу, частка казакаў і дваран пакінула рас. войска. У канцы жн. 1633 да Смаленска падышоў кароль польскі і вял.кн.ВКЛ Уладзіслаў IV з 25-тысячным войскам, якое адцясніла рас. войска ад Смаленска і акружыла яго. 25.2.1634 Шэін падпісаў акт аб капітуляцыі, паводле якога рэшткі рас. арміі (8 тыс.чал.), пакінуўшы ўсю артылерыю і інш. зброю, адышлі з-пад Смаленска. ПаводлеПалянаўскага міру 1634 Расія атрымала г. Сярпейск, крэпасці Трубчэўск, Ахтырку і Лебядзін. Рэч Паспалітая вярнула большасць захопленых зямель, Уладзіслаў IV афіцыйна адмовіўся ад прэтэнзій на рас. трон.
А.П.Грыцкевіч.
Беларуска-польскія войскі пад Смаленскам у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. З гравюры В.Хондыуса. 1636.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́ЦЫЯ ВАЕ́ННАЯ,
сукупнасць узгодненых і ўзаемазвязаных па мэце, месцы і часе баявых дзеянняў войскаў аднаго або розных відаў паводле адзінай задумы і плана. Паводле маштабу бываюць стратэгічныя, франтавыя (флоту, акругі ППА, групы армій), армейскія (флатыліі, корпуса, эскадры); у залежнасці ад сіл і сродкаў — агульнавайсковыя (агульнафлоцкія), паветраныя, проціпаветраныя, паветрана-дэсантныя, сумесныя і самастойныя; па характары баявых дзеянняў — наступальныя і абарончыя.
Першыя элементы аперацыі ваеннай як формы вядзення баявых дзеянняў выявіліся ў войнах канца 18 — пач. 19 ст., калі значна павялічылася рухомасць войскаў, баявыя дзеянні сталі весціся на шырокіх франтах адначасова на некалькіх напрамках, на вял. глыбіню і ўзнікла неабходнасць больш аператыўнай каардынацыі гэтых дзеянняў. На тэр. Беларусі прыкметы аперацыі ваеннай выявіліся, напр., у дзеяннях рус. войскаў супраць франц. у 1812, калі цэнтр., паўд. і паўн. групоўкам была пастаўлена задача аб’яднацца на р. Бярэзіна з мэтай акружэння і разгрому рэшткаў арміі Напалеона I. Буйнейшыя аперацыі ваенныя 2-й сусв. вайны: дзеянні войскаў гітлераўскай Германіі супраць Польшчы (1939) і Францыі (1940); сав. войскаў у аперацыі пад Масквой, Сталінградам і на Курскай дузе, Беларускай, Берлінскай і інш.; саюзнікаў — Нармандская дэсантная аперацыя (1944) і інш.
На сучасным этапе характар аперацыі ваеннай змяніўся; павялічыліся глыбіня і шырыня наступлення і абароны, пабольшалі задачы і тэмпы наступлення, больш сціслым стаў час вядзення баявых дзеянняў.
англійскі філосаф, пачынальнік матэрыялізму і метадалогіі доследнай навукі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1575). У 1618—21 лорд-канцлер пры каралю Якаве I. У трактаце «Новы Арганон» (1620) развіў новае разуменне задач навукі і асновы навук.індукцыі. Лічыў, што ўладу над прыродай можа даць чалавеку толькі навука, якая спасцігае сапраўдныя прычыны з’яў і не абмежавана схаластыкай, дагматызмам, не з’яўляецца павярхоўным, неасэнсаваным збіраннем фактаў; такая навука павінна рацыянальна перапрацоўваць факты, усебакова абагульняць іх з дапамогай індукцыі, аснова якой — эксперымент. Паводле Бэкана, шляхам «эксперыментуючага ўспрымання» праз індукцыю можна прыйсці да агульнага вываду або закону. Перашкодай у дасягненні сапраўдных ведаў з’яўляюцца спадчынныя і набытыя «ідалы» (памылковыя думкі), а ісціна абумоўлена ўсім быццём свайго часу і яе нельга прывязваць ні да асобнага прыродазнаўцы, ні да метаду. Філасофію разумеў як «пазнанне з натуральных прычын» і як «агульную маці ўсіх іншых навук»; павярхоўная філасофія схіляе чалавека да бязбожнасці, а глыбінная — да рэлігіі. Паводлепаліт. поглядаў быў прыхільнікам абсалютнай манархіі, ваен. і паліт. магутнасці нац. дзяржавы, арганізацыі і планавання вытворчасці, укаранення ў гаспадарку і быт дасягненняў навукі і тэхнікі. Аўтар утопіі «Новая Атлантыда» (1617).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАДВО́РЦЫ,
катэгорыя дзярж. сялян у Рас. імперыі. Складаліся ў 1-й чвэрці 18 ст. з патомкаў служылых людзей, паселеных царскім урадам у сувязі са стварэннем рэгулярнай арміі на паўд. і паўд.-ўсх. граніцах для іх аховы. Аднадворцы былі абкладзены падушным падаткам і 4-грыўневым аброкам. Пераважная большасць іх не валодала прыгоннымі, мела толькі ўласныя двары (магчыма, адсюль і назва аднадворцы).
На Беларусі аднадворцы ўтвораны на падставе закону ад 19.10.1831: дробная сельская шляхта была пераведзена ў аднадворцы з паліт. (за ўдзел у паўстанні 1830—31) і фіскальных меркаванняў. Былі асабіста вольныя; плацілі падатак, выконвалі рэкруцкую павіннасць на працягу 15 гадоў. Паводле ўказа ад 1.8.1857 аднадворцы на ўласнай і дзярж. зямлі аднесены да дзярж сялян, на панскай — да вольных людзей. Фактычна працягвалі існаваць як асобная група сельскага насельніцтва. У 1858 на Беларусі 44 810 аднадворцаў (1,6% сельскага насельніцтва). Пераважная большасць не мела сваёй зямлі. Па меры разбору шляхты колькасць іх расла: у 1867 у Мінскай, Магілёўскай, Віленскай і Гродзенскай губ. было 110 088 чал.Паводле закону ад 19.2.1868 аднадворцы пераведзены ў сельскія і гарадскія абшчыны, большасць іх злілася з сялянамі. Аднадворцы, якія жылі на панскай зямлі, не атрымалі права на яе выкуп, тыя, што жылі на дзярж., маглі выкупіць яе. Уласная зямля захавалася за аднадворцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАЦЬБА́,
від спорту, адзінаборства 2 спартсменаў паводле пэўных правілаў. Вядомая са старажытнасці ў многіх народаў. Існуюць шматлікія віды нац. барацьбы — азерб. гулеш, груз. гідаабан, тадж. гаўштан, узб. кураш, яп.джыу-джыцу, сумо і інш. На Беларусі былі пашыраны барацьба «да крыжа» і барацьба «на крыжы». Элементы некаторых відаў нац. барацьбы выкарыстаны ў сучаснай спарт. барацьбе. Найб. пашыраныя і прынятыя ў міжнар. спорце віды барацьбы: грэка-рымская (былая класічная), вольная, дзюдо, самба (гл. пра кожную асобны арт.). Яны з’яўляюцца алімпійскімі відамі спорту (акрамя самба), па іх праводзяцца сусв., еўрап. і рэгіянальныя першынствы. Удзельнічаюць мужчыны і жанчыны. Спаборніцтвы адбываюцца на спец. дыване (у дзюдо — татамі) пэўных памераў. Час паядынку абмежаваны, можа падзяляцца на некалькі перыядаў. Сутычкі праходзяць у «стойцы» або «партэры» (адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях ці на баку, на «мосце»). Спартсмены падзяляюцца паводле ўзроставых груп і вагавых катэгорый. У 1921 створана Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА). На Беларусі першыя спаборніцтвы па барацьбе праведзены ў 1914 у Мінску т-вам «Санітас». У Мінску праходзілі чэмпіянаты свету і Еўропы па розных відах барацьбы, з 1970 праводзіцца буйны Міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы А.В.Мядзведзя. У 1993 у Мінску створана добраахвотнае т-ва барцоў імя А.Караваева. Гл. таксама Адзінаборствы ўсходнія.