МАЦІЕ́ВІЧ (Алег Мікалаевіч) (н. 30.6.1949, г. Магілёў),
бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973). З 1976 выкладчык Мінскага маст. вучылішча, з 1990 — Бел. АМ. Творам уласцівы ўпарадкаванасць кампазіцыі, свабода і абагульненасць пісьма, каларыстычная згарманізаванасць, празрыстасць фарбаў. Аўтар карцін «Успаміны», «Бакеншчык» (абедзве 1986), «Рыбакі на Прыпяці» (1987), «Былы кірмаш» (1989), «Вяселле» (1997), пейзажаў «Вечар у вёсцы», «У асеннім садзе» (абодва 1982), «Пейзаж з козамі» (1989), «Ноч у Жыровічах» (1991—92); нацюрмортаў «Сухія кветкі» (1970), «Сялянскі нацюрморт» (1986), «Нацюрморт з лямпамі» (1989) і інш.
Л.Ф.Салавей.
т. 10, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МДЫВА́НІ (Георгій Давідавіч) (26.9.1905, г. Багдаты, Грузія — 10.10.1981),
грузінскі драматург, кінасцэнарыст. Засл. дз. мастацтваў Грузіі (1961). Вучыўся ў Тбіліскім ун-це (1924—26). Дэбютаваў вершамі ў 1920. Аўтар востраканфліктных, палітычна актуальных, публіцыстычных і прасякнутых героікай подзвігу п’ес «Алькасар» (паст. 1936), «Батальён ідзе на Захад» (1941), «Новыя часы» (1952), «Дзень нараджэння Тэрэзы» (1961), «Укралі консула» (1963), «Лілео» (1977), а таксама сцэнарыяў кінафільмаў «Радавы Аляксандр Матросаў» (1948), «Салдат Іван Броўкін» (1955), «Іван Броўкін на цаліне», «Апошні з Сабадура» (абодва 1958), «Хеўсурская балада» (1966) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Пьесы. М., 1955.
т. 10, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНЬЕ́ ((Meunier) Канстантэн Эміль) (12.4.1831, г. Этэрбек, Бельгія — 4.4.1905),
бельгійскі скульптар і жывапісец. Вучыўся ў свайго брата Ж.Б.Менье і ў АМ у Бруселі ў Ф.Ж.Навеза. У ранні перыяд працаваў у акад. манеры, пазней пад уплывам Г.Курбэ і Ф.Міле звярнуўся да рэалізму. У скульптурных творах увасабляў пераважна вобраз людзей працы: «Малатабоец», «Пудлінгоўшчык» (абедзве 1886), «Касец» (1891), «Пудлінгоўшчык каля печы» (1893), «Грузчык» (1905), кампазіцыя «Помнік працы» (1880-я г.). Аўтар жывапіснага трыпціха «Шахта» (каля 1878) і інш.
В.Я.Буйвал.
т. 10, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РЭЙ, Мары (Murray) Джон (3.3.1841, г. Коберг, Канада — 16.3.1914), англійскі акіянограф і прыродазнавец. Чл.кар. Пецярбургскай АН (1897). Скончыў Эдынбургскі ун-т. У 1872 удзельнічаў у англ. кругасветнай экспедыцыі на «Чэленджэры» пад кіраўніцгвам Ч.Томсана. Рэдактар 50-томнай справаздачы экспедыцыі і аўтар агульнага апісання рэйса і марскіх донных адкладаў. У 1880 і 1882 вывучаў Фарэрскі праліў, у 1906 правёў батыметрычную здымку прэснаводных азёр Шатландыі. У 1910 разам з нарв. вучоным Ю.Іортам арганізаваў акіянаграфічную экспедыцыю ў паўн. ч. Атлантычнага ак. і ў сааўт. з ім напісаў кнігу «Глыбіні акіяна» (1912).
т. 10, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСРО́П МАШТО́Ц (каля 362, с. Хацэкац, правінцыя Тарон, Арменія — 17.2.440),
армянскі вучоны, манах-асветнік; стваральнік арм. алфавіта (405—406), пачынальнік пісьменнасці, асветніцкага руху ў Арменіі. Адукацыю атрымаў у мясц. грэчаскамоўных школах. Валодаў некалькімі мовамі, у т. л. сірыйскай, перс., грэч. Займаўся прапаведніцкай і перакладчыцкай дзейнасцю. Разам з вучнямі пераклаў з сірыйскай мовы на арм. Біблію (часткова), філас. і рэліг. творы. Аўтар кнігі хрысц. павучанняў, духоўных песень («шараканаў-пакаянняў», усяго каля 130). Арм. царквой прылічаны да святых.
Літ.:
Корюн. Житие Маштоца: Пер. с арм. Ереван, 1962.
А.Казінян.
т. 10, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛН ((Milne) Ален Александэр) (18.1.1882, Лондан —31.1.1956),
англійскі пісьменнік. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1903). Вядомасць прынеслі зб-кі вершаў і кнігі для дзяцей «Віні-Пух» (1926) і «Домік Пуха» (1928) пра лялечных звяркоў Віні-Пуха, Пятачка, Кенге і Ру. Аўтар камедый, у т. л. «Містэр Пім праходзіць міма» (1919), дэтэктыўнага рамана «Тайна чырвонага дома» (1922), кн. ўспамінаў «Зараз ужо вельмі позна» (1939) і інш. У 1984 Магілёўскі абл. т-р лялек паставіў п’есу «Віні-Пух і ўсе-ўсе-ўсе».
Тв.:
Рус. пер. — Винни-Пух и все-все-все. Мн., 1995.
т. 10, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЮЧЭ́НКАЎ (Сяргей Аляксеевіч) (н. 5.11.1949, Мінск),
бел. этнограф. Канд. гіст. н. (1982). Скончыў БДУ (1973). Працаваў у філіяле Дзярж. музея Беларусі ў Заслаўі (1975—77), у 1977—91 у Ін-це мастацтвазнаўства этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе матэрыяльную і духоўную культуру, промыслы і рамёствы беларусаў, сучасную прац. абраднасць, грамадскі побыт насельніцтва, музейныя калекцыі Беларусі. Аўтар манаграфіі «Беларускае народнае ганчарства» (1984), сааўтар прац «Помнікі этнаграфіі» (1981), «Промыслы і рамёствы Беларусі» (1984). Удзельнічаў у распрацоўцы навукова-метадычных прынцыпаў стварэння Бел. дзярж. музея нар. архітэктуры і побыту.
Л.А.Суднік.
т. 10, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЯШКЕ́ВІЧ (Яраслаў Генрыхавіч) (н. 4.1.1939, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. хімік-арганік. Канд. хім. н. (1976), дац. (1978). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1961). З 1961 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па хіміі драўніны, праблемах бел. хім. тэрміналогіі. Даследаваў асаблівасці хім. будовы і рэакцыйнай здольнасці лігніну таполі пры хім. перапрацоўцы драўніны, прапанаваў сістэму ўтварэння бел. назваў хім. элементаў. Аўтар навуч. дапаможнікаў для ВНУ.
Тв.:
Арганічная хімія. Ч. 1. Мн., 1991;
Этапы станаўлення беларускай хімічнай тэрміналогіі // Хімія: прабл. выкладання. 1996. Вып. 5.
А.І.Болсун.
т. 10, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛЬЧУ́К (Сяргей Апанасавіч) (14.8. 1925, в. Скабін Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 20.7.1995),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1951). З 1951 працаваў у выд-вах «Беларусь», «Мастацкая літаратура» (1972—80). Друкаваўся з 1949. Пісаў для дзяцей. Аўтар аповесці «Сто прыгод за адзін дзень» (1963), зб-каў апавяд. «Паштальён, шырэй крок!» (1968), «Зялёны лісточак» (1974), «Першы след» (1985). На бел. мову пераклаў паасобныя творы В.Асеевай, Ч.Айтматава, В.Біянкі, А.Вішні, А.Гайдара, Я.Дрды, Б.Жыткова, Р.Кіплінга, Я.Пермяка, Л.Панцялеева, Ю.Смуула і інш.
т. 10, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІШЭ́ЛЬ ((Michel) Луіза) (29.5.1830, замак Уранкур, Францыя — 10,1.1905),
французская рэвалюцыянерка. Удзельніца паўстанняў 31.10.1870 і 22.1.1871. У перыяд Парыжскай Камуны 1871 чл. Камітэта пільнасці 18-й акругі, змагалася на барыкадах супраць версальцаў. Саслана ў Новую Каледонію, адкрыла школу у г. Нумеа, дзе вучыла дзяцей карэнных жыхароў (канакаў). У 1880 вярнулася ў Францыю, удзельнічала ў рабочым руху, была прыхільніцай П.А.Крапоткіна і прапагандавала ідэі анархізму. У 1890—95 у эміграцыі ў Лондане. Аўтар шэрагу раманаў, п’ес, вершаў.
Літ.:
Лурье А.Я. Портреты деятелей Парижской Коммуны. М., 1956;
Неустроева О. Жизнь Луизы Мишель. М.; Л., 1929.
т. 10, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)