КАПУЦІКЯ́Н (Сільва) (Сірвард) Барунакаўна (н. 5.1.1919, Ерэван),

армянская паэтэса. Скончыла Ерэванскі ун-т (1941). У паэт. зб-ках «У гэтыя дні» (1945), «На беразе Зангі» (1947), «Мае родныя» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Роздум на паўдарозе» (1960), «Ліліт» (1981), «Зіма ідзе» (1983) і інш. тэмы нац. адраджэння Арменіі, багаты свет пачуццяў сучаснікаў, праблемы сувязі мастацтва і рэчаіснасці. Аўтар кніг нарысаў і эсэ «Караваны яшчэ ў дарозе» (1964), «Мерыдыяны карты і душы» (1978), п’ес «Адкуль ляціш, журавель?» (1960), «І ты, Брут» (1976). Пераклала на арм. мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, В.​Вярба, В.​Іпатава, К.​Камейша, В.​Коўтун.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1978.

С.​Арзуманян.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПША́Й (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 20.4.1940, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працуе ў галіне афармленчага мастацтва і жывапісу. Аформіў інтэр’еры: музеі Я.​Купалы ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. (1972, з Э.​Агуновічам), стараж.-бел. культуры ІМЭФ Нац. АН Беларусі (1979), нар. творчасці ў в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. (1996) і інш.; бел. раздзел на Міжнар. выстаўцы ў Брно (Чэхаславакія, 1983, з В.​Чуглазавым), Міжнар. кірмашу ў Бухарэсце (1984), Нац. выстаўкі нар. творчасці Беларусі ў Мінску (1996). Сярод жывапісных твораў: «Халодны дзень» (1985), «Зімовы настрой» (1987), «Палявыя кветкі» (1996), серыі пейзажаў «Стары Мінск» (1991), «Нарачанскі край» (1995), «На Браслаўшчыне» (1996—97) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІЦКІ РАЁННЫ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й «ЗЯМЛЯ́ І ЛЮ́ДЗІ».

Засн. ў 1970 у г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл., адкрыты ў 1974. Пл. экспазіцыі 184 м², больш за 5 тыс. адзінак асн. фонду (1997). Сярод экспанатаў археал. знаходкі з раскопак г.п. Мір і Мірскага замка і інш. помнікаў раёна, скарб медных солідаў 17 ст., рукапісныя кнігі 18—20 ст., калекцыя рэчаў сял. побыту і дэкар.-прыкладнога мастацтва 19—20 ст. Вял. экспазіцыя прысвечана падзеям часоў Вял. Айч. вайны і партыз. руху на тэр. раёна. У экспазіцыі матэрыялы пра славутых землякоў Я.​Брыля, І.​Дамейку, А.​Дзеркача, В.​Іпатаву, Б.​Кіта, спевака П.​Конюха, Р.​Тармолу, Я.​Чачота і інш. Экспануюцца творы бел. жывапісцаў, графікаў, скульптараў. Філіял — музей Героя Сав. Саюза У.З.Царука ў в. Ярэмічы.

т. 8, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́БРЫК (Яўген Адольфавіч) (21.2.1906, г. Вазнясенск Мікалаеўскай вобл., Украіна —16.7.1978),

расійскі графік. Нар. маст. СССР (1967). Правадз. чл. АМ СССР (1962). Вучыўся ў Адэскім ін-це выяўл. мастацтваў (1922—25) і Ленінградскай АМ (1925—27). Чл. групы «Майстры аналітычнага мастацтва» (1926—30). З 1953 выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це (з 1954 праф.). Майстар ілюстрацыі: «Падпаручнік Кіжэ» Ю.​Тынянава (1930), «Кала Бруньён» (1934—36) і «Зачараваная душа» (1940—41) Р.​Ралана, «Легенда пра Уленшпігеля» Ш. дэ Кастэра (1937—38), «Тарас Бульба» М.​Гогаля (1943—45), «Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна (1959—64) і інш. Працаваў у станковай графіцы (серыя малюнкаў «Сталінград», 1943, і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1948.

Я.Кібрык. Ілюстрацыя да аповесці «Кала Бруньён» Р.​Ралана. 1934—36.

т. 8, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ ВАЕ́ННА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ МУЗЕ́Й імя А.​В.​Суворава.

Засн. ў 1946 у г. Кобрын Брэсцкай вобл., адкрыты ў 1948. Пл. экспазіцыі 897 м², больш за 14 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Сярод экспанатаў найб. на Беларусі калекцыя халоднай і агнястрэльнай зброі розных дзяржаў 14—20 ст., абмундзіраванне і рыштунак рус. і зах.-еўрап. войск розных часоў, калекцыі нумізматыкі, у т. л. скарбы манет 16—18 ст., фалерыстыкі, этнаграфіі і прадметаў побыту Кобрыншчыны 19—20 ст., мэблі 16—20 ст., рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, творы бел. мастакоў М.​Аўчыннікава, І.​Белановіча, П.​Драчова, М.​Немагая, У.​Стальмашонка, Я.​Ціхановіча, А.​Шыбнёва і інш., скульптуры З.​Азгура, Я.​Вучэціча, С.​Селіханава. У б-цы музея больш за 22 тыс. тамоў.

Н.​М.​Пліско.

т. 8, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАС (Георгій Данілавіч) (26.2.1929, в. Куцень Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 18.12.1994),

бел. крытык, публіцыст, кінадраматург. Скончыў Кудымкарскі настаўніцкі ін-т (Пермская вобл., 1947), Бел. тэатр. ін-т (1951). У 1947—74 працаваў у Бел. т-ры оперы і балета, Рус. драм. т-ры Беларусі, у рэсп. газетах, час. «Неман», Мін-ве культуры Беларусі. Аўтар кн. «Сучаснікі ў грыме і без грыму» (1963), зб. артыкулаў «Дыялог праз рампу» (1967), брашур па пытаннях драматургіі і тэатр. мастацтва, сцэнарыяў дакумент., навук.-папулярных кіна- і тэлефільмаў («Беларуская сюіта», 1966; «Купалаўцы», 1970; «Іван Шамякін», 1979; «Паклон мой народу за песні» і «Янка Купала», 1982; «Старажытныя паркі», 1989, і інш.).

Тв.:

Аўтографы Андрэя Макаёнка. Мн., 1992;

Карані міфаў Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998.

т. 8, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РШАК (Аляксей Ігнатавіч) (22.2.1920, в. Вуглы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 27.2.1945),

бел. паэт. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1938—41). Удзельнік Вял. Айч. вайны, загінуў на фронце ва Усх. Прусіі. Літ. дзейнасць пачаў у 1937. Быў нам. рэдактара інстытуцкага рукапіснага літ. час. «Наша творчасць», друкаваў рэцэнзіі і артыкулы ў газ. «Літаратура і мастацтва» і «Чырвоная змена». Улюбёнасць у жыццё, працу і прыроду, пачуццё кахання, студэнцкія будні, прадчуванне вял. выпрабаванняў, франтавыя замалёўкі — асн. тэматыка вершаў пасмяротнага зб. К. «Апаленыя пялёсткі» (1963). Захаваліся неапубл. вершы, урывак з паэмы.

Тв.:

У кн : Мы іх не забудзем. Мн., 1949;

Крывёю сэрца. Мн., 1967.

Літ.:

Александровіч С. Слова пра сябра // Александровіч С. Кнігі і людзі. Мн., 1976.

С.​Х.​Александровіч.

А.І.Коршак.

т. 8, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРПІ́НСКІ ((Kurpiński) Караль Казімеж) (6.3.1785, Влашакавіцы, Польшча — 18.9.1857),

польскі кампазітар, дырыжор, муз. тэарэтык. Музыцы вучыўся ў бацькі — арганіста Марціна К. З 1810 2-і дырыжор «Т-ра Нарадовы», у 1824—40 1-ы дырыжор і дырэктар «Т-ра Велькі» ў Варшаве. У 1835—40 кіраваў першай польск. Школай муз. і драм. мастацтва. Адыграў значную ролю ў стварэнні нац. оперы. Аўтар больш як 25 опер (усе паст. ў Варшаве), у т. л. «Шарлатан, або Уваскрэсенне з мёртвых», «Ядвіга, каралева Польшчы» (абедзве 1814), «Новыя кракавякі» (1816), «Замак на Чарштыне, або Баямір і Ванда» (1819), аперэт, балетаў, мес, кантат, арк. і камерна-інстр. твораў, арк. і фп. паланэзаў, песень; муз. падручнікаў і артыкулаў па муз. этнаграфіі.

Літ.:

Przybylski T. K.Kurpmski. Warszawa, 1980.

т. 9, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ХТА (Усевалад Вітольдавіч) (18.8.1922, г. Калуга, Расія — 1991),

бел. рэжысёр. Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1950). У 1951—52 рэжысёр Бел. т-ра імя Я.​Купалы, у 1957—61 — Рэсп. студыі тэлебачання, з 1967 — Новамаскоўскага драм. т-ра. Сярод п’ес у т-ры імя Я.​Купалы: «Уцёкі» Дз.​Шчаглова (1951), «На досвітку» А.​Макаёнка (з К.​Саннікавым) і «Прага застаецца маёй» Ю.​Буракоўскага (1952). Стваральнік першых тэлевізійных спектакляў на бел. тэлебачанні: «Брат мой, вораг мой» М.​Уілсана, «Маленькія трагедыі» А.​Пушкіна, «Месяцавая саната» паводле К.​Паустоўскага і «Будка № 27» І.​Франко (1957), «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа (1958), «Вялікае сэрца» паводле К.​Чорнага, «Палата № 6» паводле А.​Чэхава (1960). Першы на рас. прафес. сцэне паставіў «Паўлінку» Я.​Купалы (1969).

т. 9, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЧЫ́НСКІ (Леанід Васілевіч) (17.3.1936, Мінск — 16.9.1994),

бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1962). З 1962 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у станковым жывапісе ў жанрах партрэта і пейзажа, ствараў абстрактныя кампазіцыі. Зазнаў уплывы мадэрнісцкага мастацтва пач. 20 ст. Творчасць вызначаецца імкненнем да перадачы ўнутр. свету чалавека сродкамі каларыту, танальнай атмасферы, праз характар пейзажа. Сярод твораў: «Пільніца» (1956), «Веснавая раніца» (1957—58), «Зваршчык» (1961), «Мірскі замак» (1963), «Партрэт жанчыны» (1964), «Жыровічы», «Наваградак» (абодва 1965), партрэт А.​Кашкурэвіча (1973), «Пейзаж з ратондай», «Раніца» (абодва 1975), «Верхні горад», «Вуліца Старавіленская» (абодва 1979), «Вечар» (1980), «Дарога праз Баяры» (1987), «Веснавы дзень» (1991), «Прывакзальная плошча» (1994), цыкл «Дойлідства Беларусі» (1970-я г.) і інш.

Г.​Г.​Сакалоў-Кубай.

Л.Лапчынскі. Партрэт жанчыны 1964.

т. 9, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)