АДМАЎЛЕ́ННЕ АДМАЎЛЕ́ННЯ,

адзін з асн. законаў дыялектыкі, які характарызуе агульную структуру развіцця як неабходнасць паступальнага працэсу з момантамі адноснай паўтаральнасці і цыклічнасці (зняцце, паўторнае адмаўленне, узаемапераход процілегласцяў, вяртанне да нібыта старога і інш.). Упершыню сфармуляваны Гегелем. Паводле яго вучэння, цыклічнасць развіцця мае форму руху ад зыходнага стану аб’екта праз яго адмаўленне да ліквідавання самога гэтага адмаўлення. Так, катэгорыя якасці (непасрэдная, унутраная пэўнасць рэчы) адмаўляецца колькасцю (апасродкаваная, знешняя пэўнасць), а колькасць «здымаецца» ў катэгорыі меры (якаснай колькасці, ці колькаснай якасці). Гегель надаваў трыядзе (зыходны момант — адмаўленне — адмаўленне адмаўлення) асаблівае значэнне як спосабу руху лагічных паняццяў. Разам з тым ён трактаваў яе толькі як знешні бок пазнання. Таму няма ніякіх падстаў атаясамліваць дыялектычнае паняцце развіцця ўвогуле з трыядамі. Пошукі трыяды як існуючых асобных ступеняў адзінага працэсу ў многіх выпадках вядуць да грубай схематызацыі рэальнай рэчаіснасці. У тым ці іншым сваім выглядзе адмаўленне ранейшых формаў існавання — неабходная ўмова развіцця ў любой сферы рэчаіснасці. Разам з тым у самім характары адмаўлення ёсць аб’ектыўная магчымасць момантаў паўторнасці і вяртання да нібыта старога, нелінейнасці працэсу развіцця. Аднаўленне ў вышэйшай стадыі некаторых рысаў ніжэйшай абумоўліваецца ўзаемапераходам процілегласцяў адна ў адну, зніжэннем узроўню арганізацыі сістэмы пры яе дэструкцыі, захаваннем пераемнасці адмаўляючага і адмаўляемага ў актах зняцця і трансфармацыі. Адмаўленне адмаўлення закон у інтэграцыі сваіх рысаў выяўляецца ў спецыфічных працэсах прыроды і чалавечай гісторыі і з асаблівай нагляднасцю — у сучасных сац. падзеях.

Ю.​А.​Харын.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХМО́ЎЕ, білінгвізм,

валоданне і карыстанне 2 моўнымі сістэмамі. Адрозніваюць Д.: актыўнае (асоба валодае вуснай формай мовы і карыстаецца ёю), патэнцыяльна актыўнае (асоба валодае вуснай мовай, але працяглы час не карыстаецца ёю) і пасіўнае (асоба разумее мову, але не можа карыстацца вуснай формай); нарматыўнае, або каардынацыйнае (паслядоўна правільнае ўжыванне нормаў абедзвюх моў), аднабакова-нарматыўнае (асоба валодае нормамі толькі адной мовы) і ненарматыўнае (асоба не валодае нормамі ні адной мовы); чыстае (мова выбіраецца адпаведна пэўнай сітуацыі) і змешанае (асоба ў адной і той жа сітуацыі карыстаецца 2 мовамі); непасрэднае (калі мова непасрэдна звязана з мысленнем) і апасродкаванае (мова кадзіруе думкі, выказаныя першаснай мовай); двухбаковае (Д. пашыраецца сярод абодвух этнасаў, якія кантактуюць) і аднабаковае (Д. пашырана толькі ў асяроддзі аднаго з кантактуючых этнасаў); індывідуальнае, групавое, масавае, тэрытарыяльнае, пагранічнае, суцэльнае, агульнанароднае. Для білінгва (асобы) уласцівы т.зв. дамінантны механізм у адносінах да адной з моў: праз гэтую мову рэчаіснасць успрымаецца хутчэй і лягчэй, чым праз іншыя. Для большасці асоб роднай мовы з’яўляецца мова свайго этнасу.

У наш час на Беларусі найб. пашырана бел.-рус. Д. Для шэрагу раёнаў характэрны тып Д. і шматмоўя, пры якім адна з моў — беларуская (бел.-лат., бел.-літ., бел.-польск., бел.-ўкр., бел.-рус.-ўкр. і г.д.). Сярод беларусаў, якія жывуць за мяжой, найб. пашыраны такія тыпы Д.: бел.-польск. (Польшча), бел.-англ. (Канада, ЗША), бел.-іспанскае (Лац. Амерыка).

Ф.​Д.​Клімчук.

т. 6, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУКА́РСКАЯ МАШЫ́НА паліграфічная,

машына для шматразовага атрымання аднолькавых адбіткаў тэксту, ілюстрацый і інш. на паперы (або інш. матэрыяле) з адпаведнай друкарскай формы. Асн. вузлы Д.м.: друкавальны і фарбавальны апараты, прыстасаванні для падачы паперы і перамяшчэння яе ў машыне, вываду гатовай прадукцыі.

Адрозніваюць Д.м.: высокага друку, глыбокага друку і плоскага друку, у т. л. афсетнага друку тыгельныя (да плоскай друкарскай формы папера прыціскаецца плоскасцю т.зв. тыгля), плоскадрукавальныя (да плоскай формы папера прыціскаецца цыліндрам) і ратацыйныя (форма і прыціскальная паверхня цыліндрычныя, верцяцца з аднолькавай скорасцю). Папера можа падавацца аркушамі (аркушавая Д.м.) або з рулона (рулонныя). Найб. прадукцыйныя ратацыйныя рулонныя Д.м. Першая Д.м. (плоскадрукавальная) створана ням. вынаходнікам Ф.​Кёнігам у 1811, машыны розных тыпаў пачалі выкарыстоўвацца ў пач. і сярэдзіне 19 ст. ў Германіі, Англіі, ЗША і інш.

Літ.:

Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства. Ч. 2. М., 1982.

Адна з першых друкарскіх машын (прэс): 1 — дэкель для ўкладкі паперы; 2 — талер (металічная пліта) для ўстаноўкі друкарскай формы; 3 — друкарская форма; 4 — вінтавы прэс.
Схемы друкавальных прыстасаванняў друкарскіх машын: а — тыгельнай; б — плоскадрукавальнай; в — ратацыйнай; г — афсетнай; 1 — друкарская форма; 2 — плоская аснова — талер (або формны цыліндр); 3 — тыгель (або друкавальны цыліндр); 4 — папера; 5 — дэкель; 6 — перадатачны (афсетны) цыліндр.
Схема рулоннай афсетнай кніжна-часопіснай друкарскай машыны: 1 — рулон паперы; 2 — трохцыліндравыя аднафарбавыя друкавальныя секцыі; 3 — штангі для пераварочвання папяровага палатна; 4 — фальцавальны апарат.

т. 6, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМНА́Я КАРА́,

верхняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая складае верхнюю частку літасферы; адна з геасфер. Аддзяляецца ад мантыі Зямлі Махаровічыча паверхняй. Адрозніваюць мацерыковую кару (таўшчыня на платформах 25—45 км, на Беларусі 34—40 км, у абласцях гораўтварэння 45—75 км), акіянічную кару (2—10 км) і пераходныя яе тыпы: субмацерыковую і субакіянічную. Дасягальная для вывучэння верхняя ч. кары ў агаленнях і свідравінамі да глыб. 10—15 км. Больш глыбокія зоны даследуюцца геафіз. метадамі. Мацерыковая кара складаецца з асадкавага (скорасць пашырэння падоўжных сейсмічных хваль Vp да 4,5 км/с), «гранітнага» (Vp 5,1—6,4 км/с) і «базальтавага» (Vp 6,1—7,4 км/с) слаёў. На Беларусі асадкавы слой мае магутнасць ад 80 да 620 м на Бел. антэклізе, да 6000 м у Прыпяцкім прагіне. «Гранітны» і «базальтавы» слаі ўмоўныя і гістарычна звязаныя з вылучэннем Конрада паверхні (Vp 6,2 км/с), якая раздзяляе іх. Звышглыбіннае свідраванне сведчыць, што гэтая мяжа мае умоўны характар, таму «гранітны» і «базальтавы» слаі аб’ядноўваюць паняццем кансалідаванай кары. «Гранітны» слой па складзе парод больш адпавядае гранітна-гнейсаваму (сярэдняя шчыльнасць 2,6—2,7 т/м³), «базальтавы» — гранулітава-базітаваму (2,7—3 т/м³). Акіянічная кара адрозніваецца ад мацерыковай адсутнасцю «гранітнага» слоя, меншай магутнасцю і больш маладым узростам (юра, мел, кайназой). Суцэльнасць З.к. перарываецца шматлікімі разломамі. Некат. з іх дасягаюць мантыі і ўтвараюць корава-мантыйныя блокі. З.к. знаходзіцца ў стане ізастатычнай раўнавагі. Зонай яе выраўноўвання з’яўляецца астэнасфера.

У.​І.​Шкуратаў.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАХО́Р,

горад на У Пакістана, на р. Раві, за 25 км ад мяжы з Індыяй. Адм. ц. прав. Пенджаб. 5 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны эканам., гандл. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, харч., маш.-буд. (станкабудаванне, эл.-тэхн., зборка трактароў і матаролераў), металаапр., папяровая, шкляная, хім., у т. л. вытв-сць мінер. угнаенняў. Нар. промыслы; ручное дыванаткацтва, вышыўка, саматужна-мастацкія вырабы з тэкстылю, воўны і шоўку, серабра, бронзы і медзі. 2 ун-ты, у т. л. Пенджабскі. Музеі, у т. л. музей зброі. Арх. помнікі пераважна эпохі Вял. Маголаў (16—18 ст.): Шыш-Махал («Люстраны палац»), Бадшахі-Масджыт (адна з найбуйнейшых мячэцяў свету). Сады Шалімара (засн. ў 1641) і форт (16 ст.) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Вядомы з 7 ст. У 10 ст. цэнтр індускага княства. У 1099—1114 і 1153—86 сталіца дзяржавы Газневідаў. Пры дэлійскіх султанах і Вялікіх Маголах цэнтр Пенджабскага намесніцтва. Л. неаднаразова разбуралі маголы (1240), хахары (1342, 1394), войскі Цімура (1398). Найб. росквіту дасягнуў у 16—17 ст., цэнтр транзітнага караваннага гандлю. У 1739 захоплены Надзір-шахам. У 1799—1849 сталіца дзяржавы сікхаў. У 1849—1947 пад уладай Вялікабрытаніі, цэнтр Лахорскай вобл. і аднайм. акругі Брыт. Індыі. У 1947—55 і з 1970 адм. ц. пакістанскай прав. Пенджаб, у 1955—70 — вобласці Лахор і прав. Зах. Пакістан.

Агульны выгляд горада Лахор.

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Т.Р.Шаўчэнкі, адна з найбуйнейшых вышэйшых навуч. устаноў Украіны. Засн. ў 1834 у Кіеве як Ун-т св. Уладзіміра ў складзе 2 ф-таў — юрыд. і філас. (меў гіст.-філал. і фіз.-матэм. аддзяленні; з 1850 — ф-ты); у 1841 адкрыты мед. ф-т. Да 1917 ун-т скончылі каля 20 тыс. чалавек. Ён быў адным з цэнтраў дэмакр. руху на Украіне. Сярод выпускнікоў ун-та вучоныя і дзеячы культуры, у т. л. О.​Ю.​Шміт, М.​М.​Бенардос, М.​С.​Грушэўскі, М.​Ф.​Рыльскі, М.​А.​Булгакаў, К.​Г.​Паустоўскі; у ім вучыўся і працаваў М.В.Доўнар-Запольскі. У 1920—32 на базе ун-та былі створаны ін-ты: нар. адукацыі, сац. выхавання, прафес. адукацыі. У 1933 адноўлены, меў 7 ф-таў, у 1939 яму прысвоена імя Т.​Р.​Шаўчэнкі. З 1994 сучасная назва. У 1942—43 у складзе Аб’яднанага ўкр. ун-та эвакуіраваны ў Казахстан. У 1944 аднавіў сваю дзейнасць у Кіеве. У 1997/98 навуч. г. больш за 17 тыс. студэнтаў; ф-ты: філас., сацыялогіі і псіхалогіі, эканам., гіст., філал., рамана-герм. філалогіі, юрыд., механіка-матэм., кібернетыкі, фіз., радыёфіз., геал., геагр., хім., біял. і інш. Навучанне дзённае і завочнае. У складзе ун-та Ін-т міжнар. адносін, Ін-т журналістыкі, абсерваторыя, бат. сад (з 1841), выліч. цэнтр, Канеўскі запаведнік, навук. б-ка (каля 4 млн. экз.).

т. 8, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУЦЫ́НЫ (італьян. cappuccino ад cappuccio капюшон),

каталіцкі манаскі ордэн. Засн. ў Італіі ў 1525 як адна з трох галін ордэна францысканцаў. Заснавальнік Матэо Серафіні з Баскіо імкнуўся надаць ордэну характар аскетызму часоў св. Францыска Асізскага (13 ст.), пашырыць уплыў на ніжэйшыя слаі грамадства. У 1619 папа Павел V зацвердзіў ордэн як самастойны. У апошняй чвэрці 16 ст. К. распаўсюдзіліся ў Францыі, Іспаніі, Швейцарыі, у 17 ст. праніклі ў Бразілію, Цэнтр. Амерыку, Індыю і інш. У адрозненне ад адукаваных езуітаў К. вялі місіянерскую дзейнасць сярод простага люду, іх называлі пралетарыямі сярод манахаў. У ВКЛ яны аселі ў Любяшове (1756, цяпер Валынская вобл. Украіны) і Юравічах (1781, цяпер Калінкавіцкі р-н Гомельскай вобл.). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з канца 18 ст. дзейнасць К. у Рас. імперыі стала затухаць, у 1888 іх кляштары зачынены. Жаночая галіна ордэна — капуцынкі — засн. ў 1538. Іх кляштары былі ў Германіі, Швейцарыі, Перу. У 2-ю сусв. вайну ордэн моцна пацярпеў, але аднавіўся. У 1965 у свеце былі 93 адм.-тэр. адзінкі К. (правінцыі, віцэ-правінцыі і інш.). З 1940 у Рыме дзейнічае Гістарычны ін-т, які даследуе гісторыю францысканцаў, у т. л. К.; з 1931 выдаецца квартальнік «Collectanea Franciscana» («Францысканскія зборнікі»).

Літ.:

Dydycz A.P. Dzieje zakonu braci mniejszych Kapucynów na Litwie (1756—1993). Rzym, 1994;

Kdscioł katolicki w Polsce 1918—1990: Rocznik statysiyczny. Warszawa, 1991.

Ю.​В.​Бажэнаў, М.​А.​Дабрынін.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТО́ЎКА,

від літаратуры і сродак масавай інфармацыі, актуальны паводле зместу і аператыўны ў распаўсюджванні. Выдаецца эпізадычна з мэтай агітацыйна-паліт., ідэалаг.-выхаваўчага і інфарм.-арыентацыйнага ўплыву на шырокія слаі грамадства, адлюстравання актуальных падзей і з’яў свайго часу. Выконваецца ў выглядзе друкаванага або рукапіснага тэксту на аркушах паперы пераважна малых памераў. Тэкст можа быць арыгінальны (адозвы, аб’явы) ці запазычаны з інш. крыніц (афіц. дакументы, маст. творы).

Л. — адна з форм масавай рэв. прапаганды. Папярэднікі рэв. Л. — рукапісныя пісьмы і граматы з заклікамі да паўстанняў. Л. выпускалі Вольная рус. друкарня ў Лондане, народніцкія арг-цыі, першыя рабочыя гурткі, Пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». На Беларусі рукапісныя Л. вядомы з 17 ст. У форме зваротаў выдаваліся ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, у вайну 1812, у час паўстання 1863—64; у выглядзе Л. друкавалася газ. «Мужыцкая праўда». Шырока выкарыстоўваліся Л. ў час рэв. 1905—07, Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый 1917, герм. і польск. акупацыі ў 1918—20. У Вял. Айч. вайну Л. на тэр. Беларусі выдавалі і распаўсюджвалі партызаны, падпольшчыкі, парт.-дзярж структуры з-за лініі фронту. Герм. акупац. ўлады і прадстаўнікі калабарацыі выдавалі антысав. Л. на бел., рус., польск. і ням. мовах.

Л. — важны сродак масавай інфармацыі і цяпер. Яны выкарыстоўваюцца паліт. партыямі і рухамі Беларусі ў час выбарчых кампаній і падрыхтоўкі рэферэндумаў, у рэкламных мэтах.

В.​І.​Ермаловіч.

Лістоўка мінскіх падпольшчыкаў, надрукаваная 18.10.1942.

т. 9, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВА́ летапісная,

назва племяннога саюзу, пазней гісторыка-геагр. і этнічнай вобласці. На ПнЗ сучаснай Рэспублікі Беларусь і ПдУ сучаснай Літоўскай Рэспублікі. Упершыню згадваецца ў Кведлінбургскіх аналах пад 1009, ва ўсх.-слав. летапісах — пад 1040 (у сувязі з паходам Яраслава Мудрага на Л.). У «Аповесці мінулых гадоў» Л. названа сярод тых плямён і народаў, якія плацілі даніну Русі. Этымалогія тэрміна канчаткова не высветлена. У позніх бел.-літ. летапісах даецца міфалагічна-легендарнае тлумачэнне паходжання тэрміна «Л.» ад лац. слоў «літус туба» («літус» — бераг, «туба» — труба), якімі нібыта называлі прынёманскія землі рымляне, што, паводле легенды, перасяліліся сюды з Італіі. Сучасныя даследчыкі звязваюць назву Л. з балцкімі або слав. каранямі lietā, lieti (ліць, цячы), з назвай р. Ліетаўка ці Ліетава (прыток Віліі), кельцкім словам Litawia (прыбярэжная краіна), з бел. дыялектным «лютвін» (люты) і інш. Першапачатковая лакалізацыя тапоніма Л. канчаткова не вывучана. Аднак ёсць пэўнае супадзенне тэрыторыі сярэдневяковай Л. з арэалам штрыхаванай керамікі культуры на познім этапе (пач. н.э.). У такім разе ўзнікненне назвы гіст. вобласці Л. датуецца пачаткам нашай эры. Ад наймення «Л.» паходзіць адна з назваў жыхароў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі — літвіны.

Літ.:

Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. Мн., 1989;

Яго ж. Где была летописная Литва? // Тез. докл. к конф. по археологии Белоруссии. Мн., 1969;

Непокупный А.П. Балто-севернославянские языковые связи. Киев, 1976;

Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.

Э.​М.​Зайкоўскі.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРО́ВІЦКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,

адна з гал. хрысціянскіх святынь Беларусі. Ушаноўваецца правасл. і грэка-каталіцкай цэрквамі як цудатворны. Знаходзіцца ў Жыровіцкім Успенскім манастыры. Абраз — авал з яшмы, на адным баку якога рэльефная выява Маці Божай тыпу Замілаванне з дзіцем на правай руцэ. Паводле царк. падання, з’явіўся ў 1470 пастушкам у лесе на грушы-дзічцы. Гісторык П.М.Жуковіч лічыў больш верагоднымі датамі падзеі 1493—95. З пач. 17 ст. абраз стаў славіцца за цудоўныя вылячэнні. Пакланіцца яму прыязджалі людзі розных саслоўяў, у т. л. каралі Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV, Ян Казімір, Ян III Сабескі, Аўгуст II, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 1730 на абраз ускладзены прывезеныя з Рыма кароны, зроблены дарагі абклад, кароны аздоблены каштоўнымі камянямі, падараванымі Ганнай Сангушкай. У 1660 абраз вывозілі ў Быценскі кляштар базыльян, у 1915 — у Маскву, адкуль ён вярнуўся без большасці аздоб. З яго шматразова рабіліся жывапісныя копіі на дошках і палатне, выконваліся гравюры, найб. вядомая Л.​Тарасевіча (1682) па малюнку П.​Бацэвіча. Абраз пашкоджаны пажарам, верагодна, у 1-й пал. 16 ст. Свята абраза адзначаецца 7(20) мая.

Літ: Пуцко В. Жыровіцкі рэльеф // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1989. № 2; Жировицкая святыня: (По материалам митрополита Антония Мельникова) // Вестн. Бел. Экзархата. 1990. № 3; Карнілава Л. Цудатворныя абразы Гродзеншчыны: Абраз Маці Божай Жыровіцкай // Гарадзенскія запісы. Гародня, 1993. Вып. 1.

А.​А.​Ярашэвіч.

Свята Жыровіцкага абраза Маці Божай Пач. 1990-х г.

т. 6, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)