СІРАКУ́ЗЫ (Syrakusai),

старажытнагрэчаскі поліс на ПдУ в-ва Сіцылія. Засн. каля 734 да н.э. выхадцамі з Карынфа. У 7—6 ст. да н.э. жыхары С. заснавалі шэраг калоній у Сіцыліі: Акра, Камарына, Касмена, магчыма, Эна. У пач. 5 ст. да н.э. гарадскі дэмас перамог гамораў (буйных землеўладальнікаў), якія звярнуліся па дапамогу да тырана Гелона, які ў 485 да н.э. захапіў уладу ў С. і ўсталяваў сваю тыранію. Пры яго пераемніку Пероне I [478—467 да н.э.] С. ўключалі значную частку вострава і ператварыліся ў самую магутную дзяржаву ў Міжземнамор’і. Пасля смерці Гіерона 1 дзяржава распалася, у С. усталявалася рабаўладальніцкая дэмакратыя. У 415—413 да н.э. С. адбілі спробы афінян заваяваць востраў. У 406 да н.э. ўладу ў С. захапіў тыран Дыянісій 1, пры якім С. адбілі агрэсію карфагенян і падпарадкавалі амаль усю Сіцылію. Пасля яго смерці націск Карфагена ўзмацніўся. У канцы 4 ст. да н.э. ў час праўлення Агафокла карфагеняне выгнаны з вострава. У перыяд 1-й і 2-й Пунічных войнаў С. былі на баку Рыма, потым перайшлі на бок Карфагена. С. — родны горад Архімеда, які кіраваў яго абаронай. У 212 да н.э. пасля 2-гадовай асады захоплены, разрабаваны рымлянамі і страцілі б. магутнасць. У рым. эпоху С. — месца знаходжання намеснікаў сіцылійскай правінцыі. З 535 н.э. належалі Візантыі. На месцы стараж. С. пабудаваны сучасны г. Сіракуза (Італія).

т. 14, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІМСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры барока ў г. Слонім Гродзенскай вобл. Засн. ў 1-й пал. 17 ст. па ініцыятыве Я.​Жарскага і А. і С. Лукашэвічаў як апорны пункт сістэмы гар. абарончых збудаванняў. Касцёл пабудаваны ў 1639—45 (кіраўнік буд. работ майстар С.​Тарашкевіч з Нясвіжа) па фундацыі каралеўскага сакратара А.​Радвана. У 1655 згарэў, у 1671 адбудаваны. У 1861 у касцёле адбываліся патрыятычныя маніфестацыі, за што на яго быў накладзены штраф. У 1866 касцёл пераабсталяваны пад Троіцкую правасл. царкву (цяпер Троіцкі сабор). Уяўляе сабой 1-нефавы мураваны будынак з выцягнутым прэсбітэрыем, сакрысціямі і паўкруглай апсідай, 3-яруснай вежай-званіцай (1-ы ярус квадратны ў плане. умацаваны контрфорсамі, 2 верхнія — 8-гранныя, аздобленыя пілястрамі), накрытай шатровым дахам. У 1668 і 1750 да апсіды прыбудаваны 2 бакавыя квадратныя ў плане капліцы Працлаўскіх і Слізняў, завершаныя шлемападобнымі купаламі. Сцены касцёла ўмацаваны контрфорсамі, вял. аконныя праёмы з паўцыркульнымі завяршэннямі. Уваходны партал касцёла аформлены ордэрнымі элементамі: паўкалонамі, спрошчаным антаблементам, архівольтамі. Гал. і бакавы алтары ў стылі ракако 1-й пал. 18 ст. Пасля 1864 у алтары ўстаноўлены іканастас. З паўд. боку ад касцёла размяшчаецца корпус кляштара (пабудаваны ў 1749) — 2-павярховы П-падобны ў плане мураваны будынак, глухія сцены якога прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, аздоблены пілястрамі і міжпаверхавай цягай.

А.​М.​Кулагін, А.​А.​Ярашэвіч.

Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. Сучасны Троіцкі праваслаўны сабор.

т. 15, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕ́ЛЮБ,

вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Навагрудак—Ельня. Цэнтр сельсавета і калект. сял. гаспадаркі. За 15 км на Пн ад г. Навагрудак, 160 км ад Гродна, 38 км ад чыг. ст. Наваельня. 702 ж., 304 двары (2002). Лясніцтва, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя школа, навучальна-вытв. камбінат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, ветлячэбніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Уселюбскі касцёл, Свята-Міхайлаўская царква (1848), Уселюбскі парк.

Упершыню ўпамінаецца ў 1433 як маёнтак, які належаў А.​Неміровічу. У 1-й пал. 15 ст. заснаваны касцёл У 1-й пал. 16 ст. маёнткам сумесна валодалі Неміровічы і іх родзічы Шчыты, пазней — полацкі ваявода С.​С.​Давойна. У. уваходзіў у склад Новагародскага пав. У 1576 удава Давойны Б.​Саламярэцкая прадала маёнтак М.​Радзівілу Рудому. У 1576—1642 касцёл быў перароблены ў кальвінскі збор. З 1713 У. належаў А.​Навасельскаму, пазней А.​М.​Пацею, графам О’Руркам. З 1793 у Рас. імперыі. З 1861 — цэнтр воласці. У 1886—730 ж., 106 двароў, валасное праўленне, 2 царквы, 2 капліцы, касцёл, сінагога, 2 крамы, 2 заезныя дамы. У 1884 ва У. пабудавана царква. У 1897—1255 ж. З 1921 у складзе Польшчы ў Навагрудскім пав. З 1939 у БССР. З 12.10.1940 цэнтр сельсавета.

В.​Л.​Насевіч.

т. 16, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧОРС Мікалай Аляксандравіч [6.6.1895, пас. Сноўск (цяпер г. Шчорс) Чарнігаўскай вобл., Украіна — 30.8.1919], герой грамадзянскай вайны на Украіне. З сям’і чыгуначніка ст. Стоўбцы Мінскай вобл. Скончыў Кіеўскую ваен.-фельчарскую школу (1914), Віленскае ваен. вучылішча (1916, з 1915 у г. Палтава). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У лютым 1918 стварыў у пас. Сноўск і ўзначаліў чырвонагвардз. атрад, які змагаўся супраць герм. акупантаў на Украіне. З мая 1918 удзельнічаў у фарміраванні партыз. атрадаў у Самарскай і Сімбірскай губ. З вер. 1918 камандзір Багунскага палка, з кастр. 1918 — брыгады (Багунскі і Тарашчанскі палкі), якія змагаліся з пятлюраўцамі ў баях за Чарнігаў, Кіеў, Фастаў і інш. З сак. 1919 камандзір 10-й Укр. сав. дывізіі (са жн. 1919—44-я стралк. дывізія), якая ў складзе Укр. фронту вяла баі супраць пятлюраўцаў і польскіх войск. Загінуў у баі пад г. Корасцень. Пахаваны ў г. Самара. Яго імем названы г. Шчорс (да 1935 Сноўск) Чарнігаўскай вобл., г.п. Шчорск (да 1939 Бажадараўка) Днепрапятроўскай вобл., вуліцы ў многіх гарадах, у т. л. ў Мінску, Стоўбцах; партыз. атрады і брыгады, што змагаліся на Беларусі супраць фаш. акупантаў у Вял. Айч. вайну. Помнікі ў Кіеве, Шчорсе, Стоўбцах, Корасцені, Жытоміры, на месцы яго гібелі. У г. Шчорс мемарыяльны музей Ш.

Літ.:

Исакович В.М. Микола Щорс. Київ, 1957;

Карпенко В.В. Щорс. М., 1974.

І.​П.​Хаўратовіч.

М.А.Шчорс.

т. 17, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЗІСТЭНЦЫЯЛІ́ЗМ (ад позналац. existentia існаванне),

ірацыяналістычны кірунак у філасофіі. Узнік напярэдадні 1-й сусв. вайны ў Расіі (Л.​Шастоў, М.​А.​Бярдзяеў), пасля вайны склаўся ў Германіі (К.​Ясперс, М.​Хайдэгер, М.​Бубер), у перыяд 2-й сусв. вайны — у Францыі (Ж.​П.​Сартр, А.​Камю і інш.), а пасля вайны і ў інш. краінах. Ідэйныя вытокі Э. — вучэнне С.К’еркегора, філасофія жыцця, фенаменалогія. Цэнтр. яго паняцце — экзістэнцыя, што абазначае спецыфічна чалавечы спосаб існавання ў свеце, асн. праяўленні чалавечага існавання — клопаты, страх, рашучасць, сумленне. Паводле Э., чалавек разумее экзістэнцыю як аснову свайго існавання ў гранічных сітуацыях (барацьба, пакуты, смерць); на працягу ўсяго жыцця ён павінен рабіць сябе чалавекам, а не проста быць. Спасцігаючы сябе як экзістэнцыю, чалавек набывае свабоду, якая ёсць выбар самога сябе, сваёй сутнасці, што накладвае на яго адказнасць за ўсё, што адбываецца ў свеце. Адрозніваюць Э. рэлігійны (Ясперс, Бярдзяеў, Бубер і інш.) і атэістычны (Сартр, Камю, М.​Мерло-Панці, Хайдэгер і інш.). Іх пазіцыі разыходзяцца ў разуменні сэнсу экзістэнцыі, свабоды і сапраўднага існавання. У атэіст. Э. чалавек «асуджаны» быць свабодным, ён у адзіночку нясе адказнасць за ўвесь свет. У рэліг. Э. экзістэнцыя звязана з трансцэндэнтным, выбар і свабода чалавека існуюць дзякуючы акту веры ў Бога. Э. былі прапанаваны арыгінальныя варыянты анталогіі, антрапалогіі, канцэпцыі гісторыі і метадалогіі яе пазнання; ён зрабіў значны ўплыў на сац.-паліт. навукі, л-ру і мастацтва.

І.​Н.​Сідарэнка.

т. 18, кн. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́РАВІЦКІ КАСЦЁЛ І РЭЗІДЭ́НЦЫЯ ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры позняга, т.зв. беларускага барока. У 2-й пал. 17 ст. — 1773 тут размяшчаліся езуіцкія ўстановы — місія (з 1680) і рэзідэнцыя (з 1754). Пабудаваны ў 1746—55 у цэнтры в. Юравічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл., на р. Прыпяць, на месцы драўлянага касцёла, узведзенага ў 2-й пал. 17 ст. У касцёле захоўваўся цудатворны абраз Багародзіцы. У 1756 тут адкрыта школа, якая дзейнічала і пасля скасавання ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай (1773). У пач. 1780-х г. комплекс перайшоў да ордэна капуцынаў, у 1788 — да дамініканцаў, у 1800—32 належаў бернардзінцам. Пасля закрыцця бернардзінскага кляштара касцёл Звеставання парафіяльны, дзейнічаў да 1865, потым прыняты ў праваслаўнае ведамства. Храм дзейнічаў да 1930-х г. Комплекс уключае касцёл і 2-павярховы жылы корпус, аб’яднаны ў адзіную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю 2-светлавым калідорам. Касцёл размешчаны на высокім беразе даліны Прыпяці за высокай мураванай агароджай (захаваліся паўд. і зах. сцены) з брамай, абкружаны пладовым садам. Па вуглах агароджы і абапал брамы круглыя ў плане вежы з байніцамі. Збярогся часткова. Комплекс — помнік рэсп. значэння. З 1995 дзейнічае жаночы правасл. манастыр Раства Багародзіцы.

Літ.:

Ісаенка У.Ф. Юравічы над Прыпяццю. Мн., 2000;

Габрусь Т.В. Мураваныя харалы: Сакрал. архітэктура бел. барока. Мн., 2001;

Юровичский Свято-Рождество-Богородицкий женский монастырь // Православные монастыри Беларуси. Мн., 2003.

Т.​Б.​Блінова.

т. 18, кн. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУБЕ́ЦКІ Андрэй Паўлавіч (1892, в. Сухмяні Гродзенскай вобл. — пасля 1944),

бел. грамадска-паліт. дзеяч, вайсковец. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1912), настаўнічаў. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча. Удзельнік 1-й сусв. вайны, у лют. 1918 дэмабілізаваны ў чыне капітана. У ліст. 1918 увайшоў у Бел. партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, адзін з ініцыятараў склікання Гродзенскага бел. сял. з’езда 1918, старшыня створанай з’ездам Гродзенскай павятовай рады. У ліп. 1919 абраны ў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны, кааптаваны ў Беларускую вайсковую камісію (БВК) і прызначаны нам. старшыні камісіі. Восенню 1920 у Лодзі аднавіў дзейнасць БВК і стаў яе старшынёй, у кастр. ў Гродне займаўся вярбоўкай жыхароў у склад бел. вайск. фарміраванняў. У ліст. 1920 з групай бел. афіцэраў выехаў у мяст. Семежава Слуцкага пав. для падтрымкі Слуцкага паўстання 1920. Найвышэйшай радай БНР прызначаны «галоўнакамандуючым узброенымі сіламі Рэспублікі». Пасля ліквідацыі паўстання — у Вільні. У лют. 1922 у ліку 33 бел. і літ. нац. дзеячаў высланы польскімі ўладамі з Вільні ў Літ. Рэспубліку. З мая 1922 у Латвіі, выкладаў у Дзвінскай бел. гімназіі, удзельнічаў у працы мясц. бел. грамадскіх арг-цый, супрацоўнічаў з бел. музеем імя І.​Луцкевіча ў Вільні. Быў абвінавачаны ў антыўрадавых дзеяннях у час суд. працэсаў над бел. нац. актывамі ў Латвіі, апраўданы судом. У час 2-й сусв. вайны кіраваў Дзвінскім аддзяленнем Бел. нац. аб’яднання ў Латвіі. Пасля 1944 лёс невядомы.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 18, кн. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВЯШЧЭ́ННЕ ВАЙНЫ́,

папярэдняе матываванае паведамленне адной дзяржавы аб ваен. дзеяннях супраць другой дзяржавы. Рэгулюецца 3-й Гаагскай канвенцыяй 1907, паводле якой вайна не павінна пачынацца без папярэджання, неабходнага для мірных перагавораў канфліктуючых дзяржаў і інфармавання нейтральных дзяржаў. Абвяшчэнне вайны з’яўляецца кампетэнцыяй вышэйшых органаў улады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь гэта права належыць Вярх. Савету. Існуючае міжнар. права, зыходзячы з прынцыпу неўжывання сілы і пагрозы сілай, кваліфікуе любы ваен. напад як агрэсію, міжнар. злачынства. Выкарыстанне ўзбр. сіл дапускаецца толькі як мера ў адказ супраць агрэсара.

Л.​В.​Паўлава.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГІУС (Bergius) Фрыдрых (11.10.1884, Гольдшмідэн, цяпер у межах Вроцлава, Польшча — 30.3.1949),

нямецкі хімік-тэхнолаг. Скончыў Брэслаўскі ун-т (1907). Працаваў ва ун-тах Берліна і Гановера. У 1910 на свае сродкі стварыў лабараторыю, у 1914 стаў прадпрымальнікам. З 1938 займаўся вытв. дзейнасцю ў канцэрне «І.​Г.​Фарбэніндустры». Распрацаваў метады высокага ціску ў хіміі і хім. тэхналогіі. Прапанаваў працэсы гідрагенізацыі вугалю і ператварэння цэлюлозы ў кармавы цукар, што забяспечыла Германію ў гады 2-й сусв. вайны жыццёва неабходнымі рэсурсамі. Нобелеўская прэмія 1931 (разам з К.Бошам).

Ф.Бергіус.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Б’ЁРКСКІ ДАГАВО́Р,

паміж Расіяй і Германіяй, падпісаны 24.7.1905 Мікалаем II і Вільгельмам II (па ініцыятыве апошняга) на царскай яхце каля в-ва Б’ёркё ў Балтыйскім м. (каля Выбарга). Прадугледжваў узаемную дапамогу бакоў у выпадку нападу на адзін з іх 3-й дзяржавы, супярэчыў існуючым рас.-франц. адносінам і ваен. пагадненням. Сілы не набыў. Рашучае пярэчанне супраць Б’ёркскага дагавора старшыні кабінета міністраў С.Ю.Вітэ і міністра замежных спраў У.​М.​Ламздарфа вымусіла Мікалая II у ліст. 1905 пайсці на фактычнае скасаванне Б’ёркскага дагавора, што канчаткова аформлена ў жн. 1907.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)