УСЕ́ЛЮБ,

вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Навагрудак—Ельня. Цэнтр сельсавета і калект. сял. гаспадаркі. За 15 км на Пн ад г. Навагрудак, 160 км ад Гродна, 38 км ад чыг. ст. Наваельня. 702 ж., 304 двары (2002). Лясніцтва, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя школа, навучальна-вытв. камбінат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, ветлячэбніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Уселюбскі касцёл, Свята-Міхайлаўская царква (1848), Уселюбскі парк.

Упершыню ўпамінаецца ў 1433 як маёнтак, які належаў А.​Неміровічу. У 1-й пал. 15 ст. заснаваны касцёл У 1-й пал. 16 ст. маёнткам сумесна валодалі Неміровічы і іх родзічы Шчыты, пазней — полацкі ваявода С.​С.​Давойна. У. уваходзіў у склад Новагародскага пав. У 1576 удава Давойны Б.​Саламярэцкая прадала маёнтак М.​Радзівілу Рудому. У 1576—1642 касцёл быў перароблены ў кальвінскі збор. З 1713 У. належаў А.​Навасельскаму, пазней А.​М.​Пацею, графам О’Руркам. З 1793 у Рас. імперыі. З 1861 — цэнтр воласці. У 1886—730 ж., 106 двароў, валасное праўленне, 2 царквы, 2 капліцы, касцёл, сінагога, 2 крамы, 2 заезныя дамы. У 1884 ва У. пабудавана царква. У 1897—1255 ж. З 1921 у складзе Польшчы ў Навагрудскім пав. З 1939 у БССР. З 12.10.1940 цэнтр сельсавета.

В.​Л.​Насевіч.

т. 16, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)