ВІНЫ́ ((Vigny) Альфрэд Віктор дэ) (27.3.1797, г. Лош, Францыя — 17.9.1863),
французскі пісьменнік. Граф. Чл.Франц.акадэміі (1845). У 1814—27 служыў у каралеўскай арміі. Яго творчасць адна з вяршынь франц. рамантызму. Дэбютаваў як паэт у 1820. Аўтар зб-каў «Вершы» (1822), «Паэмы на старажытныя і новыя сюжэты» (1826). У рамане «Сен-Мар» (т. 1—2, 1826) адлюстраваў сутыкненне рамантычнай асобы з сац.-гіст. рэаліямі. Драмы Віны прысвечаны аналізу ключавых для яго творчасці антыномій — гісторыя і чалавек, які становіцца ахвярай яе паступовага руху («Жонка маршала д’Анкра», 1831), творчая асоба і грамадства («Чатэртон», 1835). У аповесці «Няволя і веліч салдата» (1835) раскрыў супярэчнасці паміж воінскім абавязкам і маральнымі прынцыпамі. Для яго сталай паэзіі характэрны трагічнае светаадчуванне (зб. «Лёсы», выд. 1864), гіст. і экзістэнцыяльны фаталізм, апяванне вернасці перакананням і мужнасці пад ударамі лёсу (паэма «Смерць ваўка», 1843, і інш.). Аўтар рамана «Дафна» (выд. 1913), «Дзённіка паэта» (выд. 1867).
Тв.:
Рус.пер. — Неволя и величие солдата. Л., 1968;
Избранное. М., 1987;
Сен-Мар, или Заговор во времена Людовика XIII;
Стелло, или «Синие дьяволы»: [Романы]. М., 1990.
Літ.. Соколова Т.В. Философская поэзия А. де Виньи. Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙЦІК (Віктар Антонавіч) (н. 3.9.1947, г. Гродна),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас К.Багатырова). Нам. старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларусі (з 1978). У 1981 — 88 заг.муз. часткі Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі. З 1980 выкладае ў Бел.акадэміі музыкі. Працуе ў розных жанрах, значныя дасягненні ў музыцы для цымбалаў. Музыцы Войціка ўласціва нац. характэрнасць у спалучэнні з сучаснай тэхнікай кампазіцыі. Сярод твораў: опера «Вясновая песня» (паст. 1993), мюзікл «Прыгоды ў замку «Алфавіт» (паст. 1996, лібр. С.Клімковіч), араторыі «Памяць Хатыні» на вершы Г.Бураўкіна і Р.Тармолы (1973) і «Дзень Радзімы» на вершы У.Карызны (1977); кантаты «Як хадзіў камар у сваты» на вершы М.Багдановіча (1972) і «Казацкія песні» на нар. словы (1974); З сімфоніі («Каложа», 1972, 1975; «Апошняя восень паэта» на вершы П.Верлена ў пер. М.Багдановіча, 1992); канцэрты для камернага аркестра (1974), для кларнета і камернага аркестра (1984), для цымбалаў і сімф. аркестра (1988); сімф. сюіта «Забавы» (1976), «Сюіта ў старадаўнім стылі» для цымбалаў і камернага аркестра (1972); «Самотны вецер» для гітары і стр. квартэта (1993); саната для двух цымбалаў (1979); хары, песні, музыка да драм. спектакляў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫН (сапр.Каляда) Павел Восіпавіч
(15.1.1900, г. Бяроза Брэсцкай вобл. — 25.4.1938),
гісторык, дзярж. дзеяч БССР. Акад.АНБССР (1931), д-ргіст.н. (1934). Скончыў Камуніст.ун-т імя Свярдлова (1921), Ін-тчырв. прафесуры (1925). Удзельнік грамадз. вайны. З 1925 вучоны сакратар Т-ва гісторыкаў-марксістаў, правадз. член і нам. дырэктара Ін-та гісторыі Камуніст.акадэміі, нам. рэдактара час. «Пролетарская революция», чл. рэдкалегіі час. «Историк-марксист», старшыня Т-ва палітэмігрантаў Зах. Беларусі. З 1931 прэзідэнт АНБССР, дырэктар Ін-та гісторыі АНБССР. З 1936 нам. старшыні К-та па загадванні вучонымі і навуч. ўстановамі ЦВКСССР, заг. кафедры Маскоўскага ун-та, рэдактар аддзела гісторыі Вял.Сав. Энцыклапедыі. Чл.ЦККП(б)Б і канд. у чл. Бюро ЦККП(б)Б у 1932—36. Чл.ЦВКСССР (1935). Чл.ЦВК і Прэзідыума ЦВКБССР у 1931—36. Аўтар прац па гісторыі Саветаў і Кастр. рэвалюцыі, рэдактар твораў У.І.Леніна на бел. мове. Як вучань М.М.Пакроўскага, адстойваў погляды яго школы. На працы Горына ўплывалі распаўсюджаныя ў 1920-я г. ідэі вульгарнага сацыялагізму і спрашчэнні. Арыштаваны ў жн. 1937, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1955.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ДРУКА́РНЯ, Гродзенская каралеўская друкарня,
адно з найбуйнейшых выдавецтваў на Беларусі ў канцы 18 ст. Існавала ў Гродне ў 1775—96(?). Створана на аснове друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі, перавезенай у 1775 у Гродна падскарбіем літоўскім А.Тызенгаўзам пасля скасавання ордэна езуітаў. У Гродзенскай друкарні працавала каля 30 чалавек, была ўласная майстэрня для адліўкі літар. Выдала каля 100 кніг навуковай, рэліг., маст. л-ры на польск., лац., царкоўнаслав., франц., ням., яўр. мовах. Друкавала матэрыялы сесій сейма Рэчы Паспалітай і Трыбунала ВКЛ. Выданні вызначаліся высокай якасцю друку, маст. афармлення, паперы (завозілася пераважна з Прусіі). Спыніла дзейнасць у сярэдзіне 1790-х г., абсталяванне перададзена Віленскай каталіцкай епархіі.
У Гродзенскай друкарні выдадзены «Кароткі збор карфагенскай і егіпецкай гісторыі» Г.Барэцкага (1776), «Флора Літвы» Ж.Э.Жылібера (1781), творы Вальтэра, Мальера, Ф.Карпінскага, І.Красіцкага, М.Карповіча і інш. У 1776—83(?) тут друкаваўся штотыднёвік «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета»), у 1796 — «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»).
Літ.:
Голенченко Г.Я. Библиографический список белорусских старопечатных изданий XVI—XVIII вв. Мн., 1961;
Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат.Мн., 1986;
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШАЛЕ́СКІ (Сяргей Мікалаевіч) (1.11.1874, г.п. Обаль Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 14.1.1958),
бел. савецкі эпізаатолаг. Акад.АН Беларусі (1928), праф. (1924), ганаровы чл. УАСГНІЛ (1956). Засл. дз. нав. Расіі (1940). Скончыў Варшаўскі вет.ін-т (1899). Да 1906 працаваў земскім ветурачом у Віцебскай губ. і Закаўказзі. У 1906—27 у вет.н.-д. установах і ВНУ Расіі. У 1928—30 у Віцебскім вет. ін-це, з 1931 у вет. ін-тах Казахстана і Масквы. Навук. працы па тэарэт. і практычных пытаннях барацьбы з інфекц. хваробамі жывёл, у т. л. з чумой, сібірскай язвай, рожай, туберкулёзам, бруцэлёзам, запаленнем лёгкіх буйн. раг. жывёлы, паратыфам цялят і інш. Выявіў узбуджальніка інфекц. энцэфаламіэліту коней. Работы Вышалескага па вывучэнні сапу коней сталі асновай для арганізацыі ў СССР мерапрыемстваў па ліквідацыі гэтай інфекцыі. Дзярж. прэмія СССР 1941. Устаноўлены Залаты медаль імя Вышалескага, стыпендыя яго імя для студэнтаў Віцебскай акадэміівет. медыцыны. Імя Вышалескага прысвоена Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі.
Тв.:
Частная эпизоотология. 2 изд. М., 1948;
Избр. труды. М., 1977.
Літ.:
Библиогр. указ. литературы акад. С.Н.Вышелесского (к 100-летию со дня рождения). Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХО́ЎНЫЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
рыхтуюць служыцеляў культу і даюць тэалагічную адукацыю. Першыя Д.н.ў. ўзніклі пры храмах Стараж. Егіпта і Стараж. Вавілона (2-е тыс. да н.э.) для падрыхтоўкі жрацоў (гл.Жрэцтва). Сучасныя Д.н.ў. падзяляюцца на вышэйшыя — тэалагічныя ун-ты і ін-ты, адпаведныя ф-ты пры свецкіх ун-тах, акадэміі; сярэднія — семінарыі, каледжы і ліцэі (хрысц.), медрэсэ (мусульм., бываюць таксама вышэйшымі), вышэйшыя тэалагічныя і каранічныя школы, ешыбот (іудаісцкія); ніжэйшыя — біблейскія, катэхізічныя, каранічныя, манастырскія і інш. школы. Найб. колькасць розных Д.н.ў. маюць сусветныя рэлігіі — будызм, іслам, хрысціянства.
На Беларусі першыя Д.н.ў. ўзніклі ў канцы 16 — пач. 17 ст. (гл.Езуіцкія навучальныя ўстановы, Кальвінісцкія школы). Былі закрытага ці паўзакрытага тыпу. Адукацыя мела пераважна гуманіт. характар. Праваслаўных святароў рыхтуюць Мінская духоўная акадэмія, Мінская вышэйшая духоўная семінарыя (в. Жыровічы Слонімскага р-на), каталіцкіх святароў — Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя У Мінску працуюць Біблейскі ін-т і Біблейская школа Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Тэалагічны ін-т і Біблейскі каледж («Хрыстос для народаў») Саюза хрысціян веры евангельскай, Вышэйшы завочны іудзейскі рэлігійны ешыбот, Вышэйшы духоўны каледж «Эйш Хаторы» («Агонь Торы») іудзейскага рэліг. аб’яднання. Святароў рыхтуе таксама багаслоўскі ф-тЕўрапейскага гуманітарнага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
тайная рэв.арг-цыя, якая дзейнічала ў 1836—38 у Віленскай мед.акадэміі. Заснавальнік і арганізатар Ф.А.Савіч. Складалася са студэнтаў і дробнай шляхты. Уваходзілі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей: беларусы, украінцы, палякі і інш. Мела статут «Прынцыпы дэмакратызму». У 1837 устанавіла сувязі з Ш.Канарскім, які ўзначальваў тайную арг-цыю «Садружнасць польскага народа», што дзейнічала на тэр. Беларусі, Літвы і Украіны. Д.т. пад назвай «Маладая Польшча» ўвайшло ў склад «Садружнасці» як яе радыкальнае крыло. Члены т-ва імкнуліся наладзіць сувязі з сялянамі, прапагандавалі сярод іх ідэі свабоды і роўнасці, выступалі за асвету народа, за права кожнага народа на нац. самастойнасць, адстойвалі ідэю рэв. саюзу братніх народаў у барацьбе супраць самадзяржаўя, лічылі сябе прадаўжальнікамі справы дзекабрыстаў. Найлепшай формай дзярж. кіравання абвяшчалі рэспубліку. Ідэалогія Д.т. адлюстроўвала працэс пераходу ад шляхецкай рэвалюцыйнасці да рэв. дэмакратызму. У чэрв. 1838 частка членаў Д.т. арыштавана. Савіч і яго памочнікі Я.Загорскі і К.Рабчынскі прыгавораны да ссылкі на Каўказ, астатнія аддадзены ў салдаты.
Літ.:
Мохнач Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е г. XIX в. Мн., 1971;
Смирнов А.Ф. Революционные связи народов России и Польши, 30—60 гг. XIX в. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАГЛЯ́Д (Харытон Сцяпанавіч) (11.10.1898, в. Стахава Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.5.1985),
бел. вучоны ў галіне агульнай і сан. ветэрынарыі. Акад.АН Беларусі (1950), Акадэмііс.-г. навук БССР (1957—61), д-рвет.н., праф. (1939). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Кіеўскі вет.-зоатэхн. ін-т (1925). У 1933—60 заг. кафедры Віцебскага вет. ін-та (у 1941—44 у Троіцкім вет. ін-це, Чэлябінская вобл.), адначасова ў 1950—54 дырэктар Бел.НДІ жывёлагадоўлі АН Беларусі, з 1956 заг. аддзела, нам. дырэктара, з 1971 навук. кансультант Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага. Навук. працы па вет.-сан. экспертызе, мікрабіялогіі, эпізааталогіі, паталаг. анатоміі, вет. санітарыі і гігіене, хваробах і санітарнай ацэнцы рыб. Распрацаваў метад гетэрагеннага донарства ў жывёлагадоўлі і апарат для абеззаражвання мяса пры прамысл. перапрацоўцы. Прапанаваў метады вызначэння прыроды жоўцевых пігментаў у мясе, альдэгідаў у тлушчах. Залаты медаль імя М.І.Вавілава.
Тв.:
Болезни и вредители рыб. Мн., 1955;
Трихинеллез сельскохозяйственных животных и его профилактика. Мн., 1959;
Болезни диких животных. Мн., 1971;
Ветеринарно-санитарная экспертиза с основами технологии переработки продуктов животноводства. 2 изд. М., 1981 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМІЛЁЎ (Леў Мікалаевіч) (1.10.1912, г. Пушкін, Расія — 16.6.1992),
рускі гісторык, географ. Сын М.С.Гумілёва і Г.А.Ахматавай. Д-ргіст.н. (1962), д-ргеагр.н. (1974), акад. Пятроўскай АН і мастацтваў (1992), акад.Рас.акадэміі прыродазнаўчых навук (1992). Скончыў Ленінградскі ун-т (1944). З 1956 працаваў у Эрмітажы, з 1962 у Ін-це геаграфіі пры Ленінградскім ун-це. Стварыў вучэнне пра чалавецтва і этнасы як біясац. сутнасці, абгрунтаваў права на жыццё этналогіі (раней у сав. навуцы адмаўлялася як умоўная і няпэўная); аўтар ідэі аб біяэнергет. дамінанце этнагенезу — пасіянарнасці, якую тлумачыў як падсвядомую біял. здольнасць людзей да звышнапружанняў. Прыхільнік еўразійства. Працы па гісторыі цюрк., манг., слав. і інш. народаў Еўразіі. У 1930—50-я г. рэпрэсіраваны, 14 гадоў правёў у месцах зняволення. Міжнар. фонд «Свет Л.М.Гумілёва» (Gumilev’s Word Fund) — незалежнае навук., выдавецкае, асв. і культ.-філас. аб’яднанне, з 1994 ажыццяўляе выпуск твораў «Свет Гумілёва» ў 20 т.
Тв.:
География этноса в исторический период. Л., 1990;
Из истории Евразии. М., 1993;
Этносфера: История людей и история природы. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫН-МАРАЗО́ЎСКІ (Міхаіл Іванавіч) (парт.псеўд.Стах, Ян; 19.11.1891, в. Ярэмічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 16.3.1928),
бел.паліт. дзеяч, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Пскоўскі настаўніцкі ін-т (1912). У 1-ю сусв. вайну ў арміі, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Чырв. Арміі. Вучыўся ў Акадэміі Генштаба. З 1920 у Беларусі, уваходзіў у Бел.камуніст. арг-цыю, якая ў жн. 1920 улілася ў КП(б)Б. З 1921 рэдактар газет «Белорусская деревня», «Савецкая Беларусь». З 1924 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У 1924—25 чл.ЦККПЗБ. Падтрымліваў ініцыятыву падрыхтоўкі ўзбр. паўстання ў Зах. Беларусі з мэтай далучэння яе да БССР, выступаў за аб’яднанне Беларусі. Адзін з лідэраў групоўкі ў ЦККПЗБ (гл.Сэцэсія). За арганізацыю падп. друкарні ў Вільні зняволены польск. ўладамі ў беластоцкую турму. На працэсе 56-і над дзеячамі Бел. сялянска-работніцкай грамады ў якасці сведкі даў паказанні супраць Б.І.Тарашкевіча і С.А.Рак-Міхайлоўскага, якіх лічыў здраднікамі бел. справе. Аўтар успамінаў «З недалёкага мінулага» (1927). Кіраўніцтва КПП, КПЗБ і Камінтэрна абвясціла Гурына-Мазоўскага правакатарам, ён быў выключаны з партыі. Забіты С.А.Клінцэвічам у Вільні.