сав. ваенны дзеяч, палкаводзец. Камандарм 1-га рангу (1935). Скончыў Канстанцінаўскае артыл. вучылішча (1916). З 1915 у арміі, удзельнік 1-й сусв. вайны. У кастр. 1917 адзін з арганізатараў Чырв. гвардыі ў Бесарабіі. У студз.—лют. 1918 камандаваў рэв. палком у баях супраць рум. і аўстра-герм. войск; паранены, трапіў у палон, адкуль у жн. уцёк Накіраваны на Паўн. фронт. З кастр. 1919 каманд. 14-й арміяй на Паўн. Каўказе, з ліп. 1920—13-й арміяй на Паўд.-Зах. фронце, кіраваў баявымі дзеяннямі супраць войск Польшчы і ген.Урангеля. Са студз. 1921 пам.каманд. войскамі Украіны і Крыма, нам.каманд. войскамі Тамбоўскай губ. У 1921 у БССР, чл.Рэв.ваен. савета Мінскага раёна і каманд. войскамі Мінскай губ.; удзельнік барацьбы супраць атрадаў Булак-Балаховіча. Са жн. 1921 каманд. 5-й арміяй і войскамі Усх.-Сіб.ваен. акругі; у жн.—кастр. 1922 ваен. міністр Далёкаўсх. рэспублікі і галоўнакамандуючы Нар.-рэв. арміяй. З ліст. 1924 нам.каманд. войскамі і нач. штаба Укр.ваен. акругі. З лют. 1925 каманд. войскамі Паўн.-Каўказскай, з ліст. 1928 — Маск. ваен. акруг. З чэрв. 1930 нач. узбраення РСЧА і нам. наркома абароны СССР. У 1931—37 каманд. войскамі Беларускай ваеннай акругі. У гэты час ён на манеўрах войск акругі распрацаваў тэорыю глыбокай аперацыі, звярнуў увагу на ўзаемадзеянне рэгулярных войск з партызанамі. Чл.РВССССР з 1926, у 1930—31 нам. старшыні РВССССР. Чл.Ваен. савета НКА СССР з 1934. Канд. у чл.ЦКВКП(б) з 1930. Чл.ЦК і Бюро ЦККП(б)Б з 1931. Чл.ЦВКСССР з 1922, чл.ЦВКБССР і яго Прэзідыума з лют. 1934. 29.5.1937 арыштаваны па справе т.зв. «антысав. трацкісцкай ваен. арганізацыі». 11.6.1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1957.
Тв.:
Подготовка комсостава РККА. М.; Л., 1928;
Оперативно-тактическая и авиационная военные игры. М.; Л., 1929.
Літ.:
Алдан-Семенов А.И. Слово о командарме. М., 1981;
Командарм Уборевич. Владивосток, 1978;
Реабилитация: Полит. процессы 30—50-х гг.М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНАСО́ЦЕНЦЫ (ад стараж.-рус. «чорная сотня» — цяглае пасадскае насельніцтва),
члены крайне правых арг-цый у Расіі ў 1901—17, якія выступалі супраць сацыялізму, лібералізму і нац.-вызв. рухаў пад лозунгамі манархізму, адзінай непадзельнай Рас. імперыі. Мянушку ім далі паліт. праціўнікі, якія лічылі іх выразнікамі поглядаў найб. адсталых пластоў гар. мяшчанства; самі Ч. пагадзіліся з такой мянушкай, бо лічылі просты народ («чорную сотню») носьбітам найлепшых, на іх погляд, якасцей — рус. патрыятызму, адданасці самадзярж. цару і правасл. веры. Ч. аб’ядноўвалі прадстаўнікоў розных пластоў грамадства, але сярод кіраўнікоў пераважалі памешчыкі, чыноўнікі, вышэйшае духавенства і інтэлігенцыя. У ліку іх лідэраў і ідэолагаў А.І.Дубровін, У.М.Пурышкевіч, М.Я.Маркаў. Першая арг-цыя Ч. — «Рускі сход» — засн. ў студз. 1901 В.Л. і К.І.Вялічкамі, А.С.Суворыным і інш. У 1905 узніклі «Саюз рускіх людзей», «Руская манархічная партыя», «Саюз рускага народа», ад якога ў 1908 адкалоўся ультраправы «Саюз Міхаіла Архангела». У гады рэвалюцыі 1905—07 Ч. падтрымлівалі ўрадавыя рэпрэсіі, наладжвалі пагромы, у т. л. ў Адэсе, Іванава-Вазнясенску, Яраслаўлі. Найб. размаху рух Ч. дасягнуў у 1907—08, калі налічваў каля 500 тыс. членаў. Пазней ён аслаблены шэрагам расколаў, забаронай святарам удзельнічаць у паліт. рухах (1913), рэв. уздымам 1912—14. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 арг-цыі Ч. забаронены.
На Беларусі чарнасоценны рух у значнай ступені быў рэакцыяй на афармленне ў краі масавага рэв.-дэмакр. і беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Ч. разглядалі яго пераважна як нац. паўстанне яўрэяў і палякаў супраць рас. дзяржаўнасці, таму нацкоўвалі праваслаўных на яўрэяў і католікаў. У 1905—07 мясц. арг-цыі рас. чарнасоценных саюзаў і партый налічвалі каля 20 тыс.чал. (пераважна ў Мінскай і Магілёўскай губ.). У кастр. 1906 у выніку аб’яднання мясц. арг-цый «Саюза рускага народа» і акцябрыстаў Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гродзенскай і Мінскай губ. узнік «Рускі ўскраінны саюз».
Літ.:
Кожинов В. «Черносотенцы» и Революция: (загадочные страницы истории). 2 изд. М., 1998;
Забаўскі М.М. Расійская Дзяржаўная дума ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі (1906—1917 гг.). Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСПЕРЫМЕ́НТ (ад лац. experimentum проба, дослед),
метад навук. пазнання, які заключаецца ў практычным узнаўленні аб’екта пазнання і вывучэнні ўсіх яго сувязей. Заснавальнікамі эксперым. метаду даследавання ў прыродазнаўстве новага часу былі Г.Галілей і У.Гільберт. Філас. абгрунтаванне атрымаў у працах Ф.Бэкана, які распрацаваў і першую класіфікацыю Э. У залежнасці ад пазнавальных мэт, сродкаў і аб’ектаў пазнання вылучаюць наступныя віды Э.: даследчыцкі, ці пошукавы; праверачны, ці кантрольны; узнаўленчы; ізалюючы; якасны, ці колькасны; фізічны; хімічны; сацыяльны (сацыялагічны, эканам., прававы, сац.-псіхалагічны, эстэтычны); біялагічны. Даследчыцкі Э. накіраваны на выяўленне новых, невядомых навуцы з’яў ці іх новых, нечаканых якасцей. Аб’ектам праверачнага Э. можа быць тэарэт. прадказанне або тэарэт. гіпотэза, а яго функцыя — доследная праверка тэарэт. гіпотэз. Асобым відам Э. з’яўляецца разумовы, у якім даследчык аперыруе не рэальнымі прадметамі і ўмовамі іх існавання, а іх пачуццёвымі вобразамі ці тэарэт. мадэлямі. Эксперым. даследаванне праходзіць шэраг стадый. Першая яго стадыя — планаванне, у ходзе якога вызначаецца мэта, выбар тыпу Э. і прадумваюцца яго магчымыя вынікі; наступная стадыя — выбар тэхн. сродкаў правядзення і кантролю; завяршаецца Э. стадыяй інтэрпрэтацыі яго вынікаў, якая ўключае стат. і тэарэт. аналіз. Паколькі ідэалізацыя ў Э. накіравана на выяўленне элементарных дзеянняў (прычын і вынікаў), часцей ён мае месца ў тэхніцы. Эксперым. тэхніка (метад) — звяно, праз якое тэарэт. адкрыццё становіцца тэхн. вынаходніцтвам, а дасягненні тэхнікі дазваляюць удасканальваць метады даследавання. Эксперым. метады шырока выкарыстоўваюцца ў фізіцы, хіміі, біялогіі, фізіялогіі і інш. прыродазнаўчых навуках. З пач. 20 ст. атрымалі развіццё сац.-эканам. Э. У наш час Э. усё больш ужываецца ў сацыялогіі як метад пазнання і як метад аптымізацыі сац.сістэм. Істотныя змены адбыліся ў тэхн. узброенасці Э., узніклі яго новыя віды, звязаныя з выкарыстаннем інфарм. тэхналогій і камп’ютэрных сістэм.
Літ.:
Галилей Г. Избр. труды. Т. 1—2. М., 1964;
Налимов В.В. Теория эксперимента. М., 1971;
Кэмпбелл Д. Модели экспериментов в социальной психологии и прикладных исследованиях: Пер. с англ.М., 1980;
Куприян А.П. Проблема эксперимента в системе общественной практики. М., 1981;
Вихалемм П. Эксперимент в социологическом исследовании // Методы сбора информации в социологических исследованиях. М., 1990. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРМА́К Цімафеевіч (? — 16.8.1585),
казацкі атаман, кіраўнік паходу ў Сібір, які паклаў пачатак яе далучэнню да Расіі. Паводле розных звестак паходзіў з Прыкам’я, або з данской станіцы Качалінская (цяпер у Валгаградскай вобл., Расія), быў атаманам атрада казакоў-разбойнікаў на Волзе, удзельнічаў у казацкіх набегах на нагайскіх татараў. Ёсць звесткі (у т. л. сведчанне тагачаснага магілёўскага каменданта), што ў час Лівонскай вайны 1558—83 Я. ў 1580 удзельнічаў у спробе рус. войск захапіць г. Магілёў (некат. жыхары Магілёўшчыны лічаць сябе нашчадкамі Я.). У канцы 1570-х г. або ў пач. 1580-х г., ратуючыся ад царскіх ваявод, Я. з атрадам казакоў пайшоў па р. Кама ва ўладанні купцоў Строганавых, якія вырашылі з яго дапамогай заваяваць для сябе частку зямель Сібірскага ханства. 1.9.1581 (паводле інш. звестак, у 1579 або ў 1582) Я. з добра ўзброеным на сродкі Строганавых атрадам (540 казакоў, 300 людзей Строганавых) накіраваўся ў Сібір. Ваен. здольнасці, абсалютная перавага ў агнястрэльнай зброі і нежаданне карэнных сібірскіх народаў ваяваць за інтарэсы прыгнятальнікаў-татараў дазволілі Я. нанесці паражэнні войскам сібірскага хана Кучума ў баях на р. Тура і Табол, ва ўрочышчы Бабсан і ў вырашальнай бітве на Чувашаўскім мысе р. Іртыш (2—4.11.1582). 5.11.1582 Я. без бою заняў сталіцу ханства г. Кашлык. У хуткім часе ён накіраваў у Маскву пасольства з весткай аб перамозе, з ясакам і просьбай аб дапамозе. У 1583—85 працягваў паспяховае заваяванне Сібіры. Загінуў (патануў у р. Іртыш) у выніку раптоўнага начнога нападу Кучума на лагер казакоў пры вусці р. Вагай (цяпер у Цюменскай вобл.). Паводле падання, адлюстраванага ў думе К.Ф.Рылеева «Смерць Ярмака» (стала вядомай нар. песняй), яго пацягнула на дно цяжкая кальчуга — падарунак цара Івана IV. Пра Я. яшчэ ў 16 ст. складзены нар. песні, яго вобраз адлюстраваны ў фальклоры, сіб. летапісах, творах маст. л-ры і выяўл. мастацтва (напр., у карціне В.І.Сурыкава «Пакарэнне Сібіры Ермаком», 1895). Яго імя было прысвоена вядомаму рас. караблю-ледаколу, які эксплуатаваўся ў 1899—1963 на Балт. моры і ў Арктыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ
Падзел тэр. Беларусі паводле заканамернасцей размеркавання хімічных элементаў ці іх асацыяцый і ўзроўню іх намнажэння (рассеяння) упершыню правёў К.І.Лукашоў у 1960-я г. Па адкладах асадкавага чахла ён вылучаў паўночную, цэнтральную і паўднёвую геахімічныя правінцыі. Пазней гэта схема неаднаразова дэталізавалася і ўдакладнялася. У 2001 у Ін-це геалагічных навук Нац.АН Беларусі складзена карга геахімічнага раянавання антрапагенавых адкладаў Беларусі маштабу 1:500 000 (аўтары А.В.Мацвееў, У.Я.Бардон, Я.І.Аношка і інш.). Геахімічнае раянаванне даантрапагенавых адкладаў па розных стратыграфічных зрэзах праведзена ў 1980—90-я г. Бардонам і Л.І.Матрунчыкам. У выніку сінтэзу ўсіх геахімічных схем і карт зроблена геахімічнае раянаванне тэр. Беларусі ў цэлым і складзена абагульняльная карта. Вылучаны 4 геахімічныя палі (паводле ўзроўню намнажэння элементаў і іх асацыяцый) і 3 геахімічныя правінцыі (з улікам металагенічнай спецыялізацыі). Геахімічнае поле крышталічнага фундаменту характарызуецца павышанай колькасцю (адносна парод асадкавага чахла) элементаў Cu, Pb, Ba, Zr, Ga, Mn, V, Ti. Заходне-Беларускае кембрыйска-сілурыйскае поле геахімічна слаба дыферэнцыравана, але характарызуецца павышанымі канцэнтрацыямі кластагенных элементаў (Ti, Zr, Ba і інш.), а таксама V, P і поліметалаў. Спецыялізацыя поля пераважна сідэрафільна-літафільная. Вядомы анамаліі поліметалаў. Усходняе мезазойскае поле геахімічна дыферэнцыравана, характарызуецца павышанай колькасцю Fe, Al, P, рэдкіх элементаў, звязаных з арганікай, мае літафільную геахімічную спецыялізацыю. Паўднёвае дэвонскае поле характарызуецца павышанай канцэнтрацыяй кластагенных (Ti, Zr, Sn і інш.), а таксама Cu, Pb, Zn і інш. элементаў. Паўночна-Беларуская сярэднедэвонская геахімічная правінцыя слаба дыферэнцыравана, спецыялізавана на сідэрафільную і халькафільную асацыяцыі элементаў, выяўлены пошукавыя прыкметы алмазаноснасці (на Пн правінцыі) — анамаліі Cr, Co і інш. Паўднёва-Усходняя (Прыпяцкая) познапалеазойска-кайназойская геахімічная правінцыя добра дыферэнцыравана, характарызуецца максімальным намнажэннем Cарган., K, Na, рэдкіх шчолачаў, U, Th, Cu, W, Pb, Zn, Hg і інш. элементаў, металагенічнай спецыялізацыяй на тыя ж элементы, а таксама S, Mg, Al, V, поліметалы і інш. Заходняя мезазойская геахімічная правінцыя характарызуецца павышанай канцэнтрацыяй Fe, Al, рэдкіх элементаў, металагенічнай спецыялізацыяй на Cu, V, Sr і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАУНА.
Паводле зоагеаграфічнага падзелу сучасная фауна Беларусі ўваходзіць у склад фауны Еўрапейска-Обскай падвобласці Еўрапейска-Сібірскай вобласці Палеарктычнага падцарства Галарктычнага царства. На тэр. Беларусі вылучаюць З шыротныя зоагеаграфічныя раёны: паўночны, або Азёрна-Дзвінскі; пераходны, або Нёманска-Бярэзінска-Сожскі; Палескі, які таксама падзяляюць на цэнтральны, заходні і ўсходні падраёны.
Паўночны раён ахоплівае Бел. Паазер’е, размешчанае ў паўн. частцы Віцебскай вобл. Паводле рэльефу, глебавых умоў і клімату ён рэзка адрозніваецца ад астатняй часткі Беларусі.
У пераходны раён, акрамя паўд. часткі Віцебскай вобл., уваходзяць Мінская, Магілёўская, усх. частка Гродзенскай і паўн. лясная частка Гомельскай вобл. Як і паўночны раён, ён цалкам знаходзіцца ў вобласці ялова-шыракалістых лясоў.
Палескі раён займае паўд.-зах. частку Гродзенскай, амаль усю Брэсцкую (акрамя Баранавіцкага р-на) і Гомельскую (акрамя паўн.-ўсх. часткі) вобласці. Ён размешчаны ў паласе еўрап. шыракалістых лясоў. Вегетацыйны перыяд значна даўжэйшы, чым у пераходным і паўн. раёнах.
Паводле паходжання фауна Беларусі мяшаная: уключае віды, што ўзніклі ў розны час і ў розных цэнтрах; сучасныя рысы набыла ў пасляледавіковы перыяд. Характарызуецца адсутнасцю эндэмікаў і перавагай відаў з еўрап. і еўрапейска-сібірскім тыпам арэалаў. Аб’ядноўвае 466 відаў пазваночных і больш за 30 тыс. відаў беспазваночных жывёл.
Млекакормячыя Беларусі належаць да 6 атрадаў, налічваюць 76 відаў. Парнакапытных 5 відаў, найбольш буйныя з іх зубр, лось, алень высакародны, дзік. Драпежных 15 відаў, найбольш буйныя з іх мядзведзь буры, воўк. Да драпежных належаць таксама барсук, выдра еўрапейская, гарнастай, куніцы каменная і лясная, ласка, ліс, норка еўрапейская, рысь еўрапейская, таксама акліматызаваныя ў 20 ст. норка амерыканская і янот-паласкун з Паўн. Амерыкі, усурыйскі янотападобны сабака. Зайцападобных 2 віды: зайцы бяляк і русак. Атрад грызуноў самы шматлікі — 26 відаў, з якіх самы буйны бабёр рачны, найбольш дробны мыш-малютка. Акрамя шматлікіх мышэй і палёвак, гэты атрад уключае 2 віды пацукоў, 4 віды сонь, вавёрку звычайную, рэліктаў стэпавых ландшафтаў — сусліка еўрапейскага і хамяка звычайнага, акліматызаваны паўн.-амерыканскі від — андатру. Атрад рукакрылых, або лятучых мышэй, аб’ядноўвае 17 відаў, большасць з якіх рэдкія. Найбольш старажытным лічыцца атрад насякомаедных, у якім 11 відаў: вожык белагруды, крот еўрапейскі, шэраг відаў землярыек — белазубак, буразубак і кутор.
Змены кліматычных і інш. умоў жыцця, уздзеянне чалавека, асабліва ў апошнія стагоддзі, прывялі да таго, што з пачатку 17 ст. на Беларусі знікла каля 10 відаў млекакормячых. Сярод іх 2 віды вымерлыя — тарпан лясны і тур. Перасталі трапляцца таксама алень паўночны, кот дзікі еўрапейскі, лань, пясец, расамаха, хахуля. Цалкам былі вынішчаны алень высакародны і зубр. Алень пазней быў рэінтрадукаваны, а папуляцыя зубра адноўлена з асобін, якія ўтрымліваліся ў няволі.
Фауна птушак Беларусі ўключае 309 відаў з 19 атрадаў. З іх 227 гняздуюцца, 41 від залятае выпадкова, 28 трапляюцца ў час міграцый, 9 зімуюць. У пач. 19 ст. перастаў трапляцца стрэпет, выпадковыя залёты саджы адзначаліся толькі ў канцы 19 ст., драфа знікла ў 1-й пал. 20 ст. Курапатка барадатая знікла праз некалькі гадоў пасля яе інтрадукцыі з Усх. Азіі ў 1960-х г. За апошнія 1,5—2 ст. з тэр. Беларусі зніклі каля 10 відаў птушак, а за апошнія 50 гадоў з’явіліся на гнездаванні 27 новых відаў, у т. л. раней зніклыя віды — баклан вялікі, гусь шэрая, лебедзь-шыпун, што сведчыць пра актыўныя працэсы фаунагенезу.
З амфібій на Беларусі жывуць 13 відаў: 2 — трытонаў і 11 відаў атрада бясхвостых — жабы, жарлянка, квакша, часночніца. Мяжу арэала, які праходзіць па тэр. Беларусі, маюць жарлянка чырванабрухая, квакша звычайная і рапуха чаротавая.
У фауне рэптылій 7 відаў: 1 від чарапах, 3 яшчарак і 3 змей. Чарапаха балотная жыве ў Беларусі на паўн. мяжы арэала.
У іхтыяфауне 61 від, з якіх 3 віды міног і 58 відаў рыб. Абарыгенная фауна прадстаўлена 15 сямействамі, 46 відамі; перасяленцы — 4 сямействы, 13 відаў заселены ў вадаёмы ў мэтах развядзення. На працягу 20 ст. зніклі мінога рачная і 9 відаў рыб: асятры атлантычны і рускі, бялуга, выразуб і інш. За гэты перыяд акліматызаваны, інтрадукаваны і з’явіліся ў выніку інвазій 11 відаў: амур белы, бычкі (ганец, кругляк, пясочнік), ратан-галавешка, сомікі амерыканскі і канальны, стронга радужная, таўсталобікі белы і стракаты, чабачок амурскі.
Сярод беспазваночных Беларусі асабліва высокай відавой разнастайнасцю вылучаюцца насякомыя, якія складаюць не менш за 70% усіх відаў жывёл. З найбольш вывучаных груп насякомых на тэр. Беларусі вядомы 3238 відаў цвердакрылых (жукі), каля 1600 — лускакрылых (матылі), каля 800 — перапончатакрылых (восы, наезнікі, пчолы), каля 100 — паўцвердакрылых (клапы), 90 — раўнакрылых (стракозы), каля 200 — двухкрылых (камары, мухі), 58 — прамакрылых (конікі) і шэраг больш дробных атрадаў і сямействаў. З крывасмокаў, акрамя двухкрылых і клапоў, добра вывучаны блохі (28 відаў), вошы (больш за 10), камары (37), макрацы (28), мошкі (38), сляпні (33). З інш. членістаногіх даволі поўна вывучаны кляшчы (каля 600) і павукі (больш за 400 відаў).
У групе глебавых беспазваночных добра вывучаны чэрві дажджавыя (13 відаў), кляшчы панцырныя (больш за 270). Недастаткова вывучаны нематоды (200 відаў), некаторыя іншыя групы.
З водных беспазваночных найбольш вывучаны калаўроткі (398 відаў), ніжэйшыя ракі (каля 10), галінаставусыя ракападобныя (каля 100), весланогія ракападобныя (каля 70), бакаплавы (8), мізіды (1), ракавінныя ракападобныя (54), дзесяціногія ракі (3), вадзяныя жукі (больш за 240), вяснянкі (больш за 20), аўсянікі (каля 50), ручайнікі (больш за 120), вадзяныя клапы (каля 40), п’яўкі (15), малюскі (больш за 60).
Сярод эндапаразітаў найбольшую эпідэмічную небяспеку маюць гельмінты жывёл і чалавека (больш за 600 відаў паразітычных чарвей). Гельмінтафауна дзікіх жывёл налічвае больш за 520 відаў.
Да рэсурсных відаў жывёл з пазваночных адносяць 19 відаў млекакормячых, 30 відаў птушак, 1 від рэптылій (гадзюка звычайная), а з беспазваночных 2 віды (рак вузкапальцы і смоўж вінаградны). Найбольшую каштоўнасць у якасці біялагічнага рэсурсу маюць буйныя паляўнічыя млекакормячыя: капытныя — лось, дзік, казуля, алень, патэнцыяльна зубр; драпежныя — воўк і шэраг відаў пушных звяроў; 2 віды зайцоў, андатра, бабёр. Да паляўнічай арнітафауны адносяцца масавыя віды вадаплаўных птушак, глушэц, цецярук; з рыб — група прамысловых, якія жывуць у прыродных вадаёмах (29 відаў).
Выкапнёвая фауна прадстаўлена аманітамі, белемнітамі, двухстворкавымі малюскамі, фарамініферамі і інш. марскімі і наземнымі арганізмамі. Найбольш старажытныя выкапнёвыя выяўлены ў кембрыйскіх адкладах — сляды жыццядзейнасці чарвей, беззамковых брахіяподаў. Ва ўтварэннях ардовіку, сілуру і дэвону — рэшткі строматапараідэй, каралаў, астракодаў, малюскаў, імшанак, брахіяподаў, ігласкурых, канадонтаў. У адкладах дэвону найбольш характэрны рэшткі бяссківічных і рыб; у адкладах карбону, юры, мелу, эацэну — фарамініферы; у пермі і трыясе — астракоды. У антрапагенавых адкладах трапляюцца ракавіны астракодаў, рэшткі шкілетаў насякомых і млекакормячых, многія з якіх з’яўляюцца непасрэднымі продкамі сучасных прадстаўнікоў тэрыяфауны. Сярод выкапнёвых млекакормячых сустракаюцца віды, вымерлыя на Зямлі (алень велікарогі, коні выкапнёвы, Стэнана і хазарскі, мамант, мамант хазарскі, мядзведзь пячорны, насарогі валасаты і этрускі, сланы паўднёвы і трагантэрыевы і інш.), а таксама віды, якія калісьці жылі на тэр. Беларусі, а зараз з’яўляюцца насельнікамі інш. рэгіёнаў (алень паўночны, аўцабык, дзікабраз, лемінгі, пясец і інш.).
Літ.:
Стратиграфические и палеонтологические исследования в Белоруссии. Мн., 1978;
Лопатин И.К. Основы зоогеографии. Мн., 1980;
Рыбы. Мн., 1989;
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. Мн., 1993;
Земнаводныя. Паўзуны. Мн., 1996;
Птицы Беларуси на рубеже XXI в. Мн., 1997;
Каліноўскі П.Ф. Падарожжа ў мінулае да «братоў нашых меншых». Мн., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА 1920—40-х гадоў
Паэзія. 1920-я г. сталі часам імклівага росквіту бел. паэзіі, нараджэння шматлікіх літ. арганізацый і з’яўлення ў літаратуры маладых імён. Гэты перыяд характарызаваўся таксама ідэйна-маст. эксперыментамі, легендарнай «бурапеннасцю», пошукам ідэальнага «стылю эпохі», авангардным маст. мысленнем, якое імкнулася паяднаць у вобразным адзінстве ўсеабдымны рэв. экстаз і адметнасць нац. шляху Беларусі. У гэты час на Беларусі ўтварылася першае літ. аб’яднанне «Маладняк» (1923), а той авангардны кірунак, якога прытрымліваліся яго сябры, быў умоўна названы крытыкам А.Бабарэкам «маладнякізмам», чым падкрэслівалася яго абсалютная навізна і актуальнасць у кантэксце абнаўлення тагачаснага грамадскага жыцця. Маст. прынцыпы, якіх прытрымліваліся маладнякоўцы, былі блізкія да футурыстычных і лефаўскіх прынцыпаў. Сярод іх найважнейшымі былі не толькі адмаўленне папярэдняй літ.-маст. традыцыі, але і адмаўленне ўсяго папярэдняга ўкладу жыцця. Маст. эксперыменты былі скіраваны ў сферу будучыні і знаменаваліся пошукамі наватарскага слова для выражэння новага зместу. Дзеля гэтага віталася ўсялякая навізна аж да т.зв. ламання граматыкі і сінтаксісу, разбурэння класічнага радка верша, увядзення ў паэзію размоўнага, гутарковага стылю. Змена тэм і матываў прадугледжвала пераход ад апявання пяшчотных пачуццяў і тужлівых настрояў да паэтызацыі рыштаванняў новага будаўніцтва. Маладнякоўцы жылі з абсалютным адчуваннем расколу сусв. гісторыі на старую і новую эры, а пунктам адліку новай эры была пралетарская рэвалюцыя. Рэвалюцыя і яе шматлікія метафары (завіруха, буралом, дым-пажар і інш.) стала гал. сімвалам-канцэптам тагачаснай паэзіі і асн. ідэалагічным фактарам для пазітыўнай ацэнкі твораў крытыкай. Гэтая акалічнасць вызначала гал.афіц. кірунак тагачаснай паэзіі як рэв. канцэптуалізм, і менавіта ў яго рэчышчы пераважна развівалася паэзія прадстаўнікоў «Маладняка», БелАППа, «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны», розных літ. філій і гурткоў. Найб. яркім прадстаўніком гэтай плыні быў М.Чарот. Для М.Чарота будучыня — гэта велічны паход у заўтра, які пачалі ягоныя «босыя на вогнішчы». Для Ц.Гартнага будучыня асацыіравалася з «панствам працы» і «ўсясветнай камунай». А.Дудар апяваў у сваіх вершах досыць адцягненую «будучыню з сінімі крыламі», а ў канцы 1920-х г. расчараваўся ў яе прыходзе ў вершы «Пасеклі наш край папалам» (1927), за што адным з першых сярод бел. паэтаў арыштаваны і асуджаны. Для паэтаў старэйшага пакалення (Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі) будучыня наогул уяўлялася змрочнай і варожай: перспектыва рэв. пераўтварэння грамадства разыходзілася з увасабленнем у рэчаіснасць бел.нац. ідэі, нягледзячы на заўважныя поспехі палітыкі беларусізацыі ў 1-й пал. 1920-х г. Я.Купала ў вершы «Перад будучыняй» (1922) перадаваў трагічнае светаадчуванне патрыёта-беларуса, які прадбачыць пагібель роднага краю «пад чужой апекай» і ўсведамляе, што яго народ усё яшчэ далёкі ад самавызначэння. Яго зб. вершаў «Спадчына» (1922) вызначаўся патрыятычнай дамінантай і трывожнымі настроямі-прадчуваннямі, а зб. «Безназоўнае» (1924) успрымаўся больш аптымістычна; яго настрой сведчыў, што Я.Купала станавіўся песняром рэв. Беларусі. У вершы «О так, я пралетар» з апошняга зборніка адчувалася схаваная сумная іронія Я.Купалы, які бачыў небяспеку ў імкненні «пралетара» — тагачаснага героя жыцця — лічыць для сябе Бацькаўшчынай цэлы свет. У паэме «Безназоўнае» Я.Купала імкнуўся асэнсаваць рысы перамен у грамадска-гіст. жыцці Беларусі; ён шукае для іх назву, аднак пакідае ў сферы «безназоўнага» або займенніка «яно». У нешматлікіх вершах канца 1920-х г. Я.Купала адлюстраваў працэс ліквідацыі традыцыйнага ўкладу жыцця бел. вёскі («Сыходзіш, вёска, з яснай явы», 1929) і тыя перамены, якія несла калектывізацыя («Звіслі хмары над калгасам», 1930).
Адчуванне трагічнага «залому» над будучыняй уласціва і тагачаснай паэзіі Я.Коласа. Вершы «Звон шыбаў», «Цені-страхі» і інш. з яго зборніка «Водгулле» (1922) перадаюць трывожны стан чалавека, якога турбуе адчуванне згубленай дарогі, незразумелы метафізічны страх, што прысутнічае паўсюдна. У пач. 1920-х г. Я.Колас закончыў і працу над сваёй паэмай-эпапеяй «Новая зямля», дзеянне якой разгортваецца яшчэ ў дарэв. Беларусі. Пошукі «новай зямлі» становяцца скразной метафарай, якая аб’ядноўвае ўвесь сюжэт і надае твору алегарычнае гучанне: будучы лёс беларусаў звязаны не толькі з зямельнай рэформай, што вырашыць сялянскі лёс, але, паводле біблейскай аналогіі, «новая зямля», як і «новае неба», адкрыецца народу толькі ў выніку ўласнага духоўнага перанараджэння. За гэта творчасць паэтаў старэйшага, нашаніўскага, пакалення крытыкавалася і аспрэчвалася маладнякоўцамі, якія звязвалі будучыню Беларусі з рэвалюцыяй і шукалі адпаведныя сродкі маст. вобразнасці. Футурыстычны наступ авангарду на мінулае М.Чарот увасобіў у вершы «Скокі на могілках», у якім новыя пераможцы жыцця сцвярджаюць беспаваротнасць сваёй перамогі. У гэтым вершы адчуваецца схаваная палеміка з купалаўскім ідэалам гіст. мінулага Беларусі як часам «залатога веку». Асабліва непрымальнай з пункту гледжання апалагетаў футурыстычнага адмаўлення класікі была купалаўская паэма «На Куццю» (1911), дзе князь маляваўся не як жорсткі прыгоннік, але як мудры ўладар, які справядліва кіруе народам і краінай. М.Чарот парадзіраваў ключавыя вобразы купалаўскай паэмы: разважлівага князя, кургана, старога замчышча. Мінулае ў яго ўяўленні можа быць толькі развенчана і адпрэчана, бо яно ўвасабляе сац. несправядлівасць і прыгнёт. З палемікі з Я.Купалам пачынаўся і авангардна-рэв. шлях у паэзію М.Грамыкі. У яго паэме «Гвалт над формай» (1922) эпатажна і кідка сцвярджаліся ваяўнічыя прынцыпы новага мастацтва, якія адпавядалі футурысцкай паэтыцы. Паэт адмаўляе купалаўска-коласаўскую традыцыю, ён прэтэндуе на першыя пазіцыі ў навейшай літаратуры. Пры гэтым М.Грамыка выказваў захапленне паэмай М.Чарота «Босыя на вогнішчы» (1921) як сучасным і актуальным творам, які з’яўляецца ўзорным на новым этапе літаратуры. Бел. паэты (Ц.Гартны, М.Грамыка, М.Чарот) праз вобразную сістэму сваіх маст. твораў фактычна сцвярджалі і замацоўвалі ў бел. паэзіі найважнейшыя пастулаты футурызму. Ідэя класавай барацьбы стала ключавой у сістэме тагачаснай дзярж. ідэалогіі, а літаратура была абвешчана яе неад’емнай «зброяй». Такую трансфармацыю перажыў футурызм, усё больш адпавядаючы канону утылітарнага мастацтва, або рэв. канцэптуалізму. На рас.літ. глебе ён атрымаў назву Левага фронту мастацтва, асн. прынцыпамі якога былі класавасць, рэв. агітацыя і прапаганда, што вельмі выразна адбілася і ў тагачаснай бел. паэзіі. Азначаныя маст. прынцыпы яшчэ ў большай ступені былі характэрныя для П.Шукайлы — кіраўніка суполкі лефаўскай арыентацыі «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна» (1927). Ён імкнуўся быць ультраавангардным у практычным увасабленні рэв. канцэптуалізму. Найб. вядомы яго твор — паэма «Акорды дзён» (1930), у якой паэт з пункту гледжання рэв.-пралетарскай эстэтыкі паказаў прыклад, якім павінен быць сучасны яму стыль эпохі. І ў паэзіі, і ў крытыцы П.Шукайла быў паслядоўным апалагетам рэв. ідэалаў, што абумоўлівала адпаведную танальнасць яго твораў і сістэму маст. вобразаў з паэтызацыяй ідэалагічных штампаў і спецыфічнай авангардысцкай агрэсіўнасцю ў сцвярджэнні новых форм грамадскага ладу. Адпаведна свайму разуменню авангардысцкага стылю эпохі ён распрацоўваў і тэму кахання.
Авангардная паэтыка футурыстычна-лефаўскага кшталту віталася крытыкай і лічылася ўзорнай на тагачаснай ідэйна-эстэт. прасторы. Аднак яна не вычэрпвала сабой багацце і шматфарбнасць бел. паэзіі 1920-х г., дзе прысутнічаў не толькі «прагрэсіўны» рэв. канцэптуалізм, але і т.зв. «ўпадніцкія» тэндэнцыі, што, на думку крытыкаў, адводзілі новае мастацтва ад справы пабудовы вял. будучыні. Тагачасная крытыка абвінавачвала ў гэтым пераважна прадстаўнікоў літ. аб’яднання «Узвышша», якое вылучылася ўвосень 1926 з «Маладняка» і існавала да 1931. Прадстаўнікі «Узвышша» прапанавалі свой новы ідэйна-эстэт. тэрмін — «аквітызм», разумеючы яго як сінтэз рамант. і рэаліст. тэндэнцый, і звязвалі з ім узлёт (узвышэнне) маст. творчасці, бо, на іх думку, маладнякоўцы адышлі ад сапраўдных маст. пошукаў у бок агітацыйнай і прапагандысцкай літаратуры. Узвышэнскія паэты У.Дубоўка, У.Жылка, Т.Кляшторны, Я.Пушча і інш. вярнуліся да стварэння паэзіі пачуццяў і настрояў, сцвярджалі права лірычнага героя новага часу на смутак і каханне, на шчырае чалавечае сяброўства і самаахвярную любоў да Бацькаўшчыны. Яны актуалізавалі літ. традыцыі, вярнулі на п’едэстал адраджэнскіх куміраў Я.Купалу і Я.Коласа, узвысілі да ўзроўню класіка М.Багдановіча, сцвердзілі сваю арыентацыю на скарбы нац. фальклору, вярнулі ў літаратуру нац. ідэю і надалі ёй новае гучанне. Паэты-ўзвышэнцы ў тэме Бацькаўшчыны апявалі не яе шчаслівую рэв. перспектыву, а тыя «дзіды» і «церні», што наканаваны паэту пры служэнні ёй (вершы «О, Беларусь, мая шыпшына», «Часіна ды з сокам рабіны» У.Дубоўкі, «Лісты да сабакі», «Асеннія песні» Я.Пушчы). Яны «снілі сны аб Беларусі», як Я.Купала, шукалі і не знаходзілі «новую зямлю», як Я.Колас, праслаўлялі каханне, пачуцці, права на асабістае жыццё. Усе гэтыя матывы трактаваліся афіц. крытыкай як «блакітная мляўкасць» і недалужнае ўсхліпванне буржуазна-мяшчанскага кшталту, як перажыткі, упадніцтва і багема. Гал. багемшчыкамі называліся Я.Пушча — за імажынізм; У.Жылка — за манеры сярэдневяковага трубадура і за тое, што ў яго не наглядаецца набліжэння да пралетарскай літаратуры; Т.Кляшторны, празваны ледзяным гітарыстам, — за «эстэтнічанне» і меланхалічныя настроі; а таксама Ю.Лявонны, В.Маракоў, П.Трус за той жа адыход ад апявання рэв. ідэалаў. Нават А.Дудар (вядомы як непрымірымы крытык узвышэнцаў Т.Глыбоцкі) зарабіў сабе ярлык упадніка за тое, што ў некат. вершах зборніка «І залацісцей і сталёвей» (1926) паэтызаваў каханне як чароўную ілюзію, часовую прыгожую рэальнасць, куды можна ненадоўга схавацца ад жорсткасці і няўтульнасці жыцця. Прадстаўніком «новабуржуазных плыняў» у 2-й пал. 1920-х г. лічыўся і У.Жылка, які, наследуючы М.Багдановічу, у цыкле «Вершы спадзявання» з пазіцый абсалютызацыі хараства абагаўляў жанчыну і высокае каханне да яе. Гэты ўрачысты пафас узвялічвання жанчыны і пакланення яе хараству ў паэт. парадыгме 1920-х г. успрымаўся негатыўна, бо ўсё пяшчотнае і ўзвышанае каханне належала мінуламу, было адзнакай старога буржуазна-мяшчанскага свету.
Паэтам авангарднага мыслення з яркай глыбокай індывідуальнасцю быў узвышэнец Т.Кляшторны, якога таксама ў 1920-я г. абвінавачвалі ў ясеніншчыне, багемшчыне за паэтызацыю вузка-індывідуалістычных перажыванняў, апяванне безнадзейнага смутку, хмяльных п’яных* уцех і прыхільнасць да мяшчанскіх вобразаў. Маст. ідэалам крытыкамі лічыўся нязломны змагар за новую эпоху сцвярджэння пралетарскай дыктатуры («дыктатуры працы») і барацьбы з ворагамі народа. Ужо ў першым зб. вершаў «Кляновыя завеі» (1927) Т.Кляшторны выкрышталізаваў тыя ўлюбёныя матывы і вобразы, за якія яго крытыкавалі. Найб. жорстка крытыкаваліся надрукаваныя ў час. «Узвышша» ў 2-й пал. 1920-х г. паэмы «І пурпуровых ветразей узвівы» і «Штурмуйце будучыні аванпосты» У.Дубоўкі, «Сады вятроў» і «Цень Консула» Я.Пушчы і «Калі асядае муць» Т.Кляшторнага. Розныя героі гэтых паэм — гэта героі-апаненты, якія дыскутуюць паміж сабой. Фактычна гэта палемічны роздум паэтаў над грамадскай сітуацыяй канца 1920-х г., над праблемай выбару тагачаснай творчай інтэлігенцыяй свайго шляху ў паслярэв. рэчаіснасці. Выбар заключаў у сабе ключавую антыномію дзесяцігоддзя — старое і новае.
У авангарднай парадыгме 1920-х г. адметна праявіўся імажынізм. Калі футурызм у сваім лефаўскім варыянце збліжаўся з ідэйнымі асновамі пралетарскага мастацтва, то імажынізм успрымаўся тагачаснай афіц. крытыкай як буржуазнае адхіленне ад канонаў пралет. літаратуры. У бел. паэзіі найб. яскрава тэндэнцыі імажынізму праявіліся ў творчасці Я.Пушчы, які фактычна рэалізаваў яго творчыя прынцыпы на бел.паэт. глебе і тым самым паказаў, што бел. слову падуладнае самае вытанчанае эксперыментатарства. Ужо ў першым яго зборніку «Раніца рыкае» (1925) схільнасць да асацыятыўнай, часам манернай вобразатворчасці, да вынаходніцтва новых нечаканых метафар, інверсійнай ускладненасці радка. Гэтую свядомую ўстаноўку на знарочыстую вобразнасць паэт падкрэсліваў і ў вершах пазнейшага зборніка «Vita» (1926), дзе ён рабіў спец. акцэнт на імажынісцкай дамінанце — на вобразах, якія «бягуць гуртамі». Я.Пушча, а ўслед за ім М.Багун, А.Вольны, С.Дарожны, Ю.Лявонны смела эксперыментавалі са словам, ставілі сабе задачу здабыць з іх глыбінь новыя нюансы і новыя сэнсавыя адценні. Для Я.Пушчы школа імажынізму была творчым пошукам свайго індывід. стылю, які быў бы сугучны новаму «стылю эпохі». Сам паэт разам з сябрамі-ўзвышэнцамі імкнуўся вынайсці спец. тэрмін для абазначэння такога стылю. Ён з’явіўся спачатку як вітаізм (ад слова vita — жыццё) і меўся ўвасабляць «сінтэз, стройную сугучнасць рамантызму жыцця з яго рэалізмам»; але пазней у тэарэтычных пастулатах «Узвышша» ён замацаваўся як аквітызм (ад лац. aqua vit — жывая вада). Выпрацоўка тэрміналогіі новага стылю была фактычна бел. укладам у авангардную фазу еўрап. мадэрнізму і сведчыла пра спеласць літ. працэсу на Беларусі, нягледзячы на наяўнасць у ім шматлікіх ідэалагічных супярэчнасцей. Новы тэрмін, прэтэндуючы быць авангардным, не выключаў, аднак, сувязі з айч.літ. традыцыяй, якая злучала семантыку «жывой вады» з канцэпцыяй «чыстай красы» В.Ластоўскага і М.Багдановіча, а таксама абапіралася на ідэалогію нац. адраджэння. Праз паэтыку аквітызму ўзвышаўцы здолелі сказаць шмат глыбокай маст. праўды пра сябе і свой час.
У панараме літ. жыцця 1920-х г. адметную старонку складала гумарыстычная і сатыр. паэзія К.Крапівы і А.Дзеркача, прадстаўленая пераважна алегарычным жанрам байкі. У іх выкрываліся перашкоды на шляху рэв. перабудовы жыцця, высмейваліся тыя састарэлыя стэрэатыпы, якія тармазілі надыход перамен і выяўлялі заганы «забабоннай» свядомасці. Знакам часу было і з’яўленне шматлікіх жаночых паэт. імён: З.Бандарына, Н.Вішнеўская, Н.Маркава, Я.Пфляўмбаўм, І.Чырвань і інш. Дзякуючы іх паэзіі свет паэт. вобразаў узбагачаўся вобразамі лірычных гераінь, якія шукалі свой шлях у новым часе, прадчуваючы яго трывожнасць і сваю ахвярнасць, актыўна сцвярджалі сябе як носьбітаў новага светаўспрыняцця і ў той жа час не парывалі з традыцыямі. Бел.паэт. авангардызм 1920-х г. ва ўсіх сваіх формах ад рэв. канцэптуалізму да імажынізму арганічна ўпісваўся ў еўрап.літ. працэс. Пры ўсёй адметнасці шляху, якая найперш звязвалася з адраджэнскім пафасам літаратуры, у эстэт. плане Беларусь крочыла «ў нагу» з Еўропай, ствараючы сваю адэкватную («аквітычную») маст. парадыгму, якая з’яўлялася далікатным і самавітым укладам у літ. рух. Творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, Ц.Гартнага, А.Александровіча, М.Грамыкі, У.Дубоўкі, А.Дудара, У.Жылкі, Т.Кляшторнага, В.Маракова, Я.Пушчы, М.Чарота, П.Шукайлы і інш. забяспечвала арыгінальную прысутнасць бел. паэзіі ў панараме еўрап. мадэрнізму і авангарду.
1930-я г. ў гісторыі бел. літаратуры — перыяд складаны і трагічна цяжкі, як і ў грамадскім жыцці бел. народа. Многія пісьменнікі былі рэпрэсіраваны і расстраляны. Загінулі: А.Астрэйка, А.Вольны, П.Галавач, А.Дудар, М.Зарэцкі, В.Каваль, Т.Кляшторны, Ю.Лявонны, В.Маракоў, Я.Нёманскі, Ю.Таўбін, М.Чарот і інш. Рапрэсіраваны, але выжылі С.Грахоўскі, У.Дубоўка, П.Пруднікаў, Я.Пушча і інш.Літ. працэс 1930-х г. у сваіх многіх плынях праходзіў пад знакам У.Маякоўскага (А.Александровіч, П.Броўка, П.Глебка, А.Дудар, М.Лужанін і інш.). Асабліва выразна вылучалася арыентацыя на знешнія прыкметы паэтыкі, версіфікацыі (А.Александровіч, А.Дудар і інш.). Творча-ўнутр. арыентацыя давалася цяжэй: паэма «Праз горы і стэп» П.Броўкі (1932), асобныя часткі паэмы «Мужнасць» П.Глебкі (1934—38). Улюбёнай формай сталі заклікі і лозунгі з ужываннем дзеясловаў загаднага ладу. На пэўны час паэзія, калі і не перапынялася, то апынулася ў досыць крызісным стане. Наглядная ілюстрацыя эпігонства і схематызму — паэма «Крокі ў вяках» М.Багуна (1930). У многіх творах утварылася ілюзія значнасці на мяжы парадыйнасці. Трывогі, роздум над складанасцямі пераўтварэнняў падмяніліся дзяжурнай бадзёрасцю, гіпертрафічнасцю натуральных чалавечых пачуццяў. У некат. творах гучала пропаведзь неразборлівай жорсткасці, бязлітаснасці: паэма «Вайна за мір» А.Дудара (1931). Паэмы «Цені на сонцы» (1928—29), «Паэма імя Вызвалення» і «Паэма пра ворага» (абедзве 1930) А.Александровіча вызначаліся ваяўнічай спробай рэалізацыі ў маст. формах тых ідэй, якія аўтар жорстка прапаведаваў у выступленнях і адміністрацыйным кіраванні. Агульнаўплывовай у 1930-я г. была тэорыя факта. У многіх творах уся ўвага аддавалася апісанню падзейнасці, перадачы «паэтычных» фактаў гіст. змагання: паэмы «1914» П.Броўкі (1933), «Мужнасць» П.Глебкі, «Каршун» А.Звонака (1929).
Творчай удачай многіх частак паэмы «Праз горы і стэп» П.Броўкі сталася не толькі тое, што аўтар адмовіўся ад нагрувашчвання падзей і сітуацый, а спыніў свой выбар на адным эпізадычным факце гісторыі. У полі яго зроку быў унутр. стан чалавека пад навалай нечалавечых выпрабаванняў. Эпізоды аб’ектыўнага дзеяння апынуліся пад моцнай уладай суб’ектыўнага ўспрыняцця праз асобу паэта. Прыкметнай з’явай свайго часу была паэма «Над ракою Арэсай» Я.Купалы (1933), якая лічылася лепшым дасягненнем увогуле ўсёй ліра-эпікі сав. перыяду. Але эстэт. вымярэнне жыццёвых з’яў і абраны апісальна-нарысны прынцып у паэме былі ўсё ж недастатковымі для ўзнікнення значнай эпічнай рэчы. У большай ступені знайшлі сваё непасрэднае ўвасабленне жывыя ўражанні ў нізцы вершаў Я.Купалы, напісанай у Ляўках летам 1935 («Госці», «Алеся», «Вечарынка», «Хлопчык і лётчык», «Лён»). Яны пранізаны лірызмам новага светаадчування чалавека, прасветленай і ўсцешанай яго далучанасцю да здзяйсненняў і перамен у жыцці вёскі. Рамант. вера, якая захапіла паэзію 1920-х г., патроху прыцьмявалася, часам суправаджалася роздумам і смуткам, нават ледзь улоўнай іроніяй, як гэта ўгадваецца ў вершах Я.Купалы. Не падуладныя афіцыёзным устанаўленням і нарматыўнай маралі былі У.Хадыка (зб. «На ўзбярэжжы дзён», 1930) і З.Астапенка (рукапіс яго кн. «Як шум дажджу», быў зняты з выдавецкага плана, 1933). У розных жанравых і стылявых пошуках, у звароце да падзей мінулага (паэмы «Крыўда», 1932; «Гарбун», 1934) і сучаснасці (паэма «Аманал», 1932), у імкненні да арганічнай узаемасувязі лірычнай суб’ектыўнасці асацыятыўных вобразаў з аб’ектыўным паказам рэчаіснасці сталела паэзія А.Куляшова.
1930-я г. вызначаюцца і прытокам у паэзію новых сіл. Сярод паэтаў, якія заявілі пра сябе ў 1930-я г. (некаторыя з іх пачалі друкавацца ў 1920-я г.), — Э.Агняцвет, А.Астрэйка, М.Аўрамчык, А.Бачыла, А.Бялевіч, В.Вітка, А.Вялюгін, Л.Гаўрылаў, С.Грахоўскі, А.Жаўрук, А.Зарыцкі, М.Калачынскі, К.Кірэенка, А.Коршак, С.Ліхадзіеўскі, Р.Няхай, П.Панчанка, А.Русецкі, М.Сурначоў, А.Ушакоў, С.Шушкевіч.
Літаб’яднанне «Маладняк». 1928.Арганізатары літаб’яднання «Узвышша». Стаяць: А.Бабарэка, Я.Пушча. Сядзяць: К.Чорны, У.Дубоўка, К.Крапіва Мінск. 1926—27.Аўтограф верша «Я ў мастацкім агародзе...» К.Крапівы.
Проза. Пачатак 1920-х г. характарызаваўся перавагай апавядання над інш. празаічнымі жанрамі. Яно адрознівалася стыліст. і ідэйна-змястоўнай разнастайнасцю, супярэчлівасцю. Дарэв. мінулае і сучаснасць, грамадз. вайна і рэв. ломка жыцця, яго навізна і новы чалавек — тэмы, якія знаходзіліся ў цэнтры ўвагі празаікаў. Асобнымі зборнікамі выйшлі апавяданні: «Казкі жыцця» (1921) і «Крок за крокам» (1925) Я.Коласа; «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), «Дэлегатка» (1928) З.Бядулі; «Веснаход» (1924) М.Чарота; «Трэскі на хвалях» (1924), «Выбраныя апавяданні» (1926) Ц.Гартнага; «Апавяданні» (1925) А.Бабарэкі; «Пела вясна» і «У віры жыцця» (абодва 1925), «Пад сонцам» (1926), «На чыгунцы» (1928) М.Зарэцкага; «На зломе» (1925) Я.Нёманскага; «Срэбра жыцця» і «Апавяданні» (абодва 1925), «Па дарозе», «Пачуцці» і «Хвоі гавораць» (усе 1926), «Вераснёвыя ночы» (1929) К.Чорнага; «Досвіткі» (1926) М.Гарэцкага; «Апавяданні» (1926) К.Крапівы; «Золак» і «Радасць» (абодва 1926), «Крык працы» (1928), «Вясновы прамень» (1929) М.Нікановіча; «Дробязі жыцця» (1927) П.Галавача; «Апавяданні» (1927) М.Лынькова; «Затока ў бурах» (1929) Я.Скрыгана і інш.
Асэнсаванне мінулага становіцца вельмі важным у прозе Я.Коласа, З.Бядулі, Ц.Гартнага. Я.Колас у сваёй «малой прозе» (апавяд. «Сяргей Карага», «Дачакаўся», «Крывавы вір» і інш.) выступіў падкрэсленым традыцыяналістам. Вострыя маральна-этычныя праблемы новага часу вырашаліся ім з пазіцый «старога гуманізму», які не звяртаў асаблівай увагі на сац. паходжанне і класавую прыналежнасць чалавека. Псіхалагізм, трапнасць дэталі, мяккі гумар, спакойнае разгортванне сюжэта, любоў і разам з тым вышыня маральных патрабаванняў да чалавека — якасці, характэрныя для апавяданняў Я.Коласа. «Вышэйшая праўдзівасць таленту» аказалася ў многіх творах 1920-х г. пераможанай ідэяй класавай барацьбы. Калі Я.Колас з трывогай глядзеў на «крывавы вір» нянавісці і жорсткасці рэв. рэчаіснасці, то З.Бядуля лічыў рэвалюцыю найвялікшай справядлівасцю. У яго творах «Бондар», «Дванаццацігоднікі», «Сорам», «Панскі дух», «На зачарованых гонях», якія закранаюць розныя аспекты жыцця «старога свету», падзеі мінулага асэнсоўваліся з пазіцый сучаснага пісьменніку дня. З.Бядуля выкрываў уладу паноў, выказваў ідэі неабходнасці барацьбы з імі, апраўдваў злапамятнасць прыгнечаных і іх помсту прыгнятальнікам. Яго найб. цікавілі каларыт падзей і людзі як маса, індывідуальнасць чалавека засталася па-за яго ўвагай. Большасць апавяданняў З.Бядулі напісана ў рэаліст. манеры, але часам ён звяртаўся і да рамант. узнёсласці, імпрэсіяністычнасці і сімволікі. Ц.Гартны ў сваіх апавяданнях гераізаваў «новых людзей», ствараў вобразы перадавога рабочага, чырвонаармейца і камуніста, эстэтызуючы ў іх рэдкую самаахвярнасць, адданасць рэвалюцыі. Ён адзін з першых у бел. прозе загаварыў пра канфлікт грамадскага і асабістага ў вобразе сав. актывіста, аддаючы перавагу грамадскаму, што пазней стане нормай у літаратуры сацыяліст. рэалізму. Яго творы яскрава сведчылі пра змены ў этыцы і эстэтыцы новага грамадства. Апавяданні М.Зарэцкага, рамантыка, майстра вострага і займальнага канфлікту, драматычна напружанага і авантурнага сюжэта напаўняюць фарбы і рытмы, каларыт і атмасферу новага часу. М.Зарэцкі-маладняковец разглядае «новага чалавека» пераважна з грамадскага боку (лірычны абразок «Камсамолка» і інш.). «Маладнякоўскае» апавяданне, даніну якому аддалі амаль усе маладыя пісьменнікі, што прыйшлі ў бел. літаратуру ў пач. 1920-х г. (А.Бабарэка, П.Галавач, М.Зарэцкі, В.Каваль, К.Крапіва, М.Лынькоў, Б.Мікуліч, Р.Мурашка, Я.Нёманскі, М.Нікановіч, Я.Скрыган, К.Чорны), з яго курсам на адмежаванне і адмаўленне ад традыцый класічнай літаратуры несла з сабой значныя змены ў стылістыцы. Яно ігнаравала такія неад’емныя празаічныя катэгорыі, як характар і сюжэт, скептычна ставілася да падрабязнасцей і дэталі. Маладнякоўская вобразнасць характарызавалася вельмі эмац. малюнкам, аздобленым квяцістымі тропамі, узнёсла-лірычнай рытмікай фразы. Яна была заклікана перадаць пачуццё нястрыманай радасці з нагоды перабудовы і абнаўлення жыцця. М.Зарэцкі ўзяўся даследаваць чалавечую душу, разумеючы ўсю складанасць і адказнасць гэтай задачы. Ад бессюжэтных паэт. абразкоў і лірычных імпрэсій ён перайшоў да сюжэтных апавяданняў, у якіх яго цікавілі канкрэтныя людзі, канкрэтныя лёсы. Праз большасць яго твораў праходзіць тэма кахання, сям’і, яе мэтазгоднасці, духоўнай прыгажосці жанчыны (апавяд. «Мар’я», «Ворагі», «Бель», «Дзіўная», «Кветка пажоўклая», «Ой, ляцелі гусі...» і інш.).
Глыбокі роздум пра жыццё, выразныя элементы псіхал. аналізу ў апавяданнях К.Чорнага 1920-х г. Яго лірычная проза вельмі хутка змянілася эпічнай апавядальнай формай развіцця тэмы, выражэння думак і пачуццяў. Пісьменнік-псіхааналітык К.Чорны разам з К.Крапівой, М.Чаротам, Я.Коласам і інш. паспяхова развівалі і гумарыстычна-сатыр. лінію ў бел. апавяданні таго часу («Вясковая ветэрынарыя», «Маё дзела цялячае», «Мяшчане ў густой пары» К.Чорнага, «Людзі-суседзі», «Каровін мужык», «Мой сусед», «Вайна», «Певень», «Хвост» К.Крапівы, «Трыумф», «Трагізм», «Драматург і лірычны паэт» Я.Коласа, «Дзіўная заява», «Чалавек, які не нарадзіўся» М.Чарота і інш.). У сатырычна-гумарыст. апавяданнях «Трыумф», «Драматург і лірычны паэт» Я.Колас спыняе ўвагу на праблемах літ. жыцця ў краіне ў першыя паслярэв. гады. Абсурднае, карыкатурнае ў жыцці 1920-х г. добра ўмеў заўважыць М.Чарот. У апавяд. «Чалавек, які не нарадзіўся» ён па-свойму малюе тыя ж «папяровыя жахі», што і У.Маякоўскі ў аднайм. вершы. У жанрах фельетона, гумарэскі, жарту, анекдатычнага апавядання выступалі розныя па характары таленту пісьменнікі.
2-я пал. 1920-х г. характарызуецца большай увагай да прыроджанага, псіхал., унікальнага ў чалавеку; сац., класавае адыходзіць на другі план. З’явіліся першыя апавяданні Л.Калюгі, які зарэкамендаваў сябе як пісьменнік эпічнага таленту. У цэнтры яго апавяд. «Краўцы і чаляднікі», «Лук’ян — капераціўскі сабака», «Трахім з пагулянкі», «Баркаўцы — добрая вёска і баркаўчане — вясёлыя людзі» — характары моцныя, нестандартныя, сфарміраваныя ў нар. глыбінях. Ц.Гартны, які ў найб. ступені аддаваў даніну класаваму гуманізму, вызваліўся з-пад яго ўлады і перайшоў ад паказу падзей да паказу ўнутр. жыцця чалавека (апавяд. «На новым месцы» і «Таварыш інспектар»). Свет чалавечых страсцей і думак, тое, што ўнутры, а не вакол яго, усё больш цікавіць К.Чорнага (апавяд. «Вераснёвыя ночы», «Ліст Якуба Малькевіча», «Справа Віктара Лукашэвіча», «Нянавісць», «Спатканне з васпаватым чалавекам»). У гэты час бел. проза папоўнілася імёнамі С.Баранавых, В.Каваля, М.Лынькова, Б.Мікуліча, А.Мрыя, Р.Мурашкі, Я.Нёманскага, Х.Шынклера. Арганічны сінтэз рамант. і рэаліст. элементаў уласцівы творам М.Лынькова. Яго апавяд. «Над Бугам», «Кларнет», «Маньчжур», «Андрэй Лятун» сведчаць пра ўменне пісьменніка знайсці яркае, гераічнае ў жыцці, рамантыку ў прозе і разам з тым цвяроза заўважаць рэальна існуючыя праблемы.
Адбылося станаўленне маштабнай, «чалавеказнаўчай» бел. прозы, вядучае месца ў ёй занялі жанры рамана і аповесці. Выйшлі ў свет першыя кнігі трылогіі Я.Коласа «На ростанях» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927) і яго аповесць «На прасторах жыцця» (1926). Паявіліся раман Ц.Гартнага «Сокі цаліны» (асобн. выд. 1922—23), аповесці «У чым крыўда?», «Ціхія песні» і дакумент.-маст. запіскі «На імперыялістычнай вайне» М.Гарэцкага (усе 1926) аповесці «Свінапас» (1924) М.Чарота, «Два» А.Вольнага, «Ваўчаняты» А.Александровіча, А.Вольнага і А.Дудара (абедзве 1925), «Мяцеліца» М.Нікановіча (1926), «Партызан» Я.Нёманскага (1927), «Ні госць ні гаспадар» Л.Калюгі (1928), аповесць «Голы звер» (1926) і раман «Сцежкі-дарожкі» (1927) М.Зарэцкага, аповесць «Салавей» (1927) і першая кніга рамана «Язэп Крушынскі» (1929) З.Бядулі, раманы «Сястра», «Зямля» (абодва 1928) і аповесць «Лявон Бушмар» (1930) К.Чорнага, раманы «Запіскі Самсона Самасуя» А.Мрыя (1929), «Сын» Р.Мурашкі (1929) і інш. Першыя буйныя палотны бел. пісьменнікаў прысвечаны тэме дарэв. мінулага. Аднагеройнасць, аўтабіяграфізм, хранікальнасць, багацце «бытавога матэрыялу», псіхалагізм, замаруджанасць сюжэта за кошт паглыблення ва ўнутр. жыццё героя, лірычных адступленняў — асн. рысы першых бел. раманаў і аповесцей. Для маладой бел. прозы была новай такая зацікаўленасць «шырокім светам чалавечых думак», якая раскрыта ў аповесці Я.Коласа «У палескай глушы». Другая яго аповесць «У глыбі Палесся» больш дынамічная. У ёй прыкметна адрозніваецца спосаб выяўлення псіхалогіі героя: знешняе, аб’ектыўнае жыццё пераважае над унутр., суб’ектыўным. Бел. проза не ведала такога панарамна-аналіт. партрэтнага жывапісу, такой яго шматтэмнасці, як у трылогіі «На ростанях». У ёй створаны запамінальныя партрэты людзей розных грамадскіх пластоў. Эпічны талент пісьменніка імкнецца выйсці «на шырокі прастор», на плённы шлях «шматгалосся», перакрыжавання ў адной сцэне розных пунктаў погляду.
Бел. сац.-гіст. раман ствараўся ва ўмовах ідэі класавай барацьбы і ўстаноўкі рэвалюцыі, якая абвяшчала пралетарыят сваім гегемонам. Таму пісьменнікі пераключаліся з сялянскай тэмы на стварэнне вобраза рабочага-рэвалюцыянера. Адным з першых да яго адлюстравання звярнуўся Ц.Гартны ў рамане «Сокі цаліны» (1-я кніга «Бацькава воля» выйшла ў 1922, 2-я — «На перагібе» — у 1926, дзве апошнія — «Крыжавыя дарогі» і «Чырвоныя зарніцы» — у 1929). 1-я частка рамана — сац.-быт. і глыбока псіхал. твор, у якім аўтар асэнсоўваў перажыты ім жыццёвы матэрыял. У трох наступных яго частках пераважаюць умоўнасць, прыблізнасць, павярхоўнасць у адлюстраванні псіхалогіі герояў. Пісьменніку не ўдалося арганічна звязаць у адзін вузел асабістае, бытавое і грамадскае жыццё свайго гал. героя. Вобраз маладога і прыгожага змагара за нар. шчасце, т.зв. новага чалавека, імкнуліся стварыць «маладнякоўцы». У 1924—27 выйшаў шэраг прыгодніцка-рамант. аповесцей пра грамадз. вайну: «Свінапас» М.Чарота, «Два» А.Вольнага, «Ваўчаняты» А.Александровіча, А.Вольнага і А.Дудара, «Мяцеліца» М.Нікановіча, «Партызан» Я.Нёманскага. Гэтыя творы вылучаліся займальным, дынамічным сюжэтам, яркімі рамант. фарбамі, умоўнасцю палажэнняў, нематываванасцю ўчынкаў. Яны былі закліканы абудзіць у чытача класавую нянавісць. Ім уласціва празмерная наіўнасць, не хапала псіхалагізму, але яны ўзбагачалі прозу новымі сродкамі выразнасці, пашыралі яе сюжэтныя гарызонты. У аповесці «На прасторах жыцця» Я.Колас заклікаў моладзь авалодваць ведамі, выходзіць «на прасторы жыцця», сімвалам якіх стаў для моладзі горад. Нягледзячы на знешняе падабенства Сцёпкі да герояў «маладнякоўскай» прозы, коласаўскі герой аказваецца натурай больш глыбокай: культура пачуцця, тактоўнасць, далікатнасць, павага да іншых. Я.Колас, стоячы на грунце нар. светапогляду, вывяраючы ім дзеянні і ўчынкі героя, заўважае адхіленні ад яго ў паводзінах юнакоў і як бы выпраўляе іх думкай народнай. Аповесць З.Бядулі «Салавей» блізкая да «маладнякоўскіх» аповесцей сваім пафасам барацьбы за справядлівасць, сац.-вызв. матывамі, вобразам юнага змагара, хаця і малявала часы паншчыны. У творы арганічна пераплятаюцца рамант. светаадчуванне, амаль казачнасць сітуацый, лірычна-гумарыст. афарбоўка, рэаліст. фарбы і гратэскнасць. У аповесці ўзняты хвалюючыя праблемы сапраўднага прызначэння мастацтва, свабоды мастака-творцы. Томы інтэлігенцыі і рэвалюцыі, пошукаў гал. героем-інтэлігентам «у першым пакаленні» сваіх месца і моты ў жыцці вырашаюцца не толькі ў трылогіі Я.Коласа «На ростанях», але і ў рамане М.Зарэцкага «Сцежкі-дарожкі», блізкім ёй і па сваім чалавекалюбным пафасе і аналітызме. Рэаліст. паказ рэв. руху ў ім спалучаецца з рамант. бачаннем свету і людзей. У аповесці «Голы звер» (1926) М.Зарэцкі выкрывае маральную пазіцыю «звышчалавека», індывідуаліста, які вырашыў дазволіць сабе ўсё, што не дазволена людскімі законамі. І «Голы звер», і «Сцежкі-дарожкі» з’яўляюцца сімбіёзам розных стыляў: рамант., лірычныя, рэаліст. і сатыр. элементы вобразнасці. Пустое марнатраўства жыцця, паразітызм «цёмнага нэпманаўскага зброду» выкрывае Р.Мурашка ў аповесці «У іхным доме» (1929).
Першыя раманы К.Чорнага «Сястра» і «Зямля» (абодва 1928) сведчаць пра тое, што бел. празаікі напружана шукалі новыя сродкі адлюстравання працэсаў унутр. жыцця чалавека, не спыняючыся на традыцыйных, ужо адкрытых рус. і сусв. празаікамі. Раман «Сястра» блізкі да твораў «плыні свядомасці». Блізкасць заключаецца ў амаль поўнай адсутнасці знешнепадзейнага плана, у акцэнце на суб’ектыўным псіхалагізме. У рамане «Зямля» К.Чорны малюе яркія псіхал. партрэты сялян, не здраджваючы аб’ектыўнасці і гіст. праўдзе. Раман выводзіў бел. прозу на перспектыўны шлях псіхал. аналізу і праўдзівасці характараў, глыбокага даследавання жыцця. У аповесці «Лявон Бушмар» (1930) К.Чорнаму давялося дэманстраваць і «даказваць» сваю «партыйнасць», змагаючыся з уласніцкай псіхалогіяй, выкрываючы індывідуалістычную філасофію. Апавядальны тон аповесці ў некат. месцах нагадвае тон тэндэнцыйнага публіцыст. артыкула ці нарыса. Раман К.Чорнага «Зямля», аповесць «Лявон Бушмар» побач з аповесцю С.Баранавых «На абрэзках зямлі», у якой абуджалася класавая нянавісць да кулакоў і багацеяў, адкрывалі новую для бел. прозы тэму калектывізацыі.
Творы маладых пісьменнікаў, нягледзячы на многія ўласцівыя ім недахопы — фрагментарнасць, рэпартажнасць, фактаграфізм, капіраванне з натуры, часам здзіўлялі каштоўнасцю сац. адкрыццяў. Аповесць Л.Калюгі «Ні госць ні гаспадар» прасякнута трывогай, занепакоенасцю станам сучаснага яму грамадства, з’яўленнем у ім «ні госця ні гаспадара». У гэтым эпічным творы пра першых бел. камсамольцаў пісьменнік узняўся над жыццёвым матэрыялам, па-філасофску асэнсаваў працэсы, што адбываліся ў змененым грамадстве. Пісьменнікі шукалі новых людзей не ў «адсталым» сялянскім асяроддзі, а ў асяроддзі гараджан, рабочых, звязваючы з імі нараджэнне новай маралі, новага жыцця. Раман Р.Мурашкі «Сын» (1929), як і раман Ц.Гартнага «Сокі цаліны», вылучаецца жорсткай сац. запраграмаванасцю героя-рэвалюцыянера, яго наіўнай гераізацыяй. У рамане «Драпежнікі» Я.Нёманскага (1928—30, няскончаны) шырока разгорнута жыццё бел. грамадства напярэдадні 1-й сусв. вайны. Нягледзячы на пакладзены ў аснову рамана прынцып кантрастнага супастаўлення (з аднаго боку — «драпежнікі», з другога — рабочыя і сяляне), ён вызначаецца жыццёвай праўдай і пераканаўчасцю ў перадачы думак і пачуццяў герояў. З М.Гарэцкім звязана з’яўленне ў бел. прозе новай жанравай разнавіднасці — дакумент.-маст. запісак (форма дзённіка). У цэнтры яго аповесцей «У чым крыўда?», «Меланхолія» і «На імперыялістычнай вайне», якія ўяўляюць сабой трылогію, — драм. лёс прадстаўніка бел.нац. інтэлігенцыі сялянскага сына Лявона Задумы. У заключнай кнізе трылогіі «На імперыялістычнай вайне» эпісталярная форма падачы матэрыялу аказваецца вельмі плённай, бо дае поўную свабоду для самараскрыцця героя. На гэтым фоне рэзка вылучаецца сатыр. раман А.Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя» (1929). Аўтар нідзе ў сваім творы не звяртаецца да адкрытых абуральных інтанацый, да голага выказвання нянавісці, да тых заган сац. жыцця і носьбітаў зла, з якімі ён змагаецца. Гал. яго зброя барацьбы — смех, іранічная насмешка. Твор напісаны ў форме дзённіка гал. героя «тыповага выскачкі» Самсона Самасуя. Гэты раман А.Мрыя — вяршыннае дасягненне не толькі бел., але і ўсёй сав.сатыр. прозы.
Адметнасць яго — у абагульняльным размаху сатыр. карцін, у выбары самога аб’екта сатыр. высмейвання, у разнастайнасці спалучэння сродкаў абмалёўкі персанажаў, сатыр. фарбаў, у глыбіні маст. спасціжэння сучаснага яму жыцця, у мове. Пісьменнік шырока ўводзіў у моўную тканіну рамана бюракратычныя штампы, канцылярызмы, праз парадзіраванне якіх лепш адчуваецца і ўнутр. сутнасць герояў, і «грамадскія хваробы» паслярэв. рэчаіснасці. У далейшым рэаліст.-сатыр. лінія, якую так паспяхова развіваў у вял. эпічным жанры А.Мрый, наогул знікае з гарызонту бел. прозы (застаецца толькі драматургія). У канцы 1920-х г.бел. пісьменнікі імкнуліся пашырыць тэматычныя гарызонты нац. прозы, рабілі спробы стварыць «вытворчы раман», каб апець будаўніцтва новага жыцця, працоўны і творчы энтузіязм новага чалавека, ударную працу і сацспаборніцтва. Такая «вытворчая праблематыка» цікавіла Х.Шынклера ў аповесці «Сонца пад шпалы», у якой ёсць нямала старонак, напісаных з псіхал. паглыбленасцю ў вобразы, аднак схематызм, ілюстратыўнасць, палітызацыя моцна зніжаюць эстэт. ўзровень твора. Адным з дасягненняў прозы таго часу з’явілася развіццё літаратуры для дзяцей. Аповесці Я.Маўра «Чалавек ідзе», «У краіне райскай птушкі» (абедзве 1927), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930) і раман «Амок» (1929) адразу сталі папулярнымі і любімымі творамі бел. дзетвары. Пісьменнік удала спалучыў прыгодніцкія элементы з рэаліст. сродкамі характарыстыкі і з прыёмамі навук.-папулярнага жанру. Жыццю школьнікаў прысвечаны зб.апавяд. «Гул бубна» А.Якімовіча (1925).
1920-я г. — шчодры на творчыя адкрыцці перыяд, які адрозніваўся дыялогам-спрэчкай розных літ. школ і кірункаў, маст. густаў, метадаў паказу чалавека. Менавіта ў гэты час выпрацаваны нац. традыцыі эпічнага адлюстравання жыцця, на якія абапіралася пазнейшая літаратура, распрацаваны стыль прозы, пашырыліся выяўл. магчымасці бел. мовы. Проза 1930-х г. значна бяднейшая на фарбы і колеры, больш аднастайная ў ідэйна-змястоўным і стылявым плане, нягледзячы на тое, што яна прадстаўлена досыць вялікай колькасцю раманаў, аповесцей, апавяданняў і навел.
У 1930-я г. працягвалі свой творчы шлях пісьменнікі, якія выступілі ў друку ў 1920-я г., — П.Галавач, М.Зарэцкі, Л.Калюга, К.Крапіва, А.Мрый, М.Паслядовіч, Э.Самуйлёнак, Я.Скрыган, К.Чорны, Х.Шынклер і інш., а таксама старэйшыя пісьменнікі, вядомыя ўжо ў дакастрычніцкі час, — Я.Колас, Ц.Гартны, З.Бядуля. У гэты час у бел. літаратуру прыйшлі празаікі У.Краўчанка, Б.Мікуліч, А.Стаховіч і інш. Многія бел. пісьменнікі ў гэты перыяд былі абвешчаны ворагамі народа і рэпрэсіраваны, некат. расстраляны: С.Баранавых, П.Галавач, Ц.Гартны, М.Зарэцкі, В.Коваль, Л.Калюга, А.Мрый, Я.Нёманскі і інш.
Адной з цэнтральных у бел. прозе 1930-х г. з’яўлялася тэма калектывізацыі. Ёй прысвечаны раманы «Ідзі, ідзі» К.Чорнага (1930), «Язэп Крушынскі» З.Бядулі (1929—32), «Вязьмо» М.Зарэцкага, «Мядзведзічы» К.Крапівы (абодва 1932), «Перагуды» Ц.Гартнага (1935), «Салаўі святога Палікара» Р.Мурашкі (1933—39), аповесці «Межы» (1929—30) і «Новая дарога» (1931—32) С.Баранавых, «Адшчапенец» Я.Коласа, «Спалох на загонах» П.Галавача (абедзве 1930—31), «Чорная Вірня» Б.Мікуліча (1931) і інш. Амаль у кожным з гэтых твораў праводзіцца ідэя пра неўладкаванасць сялянскага жыцця, пра неабходнасць перамен, карэннай ломкі дробнаўласніцкай сельскай гаспадаркі.
Маст. літаратура 1930-х г. павінна была стаць прапаведніцай палітыкі партыі. Многія пісьменнікі добра ўсвядомілі гэтую пастаўленую перад імі задачу і пачалі замяняць маст. малюнак плакатам-агіткай. Ніводзін твор пра калектывізацыю не абыходзіцца без вобраза кулака: «Мядзведзічы» К.Крапівы, «Вязьмо» М.Зарэцкага, «Межы» С.Баранавых, «Вясна» К.Чорнага і інш. Усе яны малююцца досыць аднастайнымі, зніжанымі фарбамі. У кожным з іх пададзена ўласніцкая прагавітасць і сквапнасць. Час вялікага пералому пісьменнікі 1930-х г. малявалі досыць схематычна. У многіх творах пра калектывізацыю сяляне асуджаліся як прадстаўнікі старога, цёмнага свету. Творам, у якім раскрыта трагедыйнасць таго часу, мог быць незавершаны раман Л.Калюгі «Пустадомкі» (1933—35). Ён напісаны ва ўмовах лагернага жыцця і ссылак, таму не мог у свой час з’явіцца ў друку (надрукаваны ў канцы 1980-х г.). Аўтар пільна прыглядаецца да маральнага аблічча калег па пяру і заўважае, як многія з іх паступова становяцца прыстасаванцамі.
Літаратура 1930-х г. шмат увагі аддавала пытанням кахання, шлюбу і сям’і, адносінам новай улады да жанчыны. Яна актыўна прапагандавала новы тып жанчыны, чужы традыцыйнаму светапарадку (раманы «Вязьмо» М.Зарэцкага і «Трэцяе пакаленне» К.Чорнага). Этыка кахання, шлюбу і сям’і моцна цікавіць К.Чорнага ў аповесці «Люба Лук’янская» (1936), дзе асабліва выразна акрэсліваецца разыходжанне хрысціянскай і сав. маралі. Аповесць К.Чорнага «Люба Лук’янская», яго раман «Трэцяе пакаленне», апавяданні М.Лынькова і Я.Скрыгана сцвярджаюць сацыяліст. мараль як вышэйшую форму маралі. «Вытворчая» аповесць Б.Мікуліча «Наша сонца» (1931) малюе вобраз «новага чалавека», занятага выключна грамадскімі справамі. Чалавек і складаны свет яго думак зацямняюцца і ў аповесцях А.Стаховіча «Пампей Шчупак» (1940) і М.Паслядовіча «Магістральны канал» (1940), у якіх апісанне вытв. працэсу становіцца ледзь не самамэтай. Арыентацыя літаратуры на актыўнае ўмяшанне ў жыццё нарадзіла і антыфашысцкія творы, накіраваныя супраць усіх форм таталітарызму. У іх ліку аповесці «Марсель» М.Паслядовіча (1931), «Тэорыя Каленбрун» Э.Самуйлёнка (1933), «Носьбіты нянавісці» (1935—36) і «Яны не пройдуць» (1936—37) П.Галавача. Некат. пісьменнікі, у т. л. Я.Колас, М.Лынькоў, Э.Самуйлёнак, К.Чорны, звяртаюцца да мінулага бел. народа. Іх цікавіць гіст. развіццё нацыі, непарыўная повязь часоў, пераход дня ўчарашняга ў дзень сённяшні і будучы.
Значнай падзеяй у літ. жыцці таго часу з’явілася аповесць Я.Коласа «Дрыгва» (1932—33). У вобразе 70-гадовага дзеда Талаша, мужнага, вольналюбівага паўстанца, партызана, Я.Коласу ўдалося ўвасобіць нац. характар беларуса. Я.Колас ішоў ад рэальнага факта, ад рэальнага прататыпа, што спрыяла праўдзівасці і жыццёвасці твора. Псіхал. пераканальнасць у абмалёўцы персанажа, добры, мяккі гумар, займальнасць інтрыгі, драматызацыя сюжэта, эпічны размах — усё гэта надавала аповесці эстэт. каштоўнасць. Да шырокай панарамнасці і аналітычнай заглыбленасці імкнуўся ў сваёй творчасці К.Чорны. Ён задумаў напісаць цыкл твораў, у якіх хацеў стварыць карціну развіцця чалавечага грамадства. Задума часткова матэрыялізавана ў раманах «Бацькаўшчына» (1931), «Трыццаць год» (1934) і «Трэцяе пакаленне» (1935). Да рэв. мінулага звернуты шырокія эпічныя палотны: раманы «Праз гады» П.Галавача (1934—35) і «Будучыня» Э.Самуйлёнка (1936—38). Шэраг партрэтаў местачкоўцаў створаны ў эпапеі «На чырвоных лядах» М.Лынькова (1934), у аповесцях «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939) З.Бядулі.
Адметнай старонкай у прозе 1930-х г. з’яўляюцца раманы М.Гарэцкага «Віленскія камунары» (1931—32) і «Камароўская хроніка» (1932—37), у якіх пісьменнік імкнуўся рэалізаваць задуму пра стварэнне хронікі некалькіх пакаленняў адной сям’і, пачынаючы ад прыгону і да нашых дзён. Незавершаны раман-эпапея «Камароўская хроніка» вызначаецца вялікім часавым прамежкам — жыццё беларусаў на працягу 19 — пач. 20 ст.Ён уяўляе сабой летапіс-даследаванне вясковага жыцця. Узор поліфанічнай прозы, адзіны ў сваім родзе ў літаратуры 1930-х г., — раман Р.Мурашкі «Салаўі святога Палікара» (1933—39). Глыбокі псіхалагізм, гуманістычны пафас, сінтэз розных стыляў, розных тыпаў вобразнасці (рэалістычна-аналітычнае пісьмо, узвышаная рамантыка, лірызм «у чыстым выглядзе», моцны сатыр. струмень) гавораць пра наватарства твора.
Нягледзячы на неспрыяльнае для творчасці грамадска-паліт. становішча ў краіне бел. проза 1930-х г. здолела прадэманстраваць вялікія магчымасці нац. слова ў асваенні новых сфер чалавечага жыцця. Проза 1920—40-х г. заклала падмурак, на якім паслядоўнікі змаглі больш упэўнена ўзводзіць будынак нац. літаратуры.
Драматургія У пач. 1920-х г.бел. драматургія ўступіла ў новую, прынцыпова адрозную ад ранейшых, стадыю развіцця, абумоўленую адкрыццём першых у гісторыі айч. культуры прафес.бел.-моўных тэатраў: 10.8.1920 у памяшканні Бел. рабочага клуба распачала сваю дзейнасць «Трупа беларускіх артыстаў пад загадам Галубка», а 14.9.1920 на сцэне гар. тэатра адбылася прэм’ера Бел.дзярж. тэатра. Наяўнасць двух нац.прафес. тэатраў аб’ектыўна адкрывала перад бел. драматургіяй небывалыя раней перспектывы.
Працэс пераходу ад рэжыму выжывання да нармальнага творчага функцыянавання ў бел. драматургіі праходзіў не без супярэчнасцей. Новы этап драматургічнай творчасці пачаўся не новымі па сваёй паэтыцы п’есамі: «Суд» У.Галубка, «Мутэрка» М.Гарэцкага, «Конскі партрэт» (усе 1920) і «Пасланец» Л.Родзевіча (1921), якія тэматычна і паводле сэнсава-выяўл. асаблівасцей напісаны ў адпаведнасці з традыцыямі бел. дакастрычніцкай літаратуры. Сюжэт камедыі «Суд» У.Галубка заснаваны на крытыцы судова-бюракратычнай машыны царскай Расіі; абразок з натуры «Мутэрка» М.Гарэцкага прысвечаны балюча-актуальным для Беларусі ва ўсе часы праблемам здрадніцтва нац. інтарэсам з боку інтэлігенцыі выкрыццю яе духоўнага кампрадорства. Грамадз. пафас уласцівы і камедыі «Пан міністар» Ф.Аляхновіча (1922). Вадэвіль «Конскі партрэт» і сцэн. абразок «Пасланец» Л.Родзевіча развівалі традыцыі быт. сатыры, камедыі становішчаў.
У пошуках новых форм маст. выразнасці, актуалізацыі сюжэтна-падзейнага зместу твораў бел. драматургіі прыйшлі да распрацоўкі фальклорна-этнагр. матэрыялу, да якога яны звярталіся і раней, калі паўставала неабходнасць аздобіць дзею каларытнай фактурай, надаць ёй натуральнасць гучання. Ідэяй стварэння серыі фальклорна-этнагр. п’ес захапіўся Е.Міровіч. Дзеля гэтага ён запрасіў да супрацоўніцтва ўсіх бел. пісьменнікаў. Найб. плённым такое супрацоўніцтва аказалася з М.Чаротам, які ўжо меў вопыт пісьменніцкай, паэт. і тэатр. дзейнасці: выступаў як акцёр, быў аўтарам камедыі «Жаніх без шлюбу» (1919), драмы «Слуцкая варона» (1920), аднаактовых п’есак для дзяцей «Данілка і Алеська» (1919), «Пастушкі» (1920). Яго музычна-этнагр. п’еса «На Купалле» не проста сінтэзавала ранейшы вопыт сцэн. асэнсавання фалькл. сюжэтаў, але дэманстравала прынцыпова новыя магчымасці такога асэнсавання. Па-першае, бел. драматургія, якая мела слабейшыя літ. традыцыі, чым многія інш. народы, арыентуючыся на ўласны фальклор, застрахоўвала сябе ад страты нац. адметнасцей (такая небяспека была зусім рэальнай у атмасферы татальнага непрыняцця класічных традыцый, адмаўлення ад набыткаў «старой» драматургіі, якія насаджалі пралеткультаўскія тэарэтыкі). Па-другое, фальклорна-этнагр. п’есы выконвалі народаадкрывальныя функцыі (напр., маскоўскія тэатр. аглядальнікі, якія пабачылі спектакль «На Купалле» ў 1923, калі БДТ выязджаў у Маскву для ўдзелу ва Усерасійскай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысл. выстаўцы, адзначылі, што гэты спектакль раскрыў рус. гледачу душу бел. народа лепш, чым гэта зрабілі б дзесяткі навук. артыкулаў). Гэтыя п’есы адкрывалі Беларусь не толькі для народаў свету, але і для саміх беларусаў, якім пасля доўгіх гадоў нац. ўціску было няпроста самаідэнтыфікавацца, усвядоміць сваю дзяржаўнасць, пераадолець сіндром тутэйшасці. П’есы, заснаваныя на традыц.фалькл. сюжэтах, былі новым словам у літаратуры Беларусі, бо адкрывалі невядомыя раней тэматычныя гарызонты. Выкарыстанне нар.-паэт. прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці адбывалася не шляхам механістычнага капіравання фалькл. сюжэтаў, элементаў іх паэтыкі, а ў выніку творчага пераасэнсавання.
Сац.-паліт. заангажыраванасць драматургіі таго часу абумовіла зварот пісьменнікаў да гіст. тэматыкі. У п’есах «Пан Сурынта», «Плытагоны» У.Галубка (абедзве 1923), «Панскі гайдук» Я.Дылы (1924), «Паўстанцы» А.Александровіча (1925) мінулае бел. народа паўстае яшчэ на ўзроўнях фалькл. памяці, а ўжо ў драмах «Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча (1923) і «Скарынін сын з Полацка» М.Грамыкі (1926) ушчыльную наблізілася да строгай дакументальнасці. Працэс маст. асэнсавання гіст. мінулага, актуальнасць якога павышаецца на пераломных этапах жыцця народа, не знайшоў свайго гарманічнага завяршэння, бо барацьбу з творчай арыентацыяй на фальклор распачалі пралеткультаўцы. Асабліва востра крытыкаваліся п’есы з гіст. зместам: за «фетышызацыю» традыц.маст. сродкаў (у новых умовах патрэбна не стылізацыя пад мінулае, а свядомае, паслядоўнае тварэнне будучага), за «ідэалізацыю» мінулага, як праяву нацыяналізму. Былі зняты з рэпертуару «Вяселле» В.Гарбацэвіча (1921), «Машэка» (1923) і «Каваль-ваявода» (1924) Е.Міровіча, «Апраметная» В.Шашалевіча (1926).
Як альтэрнатыву этнаграфізму пралеткультаўцы прапагандавалі тэатр масавых дзействаў. Але ён не меў пашырэння на Беларусі: адбыўся толькі адзіны плошчавы спектакль «Праца і капітал» (1921), ажыццёўлены ў Мінску Е.Міровічам. Бел. драматургія звярнулася да гераічнага тэатра. Асн. патрабаванні да п’ес гераічнай тэматыкі: у творах пафас рэвалюцыі (рамантызм, агітацыйнасць) павінен спалучацца са строгім рэалізмам гісторыі і сучаснасці (мастацкасць і праўдзівасць), цалкам супадаць з творчымі пастулатамі бел. драматургаў. П’есай-вытокам з’явілася драма «Чырвоныя кветкі Беларусі» В.Гарбацэвіча (1923), прысвечаная мужнай барацьбе і пакутніцкай смерці камсамольцаў-партызан з вёскі Дукора, расстраляных польскімі акупантамі ў 1920. Гераічныя падзеі, барацьба з акупантамі асэнсоўвалася і ў драме «З дымам-пажарам» А.Ляжневіча (1924). М.Гарэцкі ў гісторыка-рэв. драме «Чырвоныя ружы» (1922) намаляваў уражлівую рэтра-панараму нарастання рэв. незадавальнення. Не менш уражліва паказаны і катастрафічныя вынікі шматвяковага процістаяння прыгнечаных і прыгнятальнікаў. П’есы «Забастоўшчыкі» (1925), «Вайна вайне» (1927—31) Я.Коласа дэманстравалі высокі маст. ўзровень увасаблення гераічных характараў, пераканаўча паказвалі заканамернасці прыходу нар. мас у рэвалюцыю. Да сярэдзіны 1920-х г. выразна акрэслілася патрабаванне паказу і ўслаўлення сацыяліст. будаўніцтва, сав. ладу жыцця. Аб праявах новага ў чалавечых узаемаадносінах напісаны п’есы «Лекары і лекі», «Два жаніхі» А.Гаротнага, «Дзень ураджаю» І.Барашкі (усе 1925), «Пашанцавала» Т.Кашэль, «Чырвоная касынка» Г.Базыленкі (абедзве 1926), «Пад вішнёвымі садкамі» В.Гарбацэвіча, «Бацька і сын» (абедзве 1927), «Спявай, вясна!» (1928) В.Сташэўскага і інш. Яны не вызначаліся высокім маст. узроўнем, аднак зрабілі пэўны ўклад у выпрацоўку жанравых традыцый, у назапашванне вопыту сцэн. асваення праблем сучаснасці. Не ўзняліся да маст. вышынь і творы на антырэліг. тэму: «Калі дзяк гаворыць праўду» А.Вольнага (1924), «У цемры» (1927) і «У прошчы» (1928) В.Сташэўскага, «За калгас» Я.Мазуркевіча (1929). Праява крайняй ступені грамадскай заангажыраванасці драматургіі 1920-х г. — агітп’есы. Яны пераважна заказваліся аўтарам, іх аператыўна друкавалі, ставілі, ухвалялі ў перыяд. друку безадносна да маст. вартасці. Агітп’есы былі пэўным фактарам нар.-гаспадарчай дзейнасці краіны. Яны прапагандавалі калектывісцкую свядомасць («Чаму Янка ў камуну пайшоў» М.Міцкевіча, 1924; «Нечаканае» Ю.Лявоннага, 1926; «Старое і новае» А.Цітавай, 1929), папулярызавалі сярод насельніцтва сельскагаспадарчыя веды («У агранома» А.Вольнага, 1924; «Суд над трохпалёўкай» Н.Уліцына, 1925; «Наша свята» А.Дабравольскага, 1926) і інш.
Важнейшая асаблівасць развіцця бел. драматургіі 1920-х г. — універсальнасць яе творчых пошукаў. Яна была адкрытая для ўсіх навацый, якія засвойваліся метадам спроб і памылак, паступова назапашваўся прафес. вопыт, расла колькасць драматургічных твораў. Часцей драматургія папаўнялася п’есамі, арганічна ўгрунтаванымі ў духоўны нац. кантэкст, знітаванымі з глыбіннымі праблемамі рэчаіснасці. Паказальны ў гэтых адносінах прыклад трагікамедыі Я.Купалы «Тутэйшыя» (1922). Абапіраючыся на ранейшы (В.Дунін-Марцінкевіч, К.Каганец) і інш. вопыт сатыр. выкрыцця манкуртызму, развіваючы адраджэнскі курс нашаніўцаў, Я.Купала даў узор працы ў новых сац.-паліт. умовах, паказаўшы шляхі дасягнення сапраўднай маст. дасканаласці і высокай грамадзянскасці. Е.Міровіч, ідучы ад «Тутэйшых», здолеў у сатыр. камедыі «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (1925) выкрыццё цынізму і прыстасавальніцтва ўзняць на новую маст. вышыню. Купалаўскі вопыт сатыр. ўвасаблення вобразаў персанажаў адчуваецца і ў камедыі «Ветрагоны» У.Галубка (1930). У канцы 1920-х г. з’явіліся п’есы на тэму індустрыялізацыі «Запяюць верацёны» Е.Міровіча (1928), «Мост» Я.Рамановіча, «Гута» Р.Кобеца (абедзве 1929), «Напор» А.Александровіча, «Качагары» І.Гурскага (абедзве 1931), «Белая зброя» У.Галубка (1933). Гэтыя п’есы значна пашыралі сюжэтна-тэматычныя гарызонты драматургіі, абсягі спасціжэння ёю новых жыццёвых рэалій, але аўтары іх, засяроджваючы залішне пільную ўвагу на шкодніках, сабатажніках, дыверсантах і інш., вольна ці нявольна інспіравалі ў грамадстве класавую варожасць, настроі экзальтаванага недаверу, падазронасці і неталерантнасці. У п’есах на тэму калектывізацыі матывы шкодніцтва занялі дамінуючае становішча, набыўшы асабліва змрочнае адценне: «Засеўная» і «Помста кулацкая» Б.Крамскога (абедзве 1930), «Сварка» і «Бальшавіцкая вясна» І.Гурскага, «На пэўным шляху» С.Якаўлева, «Шляхі» У.Стэльмаха, «Камяніца» М.Міцкевіча, «Песні нашых дзён» В.Гарбацэвіча, «За калгас» Я.Мазуркевіча (усе 1930), «Трактар» М.Блісцінава (1931) і інш. Схематызму сюжэтнай будовы, ідэалагічнай зададзенасці ў паказе праблем калектывізацыі не без поспеху спрабавалі пазбегнуць В.Шашалевіч («Рой», 1931), К.Чорны («Лета», 1932), М.Зарэцкі («Сымон Карызна», 1933), В.Сташэўскі («Мікола Гоман», 1936). Паспяховым было таксама асэнсаванне антыфашысцкай тэматыкі ў п’есах «Rot front» (1933) Б.Мікуліча і «Сімфонія гневу» (1935) В.Шашалевіча.
1930-я г. саступалі папярэдняму дзесяцігоддзю і колькасцю напісаных п’ес, і разнастайнасцю творчых пошукаў. Але ў гэты перыяд было шмат зроблена для прафес. росту драматургаў: праводзіліся конкурсы на лепшы драматургічны твор, з’явіліся навукова вывераныя публікацыі, зменшыўся імпэт прапаведнікаў ультрарэв. навацый. Спроба ўкараніць «дыялектыка-матэрыялістычны метад», заснаваны на механістычным пераносе законаў і катэгорый дыялектыкі ў галіну маст. творчасці, не ўдалася, хаця драмы «Напор» А.Александровіча і «Новы горад» І.Гурскага (абедзве 1931), нібыта напісаныя паводле гэтага метаду, крытыка і расхваліла. Затое загучала інш. драматургія. П’есы «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.Коласа (абедзве 1937) пераканаўча паказалі ролю народа ў гіст. працэсе. Глыбінёй псіхал. характарыстыкі персанажаў, грунтоўнасцю філас. абагульненняў абазначыў свой драматургічны стыль К.Чорны ў п’есах «Бацькаўшчына» (1932—39), «Базылевічава сям’я» (1938), «Ірынка» (1941). Знакавым было далучэнне да драматургічнай творчасці К.Крапівы. Калізіі грамадз. абавязку і асабістай адказнасці, якія пакладзены ў аснову першай драмы «Канец дружбы» (1934) сталі лейтматыўнымі на працягу ўсёй яго працы на драматургічнай ніве. Народнай сталі называць драму «Партызаны» (1937), але вяршынным дасягненнем бел. драматургіі 1930-х г. была сатыр. камедыя «Хто смяецца апошнім» (1939), у якой бязлітаснае выкрыццё адмоўных з’яў рэчаіснасці, саркастычнае высмейванне гарлахватчыны як увасаблення бюракратычнай фанабэрыі, цынізму, прыстасавальніцтва і ваяўнічага невуцтва спалучалася з бліскучым майстэрствам абмалёўкі вобразаў герояў. У канцы 1930-х г. на поўны голас загучала тэма жыцця ў прыграніччы: «На варце» І.Гурскага, «Гарачае сэрца» (абедзве 1938) і «Шалёная рысь» М.Паслядовіча, «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка, «Хата з краю» Я.Маўра (усе 1939). Пач. 1940-х г. адзначаны гучным поспехам камедыі В.Вольскага «Несцерка» (1941). Аднак Вял. Айч. вайна і акупацыя Беларусі перапынілі натуральны ход развіцця бел. літаратуры.
І.Э.Багдановіч (паэзія 1920-х г.), М.М.Арочка (паэзія 1930-х г.), З.У.Драздова (проза), С.С.Лаўшук (драматургія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ВІЧ Францішак Бенядзікт Казіміравіч (21.3.1840, б. фальварак Свіраны, Вільнюскі р-н, Літва — 28.4.1900),
бел. паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1861 паступіў на фіз.-матэм.ф-тПецярб. ун-та; выключаны з 1-га курса за адмаўленне прыняць новыя універсітэцкія правілы. Працаваў настаўнікам у Доцішках (Воранаўскі р-н). Удзельнік паўстання 1863—64, у баях у Аўгустоўскіх лясах паранены. З-за пагрозы рэпрэсій тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. Пры дапамозе Я.Карловіча паступіў у Нежынскі юрыд. ліцэй, які скончыў у 1868. Працаваў судовым следчым на Украіне і ў Расіі. З 1884 у Вільні, адвакат судовай палаты; вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. З 1898 жыў у Кушлянах (Смаргонскі р-н), пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н). Багушэвіч — рэв. дэмакрат, пачынальнік крытычнага рэалізму ў бел. л-ры. Вытокі яго творчасці ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэт. традыцыямі слав. паэзіі. У зб-ках «Дудка беларуская» (пад псеўд. Мацей Бурачок; Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (пад псеўд. Сымон Рэўка з-пад Барысава; Познань?, 1894) паказаў селяніна, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі. У ім Багушэвіч бачыў не проста пагарджанага доляй, прыгнечанага мужыка, а чалавека, які крытычна ўспрымае свет, не баіцца «з’ехаць урадніку тройчы меж вушоў». Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе!»), Петрука Пантурка («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш.Сац. пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зб. «Смык беларускі») — узор выкарыстання бел.нар. песні і насычэння яе сац. і філас. зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы «на зямельку, слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй». У яго творчасці на ўвесь голас загучалі і матывы нац. адраджэння. У прадмове да зб. «Дудка беларуская» ён абгрунтоўваў права бел. народа на развіццё сваёй мовы і заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат рабіў Багушэвіч для фарміравання бел.літ. мовы, узбагачэння і ўдасканалення бел. паэтыкі. Ён узнімаў некранутыя моўныя пласты, карыстаўся сілабікай, каб надаць вершу гутарковае гучанне, смела ўводзіў сілаба-танічны памер, народна-песенныя прыёмы. Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыст. маналог («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона»), філас. роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка нар. казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Багушэвічу належаць і першыя ў бел. л-ры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» (усе апубл. 1907) зместам і формай цесна звязаны з нар. гумарэскай, быт. анекдотам. Апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892) бліжэй да літ. традыцыі; у ім яскрава ўвасоблены расслаенне бел. вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам. У 1886—91 пад псеўд. Demos, B.Huszicz, Ten і інш. друкаваў у польскім пецярбургскім час. «Kraj» («Край») допісы і артыкулы, у якіх пісаў пра цяжкае жыццё працоўнага люду, крызіс сельскай гаспадаркі, нізкія ўраджаі, цемнату і непісьменнасць народа. Лісты Багушэвіча да Я.Карловіча і Э.Ажэшкі (датуюцца 1868—97) — важныя дакумент. сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця. Не ўсе творы Багушэвіча дайшлі да нас. Няма пэўных звестак пра змест зб. «Скрыпка беларуская», які меўся выйсці пасля смерці аўтара, не знойдзены ў архівах зб. «Беларускія апавяданні Бурачка», падрыхтаваны ў 1899 і не прапушчаны цэнзурай, не збярогся слоўнік бел. мовы, які Багушэвіч складаў па прапанове Карловіча. Яму прыпісваецца пракламацыя без назвы (пачынаецца словамі «Гаспадары, для вас пішу гэта апавяданне»), выдадзеная па-беларуску ў Кракаве і прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894. Імя Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, у Кушлянах створаны Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. Помнікі паэту ў в. Жупраны і на яго магіле.
Тв.:
Творы. Мн., 1967;
Вершы. Мн., 1976;
Творы. Мн., 1991.
Літ.:
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;
Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957;
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1969;
Яго ж. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;
Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Майхрович А. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Янушкевіч Я. «Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху...»: Новае з перапіскі Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам // Шляхам гадоў. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМУ́ТА, Смутны час,
тэрмін рас. гістарыяграфіі для абазначэння падзей гасп., cau.-паліт. і дынастычнага крызісу ў Расіі канца 16 — пач. 17 ст., які быў узмоцнены замежным ваен.-паліт. умяшаннем. У сав. гістарыяграфіі ўжываліся тэрміны «Сял. вайна пач. 17 ст.», «Польская і швед. інтэрвенцыя пач. 17 ст.». Сучасныя рас. гісторыкі разглядаюць падзеі пач. 17 ст. як грамадз. вайну, у якую былі ўцягнуты ўсе сац. групы і пласты: у фазу адкрытай узбр. барацьбы перайшлі вострыя антаганізмы паміж феадаламі і сялянамі, якія супраціўляліся запрыгоньванню (гл.Запаветныя гады); паміж казацтвам і дваранствам, дваранствам цэнтра і ўскраін, якія змагаліся за ўладу і ўплыў у краіне. Рэч Паспалітая і Швецыя імкнуліся выкарыстаць унутрырас. крызіс для вяртання страчаных у папярэдніх войнах зямель. У 1598 памёр апошні прадстаўнік дынастыі маскоўскіх Рурыкавічаў цар (з 1584) Фёдар Іванавіч. Становішча выбранага Земскім саборам цара Барыса Гадунова [1598—1605] было складаным, бо яго падазравалі ў забойстве царэвіча Дзмітрыя Іванавіча. Неўраджай і масавы голад 1601—03 пагоршылі жыццёвыя ўмовы ўсіх пластоў грамадства, асабліва сялян, што прывяло да буйных хваляванняў пад заклікам звяржэння Гадунова і перадачы ўлады «законнаму цару Дзмітрыю Іванавічу», якому нібыта ўдалося выратавацца. У 1604 пад імем царэвіча Дзмітрыя Іванавіча з поўдня ў межы Расіі, пры падтрымцы Рэчы Паспалітай, уступіў самазванец Ілжэдзмітрый I, якога падтрымала ч. баярства і гараджан. Пасля раптоўнай смерці Барыса Гадунова (1605) і забойства яго сына Фёдара Лжэдзмітрый I заняў прастол. У 1606 ён забіты змоўшчыкамі на чале з кн.Васілём Іванавічам Шуйскім, які быў выбраны новым царом [1606—10]. Шуйскі задушыў Балотнікава паўстанне 1606—07, якое адбывалася пад заклікам перадачы ўлады «зноў выратаванаму» Дзмітрыю Іванавічу. Летам 1607 з’явіўся новы самазванец Ілжэдзмітрый II, падтрыманы атрадамі магнатаў і шляхты Рэчы Паспалітай, а таксама данскімі казакамі на чале з І.М.Заруцкім. Летам 1608 ён асадзіў Маскву і авалодаў суседнімі землямі. На бок самазванца перайшла ч. баяр, дваран і духавенства. У лют. 1609 Шуйскі звярнуўся па дапамогу да Швецыі, якой прапанаваў узамен рас. землі з крэпасцямі Ям, Капор’е і Карэла. Кн. М.В.Скапін-Шуйскі ў 1609—10 пры падтрымцы швед. атрадаў нанёс паражэнні прыхільнікам Ілжэдзмітрыя II і зняў аблогу з Масквы. Саюз Расіі са Швецыяй, з якой Рэч Паспалітая была ў стане вайны, стаў зачэпкай для развязвання вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У гэтай вайне В.Шуйскі пацярпеў паражэнне і ў ліп. 1610 скінуты з трона баярскай групоўкай. Улада перайшла да т.зв. сямібаяршчыны, па ініцыятыве якой царом выбраны польскі каралевіч Уладзіслаў (гл.Уладзіслаў IV), Маскву заняў польска-літ.-бел. гарнізон. Летам 1610 адкрытую інтэрвенцыю пачала Швецыя, яе войскі ў 1611 занялі Карэлу і Ноўгарад, у 1612 — Ям, Капор’е, Арэшак, Ладагу, інш. гарады і крэпасці. Патрыят. рух пад заклікам выгнання іншаземцаў і выбрання «спрадвечнага» цара прывёў да фарміравання Першага апалчэння 1611, потым Народнага апалчэння 1612 пад кіраўніцтвам К.Мініна і Дз.Пажарскага, якое восенню 1612 вызваліла Маскву. У сак. 1613 земскі сабор выбраў царом Міхаіла Фёдаравіча Раманава, які паклаў пачатак дынастыі Раманавых. У 1613—14 на Доне і Ніжняй Волзе задушаны казацка-сял. рух Заруцкага, які прапаноўваў на рас. прастол малалетняга «царэвіча» Івана — сына М.Мнішак (дачка польскага магната, жонка Лжэдзмітрыя 1, а потым і Лжэдзмітрыя II). Паводле Сталбоўскага міру 1617 Швецыя пакінула за сабой Іжорскую зямлю і г. Карэла з паветам, Расія страціла выхад да Балт. мора. У 1617—18 адбіта спроба войск Рэчы Паспалітай захапіць Маскву. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 Расія ўступіла Рэчы Паспалітай б.ч. Смаленшчыны, Чарнігаўшчыну, Ноўгарад-Северскія і некат. інш. землі. Такім чынам, да пач. 1620-х г.рас. народ цаной вял. ахвяр у асн. пераадолеў С. і адстаяў сваю нац. дзяржаўнасць. Узмацнілася ідэя самадзяржаўя, пашырыліся настроі ізаляцыянізму, узрасло значэнне правасл. каштоўнасцей.
Літ.:
Абрамович Г.В. Князья Шуйские и Российский трон. Л., 1991;
Зимин А.А. Канун грозных потрясений: Предпосылки первой крестьянской войны в России. М., 1986;
Карамзин Н.М. История государства Российского. Кн. 3, т. 9—12. М., 1989;
Ключевский В.О. Соч.: В 9 т. Т. 3. Курс русской истории, ч. 3. М., 1988;
Костомаров Н.И. Смутное время Московского государства в начале XVII столетия, 1604—1613. М., 1994;
Платонов С.Ф. Очерки по истории смуты в Московском государстве, XVI—XVII вв. 5 изд. М., 1995;
Яго ж. Смутное время СПб., 2001;
Скрынников Р.Г. Россия накануне «смутного времени». М., 1980;
Яго ж. Социально-политическая борьба в Русском государстве в начале XVII в. Л., 1985;
Яго ж. Смута в России в начале XVII в.: Иван Болотников. Л., 1988;
Яго ж. Самозваниы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев. 2 изд. Новосибирск, 1990;
Смута в Московском государстве. М., 1989;
Соловьев С.М. Соч.: В 18 кн. Кн. 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́ДАВЫЯ СТРА́ВЫ,
адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. Традыц. абрадавыя стравы беларусаў — каша, бліны, аладкі, хлеб і інш. — выконвалі знакавую функцыю і звычайна суправаджалі магічныя абрадавыя дзеянні. Каша з цэлага зерня (ячменнага, прасянога і інш.) — неад’емная частка радзіннага, вясельнага, памінальнага, каляднага, жніўнага абрадаў. Цэнтр. месца ў святкаванні радзін адводзілася бабінай кашы. На другі дзень вяселля кашу падносілі маладой. На памінкі варылі салодкую ячную кашу, а таксама рытуальную памінальную страву — канун. Ва ўсх. Беларусі сярод памінальных страў былі клёцкі. Гал. абрадавай стравай каляднага святкавання была куцця; яе абносілі вакол хаты, ставілі на покуць, каб паспрыяць будучаму ўраджаю, верх з яе аддавалі курам, каб добра несліся. На бедную куццю гаспадар або старэйшая жанчына клікалі мароз, прыгаворваючы, каб ён не марозіў «ні кійкоў, ні гуркоў, ні аратаяў старых, ні пагонічаў маладых» (Гродзеншчына). Куцця, як і бліны, была атрыбутам варажбы. На Палессі жытнюю кашу бралі з сабой, ідучы першы раз жаць: нажаўшы першы сноп, тры разы бралі ў рот кашы, астатнюю выкладвалі ў сноп і завязвалі яго. З рытуальнай сімволікай ураджаю звязаны і велікодныя стравы: рэшткі асвячоных у царкве яек, пірагоў, кумпяка (косці) закопвалі на загонах. Адно велікоднае яйка захоўвалі да пачатку сяўбы (яго бралі з сабой, едучы першы раз сеяць). Асаблівая магічная сіла надавалася блінам і аладкам, якія сімвалізавалі сонца і яго гадавы круг (бліны абавязковая страва на масленіцу і Каляды). Да абрадавых страў адносяцца і паўсядзённыя стравы, якія традыцыйна гатуюць у пэўныя святочныя або памінальныя дні. На бедную куццю варылі посны бурачны боршч (квас), падкалочаны мукой або рошчынай, з грыбамі ці алеем, крупнік, аўсяны кісель, узвар з сушаных яблыкаў, груш, сліў, пяклі бліны ці аладкі, ламанцы з цёртым макам (гл.Лазанкі); на багатую куццю — бліны з салам і каўбасой, боршч з мясам, крупнік, куццю з салам і інш. На масленіцу акрамя бліноў абавязковыя былі сыр і масла, на Вялікдзень — яйкі, сыр, масла, сала, мяса, па магчымасці — кумпяк, парася, на Купалле варылі кулагу. На памінальным стале (на дзяды, радаўніцу) абавязкова былі боршч з мясам або капуста, сытая каша, каўбаса, бліны. Гл. таксама Абрадавае печыва.
Літ.:
Листова Н.М. Пища в обрядах и обычаях // Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983.