ваенна-служылая група сельскага насельніцтва ў Польшчы і ВКЛ у 16—18 ст. У Польшчы пяхота з выбранцаў створана ў 1578 па ініцыятыве караля Стафана Баторыя на ўзор венгерскай пяхоты, у ВКЛ — у 1595. Набіралі выбранцаў пераважна ў каралеўскіх маёнтках (1 чал. ад 20 двароў). За службу яны і іх сем’і вызваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцей, прывілеі выбранцаў («выбранецкае права») пашыраліся і на іх нашчадкаў. У 1-й пал. 17 ст. магнаты ВКЛ стваралі атрады выбранцаў і ў прыватных войсках, набіраючы іх з дробнай шляхты, «вольных людзей» і сялян. У пач. 17 ст. ў войску ВКЛ было 12 рот выбранцаў (больш за 1 тыс.чал.). У 2-й пал. 17 ст. выбранцы засталіся толькі на Случчыне, яны неслі службу ў слуцкім гарнізоне і ў залежнасці ад вайск. звання мелі зямельныя надзелы ад 0,5 да 1,5 валокі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793 і скасавання слуцкага гарнізона частка выбранцаў даказала свае правы на дваранства, астатнія — на вольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ СЕЙМ 1793надзвычайны,
апошні сейм Рэчы Паспалітай. Праходзіў 17.7—23.11.1793 у Гродне. Скліканы для зацвярджэння руска-прускай канвенцыі ад 23.1.1793 аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. На сейм абрана каля 140 дэлегатаў, частка насуперак іх волі. Большасць дэлегатаў складалі прадстаўнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, якія падзяляліся на 2 групоўкі. Групоўка, што гуртавалася вакол караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, імкнулася захаваць цэнтралізаваную дзяржаву; групоўка братоў Ю. і Ш.Касакоўскіх выступала за поўную самастойнасць ВКЛ ад Кароны і нават за аб’яднанне ВКЛ з Расіяй. Рас. пасол Л.Л.Сіверс прапанаваў далучыць да Рас. імперыі бел. і ўкр. землі на У ад лініі Друя — Пінск — Камянец-Падольскі. Прусія выставіла прэтэнзіі на Гнезненскае, Калішскае, Пазнанскае ваяв., частку Кракаўскага ваяв., гарады Гданьск і Торунь. Пад прамой пагрозай сілы (у Гродне стаяў рус. гарнізон) 16 кастр. сейм заключыў «саюзны» дагавор Рэчы Паспалітай з Расіяй і зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Канстытуцыя 3 мая 1791 была скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУДНА́Я КЛЕ́ТКА,
аснова груднога аддзела тулава ў паўзуноў, птушак, млекакормячых жывёл і чалавека, складзеная з грудных пазванкоў, рэбраў і грудзіны; частка восевага шкілета амніётаў. З’явілася ўпершыню ў паўзуноў у сувязі з прагрэсіўным развіццём органаў апоры (апора плечавога пояса) і дыхання. У чалавека мае форму ўсечанага конуса, сплюшчанага ў пярэднезаднім напрамку, які мае верхнюю і ніжнюю апертуры. Плоскасць верхняй апертуры нахілена ўперад, таму пярэдні край яе знаходзіцца ніжэй за задні. Ніжняя апертура абмежавана рэбернай дугой і закрыта дыяфрагмай. Міжрэберныя прамежкі запоўнены мышцамі. Велічыня акружнасці грудной клеткі (вымяраецца на ўзроўні саскоў) характарызуе склад цела чалавека. Пры ўдыху грудная клетка расшыраецца. Выгляд і памеры яе залежаць ад спосабу жыцця, рухаў, дыхання; маюць узроставыя, палавыя, індывід. і прафес. адрозненні. Змены грудной клеткі бываюць у выглядзе прыроджаных і набытых, сіметрычных і асіметрычных дэфармацый, ад пухлінных, дыспластычных, дыстрафічных працэсаў і пашкоджанняў, што ўплывае на функцыянаванне грудной клеткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВЯНЕ́ЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
паўднёва-заходняя часткаМінскага ўзвышша на У Валожынскага і Пн Дзяржынскага р-наў Мінскай вобл. Мяжуе на З з Верхнянёманскай нізінай, на Пд — са Стаўбцоўскай раўнінай, на Пн і У з Мінскім узвышшам. Выш. 210—280 м, найб. 345 м (Дзяржынская гара). Прымеркавана да Валожынскага грабена Бел. антэклізы. Складзена з сярэднедэвонскіх пясчана-гліністых адкладаў (з праслойкамі даламіту, мергелю, гіпсу) і верхнемелавой мергельнай тоўшчы. Антрапагенавыя адклады магутнасцю больш за 150 м. Выраўнаваная хвалістая паверхня, ускладненая невысокімі ўзгоркамі — камамі (адносныя перавышэнні 5—20 м) і буйнымі астраўнымі канцова-марэннымі ўзгоркамі. Фарміравалася ў зоне акумуляцыі сожскага ледавіка, пасля адступлення якога значна зменена эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Асабліва моцна былі размыты прыдалінныя ўчасткі водападзельных прастораў. Некаторыя глыбока ўрэзаныя лагчыны занятыя далінамі невялікіх прытокаў Іслачы і Пцічы. Прыдалінныя схілы ўзвышша стромкія (10—25°), астатнія спадзістыя, паступова пераходзяць у водна-ледавіковую раўніну. Глебы дзярнова-падзолістыя супясчаныя, радзей сугліністыя, месцамі эрадзіраваныя. Участкі лясоў (хваёвыя, дубовыя, яловыя). Ёсць сухадольныя лугі. Пад ворнымі землямі каля 60% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКТЫ́ЎНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,
1) у электратэхніцы — процідзеянне пераменнаму току з боку індуктыўных элементаў ланцуга (напр., індуктыўнасці шпулі). Калі элемент ланцуга характарызуецца толькі індуктыўнасцю L, выражаецца формулай Xl = ωL, дзе ω — цыклічная частата; адзінка І.с. ў СІ — ом.
З-за з’явы электрамагнітнай індукцыіэл. энергія двойчы за перыяд ваганняў перадаецца ад крыніцы магн полю шпулі і двойчы вяртаецца ў крыніцу току. У радыётэхніцы І.с. часта ўзнаўляецца з дапамогай фазавярчальнікаў. Адзін і той жа элемент паводзіць сябе па-рознаму ў розных дыяпазонах частот. Напр., вагальны контур пры частотах, меншых за рэзанансную, паводзіць сябе як І.с., пры большых — як ёмістаснае. Гл. таксама Ома закон, Электрычнае супраціўленне.
2) У аэрадынаміцы — частка аэрадынамічнага супраціўлення (гл.Гідрадынамічнае супраціўленне) крыла лятальнага апарата, абумоўленая завіхрэннямі паветра, восі якіх пачынаюцца на крыле і накіраваны ўніз па патоку. Віхры ўзнікаюць з-за перацякання паветра ў канцах крыла з вобласці пад крылом у вобласць над крылом. У выніку вектар пад’ёмнай сілы крыла адхіляецца ад вертыкалі. У крылаў з бясконцым размахам І.с. адсутнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць сістэматычных і масавых метадаў і прыёмаў апрацоўкі інфармацыі ва ўсіх відах дзейнасці чалавека з выкарыстаннем сродкаў сувязі, паліграфіі, выліч. тэхнікі і праграмнага забеспячэння; раздзел прыкладной інфарматыкі. У канкрэтна-прыкладным аспекце сучасная І.т. — высокаарганізаваны канвеер апрацоўкі інфармацыі.
І.т. — неад’емная і істотная частка цывілізацыі, яе развіццё ўзаемаабумоўлівала паралельнае развіццё вытв-сці, навукі, мастацтва і адукацыі. У аснову І.т. пакладзены розныя тэхн. вынаходствы (друкарскі станок, тэлеграф, фотаапарат, тэлефон, гука- і відэазапіс і інш.). З’яўленне ЭВМ, асабліва мікрапрацэсара, прывяло да істотных змен І.т.: ЭВМ стала гал. сродкам аўтаматызацыі фіз. і разумовай працы, з дапамогай беспапяровага спосабу справаводства, электроннай пошты, машыннай графікі, безнаборнага спосабу друку і інш. аб’яднала ўсе сродкі І.т., надала ім гібкасць і ўзаемадапаўняльнасць.
На Беларусі даследаванні па праблемах І.т. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі, БДУ, Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. БПА і інш. Каардынацыю работ праводзіць Фонд інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Поппель Г.Л., Голдстайн Б. Информационная технология — миллионные прибыли: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНЯЛО́МНІК (Saxifraga),
род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 370 відаў. Пашыраны ў горных краінах Еўропы, Азіі, Амерыкі: частка відаў трапляецца на раўнінах умеранага і халоднага паясоў. Растуць у трэшчынах скал і камянёў (адсюль назва). На Беларусі 3 дзікарослыя віды: К. балотны (S. hirculus) — арктабарэальная галарктычная рэліктавая расліна; К. зярністы (S. granulata) — атл.-еўрап. рэліктавая расліна; К. трохпальцы (S. tridactylites) — атл.-еўрап. скальная расліна. К. балотны і зярністы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Каля 10 відаў інтрадукаваны як дэкар. расліны, з іх вырошчваюць К. Арэндса (S. × arendsii), мохападобны (S. hypnoides), дзярністы (S. caespitosa), трохвілаваты (S. trifurcata) і скурысталісты (S. repanda).
Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусцікі з аблісцелымі ці амаль бязлістымі кветаноснымі сцёбламі. Лісце чаргаванае або супраціўнае, рознай формы і памераў, часта сабранае ў разетку. Кветкі звычайна правільныя, 5-пялёсткавыя, у суквеццях (мяцёлках, шчытках і інш.), радзей адзіночныя, рознага колеру, двухполыя. Плод — двухрогая шматнасенная каробачка. Дэкар., лек., харч., кармавыя, меданосныя і пакаёвыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУБА́НЬ,
рака ў Стаўрапольскім і Краснадарскім краях Расіі. Даўж. 870 км, пл.бас. 57,9 тыс.км². Пачынаецца 2 вытокамі (Улукам і Учкулан) на схілах Эльбруса, каля ледавіка Улукам. Упадае ў Тэмрукскі зал. Азоўскага м., утварае дэльту (пл. 4,3 тыс.км²). Ад сутокаў да г. Нявіннамыск цячэ пераважна ў глыбокай і вузкай цясніне, ніжэй выходзіць на раўніну, пойма шырокая, у рэчышчы шмат меляў, перакатаў, астравоў. У ніжнім цячэнні (ад упадзення р. Лаба) даліна расшыраецца, у пойме плаўні. Асн. прытокі: Тэберда, Малы і Вял. Зелянчук, Уруп, Лаба, Белая, Пшыш (злева). Жыўленне мяшанае. Летнія паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Краснадар 393 м³/с. У дэльце прамысл. рыбы (судак, тарань, асятровыя і інш.). Выкарыстоўваецца для арашэння. Частка вады К. па Нявіннамыскім арашальным канале паступае ў р. Егарлык (прыток р. Дон). Краснадарскае вадасховішча. Суднаходная ад вусця р. Лаба, у вярхоўі сплаўная. Гал. гарады: Карачаеўск, Чэркеск, Нявіннамыск, Армавір, Крапоткін, Усць-Лабінск, Краснадар; у дэльце — марскі порт Тэмрук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЭ ((Kube) Рыхард Паўль. Вільгельм) (13.11.1887, г. Глогаў, Польшча — 22.9.1943),
кіраўнік нямецкай цывільнай акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Берлінскі ун-т. Чл. Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Германіі, у якой займаў кіруючыя пасады. Указам А.Гітлера ад 17.7.1941 прызначаны ген. камісарам Генеральнай акругі Беларусь. Пад яго кіраўніцтвам праводзілася палітыка генацыду, рабавання і знішчэння нац. багаццяў Беларусі; па яго ініцыятыве і пры садзейнічанні створаны Беларуская народная самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Беларускі корпус самааховы, Беларуская рада даверу, Саюз беларускай моладзі і інш. арг-цыі, праз якія да супрацоўніцтва з акупантамі была прыцягнута часткабел. інтэлігенцыі. У час яго кіраўніцтва (вер. 1941 — вер. 1943) на Беларусі была знішчана б.ч. яўрэяў, праведзена каля 100 карных аперацый супраць насельніцтва і партызан, выяўлены і жорстка пакараны многія ўдзельнікі антыфаш. падполля, у т. л. Мінскага. Знішчаны патрыётамі ў ноч на 22.9.1943 у выніку выбуху міны ва ўласнай кватэры ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТРЫ́НКА, шарманка,
механічны духавы муз. інструмент у выглядзе невял. аргана без клавіятуры. Назва ад 1-га радка папулярнай з пач. 19 ст.ням. песенькі «Scharmante Katharine» — «Прыгожая Катарына». Унутры скрынкі з ручкай размяшчаліся некалькі радоў гучальных трубак, мяхі, механізм для размеркавання паветра і драўляныя або метал. валікі са шпількамі. Пры вярчэнні валікаў шпількі чаплялі спец. механізм і адкрывалі доступ паветра да гучальных трубак; адначасова ў мяхі нагняталася паветра. На кожным валіку запісвалася па 1 п’есе.
Паявілася ў канцы 17 ст. ў Францыі як інструмент для навучання пеўчых птушак. Удасканалена каля 1700 італьян. майстрам Дж.Барберы. З канца 19 ст. валікі заменены перфарыраванымі кардоннымі ці метал. кругамі, на якіх запісвалі па некалькі песень, танцаў, пераважна вальсаў, арый з опер. На Беларусі вядома з 19 ст. Рэпертуар бел. катрыншчыкаў звычайна ўключаў 3—4 п’есы («жорсткі раманс» «Разлука», вальс «Разбітае сэрца» і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. К. — неад’емная часткагар. і местачковага побыту. Знікла на мяжы 1920—30-х г.