КВА́НТАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,

крыніца эл.-магн. хваль, прынцып дзеяння якой заснаваны на выкарыстанні з’явы вымушанага выпрамянення. К.г., што працуюць у радыёдыяпазоне спектра, наз. мазерамі, у аптычным дыяпазоне (інфрачырвоным, бачным, ультрафіялетавым) — лазерамі. Выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, тэхнікі, медыцыны.

Асн элементы К.г.: актыўнае рэчыва, крыніца ўзбуджэння (пампоўка) і аб’ёмны рэзанатар. Пампоўка, якая ажыццяўляецца аптычнымі, эл. і хім. метадамі, пераводзіць актыўнае рэчыва ў інверсны стан (гл. Інверсія ў фізіцы), і яно набывае ўласцівасць узмацняць эл.-магн. выпрамяненне. Рэзанатар служыць для ўтварэння дадатнай адваротнай сувязі: частка выпрамянення з дапамогай люстэркаў вяртаецца ў актыўнае рэчыва і там зноў узмацняецца. Калі сярэдні каэфіцыент узмацнення перавышае сярэдні каэфіцыент страт рэзанатара, то ў сістэме ўзнікае генерацыя выпрамянення (напр., лазерны прамень), для якога характэрны высокая накіраванасць, кагерэнтнасць і ў большасці выпадкаў высокая монахраматычнасць. Радыяцыя К.г. можа быць неперарыўнай або ў выглядзе імпульсаў кароткай і звышкароткай (да некалькіх фемтасекунд) і адпаведна звышвялікай магутнасці (да некалькіх гігават і больш). У многіх выпадках рэжым генерацыі стацыянарны. У якасці актыўных асяроддзяў К.г. выкарыстоўваюць цвёрдыя целы (рубін, паўправаднікі), вадкасці (растворы арган. злучэнняў), газы (гл. Газавы лазер). Гл. таксама Малекулярны генератар.

Літ.:

Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 1—2. Мн., 1966—68.

Б.​І.​Сцяпанаў, П.​А.​Апанасевіч.

т. 8, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЯФІ́ЛЬНАСЦЬ І ЛІЯФО́БНАСЦЬ (ад грэч. lyō раствараю + phileō люблю, phobos страх),

характарыстыкі міжмалекулярнага ўзаемадзеяння рэчыва і вадкага асяроддзя, у якім яно знаходзіцца. У выпадку ўзаемадзеяння рэчыва з вадой Л. і л. наз. гідрафільнасцю і гідрафобнасцю, у выпадку непалярных вадкасцей (алей, тлушч) — алеяфільнасцю (ліпафільнасцю) і алеяфобнасцю (ліпафобнасцю).

Ліяфільнасць паказвае наяўнасць значнага ўзаемадзеяння рэчыва, а таксама паверхні цвёрдага цела, асобных часцінак (гл. Дысперсныя сістэмы) з малекуламі асяроддзя, якое магчыма з-за блізкасці іх хім. прыроды ці абумоўлена ўтварэннем паміж імі трывалых вадародных, электрастатычных ці каардынацыйных сувязей. Ліяфобнасць — паняцце супрацьлеглае ліяфільнасці і паказвае на слабое ўзаемадзеянне паміж рэчывам і вадкім асяроддзем. Ліяфільнасцю абумоўлены змочванне вадкасцямі цвёрдых паверхняў, растварэнне рэчываў у вадкасцях, экстракцыя рэчываў вадкасцямі з цвёрдых цел і раствораў. Паняцці Л. і л. могуць быць аднесены таксама да малекул і асобных частак (груп) адной малекулы, напр., малекулы паверхнева-актыўных рэчываў утвораны гідрафільнымі палярнымі групамі і алеяфільнымі вуглевадароднымі ланцугамі. Л. і л. можна змяняць хім. мадыфікаваннем паверхні (напр., «прышчэпкай» да паверхні цвёрдага цела ліяфільных ці ліяфобных функцыян. груп, увядзеннем у сістэму паверхнева-актыўных рэчываў), што дазваляе кіраваць уласцівасцямі паверхняў і дысперсных сістэм. Рэгуляванне Л. і л. выкарыстоўваецца ў многіх галінах тэхнікі і хім. тэхналогіі.

С.​М.​Ляшчоў.

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПАРАЦІ, папарацепадобныя (Polypodiophyta),

аддзел вышэйшых споравых раслін. 3 кл.: поліпадыяпсіды, маратыяпсіды, вужоўнікавыя, ці офіягласапсіды; 300 родаў, каля 12 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Найб. колькасць відаў, якія адрозніваюцца паводле жыццёвых форм (наземныя, наскальныя, водныя П., эпіфіты, ліяны, дрэвападобныя П.) — у тропіках. На Беларусі 10 сям., 25 відаў. У Чырв. кнігу занесены 7 відаў П.: граздоўнікі віргінскі і рамонкалісты, касцянец пасценны, мнаганожка звычайная, пузырнік судэцкі, сальвінія плывучая, чыставуст каралеўскі.

Пераважна шматгадовыя, травяністыя або дрэвападобныя расліны з прыдаткавымі каранямі, сцёбламі і лісцем выш. ад некалькіх міліметраў да 25—30 м. Лісце (вайі) буйное, расчлененае, радзей суцэльнае, даўж. ад 2—4 мм да 30 м. Часта сумяшчае функцыі фотасінтэзу і споранашэння, у шэрагу П. яно дыферэнцыравана на стэрыльнае (фотасінтэзуючае) і са спарангіямі (фертыльнае), якія сабраны на ніжняй паверхні ліста. Са спор вырастае гаплоіднае палавое пакаленне — гаметафіт. Пасля апладнення, якое адбываецца пры наяўнасці вады, з зіготы ўтвараецца новы дыплоідны спарафіт. Вегетатыўнае размнажэнне — кавалкамі карэнішчаў, прыдаткавымі пупышкамі і інш. Адна з найб. стараж. груп вышэйшых раслін. Важны кампанент у наглебавым покрыве лясоў, вільготных лугоў і балот. Лек., харч., тэхн., дэкар. расліны.

Літ.:

Флора Европейской части СССР. Т. 1. Л., 1974;

Жизнь растений. Т. 4. М., 1978.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́ДАК СЛОЎ,

лінейная паслядоўнасць кампанентаў сказа, якая мае сэнсавае, граматычнае (сінтаксічнае) і стылістычнае значэнне. Залежыць ад структуры сказа, спосабаў выражэння яго членаў, стылістычнай афарбоўкі і семантычнага напаўнення сказа, а таксама сувязі яго з інш. сказамі ў тэксце. Бел. мове ўласцівы адносна свабодны П.с.: кожны член сказа не мае строга вызначанага сталага і нязменнага месца. П.с. у сказе можа быць звычайны і адваротны.

Пры звычайным П.с. дзейнік стаіць перад выказнікам, дапасаванае азначэнне — перад словам, што паясняецца, недапасаванае — пасля яго; прамое дапаўненне — пасля слова, якое ім кіруе; акалічнасць спосабу дзеяння, меры і ступені — перад дзеясловам-выказнікам, часу і месца — перад дзеясловам-выказнікам ці ў пачатку сказа. Пры адваротным П.с. выказнік размяшчаецца перад дзейнікам. Адваротны П.с., які выкліканы пэўнымі намерамі аўтара і мае функцыянальна-стылістычнае і сэнсавае значэнне, называецца інверсіяй. У вершаваных творах П.с. часта абумоўлены патрабаваннямі рытму і рыфмы, у гутарковай мове — заканамернасцямі пабудовы дыялогу, сітуацыяй, калі на першае месца выносіцца інфармацыйна найб. значны сінтаксічны кампанент: «Фармальна вы маеце рацыю». — «Не фармальна, а фактычна яно так».

Літ.:

Ковтунова И.И. Современный русский язык: Порядок слов и актуальное членение предложения. М., 1976;

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1987.

П.​У.​Сцяцко.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІХЕ́ЙСТВА,

рэлігійнае вучэнне, якое ўзнікла ў 3 ст. на Б. Усходзе. Заснавальнік Мані (каля 216—277). Мела шмат прыхільнікаў на тэр. ад Кітая да Італіі. Аснова М. — сінтэз халдзейска-вавілонскіх, персідскіх (парсізм, зараастрызм, маздаізм) ідэй з хрысціянствам. Звычайна М. звязваюць з гнастыцызмам, ад якога яно ўзяло канцэпцыю дуалізму душы і цела, святла і цемры, дабра і зла. Паводле вучэння М., у сусвеце суіснуюць царствы святла і цемры, духоўны і матэрыяльны пачаткі. У царстве святла, заснаваным на прынцыпе дабра, пануе Бог з анёламі, а ў царстве цемры, прасякнутым злом, — д’ябал з дэманамі. Барацьба Бога з д’яблам заканчваецца глабальнай катастрофай у выглядзе пажару, які спапяляе ўсё цялеснае і выслабаняе дух. Зямны чалавек, паводле М., створаны д’яблам, але можа зменшыць уплыў зла, калі будзе спрыяць светламу, Боскаму пачатку. Ён павінен клапаціцца аб чысціні душы і цела, засвойваць вучэнне М., якое Бог дае людзям праз свайго сына Ісуса. Але гал. пасланнікам свету з’яўляецца сам Мані. У 8—9 ст. М. праследавалася прыхільнікамі ісламу, у далейшым спыніла існаванне як рэлігія і ў Еўропе, і ў Азіі. Хрысціянства лічыла М. ерассю, якая дала пачатак такім рухам, як паўлікіяне, багамілы, катары і альбігойцы.

А.​А.​Цітавец.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАСЛА́ВІЧЫ,

вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Іпуць, каля Мілаславіцкага вадасховішча. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 23 км на ПнУ ад г. Клімавічы, 136 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Шасцёраўка. 775 ж., 285 двароў (1999).

Вядома з 1604. У 1727 мястэчка М. (яно ж Скрылінава) у Крычаўскім старостве ВКЛ. З 1772 у складзе Рас. імперыі. З 1773 пав. горад Мсціслаўскай правінцыі. У 1779 мястэчка ў Крычаўскім старостве Клімавіцкага пав., 382 ж., 51 двор. У 1830 цэнтр воласці, працавалі 3 вадзяныя млыны, маслабойня, 4 карчмы, хлебазапасны магазін. У 1897—1403 ж., 205 двароў, 2-класная і царк.-прыходская школы, хлебазапасны магазін, 23 крамы, карчма, царква, малітоўны дом. З 1924 цэнтр Мілаславіцкага раёна і сельсавета Калінінскай, з 1927 Магілёўскай акруг. У 1926—119 ж., 224 двары. З 1927 у Клімавіцкім р-не. У 1940—553 ж., 121 двор. У Вял. Айч. вайну гітлераўцы знішчылі ў М. 116 ж., спалілі 88 двароў.

Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія могілкі сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Святапакроўская царква (2-я пал. 19 ст.).

У.​У.​Бянько.

т. 10, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́НДНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,

дзяржаўнае прадпрыемства, перададзенае ў арэнду на аснове арэнднага дагавору паміж дзяржаўнымі органамі і арганізацыяй арандатараў, якая фарміруецца паводле рашэння працоўнага калектыву. Арганізацыя арандатараў з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходу, што збліжае работніка са сродкамі вытворчасці, павышае зацікаўленасць у росце эфектыўнасці прадпрыемства. Важным стымулам з’яўляецца таксама стварэнне на арэндным прадпрыемстве ўласнасці, якая належыць работнікам прадпрыемства на долевай аснове. Арэнда прадпрыемства выгадная і дзяржаве: павялічваюцца яе даходы ў выглядзе арэнднай платы, пашыраецца выпуск прадукцыі, умацоўваецца эканоміка. Арэнднае прадпрыемства з’яўляецца правапераемнікам маёмасных правоў і абавязкаў дзяржаўнага прадпрыемства: пэўны час яно павінна захоўваць вытворчы профіль, выконваць дзяржаўны заказ, заказы на рэалізацыю прадукцыі і інш. У астатнім арэнднаму прадпрыемству даецца самастойнасць: у адпаведнасці са сваім статутам самому выбіраць спосаб кіравання, размяркоўваць (пасля выплаты абавязковых плацяжоў) прыбытак, вызначаць формы і сістэмы аплаты працы, распарадак рабочага дня, парадак прадастаўлення выхадных дзён і адпачынкаў. На пачатку 1995 у розных галінах эканомікі Беларусі каля 3 тысяч арэндных прадпрыемстваў, на якіх працавала 378 тысяч чалавек. У аўтамабільным і рачным транспарце арэндныя прадпрыемствы давалі амаль палавіну, у будаўніцтве і бытавым абслугоўванні — каля 40% прадукцыі. У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд арэндныя прадпрыемствы ствараюць умовы для прыватызацыі пераўтварэннем іх у прадпрыемствы калектыўнай ці прыватнай уласнасці.

А.​П.​Дубіна.

т. 2, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1632—34, Смаленская вайна,

вайна Расійскай дзяржавы за Смаленскую, Чарнігаўскую і Северскую землі, якія ў выніку Дэулінскага перамір’я 1618 засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай. Цар Міхаіл Фёдаравіч і яго бацька патрыярх Філарэт накіравалі ў вер. 1632 на Смаленск 40-тысячнае войска пад камандаваннем ваяводы М.​Б.​Шэіна. Яно заняло Себеж, Невель, Усвяты, Дарагабуж, Старадуб, у студз. 1633 асадзіла Смаленск. Рас. войскі праніклі ў глыб Беларусі, авалодалі Асвеяй, Друяй, Полацкам (акрамя крэпасці), Прапойскам, асадзіла Мсціслаў і Крычаў. Гетман польны ВКЛ К.Радзівіл перакінуў у Смаленск падмогу, частка казакаў і дваран пакінула рас. войска. У канцы жн. 1633 да Смаленска падышоў кароль польскі і вял. кн. ВКЛ Уладзіслаў IV з 25-тысячным войскам, якое адцясніла рас. войска ад Смаленска і акружыла яго. 25.2.1634 Шэін падпісаў акт аб капітуляцыі, паводле якога рэшткі рас. арміі (8 тыс. чал.), пакінуўшы ўсю артылерыю і інш. зброю, адышлі з-пад Смаленска. Паводле Палянаўскага міру 1634 Расія атрымала г. Сярпейск, крэпасці Трубчэўск, Ахтырку і Лебядзін. Рэч Паспалітая вярнула большасць захопленых зямель, Уладзіслаў IV афіцыйна адмовіўся ад прэтэнзій на рас. трон.

А.​П.​Грыцкевіч.

Беларуска-польскія войскі пад Смаленскам у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. З гравюры В.​Хондыуса. 1636.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАСАЦЫЯГЕНЕ́З,

інтэгральнае паняцце, выпрацаванае тэарэтычным навук. мысленнем для цэласнага разумення чалавека ў яго гіст. і індывід, развіцці. Дае магчымасць: пазбегнуць аднабаковых тлумачэнняў паходжання чалавека (з пазіцый антрапа- і сацыягенезу, біялагізатарства, расізму, нацыяналізму); разглядаць пачатак чалавечай гісторыі ў дынаміцы эвалюцыйна-біял. перадумоў і матэрыяльна-дзейнасных фактараў гамінізацыі; зразумець прыроду як «неарганічнае цела» чалавека, што фарміруецца ў гіст. працэсе грамадства.

Выкарыстанне прынцыпу гістарызму да антрапалагічных праблем дае магчымасць раскрыць сац. сутнасць матэрыяльнага (фізічнага, біялагічнага) цела чалавека на ўзроўні яго філа- і антагенезу. Вял. мозг, рукі, здольнасць прама хадзіць, мысліць, гаварыць і інш. ўласцівыя чалавеку рысы — усё гэта жывая матэрыя, прырода. У той жа час гэта прырода чалавека фарміруецца самім соцыумам у працэсе яго гіст. развіцця. Дзіця пры нараджэнні атрымлівае ў спадчыну матэрыяльныя формы і задаткі чалавека, але самі па сабе яны яшчэ не робяць яго чалавекам. Ці стане мысліць і гаварыць дзіця, аб чым яно будзе мысліць і на якой мове размаўляць — усё залежыць ад сац. умоў жыцця. Антрапасацыягенез мае на мэце і даследаванне перспектыў змены матэрыяльных формаў і патэнцый чалавека ў працэсе натуральна-гіст. развіцця соцыуму, яго дэфармацыі і дэградацыі.

Літ.:

Ефимов Ю.И. Философские проблемы теории антропосоциогенеза. Л., 1981;

Проблемы современной антропологии. Мн., 1983;

Поршнев Б.Ф. О начале человеческой истории. М., 1974.

А.​І.​Пятрушчык.

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАСО́ФІЯ (ад антрапа... + грэч. sophia мудрасць),

акультна-містычнае вучэнне пра чалавека як носьбіта таямнічых духоўных сіл; разнавіднасць тэасофіі. Заснавальнік антрапасофіі ням. філосаф-містык Р.​Штайнер стварыў у 1913 антрапасофскую школу з мэтай выхаваць у юнацтва ўменне «духоўнага сузірання», якое ў стане самыя таямнічыя з’явы рабіць даступнымі для ўспрымання. Паводле гэтага вучэння, чалавек — трыадзінства цела, душы і духу, духам кіруе закон пераўвасаблення (рэінкарнацыя). У асобным жыцці чалавечы дух паўтарае сам сябе з улікам ранейшых уражанняў і перажыванняў. Чалавечае цела кіруецца законам наследавання, душа — створаным ёю самой лёсам (карма). Пасля смерці сувязь духу і душы захоўваецца, пакуль душа не вызваліцца ад цела. У сац.-паліт. жыцці антрапасофія зыходзіць з раздраблення сац. арганізма на самастойныя сферы: дзяржаву, правасуддзе, эканоміку. У 1-й трэці 20 ст. вучэнне антрапасофіі стала пашыраным у шэрагу краін Еўропы. Пэўны ўплыў яно зрабіла на дзеячаў культуры і мастацтва (А.​Белы, В.​Кандзінскі, М.​Валошын, Б.​Вальтэр і інш.). Цікавасць да антрапасофіі ажывілася і ў апошняй трэці 20 ст., асабліва ў ЗША, еўрап. краінах. У апошнія гады распаўсюдзілася на Беларусі, гал. чынам гэтаму садзейнічалі аднаўленне цікавасці да тэасофскіх ідэй А.​Блавацкай і ўзнікненне суполак крышнаітаў.

Літ.:

Белый А. Рудольф Штейнер и Гете в мировоззрении современности. М., 1917;

Abendroth W.R. Steiner und die heutige Welt. München, 1969.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)