КУ́БА ((Kuba) Людвік) (16.4.1863, г. Подзебрадзі, Чэхія — 30.11.1956),
чэшскі этнограф, муз. фалькларыст, мастак. Нар.арт. і нар. мастак Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Празе ў арганнай школе ў Ф.Скугерскага (1877—79), у АМ (1891—93), у Парыжы ў акадэміі Жуліяна (1893—95), у Мюнхене ў школе А.Ажбе (1896—1904). З 1945 выкладаў у Пражскай АМ. Удзельнічаў у этнагр. экспедыцыях па слав. землях, у т. л. ў 1886 і 1887 у Расіі, на Беларусі і Украіне. У асн. працы «Славянства ў сваіх песнях» (т. 1—15, 1884—1929) акрамя нотных узораў (каля 4000) змясціў апісанні мясц. манер спеваў, побыту, нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва, замалёўкі сельскіх пабудоў, касцюмаў, муз. інструментаў, партрэты прадстаўнікоў розных народнасцей. Першы апублікаваў запісы бел.нар. 2-галосых песень, даследаваў ладавыя асаблівасці бел.муз. фальклору («Беларуская народная песня», 1887). Сярод жывапісных работ жанравыя карціны, партрэты, пейзажы, нацюрморты: «Кветкі» (1899), «Піёны» (1902), «Чытач», «Сярод руж» (абедзве 1906), «Аўтапартрэт» (1914), «На балконе ў Сміхаве» (1913), «Аўтапартрэт з палітрай» (1940), «Аўтапартрэт з люлькай» (1952).
Літ.:
Нісневіч С. Да гісторыі збірання, вывучэння і выкарыстання беларускіх народных напеваў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971;
Stanislav J. Ludvik Kuba. Zakladatel slovanské hudebni folkloristiky. Praha, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́НДЗЕРА ((Kundera) Мілан) (н. 1.4.1929, г. Брно, Чэхія),
чэшскі пісьменнік. Скончыў Акадэмію муз. мастацтваў у Празе. У 1968 творы К. на радзіме забаронены. З 1975 жыве ў Парыжы. Дэбютаваў паэт. зб-камі «Чалавек — бязмежны сад» (1953), «Апошні май» (1955), «Маналогі» (1957). Тэма кахання і мастацтва ў зб-ках псіхал.-лірычных навел «Смешныя каханні» (1963), «Другі сшытак смешных каханняў» (1965), «Трэці сшытак смешных каханняў» (1968). Аўтар п’ес «Уладары ключоў» (1962; паст. ў СССР пад назвай «Паварот ключа»), «Лухта» (1969), «Якуб і пан» (1970). У раманах «Жарт» (1967), «Жыццё недзе там» (1973), «Развітальны вальсок» (1979), «Нясцерпная лёгкасць быцця» (1985, экранізацыя 1988; аб лёсе інтэлігенцыі, звязанай з паліт. падзеямі Пражскай вясны 1968), «Несмяротнасць» (1990), «Няспешнасць» (1995), «Ідэнтычнасць» (1997) спалучыў філас. змест з займальнай фабулай, узнімаў экзістэнцыяльныя праблемы парушанай камунікатыўнасці сучаснага грамадства. Сваю канцэпцыю рамана распрацаваў у эсэ «Мастацтва рамана» (1960; пашыр.выд. 1986). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.Вострыкава, А.Ціхановіч, С.Сматрычэнка.
Тв.:
Бел.пер. — Трагедыя Цэнтральнай Эўропы // Фрагмэнты... 1996. № 1.
Літ.:
Вострыкава А. Жыццяпіс. Жыццёвае крэда — раманіст;
Шаблоўская І. Запрашэнне да няспешнасці // Крыніца. 1998. № 10 (47).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБСТ ((Pabst) Георг Вільгельм) (27.8.1885, г. Роўдніцы, Чэхія — 30.5.1967),
нямецкі і аўстрыйскі кінарэжысёр. З 1905 акцёр і рэжысёр у т-рах Цюрыха, Зальцбурга, Берліна, Нью-Йорка, Вены. З 1921 у кіно, з 1923 кінарэжысёр. З 1933 працаваў у Францыі і ЗША, з 1939 у Аўстрыі. У фільмах спалучыў традыцыі экспрэсіянізму, камершпіле (разнавіднасць драмы з павышаным псіхалагізмам, імкненнем агаліць унутр. сутнасць звычайна нешматлікіх персанажаў, сац. песімізмам), тэорыю псіхааналізу З.Фрэйда з рэаліст. падыходам да адлюстравання рэчаіснасці; «Скарб» (1923), «Графіня Донелі» (1924), «Бязрадасны завулак» (1925, у сав. пракаце «Бязрадасная вуліца»), «Тайнікі душы» (1926), «Каханне Жанны Ней» (паводле І.Эрэнбурга, 1927), «Памылковы шлях» («Пажадлівасць», 1928), «Скрынка Пандоры» (паводле Ф.Ведэкінда, у сав. пракаце «Лулу»), «Дзённік паўшай» (абодва 1929), «Заходні фронт, 1918» (1930, першы гукавы фільм), «Трохграшовая опера» (паводле Б.Брэхта і К.Вейля, 1931), «Дон Кіхот» (паводле М.Сервантэса, 1933), «Зверху ўніз», «Сучасны герой» (паводле Л.Бромфілда, абодва 1934), «Мадэмуазель доктар» (1937), «Шанхайская драма» (1938), «Працэс» (паводле Ф.Кафкі, 1947, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1948), «Апошні акт» (паводле Э.М.Рэмарка, 1955) і інш.
Літ.:
Кракауэр З. Психологическая история немецкого кино: От Калигари до Гитлера: Пер. с англ.М., 1977.
чэшскі кампазітар. Чл.Чэш. акадэміі навук і мастацтваў (1931). Скончыў Пражскую кансерваторыю (1913). З 1913 скрыпач Пражскай філармоніі. У 1923—40 жыў у Парыжы. З 1941 у ЗША, выкладаў у Прынстанскім ун-це і інш. З 1953 у Францыі, Італіі, Швейцарыі. У яго разнастайнай паводле жанраў і форм творчасці спалучаліся традыцыі чэш.муз. класікі і чэшска-мараўскага фальклору з пошукамі новых шляхоў, у т. л. рысамі франц. імпрэсіянізму і неакласіцызму. Сярод твораў: оперы «Легенды пра Марыю» (паст. 1935), «Тэатр за варотамі» (паст. 1936), «Жульета» (паст. 1938), «Грэчаскія пасіёны» (паст. 1961), кіна-, радыё- і тэлеоперы; балеты «Хто самы дужы на свеце?» і «Мяцеж» (абодва паст. 1925), «Шпалічак» (са спевамі, паст. 1933) і інш.; араторыі і кантаты, у т. л. «Букет» (1937), «Палявая меса» (1939), «Гільгамеш» (1955), «Прароцтва Ісаі» (1959); 6 сімфоній (1942—53), «Помнік Лідзіцы» (1943), сімф. паэмы (1955, 1958) і інш. творы для сімф.арк.; канцэрты з арк.; камерна-інстр. ансамблі; п’есы для фп., хары, песні.
аўстрыйскі філосаф, фізік, адзін з заснавальнікаў эмпірыякрытыцызму (махізму). Скончыў Венскі ун-т. З 1864 праф. у Грацы, з 1867 праф. і рэктар ням. ун-та ў Празе, у 1895—1901 праф. Венскага ун-та. Навук. працы па механіцы, газавай дынаміцы, фізіял. акустыцы, оптыцы. Адкрыў і даследаваў ударныя хвалі. У галіне філасофіі зыходзіў з таго, што свет ёсць «комплекс адчуванняў», а самі адчуванні атаясамліваюцца ім з нейтральнымі «элементамі свету». У залежнасці ад пункта погляду суб’екта яны здольныя выступаць як псіхічныя або фіз. з’явы. Адмаўляў н’ютанаўскія ўяўленні пра абс. прастору, рух, час і вытлумачыў іх у рэлятывісцкім сэнсе, выкарыстоўваючы паняцце сістэмы адліку; заняў пры гэтым суб’ектыўна-ідэаліст. пазіцыю. Суб’ектыўна-ідэаліст. існасць яго вучэння праявілася і ў распрацаваным метадалагічным прынцыпе «эканоміі мыслення» і чыстага апісання ў тэорыі пазнання. Ідэі М. распаўсюдзіліся ў Еўропе. М. крытыкавалі Г.В.Пляханаў і У.І.Ленін.
Тв.:
Рус.пер. — Анализ ощущений и отношение физического к психическому. 2 изд. М., 1908;
Механика: Ист.-критич. очерк. ее развития. СПб.,1909;
Познание и заблуждение. М., 1909;
Философское и естественно-научное мышление // Новые идеи в философии. СПб., 1912. Сб. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУС ((Hus) Ян) (1371, мяст. Гусінец, Чэхія — 6.7.1415),
чэшскі мысліцель, пісьменнік, заснавальнік і ідэолаг ранняй чэш. Рэфармацыі, нац. герой чэш. народа. Скончыў Пражскі ун-т (1393), з 1401 дэкан у ім, з 1409 рэктар. З 1402 прапаведнік у Віфлеемскай капліцы ў Празе. Рэфарматарскія погляды Гуса сфарміраваліся пад уплывам вучэння Дж.Уікліфа і выкладзены ім у казаннях і шматлікіх працах (гал. «Трактат аб царкве», 1413). Адмаўляючы царк. аўтарытэты, Гус прызнаваў выключнай крыніцай веры Свяшчэннае пісанне, царкву лічыў містычным целам, галава якога — Хрыстос, а члены — людзі, абраныя Богам. Выкрываў злоўжыванні і маральны заняпад каталіцкага духавенства, патрабаваў секулярызацыі царк. зямель. Ідэалам для Гуса была раннехрысціянская царква. Асн. прынцыпам гуманізму і зброяй грамадскага пераўтварэння лічыў пазнавальны розумам «закон Божы», якім павінен кіравацца кожны чалавек. Выступаў супраць ням. панавання ў Чэхіі. Быў прыхільнікам мірнай тактыкі, лічыў мажлівым рэфармаваць царкву і грамадства з дапамогай каралеўскай улады. Яго асн. патрабаванні сталі лозунгамі гусіцкіх войнаў. Пераклаў на чэш. мову Біблію, удасканаліў сістэму чэш. арфаграфіі («Багемская арфаграфія», 1410). У 1412 адлучаны ад царквы. Выкліканы на царк. сабор у Канстанцу (1414), аб’яўлены ерэтыком і паводле пастановы сабору спалены.
Літ.:
Novotný V., Kybal V. Jan Hus. T. 1—5. Praha, 1919—31;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПКА (Kupka) Францішак [франц.псеўд.Рэньяр Поль
(Paul Regnard); 23.9.1871, Опачна, Чэхія — 21.6.1957], чэшскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва. Праф.АМ у Празе (з 1919). Вучыўся ў АМ у Празе (1888—91) і Вене (1891—95). З 1895 у Парыжы, з 1906 у Пюто (Францыя). Чл. аб’яднання «Абстракцыя — творчасць» (з 1931). У ранні перыяд пісаў карціны ў духу імпрэсіянізму («Бібліяфіл»),
сімвалізму («Недавер, або Чорны ідал», 1903), экспрэсіянізму («Архаічная», 1910). Пазней звярнуўся да абстрактных кампазіцый і т.зв. арфізму (тэрмін уведзены Г.Апалінэрам для абазначэння жывапісу, які перадае дынаміку рухаў і муз. рытмаў праз спалучэнні чыстых моцных тонаў і перасячэнне крывалінейных паверхняў). Сярод твораў: «Клавішы раяля — возера», «Першы крок» (абодва 1909), «Жонка мастака сярод вертыкаляў» (1910—11), «Чырвоныя і сінія дыскі» (1911), «Аморфа, двухколерная фуга» і «Дыскі Ньютана. Эцюд да двухкаляровай фугі (абодва 1911—12), «Вертыкальныя чырвоныя і сінія планы», «Філасофская архітэктура» (абодва 1913), «Тры сінія, тры чырвоныя» (1913—57), «Механізм» (1920), «Абстрактны жывапіс» (1931), «Аўтаномны белы» (1951—52) і інш. Аўтар ілюстрацый да «Чалавека і зямлі» Э.Рэклю (1904—06), «Гімна гімнаў» і «Эрынеяў» Л. дэ Ліля (1905—09), «Лісістраты» Арыстафана (1906), «Праметэя» Эсхіла (1911), шэрагу малюнкаў, тэарэт. працы «Творчасць у пластычных мастацтвах» (1923).
Я.Ф.Шунейка.
Ф.Купка. Дыскі Ньютана. Эцюд да двухкаляровай фугі. 1911—12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЖКА ((Žizka) Ян) (каля 1360, Троцнаў, Чэхія — 11.10.1424),
чэшскі нац. герой, палкаводзец перыяду гусіцкіх войнаў. З дробнай шляхты. У 1406—09 удзельнічаў у паўстанцкай вайне супраць паноў у Паўд. Чэхіі. З 1409 на службе ў польск. караля Ягайлы; прымаў удзел у Грунвальдскай бітве 1410. У 1414 пры двары Вацлава IV. Адзін з кіраўнікоў паўстання жыхароў Новага Месца ў Празе 30.7.1419. Першыя перамогі атрымаў у пач. 1420 каля Некаміржа і Судамержа. Вызначыўся 14.7.1420 пры абароне Віткавай гары каля Прагі. Са снеж. 1420 першы гетман табарытаў. На Часлаўскім сейме 1.6.1421 выбраны ў ліку 20 правіцеляў Чэшскай зямлі. Выразнік інтарэсаў дробнай шляхты і мяшчан-гусітаў, падтрымліваў «Чатыры пражскія артыкулы». У ліп. 1421 пры аблозе замка Рабі Ж. страціў зрок. У час 3-га крыжовага паходу супраць гусіцкай Чэхіі ў 1422 разбіў ням. войска каля Кутна-Горы і Нямецкі-Броду. У пач. 1423 парваў з радыкальнымі табарытамі і заснаваў ва Усх. Чэхіі Малы Табар. 7.6.1424 разбіў войска пражан і паноў каля Малешава. Памёр ад чумы ў час аблогі г. Пршыбіслаў.
Літ.:
Ревзин Г.И. Ян Жижка. [М.], 1952;
Мацек Й. Табор в гуситском революционном движении: Пер. с чеш. Т. 2. М., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САРЫК ((Masaryk) Томаш Гарыг) (7.3.1850, г. Годанін, Чэхія — 14.9.1937),
чэшскі паліт. і дзярж. дзеяч, філосаф, сацыёлаг. Д-р філасофіі (1876). Вучыўся ў Венскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1882—1914 праф. філасофіі Пражскага ун-та. У сваіх філас. поглядах як «крытычны рэаліст» спалучаў ням. ідэалізм з зах.-еўрап. пазітывізмам, крытыкаваў чэш.паліт. рамантызм, марксізм, папства, прапагандаваў гуманізм. У 1891—93 дэп.аўстр. парламента (рэйхсрата) ад партыі младачэхаў, у 1907—14 — ад чэш. партыі рэалістаў. Выступаў супраць дынастыі Габсбургаў, панавання немцаў і венграў у Аўстра-Венгрыі. У 1914—18 у эміграцыі, арыентаваўся на дзяржавы Антанты. У 1916 разам з Э.Бенешам заснаваў у Парыжы чэхаславацкі Нац. савет і арганізаваў Чэш. легіён у Расіі. У 1918 заключыў са славацкімі арг-цыямі ў ЗША Пітсбургскі дагавор аб дзярж. аб’яднанні чэхаў і славакаў. У 1918—35 першы прэзідэнт Чэхаславакіі, садзейнічаў адраджэнню чэш.нац. культуры і мовы. Аўтар кніг «Сацыяльнае пытанне», «Самазабойства як масавая сацыяльная з’ява сучаснай цывілізацыі» (абедзве 1881), «Асновы канкрэтнай логікі» (1887), «Ідэалы гуманізму» (1901), «Аб рускай гістарычнай і рэлігійнай філасофіі» (т. 1—2, 1913), «Новая Еўропа» (1918), «Сусветная рэвалюцыя ў час вайны і на вайне 1914—1918» (1925). Выступаў у друку і як літ. крытык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІРЫЯЛО́ГІЯ,
галіна ўсходазнаўства, якая вывучае мову, гісторыю і культуру стараж. народаў Двухрэчча (шумераў, вавіланян, асірыйцаў, хетаў і інш.) і суседніх краін, што карысталіся клінапісам. Часам узнікнення асірыялогіі як навукі лічаць 1857, калі быў расшыфраваны першы клінапісны тэкст. База для развіцця асірыялогіі закладзена даследаваннямі Г.Роўлінсана, які адкрыў у Іране клінапісныя надпісы цара Дарыя I, працамі Г.Ф.Гротэфенда па расшыфроўцы стараж.-перс. клінапісаў, археал. раскопкамі на тэр. Ірака, дзе ў 1-й пал. 19 ст. выяўлены рэшткі асірыйскіх гарадоў (Ніневіі, Дур-Шарукіна і інш.), знойдзены каштоўныя дакументы (б-ка асірыйскага цара Ашурбаніпала, архіў Тэль-эль-Амарна, законы вавілонскага цара Хамурапі і інш.). Поспехаў у галіне асірыялогіі дасягнулі Ф.Цюро-Данжэн (Францыя), Г.Цымерн і Б.Мейснер (Германія), С.Н.Крамер (ЗША), Б.Грозны (Чэхія) і інш. У Рас. імперыі асірыялогіяй займаліся У.С.Галянішчаў, М.В.Нікольскі, беларус К.А.Касовіч, які ў 1871 выдаў стараж.-перс. клінапісныя надпісы. У сав. час пытанні Асірыялогіі распрацоўвалі І.М.Дзьяканаў, М.М.Нікольскі, В.В.Струвэ, Б.А.Тураеў, А.І.Цюменеў, У.К.Шылейка і інш. На Беларусі праблемамі асірыялогіі (хеталогія) займаецца Г.І.Даўгяла. Важнейшымі цэнтрамі асірыялогіі з’яўляюцца Усходні ін-т у Чыкага (ЗША), Багдадскі музей, Луўр (Парыж), Брытанскі музей (Лондан), Папскі біблейскі ін-т (Рым), ун-ты Прагі, Берліна, Лейдэна, С.-Пецярбурга, Тбілісі, Ерэвана і інш.
Літ.:
Фридрих И. Дешифровка забытых письменностей и языков: Пер. с нем. М., 1961;
Дьяконов И.М. Языки древней Передней Азии. М., 1967.