ПАПЯРО́ЧНАЯ ВУЛКАНІ́ЧНАЯ СЬЕ́РА (Cordillera Neo-Volcánica),
горны хрыбет у Мексіцы, акаймоўвае паўд. край Мексіканскага нагор’я. Даўж. 800 км, шыр. 50—100 км. Расчлянёны скідамі. Частыя землетрасенні. Шмат дзеючых вулканаў: Арысаба (5700 м), Каліма, Папакатэпетль (5452 м), Парыкутын і інш. Вечназялёныя і хваёвыя лясы, на вяршынях — вечныя снягі. Нацыянальныя паркі. Каля падножжа г. Мехіка.
т. 12, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІР-ПАНДЖА́Л,
горны хрыбет у М. Гімалаях, у Індыі і Пакістане (зах. частцы). Аддзелены ад Вял. Гімалаяў Кашмірскай далінай. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ на 450 км, ад р. Кішанганга да р. Біяс. Выш. да 6028 м. Складзены з вапнякоў, андэзітаў, базальтаў. Схілы стромкія, расчлянёныя глыбокімі цяснінамі. Горныя азёры. Ледавікі. Густыя, пераважна хваёвыя лясы.
т. 12, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРЫ́-ДЖАЗ,
горны хрыбет у Цэнтр. Цянь-Шані, паміж р. Сары-Джаз на Пн і яе левым прытокам р. Энгільчэк на Пд, пераважна ў Кіргізіі. Даўж. каля 110 км. Выш. да 6261 м. Складзены з метамарфічных сланцаў, мармурызаваных вапнякоў, гранітаў. На паўн. схіле — ледавікі Сямёнава, Мушкетава, каля падэшвы паўд. схілу — Паўн. Энгільчэк.
т. 14, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛІНГ-ГА́НГРЫ, Наін-Сінга,
горны хрыбет на ПдЗ Тыбецкага нагор’я, найвыш. ў сістэме Гандзісышань, у Кітаі. Даўж. каля 600 км. Выш. да 7315 м (г. Алінг-Гангры). Складзены з гранітаў, сланцаў, кварцытаў. Грэбень хрыбта альпійскага тыпу. Ландшафты высакагорных пустыняў. Вышэй за 4500 м — вечныя снягі і ледавікі. На паўд. схілах Алінг-Гангры бярэ пачатак выток Інда — р. Сінгі.
т. 1, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДМІРАЛЦІ (Admiralty),
горны хрыбет у паўн.-зах. ч. Зямлі Вікторыі (Усх. Антарктыда). Даўж. больш за 100 км. Зах. адгор’і хрыбта дасягаюць мора Роса. Выш. да 4163 м. Складзены пераважна з дакембрыйскіх пясчанікаў, гліністых сланцаў і вапнякоў, месцамі перарваных інтрузіямі гранітаў. Парэзаны далінамі, запоўненымі ледавікамі. Адкрыты ў 1841 англ. экспедыцыяй Дж.Роса, названы ім у гонар Брыт. адміралцейства.
т. 1, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙЛА́С,
хрыбет у гарах Гандысышань, на Пд Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ паралельна Гімалаям на 300 км. Выш. да 6714 м (г. Кайлас). Складзены пераважна з гранітаў. Паўд. схіл стромкі, вельмі расчлянёны эрозіяй, паўн. — пакаты. Снегавая лінія на выш. 5700—5900 м. Ледавікі. Сухія стэпы, ландшафты халодных пустынь. На К. вытокі рэк Інд і Брахмапутра.
т. 7, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЕ́НЧЭН-ТА́НГЛА,
хрыбет на У гор Гандзісышань, на Пд Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Даўж. каля 600 км, выш. да 7090 м. Складзены з гранітаў, вапнякоў і пясчанікаў. Амаль суцэльны ланцуг снежных гор з адносна роўным грэбенем, перавалы вышэй за 5000 м. Скалістыя схілы, укрытыя восыпамі. На паўд. схілах горныя стэпы, на паўн. — халодныя пустыні. Высакагорныя пустыні. Ледавікі.
т. 11, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́СКАР,
горны хрыбет на ПнЗ Гімалаяў, у Індыі і Кітаі. Даўж. каля 600 км. Складзены з вапнякоў, пясчанікаў, сланцаў, гранітаў. На выш. каля 6400 м — шырокая, расчлянёная цяснінамі платопадобная паверхня, над якой узвышаюцца асобныя пікі (выш. да 7816 м, г. Нандадэві). Рэльеф альпійскі. Снежнікі, ледавікі. На паўд.-зах. схілах — лясы з гімалайскага кедру (да выш. 4000 м), лугі, на ПнУ — горныя стэпы.
т. 6, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДА́КХ,
горны хрыбет на Пн ад Вял. Гімалаяў, у басейне р. Інд, у Індыі і Кітаі. Даўж. больш за 600 км. Выш. да 7728 м (г. Гурла-Мандхата). Складзены пераважна з гнейсаў і гранітаў. На выш. 5500—5700 м паверхні выраўноўвання, над якімі ўзвышаюцца зубчастыя грабяні са снежнікамі і ледавікамі. На паўд.-зах. схілах хмызняк, на паўн.-ўсх. ландшафты халодных пустынь.
т. 9, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫЛЬЕ́РА-РЭА́ЛЬ (Cordillera Real),
горны хрыбет на У Цэнтр. Андаў, у Балівіі і Перу, на У ад воз. Тытыкака. Выш. да 6550 м (г. Анкаума). Складзеных палеазойскіх асадкавых парод, прарваных інтрузіямі. Вельмі расчлянёны рэкамі бас. р. Бені. Характэрны альпійскія формы рэльефу. На Пн і Пд ледавікі. Усх. схілы ўкрыты горнымі вільготнымі трапічнымі лясамі, зах. — паўпустынныя У вярхоўі р. Ла-Пас размешчана сталіца Балівіі — г. Ла-Пас.
т. 8, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)