ПЕРААХАЛАДЖЭ́ННЕ,

ахаладжэнне рэчыва ніжэй за т-ру яго раўнаважнага фазавага пераходу ў інш. агрэгатны стан ці крышталічную мадыфікацыю, што не прыводзіць да фазавага пераходу. Пераахалоджанае рэчыва знаходзіцца ў няўстойлівым метастабільным стане.

Фазавыя пераходы 1-га роду (напр., кандэнсацыя, крышталізацыя) на пачатковай стадыі патрабуюць пэўнага П. э мэтай утварэння зародкаў новай фазы (кропель, крышталікаў). Утварэнне зародкаў пры т-ры фазавага пераходу ўскладняецца тым, што яны знаходзяцца ў стане раўнавагі з зыходнай фазай. Калі ўзнікненне і рост зародкаў значна абцяжараны (напр., крышталізацыя вязкай вадкасці), магчыма глыбокае П. і атрыманне практычна ўстойлівай фазы са структурай, характэрнай для больш высокіх т-р. На гэтым заснаваны, напр., загартоўка сталі і атрыманне шкла. Ад ступені П. вадзяной пары ў атмасферы залежыць характар атм. ападкаў (дождж, снег, град).

т. 12, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЦЫ́ЗМ,

вучэнне, што растлумачвае прыродныя і сац. з’явы (працэсы) па аналогіі з біял. будовай арганізма. У яго аснову пакладзены прынцып біял. цэласнасці, які раскрывае найважнейшыя асаблівасці развіцця жывога (арганізм як цэласная сістэма, развіццё да ўсё больш складанай арганізацыі, іерархічная ўпарадкаванасць, адносная ўстойлівасць і самарэгуляцыя). Тэрмін «арганіцызм» уведзены ў 1918 англ. фізіёлагам Дж.​С.​Холдэйнам, які разам са сваімі паслядоўнікамі (Дж.​Вуджэр, Г.​Шаксель, Д.​В.​Харыс і інш.) гал. ўвагу канцэнтраваў на праблеме арган. цэласнасці. Пазней аўстр. біёлаг Л. фон Берталанфі ў сваёй тэорыі эквівалентных сістэм (1930-я г.) дапоўніў канцэпцыю арганіцызму палажэннем пра арганізмы як высокаарганізаваныя адкрытыя сістэмы, што знаходзяцца ў стане дынамічнай раўнавагі з асяроддзем. Ідэі арганіцызму атрымалі развіццё ў агульнай тэорыі сістэм, у кібернетыцы, тэорыі інфармацыі і інш.

Г.​І.​Шчарбіцкі.

т. 1, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБНЕВІКІ́ (Ctenophora),

тып марскіх беспазваночных жывёл. 1 клас, 2 падкласы: шчупальцавыя (Tentaculifera) з 5 атр. і бясшчупальцавыя (Atentaculata) з 1 атр. Каля 120 відаў, жывуць ва ўсіх морах на рознай глыбіні. Найб. вядомыя: грабневікі з роду берое (Beroe), балінопсіс (Bolinopsis), грабневікі, якія поўзаюць, з роду ктэнаплана (Ctenoplana), Венерын пояс (Cestus veneris).

Даўж. ад 2 мм да 2,5 м (Венерын пояс). Цела студзяністае, празрыстае, авальнай, яйцападобнай або інш. формы, з ротам на адным канцы і органамі раўнавагі на другім. Перамяшчаюцца з дапамогай 8 радоў грабных пласцінак, па баках 2 шчупальцы. Гермафрадыты. Развіццё з лічынкай. Драпежнікі, жывяцца пераважна планктонам, зрэдку ікрой і маляўкамі рыб. Грабневікі берое паядаюць інш. грабневікоў, а самі з’яўляюцца кормам трасковых рыб, медуз. Многія грабневікі свецяцца ў цемнаце.

Грабневікі: 1 — берое; 2 — балінопсіс; 3 — Венерын пояс; 4 — ктэнаплана Дзюбоска.

т. 5, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАСТАБІ́ЛЬНЫ СТАН (ад мета... + лац. stabilis устойлівы),

адносна ўстойлівы стан сістэмы, з якога яна можа перайсці ў больш устойлівы стан (напр., асн.) пад уздзеяннем знешніх узбурэнняў ці самаадвольна. 1) М.с. тэрмадынамічных сістэм — стан няўстойлівай раўнавагі (гл. Раўнавага тэрмадынамічная). Існаванне М.с. абумоўлена асаблівасцямі кінетыкі фазавых пераходаў. У такім стане знаходзяцца, напр., перагрэтая вадкасць — вадкасць, т-ра якой большая за т-ру кіпення пры дадзеным ціску; перахалоджаная (перасычаная) пара — пара, т-ра якой ніжэйшая за т-ру кандэнсацыі пры дадзеным ціску; перанасычаны раствор — раствор, канцэнтрацыя якога перавышае канцэнтрацыю насычанага раствору пры дадзенай т-ры.

2) М.с. квантавых сістэм — узбуджаны энергетычны стан атамнай сістэмы (атама, малекулы, атамнага ядра), у якім яна можа існаваць адносна працяглы час. Пераходы з такіх станаў у станы з меншай энергіяй, якія суправаджаюцца выпрамяненнем фатонаў, забаронены адбору правіламі.

т. 10, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЬМЕРСТАН ((Palmerston) Генры Джон Тэмпл) (20.10.1784, Лондан — 18.10.1865),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Эдынбургскі (1803) і Кембрыджскі (1806) ун-ты. Напачатку паліт. кар’еры прымыкаў да торы, з 1830 — да вігаў. З 1807 дэп. палаты абшчын. З 1809 міністр па ваен. справах, у 1830—51 (з перапынкамі) міністр замежных спраў, у 1852—55 міністр унутр. спраў, у 1855—58 і з 1859 прэм’ер-міністр. У 1855—65 лідэр Ліберальнай партыі. Імкнуўся да захавання ў Еўропе прынцыпу «раўнавагі сіл» і ўмацавання ролі Вялікабрытаніі ў якасці яго гаранта; падтрымліваў нац. і ліберальныя рухі, калі іх дзейнасць і мэты супадалі з брыт. інтарэсамі. Адзін з ініцыятараў міжнар. прызнання незалежнасці Бельгіі. Садзейнічаў развязванню Крымскай вайны 1853—56. Урад П. анексіраваў Пенджаб (1849), задушыў Індыйскае народнае паўстанне 1857—59, Тайпінскае паўстанне ў Кітаі.

т. 12, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РА,

газападобны стан рэчыва пры т-ры і ціску, ніжэйшых за крытычныя (гл. Крытычны стан). Працэс пераходу кандэнсаванага рэчыва ў П. наз. параўтварэннем.

Паняцці П. і газ амаль эквівалентныя; звычайна да газаў (выключэнне вадзяная П.) адносяць рэчывы пры т-ры, вышэйшай за крытычную тэмпературу. Адрозніваюць П. насычаную, якая знаходзіцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі з тым жа рэчывам у кандэнсаваным (вадкім або цвёрдым) стане, ненасычаную (перагрэтую), т-ра якой вышэйшая за т-ру насычанай П. пры дадзеным ціску, і перанасычаную, шчыльнасць (ціск) якой вышэйшая за шчыльнасць (ціск) насычанай П. пры такой жа т-ры. Пры нізкім ціску (у разрэджаным стане) і т-ры, значна вышэйшай за т-ру кандэнсацыі, уласцівасці П. блізкія да ўласцівасцей ідэальнага газу. У тэхніцы шырока выкарыстоўваюць вадзяную П. як рабочае цела паравых турбін і машын.

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАБО́Й ДЫЭЛЕ́КТРЫКА,

страта дыэлектрыкам ізаляцыйных уласцівасцей пад уздзеяннем эл. поля. У цвёрдых дыэлектрыках суправаджаецца ўтварэннем праводнага (прабойнага) канала і мае неабарачальны характар. Газы (поўнасцю) і вадкасці (часткова) аднаўляюць свае дыэл. ўласцівасці пасля прабою.

Асн. характарыстыкі: эл. трываласць (найменшая напружанасць эл. поля, пры якой адбываецца П.д.) і прабіўное напружанне (найменшае напружанне на дыэлектрыку, якое вядзе да прабою). Адрозніваюць цеплавы і эл. П.д. Цеплавы прабой абумоўлены парушэннем раўнавагі паміж выдзеленай і адведзенай цяплотамі, у выніку чаго павялічваецца т-ра дыэлектрыка. Рост т-ры ў сваю чаргу вядзе да павелічэння электраправоднасці ўзору і працэс набывае лавінападобны характар. Эл. трываласць дыэлектрыка змяншаецца з ростам т-ры навакольнага асяроддзя і таўшчыні ўзору. Электрычны прабой абумоўлены ўтварэннем электроннай лавіны. Эл. трываласць слаба залежыць ад т-ры і павялічваецца з памяншэннем таўшчыні ўзору.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ МА́СА ПАЛІМЕ́РА, адносная малекулярная маса палімера,

сярэдняе статыст. значэнне адносных малекулярных мас макрамалекул, што складаюць палімер; адназначная характарыстыка макрамалекулы, абумоўленая ступенню полімерызацыі.

Значэнне М.м.п. залежыць ад малекулярна-масавага размеркавання палімера — суадносін колькасці макрамалекул рознай малекулярнай масы ва ўзоры палімера і спосабу ўсярэднення, які абумоўлены эксперым. метадамі вызначэння малекулярнай масы. Паводле спосабу ўсярэднення адрозніваюць сярэднялікавую (Mn), сярэднямасавую (Mw); Z-сярэднюю (Mz), якую атрымліваюць пры вымярэнні седыментацыйнай раўнавагі (гл. Седыментацыя). Усярэдненыя малекулярныя масы маюць розныя адносныя значэнні Mn < Mw < Mz . М.м.п. вызначае многія яго ўласцівасці. З яе павелічэннем хутка мяняюцца фіз. і хім. ўласцівасці палімера, якія, аднак, дасягаюць некаторых гранічных значэнняў, і далейшае павелічэнне М.м.п. істотна не ўплывае на іх (напр., для поліэтылену высокай шчыльнасці аптымальнае значэнне малекулярнай масы — ад 10​5 да 3∙10​5).

М.​Р.​Пракапчук.

т. 10, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЗІ́ДЫ (Mysidacea),

атрад ракападобных жывёл тыпу членістаногіх. 4 падатр., 765 відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн. гадоў назад). Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 8,7 км; трапляюцца ў прэсных водах, вадаёмах пячор. Марскія віды могуць канцэнтравацца ў вял. колькасці. Жывуць у тоўшчы вады і на дне. На Беларусі (азёры Воласа, Дрысвяты, Браслаўскі р-н) — прэснаводная М. рэліктавая (M. relicta) занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. звычайна да 2,5 см (прэснаводнай да 2,2 см), глыбакаводных — да 37 см. Знешне нагадваюць маленькіх паўпразрыстых крэветак. Галавагрудны шчыток зрослы з 3 груднымі сегментамі. Вочы сцябліністыя, вялікія. Адна пара нагасківіц. Грудныя ногі (8 пар) двухгалінкавыя, брушныя часткова рэдукаваныя, хваставыя добра развітыя, у многіх нясуць орган раўнавагі — статацыст. Кормяцца сестонам, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Яйцы выношваюць у вывадкавай сумцы. Развіццё прамое (без лічынкі). Ядомыя. Корм для рыб.

Л.​Л.​Нагорская.

Мізіда прэснаводная.

т. 10, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ПЫТ,

прадстаўленая на рынку патрэба ў таварах і паслугах, абмежаваная дзеючымі цэнамі і плацежаздольнасцю спажыўцоў. Характарызуецца велічынёй, якая вызначае колькасць тавараў (паслуг), што пакупнік жадае і здольны набыць па дадзенай цане ў дадзены перыяд часу. Аб’ём і структура П. залежаць ад цэн на тавар і ад інш. нецэнавых фактараў (мода, даходы спажыўцоў, цэны на інш. тавары, у т. л. на тавары-заменнікі і спадарожныя тавары). Таварная структура П. — сукупнасць удзельнай вагі асобных тавараў і таварных груп у агульным аб’ёме П. Часавая структура П. характарызуе час узнікнення П. (бягучы і перспектыўны П.). Адрозніваюць індывідуальны П. адной асобы, рыначны П. на дадзеным рынку і сукупны П. на ўсіх рынках дадзенага тавару (паслугі) альбо на ўсе тавары (паслугі), што вырабляюцца і прадаюцца. П. у эканоміцы звязаны з прапановай тавараў і паслуг; раўнавага паміж імі — неабходная ўмова раўнавагі ў нар. гаспадарцы.

т. 12, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)