ФАНО́Н (ад грэч. phōnē гук),

квант энергіі пругкіх ваганняў атамаў (малекул, элементаў структуры) каля становішчаў раўнавагі ў крышталічнай рашотцы; электранейтральная квазічасціца. Энергія ваганняў атамаў прыблізна роўная суме энергій Ф.

Гукавую хвалю можна разглядаць як накіраванае распаўсюджванне Ф. Узаемадзейнічаюць з інш. рухомымі квазічасціцамі (электронамі праводнасці, дзіркамі), а таксама з фатонамі, дамешкавымі атамамі, вакансіямі і міжвузельнымі атамамі, што абмяжоўвае цепла- і электраправоднасць крышталёў. У крышт. матэрыялах акустычныя Ф. ўяўляюць сабой ваганні элементарнай ячэйкі як цэлага, аптычныя Ф. — ваганні атамаў унутры ячэйкі. Пры дапамозе Ф. узаемадзейнічае з навакольным асяроддзем большасць квазічасціц крышталя. Гл. таксама Ваганні крышталічнай рашоткі.

М.​А.​Паклонскі.

т. 16, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)