КУ́ЗА (Cuza) Александру Іаан (20.3.1820, г. Бырлад, Румынія — 15.5.1873),
гаспадар (правіцель, князь) Злучаных княстваў Малдовы і Валахіі [1859—62], першы князь Румыніі [1862—66]. За ўдзел у рэв. руху 1848 змушаны малд. ўладамі эмігрыраваць (Вена, 1848—50). У 1858 як прыхільнік аб’яднання абодвух Дунайскіх княстваў выбраны дэп. сходу Малдовы і прызначаны нач. міліцыі. Пасля выбрання князем Малдовы (17.1.1859) і Валахіі (5.2.1859) абвясціў 24.1.1862 аб’яднанне гэтых княстваў у адзіную дзяржаву пад назвай Румынія. Пераўтварэнні К. і ўрада на чале з М.Кагэлнічану (секулярызацыя царк. зямель 1863, агр. рэформа 1864) выклікалі супраціўленне баяр і кансерватараў. Скінуты ў выніку ваен. перавароту 23.2.1866.
Літ.:
Краткая история Румынии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987. С. 193—205.
т. 8, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКУ́Л Луцый Ліцыній (Lucius Licinius Lucullus; каля 117—56 да н.э.),
рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Паходзіў са знатнага плебейскага роду. Прыхільнік Сулы. Удзельнік 1-й Мітрыдатавай вайны 89—84 да н.э. Консул у 74 да н.э. У 74—66 да н. э. камандаваў войскамі і флотам у вайне супраць пантыйскага цара Мітрыдата VI Еўпатара (3-я Мітрыдатава вайна). У 71 да н.э. захапіў М. Азію, у 69 да н.э. разбіў каля Тыгранакерта аб’яднаную армяна-пантыйскую армію цара Тыграна II і Мітрыдата. У 67 да н.э. адхілены ад пасады галоўнакамандуючага. Лічыўся адным з багацейшых людзей свайго часу. Пасля адстаўкі жыў у Рыме, наладжваў раскошныя баляванні (адсюль выраз «лукулаўскае баляванне»).
т. 9, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЬЕ́, Мацьез (Mathiez) Альбер (10.1.1874, Ла-Бруер, Францыя — 26.2.1932), французскі гісторык. Замежны чл.-кар. АН СССР, д-р гуманіт. н. (1904). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1897). З 1911 праф. правінцыяльных ун-таў, з 1926 праф. парыжскай Сарбоны. Першапачаткова прыхільнік левых радыкалаў, да 1926 звязаны з камуністамі, у канцы жыцця прымкнуў да правых. Вывучаў пераважна гісторыю Французскай рэвалюцыі 1789—99, асабліва перыяд якабінскай дыктатуры. Выступаў супраць ідэалізацыі Ж.Дантона, але ідэалізаваў М.Рабесп’ера. У 1907 засн. і ўзначальваў Т-ва рабесп’ерысцкіх даследаванняў, засн. час. «Annales révolutionnaires» («Рэвалюцыйныя аналы»). Асн. працы: «Французская рэвалюцыя» (т. 1—3, 1922—27), «Вакол Рабесп’ера», «Вакол Дантона» (абедзве 1926) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Французская революция. Ростов н/Д, 1995.
т. 10, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЬЕ́ (Mignet) Франсуа Агюст Мары (8.5.1796, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 24.3.1884),
французскі гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1833), чл. Франц. акадэміі (1836). Атрымаў юрыд. адукацыю, адвакат (з 1818). Прыхільнік канстытуцыйнай бурж. манархіі, выступаў супраць панавання Бурбонаў. Удзельнік Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У 1830—48 дырэктар Архіва Мін-ва замежных спраў. Разам з А.Цьеры, А.Цьерам і Ф.Гізо заснаваў тэорыю класавай барацьбы. Разглядаў барацьбу класаў як гал. рухавік гіст. падзей, лічыў, што яе завяршэннем павінна быць перамога буржуазіі. У гал. працы «Гісторыя французскай рэвалюцыі» (т. 1—2, 1824) абгрунтоўваў гіст. непазбежнасць і плённасць рэвалюцыі. Аўтар кніг па гісторыі 16 ст. «Гісторыя Марыі Сцюарт» (1851), «Барацьба Францыска I з Карлам V» (т. 1—2, 1875).
т. 10, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСІ́Р ХАСРО́Ў Абу Муін (1004, Кубадзіян, каля г. Балх, Афганістан — пасля 1072),
таджыкскі і персідскі паэт, філосаф, рэліг. дзеяч. У 1046—52 знаходзіўся ў Егіпце, свае ўражанні апісаў у «Кнізе падарожжа» («Сафар-наме»), Прыхільнік ідэалогіі ісмаілітаў. Пасля вяртання на радзіму праследаваўся як ератык і апошнія гады жыцця правёў у выгнанні ў гарах Паміра. Пісаў касыды панегірычнага, элегічнага, сатыр., рэліг. характару, любоўныя вершы, дыдактычныя паэмы. Захаваліся рэліг.-філас. трактаты, дыван (12 тыс. бейтаў — двухрадкоўяў), дыдактычная паэма «Раўшанайі-наме» (1053), у якіх асуджае прыдворную паэзію, выказвае спачуванне беднякам, абвінавачвае артадаксальнае духавенства, якое, на яго погляд, перашкаджала развіццю навук. і філас. думкі.
Тв.:
Рус. пер. — Лирика. М., 1979.
Літ.:
Ашуров Г. Философские взгляды Носири Хисрава. Душанбе, 1965.
т. 11, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ВЕ Вячаслаў Канстанцінавіч (1846—28.7.1904),
расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1867). Служыў у судовым ведамстве. З 1881 дырэктар дэпартамента паліцыі, у 1884—94 сенатар і таварыш міністра ўнутр. спраў, з 1894 дзярж. сакратар і гал. кіраўнік кадыфікацыйнай часткі пры Дзярж. савеце. З 1899 міністр, статс-сакратар па справах Фінляндыі. З 1902 міністр унутр. спраў і шэф жандараў. Праводзіў палітыку разлажэння рэв. руху знутры, задушэння рабочых і сял. выступленняў. Актыўны прыхільнік рус.-яп. вайны 1904—05. Забіты эсэрам Я.С.Сазонавым.
Літ.:
Памяти В.К.Плеве: Краткий биогр. очерк. СПб., 1904;
Михайловский Н.К. Воспоминания В.К.Плеве. Берлин, 1906;
Государственные деятели России XIX — начала XX в.: Биогр. справ. М., 1995.
т. 12, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́СТЛІ (Priestley) Джозеф (13.3.1733, Філдхед, каля г. Лідсе, Вялікабрытанія — 6.2.1804),
англійскі хімік, філосаф-матэрыяліст, прыхільнік дэізму. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1767). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1780). Скончыў Акадэмію ў Дэвентры (1755; тэолаг па адукацыі). У 1794 эмігрыраваў у ЗША. Навук. працы па пнеўматычнай хіміі (навука аб газах). Атрымаў газападобныя злучэнні — хлорысты вадарод, аміяк, закіс (геміаксід) азоту (1772—74). Адкрыў незалежна ад К.Шэеле кісларод (1774). Вынікі даследаванняў па хіміі апублікаваў у працы «Доследы і назіранні над рознымі відамі паветра» (1774—77). У філас. творы «Даследаванні аб матэрыі і духу» (1777) сцвярджаў, што прырода матэрыяльная, дух — уласцівасць матэрыі.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
т. 13, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭН, Пейн (Paine) Томас (29.1.1737, г. Тэтфард, Вялікабрытанія —8.6.1809), грамадскі і паліт. дзеяч ЗША і Вялікабрытаніі; асветнік радыкальнага кірунку.
З 1774 у Паўн. Амерыцы. У памфлеце «Здаровы сэнс» (1776) заклікаў англ. калоніі абвясціць сваю незалежнасць. Разам з Т.Джэферсанам выступаў за адмену рабства. Удзельнік вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. У 1777—79 П. — сакратар К-та кангрэса па замежных справах. Аўтар трактата «Правы чалавека» (1791—92), скіраванага ў абарону франц. рэвалюцыі, пасля яго забароны эмігрыраваў у Францыю; абраны чл. Канвента. У 1792—94 зняволены якабінцамі. У працы «Век розуму» (1794) выступіў як прыхільнік радыкальнага дэізму. У 1802 вярнуўся ў ЗША. Погляды П. зрабілі ўплыў на чартысцкі рух (гл. Чартызм) у Вялікабрытаніі.
т. 13, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙ, Сэй (Say) Жан Батыст (5.1.1767, г. Ліён, Францыя — 15.11.1832), французскі вучоны-эканаміст. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1816). Праф. паліт. эканомікі (з 1819). Упершыню сістэматызаваў курс эканам. навукі. Яго навук. працы наз. «палітычнай эканоміяй цвярозага розуму». Прыхільнік свабоднага гандлю і неўмяшання дзяржавы ў эканам. жыццё, сфармуляваў т.зв. закон рынку. Лічыў, што абмен тавараў аўтаматычна прыводзіць да раўнавагі паміж купляй і продажам. Яго тэорыя збыту ўвайшла ў навуку пад назвай «закон С.». Адзін з аўтараў тэорыі фактараў вытв-сці, паводле якой працы, капіталу, зямлі адпавядаюць зарплата, прыбытак і рэнта. Як і Т.Р.Мальтус, тлумачыў прычыну беднасці празмернасцю насельніцтва ў параўнанні са сродкамі існавання.
Тв.:
Рус. пер. — Трактат по политической экономии. М., 2000.
т. 14, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКАЯ ХРО́НІКА,
бел. гіст.-літ. твор. Напісаны ў канцы 1430-х г. у г. Смаленск у асяроддзі таго правасл. духавенства, дзе ўзнікла «Пахвала Вітаўту» і складаўся Беларуска-літоўскі летапіс 1446. Змешчана ў розных спісах Бел.-літ. летапісу 1446. Храналагічна ахоплівае перыяд 1430—36. Прысвечана апісанню падзей у ВКЛ пасля смерці ў 1430 вял. кн. Вітаўта, барацьбы за велікакняжацкую ўладу паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Пачынаецца кароткім апавяданнем пра каранацыйны з’езд Вітаўта. Аўтар С.х. — прыхільнік Жыгімонта Кейстутавіча, брата Вітаўта. Падзеі ў творы выкладзены бегла, па-дзелавому суха, з выкарыстаннем традыцыйных моўна-стылявых форм і сродкаў. У 1440-я г. дапоўнена пагадовымі запісамі мясц. і агульнадзярж. характару аб падзеях 1432—46.
В.А.Чамярыцкі.
т. 15, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)