МЕКСІКА́НСКІ ЗАЛІ́Ў (Gulf of Mexico; Golfo de Méjico),

паўзамкнёнае мора Атлантычнага ак., каля паўд.-ўсх. берагоў Паўн. Амерыкі, паміж п-вамі Фларыда, Юкатан і в-вам Куба. Пл. 1555 тыс. км². Пераважаюць глыб. 2000—3000 м, найб. 3822 м. Берагі нізінныя, лагунныя. Прылівы сутачныя, выш. да 0,8 м. Т-ра вады на паверхні 12—25 (люты), 28—29 °C (жн.). Упадаюць рэкі Місісіпі, Рыо-Грандэ. Злучаны Юкатанскім пралівам з Карыбскім м. Сцёк вады з М.з. праз Фларыдскі прал. дае пачатак цячэнню Гальфстрым. На шэльфе здабыча нафты (Мексіканскага заліва нафтагазаносны басейн), вустрыц, крэветак, губак. Гал. парты: Новы Арлеан (ЗША), Веракрус (Мексіка), Гавана (Куба).

т. 10, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРВЕ́ЖСКАЕ МО́РА,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., паміж Скандынаўскім п-вам і а-вамі Шэтлендскімі, Фарэрскімі, Ісландыя, Ян-Маен, Мядзведжы. Абмывае зах. берагі Нарвегіі. Пл. 1340 тыс. км². Найб. глыб. 3970 м. Аддзелена ад Атлантычнага ак. падводным хрыбтом, на якім размешчаны Фарэрскія і Шэтлендскія а-вы; найб. глыб. над хрыбтом не перавышае 600 м. Каля берагоў Нарвегіі водмелі (Лафатэнскія банкі і інш.). Т-ра вады ў лют. 2—7 °C, у жн. 8—12 °C. Салёнасць 34—35,2%». Праз Н.м. ідзе цёплае Нарвежскае цячэнне, якое абумоўлівае яго незамярзальнасць. Прылівы паўсутачныя (да 3,3 м). Рыбалоўства. Гал. парты: Тронхейм, Нарвік, Тромсё (Нарвегія).

т. 11, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСІ́ДСКІ ЗАЛІ́Ў.

На ПнЗ Індыйскага ак., каля берагоў Паўд.-Зах. Азіі. Адасоблены Аравійскім п-вам. На У, праз Армузскі прал. і Аманскі зал., злучаецца з Аравійскім м. Пл. 240 тыс. км². Даўж. 926 км, шыр. 180—320 км, глыб. да 115 м. Каля берагоў шмат астравоў (Бахрэйн і інш.), у паўд. ч. — каралавых рыфаў. Упадае р. Шат-эль-Араб. Рыбалоўства. Здабыча жэмчугу. На шэльфе і ў раёнах, прылеглых да П.з., — вял. паклады нафты (гл. Персідскага заліва нафтагазаносны басейн). Гал. парты: Фао, Басра (Ірак), Абадан, Бендэр-Хамейні (Іран), Эль-Кувейт (Кувейт), Рас-Танура (Саудаўская Аравія), Манама (Бахрэйн), Ум-Саід (Катар), Абу-Дабі, Дубай, (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮКАТА́Н (Yucatán),

паўвостраў у Цэнтр. Амерыцы, паміж Мексіканскім зал. і Карыбскім м., пераважна ў Мексіцы (штат Юкатан), паўд.-ўсх. ч. ў Гватэмале і Белізе. Пл. каля 180 тыс. км². Берагі на Пн і З нізкія, лагунныя; на У абрывістыя, з бухтамі, акаймаваныя каралавымі рыфамі. Б.ч. паверхні — нізінная раўніна, на ПдУ горы Мая (выш. да 1122 м). Развіты карст. Клімат трапічны, пасатны, гарачы. Ападкаў на Пн да 500 мм, на Пд да 2000 мм за год. Ксерафітныя хмызнякі, рэдкалессі; у цэнтр. ч. і на Пд вечназялёныя трапічныя лясы. Плантацыі агавы-хенекена, цытрусавых, бавоўніку, кукурузы. Парты: Кампечэ, Прагрэса (Мексіка). На Ю. шмат помнікаў культуры народа майя.

т. 18, кн. 1, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫЯТЫ́ЧНАЕ МО́РА (італьян. Mare Adriatico),

паўзамкнёнае мора, частка Міжземнага мора, паміж Апенінскім і Балканскім п-авамі. Злучаецца з Іанічным м. пралівам Отранта (шыр. да 75 км). Абмывае берагі Італіі, Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Югаславіі, Албаніі. Пл. 114 тыс. км². Найб. глыб. 1230 м. Усх. берагі гарыстыя, зах. нізінныя, месцамі лагунныя. Буйнейшыя залівы: Венецыянскі, Трыесцкі, Манфрэдонія. Каля ўсх. ўзбярэжжа Далмацінскія а-вы. Тэмпература вады на паверхні ў лютым 7—13 °C, у жн. 24—26 °C. Салёнасць 35—38‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 1,2 м). Развіта рыбалоўства (сардзіны, скумбрыевыя). На шэльфе здабываюць нафту і газ. Галоўныя парты: Трыест, Венецыя (Італія), Рыека, Спліт, Дубраўнік (Харватыя), Дурэс, Влёра (Албанія). На ўзбярэжжы шмат курортаў.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНЯЕ ВО́ЗЕРА (Lake Superior),

возера ў сістэме Вялікіх азёр Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Найб. глыбокае з Вял. азёр і самае буйное з прэснаводных азёр у свеце. Размешчана на выш. 183 м. Пл. 82,4 тыс. км². Даўж. 613 км, шыр. каля 256 км, глыб. да 393 м. Паўн. берагі скалістыя і высокія, паўднёвыя — пераважна нізінныя і пясчаныя. Буйны в-аў Айл-Роял. Сцёк у воз. Гурон па р. Сент-Мэрыс. У раёне Верхняга возера радовішчы жал. руды і медзі. Верхняе возера — важнае звяно воднага шляху, які злучае ўнутр. раёны Паўн. Амерыкі з Атлантычным ак. Рыбалоўства. Нац. Паркі Айл-Роял (ЗША), Пукаскуа (Канада). Гал. парты: Дулут, Сьюпірыёр, Ашленд, Маркет (ЗША), Тандэр-Бей (Канада).

т. 4, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТА́РЫО (Ontario),

возера ў ЗША і Канадзе, ніжняе ў сістэме Вялікіх азёраў Паўн. Амерыкі. Пл. 19,5 тыс. км². Даўж. 311 км, шыр. да 90 км. Глыб. да 237 м. Пл. водазбору каля 90 тыс. км². Праз р. Ніягара прымае сцёк азёраў, што ляжаць вышэй; з возера выцякае р. Св. Лаўрэнція. Антарыо — частка суднаходнага шляху, які злучае Атлантычны ак. з унутр. раёнамі ЗША і Канады. Суднаходныя каналы звязваюць Антарыо з воз. Эры (канал Уэленд) і р. Гудзон (каналы Асуіга і Эры). Ледастаў са снеж. да красавіка. Пасля збудавання плаціны на р. Св. Лаўрэнція (1958) Антарыо знаходзіцца ў падпоры. Буйныя парты: Таронта, Гамільтан, Кінгстан (Канада), Рочэстэр (ЗША).

Г.​Я.​Рылюк.

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАСМА́НАВА МО́РА (Tasman Sea),

ускраіннае мора Ціхага ак. паміж Аўстраліяй і в-вам Тасманія на 3, а-вамі Новая Зеландыя, Норфалк і Новая Каледонія на У. На Пн аддзелена ад Каралавага м. падняццем дна і каралавымі а-вамі і рыфамі. Пралівам Баса на ПдЗ злучана з Індыйскім ак. Пл. 3336 тыс. км². Найб. глыб. 6015 м. У сярэдняй ч. перасякаецца падводным хрыбтом. Т-ра паверхневых вод у лют. ад 27 °C на Пн да 15 °C на Пд, у жн. ад 23 °C на Пн да 9—11 °C на Пд. Салёнасць 35—35,5‰. Прылівы паўсутачныя (да 5,3 м). Рыбалоўства. Гал. парты: Сідней, Брысбен, Ньюкасл (Аўстралія), Окленд, Нью-Плімут (Новая Зеландыя). Названа імем А.Я.Тасмана.

т. 15, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРУГВА́Й (Uruguay),

рака ў Паўд. Амерыцы, вярхоўі ў Бразіліі, у сярэднім і ніжнім цячэнні служыць мяжой паміж Бразіліяй, Аргенцінай і Уругваем. Утвараецца ад сутокаў рэк Каноас і Пелотас, якія пачынаюцца на зах. схілах хр. Сера-ду-Мар. Даўж. (ад вытоку р. Пелотас) 2200 км, пл. бас. 307 тыс. км². Верхняе і сярэдняе цячэнне па Бразільскім пласкагор’і. Парожыстая, шмат вадаспадаў. Упадае ў Атлантычны ак., утварае агульнае з р. Парана вусце — эстуарый Ла-Плата. Гал. прытокі: Ібікуі, Рыо-Негра (злева). Паводкі вясной і восенню. Сярэдні гадавы расход вады 5500 м³/с. ГЭС Сальта-Грандэ. Суднаходная для марскіх суднаў да г. Пайсанду, для рачных — да вадаспадаў Сальта і Канкордыя. Гал. парты; Канкордыя (Аргенціна), Сальта, Пайсанду, Фрай-Бентас (Уругвай).

т. 16, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНЕ-КІТА́ЙСКАЕ МО́РА, Дунхай,

паўзамкнёнае мора Ціхага ак. паміж узбярэжжам Усх. Азіі (Кітай) і а-вамі Рукю і Кюсю (Японія). Пл. 836 тыс. км². Зах. ч. мора — мацерыковая водмель, глыбіні якой павялічваюцца на У і ПдУ ад 33—47 м да 150—160 м. Усх. ч. мора — упадзіна, з найб. глыб. 2719 м. Упадае р. Янцзы. Сярэдняя т-ра вады ў лют. 7—16 °C, у жн. 27—28 °C. Салёнасць 30—34,5‰. Прылівы паўсутачныя (да 7,5 м). Клімат мусонны. Тайфуны з мая па кастр. (3—4 на год). Ва ўсх. ч. мора пастаяннае паўн. цячэнне — працяг Паўн. Пасатнага цёплага цячэння. Рыбалоўства. Гал. парты: Шанхай, Ханчжоў, Нінбо, Цзілун (Кітай), Нагасакі (Японія).

т. 16, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)