УРУГВА́Й (Uruguay),

рака ў Паўд. Амерыцы, вярхоўі ў Бразіліі, у сярэднім і ніжнім цячэнні служыць мяжой паміж Бразіліяй, Аргенцінай і Уругваем. Утвараецца ад сутокаў рэк Каноас і Пелотас, якія пачынаюцца на зах. схілах хр. Сера-ду-Мар. Даўж. (ад вытоку р. Пелотас) 2200 км, пл. бас. 307 тыс. км². Верхняе і сярэдняе цячэнне па Бразільскім пласкагор’і. Парожыстая, шмат вадаспадаў. Упадае ў Атлантычны ак., утварае агульнае з р. Парана вусце — эстуарый Ла-Плата. Гал. прытокі: Ібікуі, Рыо-Негра (злева). Паводкі вясной і восенню. Сярэдні гадавы расход вады 5500 м³/с. ГЭС Сальта-Грандэ. Суднаходная для марскіх суднаў да г. Пайсанду, для рачных — да вадаспадаў Сальта і Канкордыя. Гал. парты; Канкордыя (Аргенціна), Сальта, Пайсанду, Фрай-Бентас (Уругвай).

т. 16, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)